“Ён не мог заставацца безуважным і абыякавым…”: свяшчэннапакутнік Дзімітрый Паўскі, прасвітар

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Свяшчэннапакутнік Дзімітрый Паўскі (свецкае імя Дзмітрый Аляксандравіч Паўскі) нарадзіўся 16 студзеня 1874 года ў сям’і спадчыннага святара Аляксандра Паўлавіча Паўскага ў вёсцы Максаціха Бежацкага павета Цвярской губерні. Хлопчык рос дапытлівым і здольным дзіцем, рана пачаў цікавіцца царкоўнай гісторыяй.

Цвярская духоўная семінарыя.

Дзімітрый Паўскі вырашыў прадоўжыць справу бацькі. Ён скончыў духоўнае вучылішча, затым  Цвярскую духоўную семінарыю.

У 1896 годзе 22-гадовы Дзімітрый паступіў у Казанскую духоўную акадэмію і скончыў яе ў 1899 годзе са ступенню кандыдата багаслоўя.

Казанская духоўная акадэмія.

Пасля заканчэння акадэміі ў сане дыякана, а затым протадыякана Дзімітрый Паўскі служыў у горадзе Ржэве Цвярской губерні.

Спачатку быў выкладчыкам арыфметыкі і геаметрыі, а з 1901 года – рускай мовы і дыдактыкі ў епархіяльным жаночым вучылішчы.

У 1903 годзе Дзімітрый Паўскі прызначаны загадчыкам і настаўнікам закона царкоўна-настаўніцкай жаночай школы пры Леўшынскім у імя Іаана Прадцечы жаночым манастыры Наўгародскай губерні. 20 ліпеня таго ж года протадыякан Дзімітрый пасвечаны ў іерэя.

Царкоўна-настаўніцкая жаночая школа пры Леўшынскім у імя Іаана Прадцечы жаночым манастыры.

Пастановай Св. Сінода 25 чэрвеня 1904 года айцец Дзімітрый перамешчаны ў Мінск на пасаду епархіяльнага назіральніка “школ царкоўна-прыходскіх і граматы Мінскай епархіі” з прылічэннем да кліру кафедральнага Свята-Петрапаўлаўскага сабора.

Свята-Петрапаўлаўскі сабор. 1901 г.

Святар Дзімітрый Паўскі вельмі хутка набыў шырокую вядомасць і зарэкамендаваў сябе з самага станоўчага боку ў асяроддзі мінскага духавенства. Ён шмат ездзіў па епархіі як епархіяльны назіральнік, меў зносіны з духавенствам і за кароткі час змог дастаткова добра азнаёміцца з асаблівасцямі мясцовага царкоўнага і народнага жыцця. Карэнны расіянін, апынуўшыся ў Беларусі, сутыкнуўся з многімі невядомымі да гэтага для яго праблемамі.

Пасля апублікавання 17 красавіка 1905 года Імператарскага Указа “Аб умацаванні асноў верацярпімасці” адыход ад праваслаўя больш не праследаваўся, і людзі свабодна маглі выбіраць для сябе веравызнанне. Дазвалялася выкладаць на нацыянальных мовах Закон Божы; назіраліся масавыя выпадкі адыходу ад праваслаўя.

Некаторыя памешчыкі згаджаліся здаваць свае землі ў арэнду сялянам толькі ў тым выпадку, калі тыя прымалі каталіцтва.

З боку праваслаўных людзей такая сітуацыя выклікала процідзеянне. Для барацьбы з каталіцкай і антырускай прапагандай неабходна была нейкая форма аб’яднання – сцяг, пад якім бы маглі аб’яднацца і разам працаваць людзі самых розных прафесій, людзі, якім не абыякавыя былі лёс праваслаўя і Айчыны.

Айцец Дзімітрый Паўскі стаяў каля самых вытокаў стварэння брацтва. Яшчэ да гэтага, будучы на пасадзе епархіяльнага назіральніка царкоўных школ, святар Дзімітрый уваходзіў у Мінскае епархіяльнае Свята-Мікалаеўскае брацтва, якое было злучана з епархіяльным саветам вучылішча. Аднак, на жаль, брацтва было невялікае і малаактыўнае. А час патрабаваў значнай актыўнасці і энергіі ад царкоўных людзей.

Як альтэрнатыва старому епархіяльнаму Свята-Мікалаеўскаму брацтву, у лютым 1907 года арганізавана маладое, дзейнае Мінскае праваслаўнае народнае брацтва ў імя Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Назвалі яго народным, бо членамі былі не толькі прадстаўнікі кліру, але і свецкія. З адкрыццём новага брацтва айцец Дзімітрый стаў адным з актыўных яго членаў.

З самага пачатку сваёй дзейнасці брацтва пачало праводзіць пазабогаслужбовыя гутаркі ў храмах Мінска. Збіралася да 500-800 чалавек слухачоў, сярод якіх было нямала і гарадской інтэлігенцыі. Сярод іншых лектараў рэгулярна выступаў і айцец Дзімітрый.

Акрамя арганізацыі публічных гутарак, брацтва заснавала Даведачнае бюро для аказання дапамогі праваслаўным людзям у працаўладкаванні, аказвала матэрыяльную дапамогу тым, хто жыве ў нястачы, дапамагала ў пахаванні памерлых беднякоў і многае іншае.

Брацтва выдавала газету “Брацкі Лісток”, у падрыхтоўцы якой удзельнічаў і айцец Дзімітрый, звярталася з заклікам да праваслаўных не аддаваць сваіх дзяцей у каталіцкія школы, хадайнічала пра павелічэнне ўтрымання царкоўна-прыходскіх школ, якія недастаткова субсідыраваліся земствам.

Народнае брацтва адразу звярнула на сябе ўвагу ў грамадстве – выклікала самыя пахвальныя водгукі з боку найстарэйшага і аўтарытэтнага Віленскага Свята-Духаўскага брацтва, неаднаразова ўдастойвалася падзякі епархіяльнага архіерэя.

Сярод пажыццёвых членаў Мінскага праваслаўнага народнага брацтва былі такія асобы, як мітрапаліт С.– Пецярбургскі і Ладажскі Антоній (Вадкоўскі) і святы праведны Іаан Кранштацкі.

Айцец Дзімітрый Паўскі, адначасова з актыўнай дзейнасцю ў брацтве, быў членам савета і старшынёй Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта. У чэрвені 1908 года нёс паслухмянасць інспектара і выкладчыка часовых педагагічных курсаў для настаўнікаў і настаўніц царкоўных школ Мінскай епархіі.

Актыўны ўдзел прымаў айцец Дзімітрый і ў падрыхтоўцы першага (пасля 300-гадовага перапынку) з’езда прадстаўнікоў заходнерускіх праваслаўных брацтваў, ініцыяванага Мінскім народным брацтвам, які адбываўся ў Мінску 29-31 жніўня 1908 года. Да таго часу святар карыстаўся ў брацтве такім аўтарытэтам, што аднадушна быў абраны ўдзельнікамі з’езда яго старшынёй.

З’езд праваслаўнага брацтва ў Мінску. 1908 г.

На з’ездзе слухалі даклад айца Дзімітрыя пра таемныя польскія школы, выяўленыя ў Мінскай губерні, і пра захаванне рускіх школ пісьменнасці. Ён заклікаў удзельнікаў з’езда актыўна змагацца з надыходам каталіцтва, не па чутках ведаючы, з якой вынаходлівасцю і ўпартасцю дзейнічаюць яго распаўсюджвальнікі.

Пытанні народнай адукацыі турбавалі айца Дзімітрыя заўсёды. Выдатна разумеючы, што пачатковай адукацыяй шмат у чым закладваецца падмурак светапогляду чалавека, ён не мог заставацца безуважным і абыякавым да таго, у чые рукі яно патрапіць і хто будзе ўплываць на народную свядомасць.

У лютым 1911 года адбыўся епархіяльны з’езд брацтва ў імя Жыватворнага Крыжа Гасподняга, які праходзіў пад старшынствам айца Дзімітрыя. Па яго ініцыятыве міністру ўнутраных спраў была паслана тэлеграма ад імя брацтва з просьбай да Гасудара Імператара, каб царкоўна-прыходскія школы не былі выключаны з нагляду Царквы.

Справа ў тым, што праект выключэння пачатковых царкоўна-прыходскіх школ з ведамства праваслаўнага вызнання і перадачы іх у падпарадкаванне Міністэрству народнай асветы ўжо не першы год абмяркоўваўся ва ўрадавых колах.

Дзейнасць брацтва ў гэтыя гады прыкметна пашырылася. Яно пачало змагацца з рэвалюцыйнай дзейнасцю ў вёсцы і прыступіла да актыўнай эканамічнай дапамогі сялянству.

Многія правінцыйныя аддзелы брацтва адкрывалі пазыкова-ашчадныя касы і спажывецкія крамы для задавальнення патрэб сялян.

Айца Дзімітрыя Паўскага звольнілі з пасады епархіяльнага назіральніка царкоўных школ і 16 ліпеня 1910 года прызначылі настаяцелем Мінскага кафедральнага сабора святых апосталаў Пятра і Паўла. 30 ліпеня 1910 года айцец Дзімітрый быў узведзены ў сан протаіерэя.

За дбайнае і добрасумленнае выкананне ўскладзеных на яго абавязкаў протаіерэй Дзімітрый Паўскі 6 мая 1911 года Св. Сінодам узнагароджаны наперсным крыжам.

Айцец Дзімітрый Паўскі.

Айцец Дзімітрый з канца 1911 года працаваў таксама ў якасці члена Мінскай духоўнай кансісторыі. У сакавіку 1912 года ён быў звольнены з кансісторскай службы і прызначаны выкладчыкам у Мінскую духоўную семінарыю, дзе чытаў лекцыі па выкрывальным багаслоўі, гісторыі і выкрыванні расколу і сектантства.

Акрамя таго, святар Дзімітрый быў супрацоўнікам і справаводам Мінскага аддзела Імператарскага праваслаўнага Палестынскага Грамадства, членам Мінскага епархіяльнага камітэта праваслаўнага місіянерскага грамадства, сакратаром савета Мінскага аддзела Усерасійскага нацыянальнага саюза, а з 1915 года – цэнзарам Мінскіх епархіяльных ведамасцяў.

У самым пачатку 1915 года падчас калядных святаў айцец Дзімітрый суправаджаў Праасвяшчэннага Мітрафана, епіскапа Мінскага і Тураўскага, у паездцы па парафіях, размешчаных недалёка ад баявых дзеянняў.

У верасні 1915 года айцец Дзімітрый (часова) выконваў абавязкі настаяцеля Колпінскай царквы.

У 1916 годзе за шчырую службу і працу ў ваенны час Галоўнакамандуючы войскамі Заходняга фронта генерал-ад’ютант А. Е. Эверт узнагародзіў айца Дзімітрыя ордэнам Св. Уладзіміра IV ступені.

У 1917 годзе айцец Дзімітрый пры невядомых абставінах пакідае сабор і становіцца настаяцелем царквы Святога Духа ў Астрашыцкім Гарадку былога Мінскага павета.

Царква Святога Духа. Астрашыцкі Гарадок.

Магчыма, на перамены паўплывалі грамадска-палітычныя погляды, бо айцец Дзімітрый, як згадвалася вышэй, быў дзейным членам і сакратаром Мінскага аддзела Усерасійскага нацыянальнага саюза – вядомай нацыянал-манархічнай арганізацыі.

У склад Усерасійскага нацыянальнага саюза ўваходзілі, у асноўным, прадстаўнікі адукаванага рускага грамадства – нацыянальна настроеныя прафесары, адстаўныя вайскоўцы, чыноўнікі, публіцысты.

Нацыянальны саюз не быў масавай арганізацыяй, а ўяўляў сабой нешта накшталт элітарнага клуба, клуба інтэлігентаў.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года дзяржаўная ўлада знаходзілася ў вельмі хісткім стане, узмацняліся рэвалюцыйныя настроі і адсутнасць грамадзянскай дысцыпліны стала прычынай адмоўнага стаўлення да прадстаўнікоў духавенства.

Нярэдкімі сталі выпадкі, калі святары арыштоўваліся нават па загадзе мясцовых выканаўчых камітэтаў, а часам і па ініцыятыве прыватных асоб, прычым без прад’яўлення дакументаў, без яснага вызначэння віны арыштаваных, а ў іншых выпадках – па былой прыналежнасці іх да манархічных арганізацый.

У некаторых выпадках было проста адкрытае звядзенне рахункаў. Часам прычынай арыштаў з’яўлялася няўдачная адзнака пастырскай дзейнасці святароў, якія пры гэтым гвалтоўна выдаляліся ад займаных імі месцаў, пазбаўляліся магчымасці здзяйсняць набажэнствы.

Магчыма, ахвярай якраз менавіта тых працэсаў і стаў айцец Дзімітрый Паўскі і за свае погляды быў вымушаны пад ціскам пакінуць настаяцельства ў кафедральным саборы і нават сам Мінск. У далейшым ён, як і ўсе прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, не раз падвяргаўся ў цяжкія гады ганенняў на Царкву разнастайным уціскам з боку ўжо савецкіх уладаў.

9-10 жніўся 1927 года айцец Дзмітрый прыняў удзел у з’ездзе прадстаўнікоў Мінскай епархіі, якія супраціўляліся абнаўленчаму руху і стараліся захоўваць кананічную сувязь з Маскоўскай патрыярхіяй.

У 1931 годзе айцец Дзімітрый быў упершыню арыштаваны за тое, што не пажадаў адрачыся ад сану святара. Яму прад’явілі абвінавачанне ў агітацыі супраць утварэння калгасаў. Асуджаны Астрашыцка-Гарадзецкім народным судом, айцец Дзімітрый быў прыгавораны да пяці гадоў зняволення ў канцлагеры.

Вызвалены з лагера датэрмінова, айцец Дзімітрый вырашае пераехаць на жыхарства ў вёску Ульянава Пагарэльскага раёна Калінінскай вобласці (цяпер Зубцоўскі район Цвярской вобласці), дзе служыў настаяцелем прыходскага храма.

У ліпені 1937 года святара арыштавалі другі раз. Яму прад’явілі цалкам надуманае абвінавачванне ў “контррэвалюцыйнай шпіёнскай дзейнасці”.

…Дзе б ні служыў айцец Дзімітрый, ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам, любоўю і павагай сярод вернікаў. У суровы час ганенняў на Царкву святар нярэдка адкрыта выказваў свае погляды на тое, што адбываецца. Да нас дайшлі некаторыя з яго выказванняў, якія дапамагаюць раскрыць асобу святара.

Аднойчы падчас пропаведзі айцец Дзімітрый звярнуў увагу вернікаў, што ў грамадстве шырока распаўсюджваецца грэх непаважлівага стаўлення да святыняў і святароў.

Калі айцец Дзімітрый ішоў у царкву, дзетвара, азмрочаная новай ідэалогіяй, закідала яго камянямі. Бацюшка сказаў тады, што дзецям гэты грэх даруецца па іх неразумнасці. А вось дарослыя, якія выхавалі так дзяцей, адкажуць перад Богам.

Неўзабаве прадстаўнікі ўлады вырашылі забраць у мясцовай царквы вартоўню і пераабсталяваць яе пад памяшканне для аптэкі. Айца Дзімітрыя сумесна з прыхаджанамі выклікалі ў сельсавет. Святар адмовіўся перадаць вартоўню ўладам, падтрымаўшы вернікаў, якія законна выступалі супраць раскрадання царкоўнай маёмасці.

Цярпенне ўлады скончылася, калі айцец Дзімітрый у чэрвені 1937 года падчас працяглай засухі адслужыў малебен. Якая ж была радасць, калі раптам пасля набажэнства пайшоў моцны дождж. Вернікі са слязамі на вачах гаварылі адзін аднаму: “Памаліліся, і Гасподзь даў дождж!” Гэтага ўлада не магла дараваць святару.

23 ліпеня 1937 гады айца Дзімітрыя арыштавалі паўторна па абвінавачванні ў “антысавецкай агітацыі”, “контррэвалюцыйнай шпіёнскай дзейнасці”, “супраціўленне высяленню з вартоўні”.

На адзіным праведзеным допыце святар Дзімітрый Паўскі трымаўся спакойна, адверг усе прад’яўленыя яму абвінавачанні і адмовіўся адказваць следчаму на зададзеныя пытанні з прычыны іх прадузятасці. Вінаватым сябе ні ў чым не прызнаў і на допыце нікога не абгаварыў.

10 жніўня 1937 года тройка НКУС Калінінскай вобласці прыгаварыла Дзімітрыя Паўскага да расстрэлу.

Ва ўнутранай турме горада Зубцова Калінінскай вобласці ў гадзіну ночы 14 жніўня 1937 года айцец Дзімітрый быў расстраляны.

Праз тыдзень пасля яго арышту, 29 ліпеня 1937 года, быў арыштаваны малодшы брат айца Дзімітрыя – святар Рыгор Паўскі, якога таксама спасцігла пакутніцкая смерць. 13 верасня таго ж года ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і 17 верасня расстраляны.

У 1989 годзе пракуратура Цвярской вобласці рэабілітавала протаіерэя Дзімітрыя і іерэя Рыгора Паўскіх.

28 кастрычніка 1999 года пастановай Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Дзімітрый Паўскі далучаны да ліку мясцовашануемых святых.

На юбілейным Архіерэйскім Саборы РПЦ ў жніўні 2000 года протаіерэй Дзімітрый Паўскі далучаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх XX стагоддзя.

Свяшчэннапакутнік Дзімітрый Паўскі.

Дні памяці:

Нядзеля 9-га лютага або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

14 жніўня  – у дзень расстрэлу свяшчэннапакутніка Дзімітрыя Паўскага.

Нядзеля 28 кастрычніка або найбліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы.