Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Пакутнік Дзімітрый Уласянкоў (Дзмітрый Емяльянавіч Уласянкоў) нарадзіўся 15 мая 1880 года ў мястэчку Расасна Горацкага павета Магілёўскай губерні (цяпер Дубровенскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і селяніна Емяльяна Уласянкова, які на працягу 15-ці гадоў займаў у вёсцы пасаду валаснога старшыні.
Cкончыўшы царкоўнапрыходскую школу, Дзмітрый займаўся земляробствам. У 1901 годзе быў прызваны ў армію і служыў да 1905 года ў Фінляндскім лейб-гвардзейскім палку спачатку радавым, а затым унтэр-афіцэрам. На вайне атрымаў кантузію. Узнагароджаны медалём.

Вядома, што жонку яго звалі Дар’я Гаўрылаўна. З гадамі ў сям’і нарадзілася восем дзяцей.
Дзмітрый быў добрым бацькам, а таксама шчырым і набожным чалавекам, старанным прыхаджанінам Георгіеўскага храма ў роднай вёсцы. З дзяцінства спяваў на клірасе. Некаторы час служыў псаломшчыкам.
У 1931 годзе яго абралі ў царкоўную раду, стаў царкоўным старастам. Праз некаторы час Дзмітрый Уласянкоў быў прыгавораны да 3 месяцаў прымусовых работ.
Калі ў 1934-м годзе храм закрылі, а святара арыштавалі, Дзмітрый Емяльянавіч разам з прыхаджанамі не пагадзіўся з такім становішчам і стаў клапаціцца пра адкрыццё храма. На жаль, гэтыя клопаты не мелі поспехаў.
У царкве, якая ўжо не дзейнічала, было шмат царкоўных кніг, абразоў. Дзмітрый Уласянкоў некаторыя з іх перанёс і схаваў у сваім доме.
У 1934 годзе ўлады арыштавалі брата Дзмітрыя Емяльянавіча, Якава (1874 г.н.). Яму ўдалося ўцячы, але 19 верасня 1937 года Якава Емяльянавіча зноў арыштавалі і пасадзілі ў аршанскую турму.
28 верасня 1937 года “тройка” НКУС прыгаварыла Якава Уласянкова да дзесяці гадоў папраўча-працоўных лагераў. Далейшы лёс яго невядомы.
У тым жа 1937 годзе самога Дзмітрыя Уласянкова таксама судзілі па арт. 152 КК РСФСР. Аднак прысуд невядомы. Падчас арышту частку схаваных у яго кніг спалілі ў двары, астатнія пагрузілі ў машыну і павезлі разам з арыштаваным. Пазней, на судовым разглядзе, гаворка будзе ісці толькі пра адну кнігу. Дзе падзеліся астатнія каштоўныя царкоўныя кнігі, – невядома.
З кожным годам жыццё для вернікаў станавілася цяжэйшым.
Дзмітрый Емяльянавіч дамовіўся з Дар’яй Гаўрылаўнай, што яна пойдзе працаваць у калгас, а сам, каб пракарміць сям’ю, будзе вырошчваць гародніну на сваім зямельным участку.
Богаслужэнні ў вёсцы не праводзілі, і ад гэтага вернікі вельмі пакутавалі. Не было каму нават прачытаць Псалтыр па нябожчыку. Сяляне ўгаворвалі Дзмітрыя Емяльянавіча, каб як былы псаломшчык прыходзіў да іх у хаты па патрэбе. І ён чытаў Псалтыр па памерлых, а на Радаўніцу разам з сялянамі хадзіў на могілкі. У такі час збіралася шмат чалавек. Былі і харысты, якія пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Емяльянавіча спявалі паніхіду.
Уладам не падабалася, што, нягледзячы на закрыццё храма і арышт святара, царкоўнае жыццё ў вёсцы не спынілася.
16 мая 1940 года супрацоўнікі НКУС арыштавалі Дзмітрыя Уласянкова.
Дар’я Гаўрылаўна засталася з дзецьмі адна. Было ёй тады 45 гадоў, Міхаілу – 21 год, Веры – 19, Іллі – 17, Паўлу – 15, Марыі – 13, Надзеі – 7, Вользе – 5. Стэфан нарадзіўся ў 1940 годзе. Вольга была прыёмнай дачкой, якую забралі ў далёкіх сваякоў немаўляткам і выхоўвалі як родную, бо сям’я яе жыла вельмі бедна. Была ў іх сям’і яшчэ адна дачка – Надзея (1930 г.н.), але яна памерла прыкладна 3-х гадоў ад роду.

Некалькі сведкаў пад пагрозай прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці за ўдзел у паніхідах і памінках пагадзіліся падпісаць ілжэсведчанні на псаломшчыка, быццам падчас памінак ён займаўся антысавецкай агітацыяй.
Дзмітрыя Емяльянавіча абвінавачвалі ў тым, што, не маючы пэўнай працы, праводзіць рэлігійныя абрады, чым зарабляе сродкі для існавання, а таксама ў распаўсюджванні лжывых, правакацыйных чутак сярод насельніцтва пра падзенне савецкай улады, у антысавецкай агітацыі і дзейнасці.
Былі выкліканы лжэсведкі, якія пацвердзілі сказанае імі на вочнай стаўцы. “Я ніякай антысавецкай работы не праводзіў, і паказанні сведкаў пра правядзенне антысавецкай агітацыі я не пацвярджаю”, – сказаў Дзмітрый Емяльянавіч. Яму не паверылі і заключылі ў аршанскую турму.

17 ліпеня 1940 года адбылося пасяджэнне Калегіі па крымінальных справах Віцебскага суда, і Дзмітрыя Уласянкова зноў дапытвалі.
“Вінаватым я сябе не прызнаю, я ніякай антысавецкай дзейнасцю не займаўся, – сказаў ён. – Пры ператрусе ў мяне канфіскавалі Псалтыр, Евангелле, два малітоўнікі, крыж. Я спяваў на клірасе ў Расасне з малых гадоў, у царкоўнай радзе я быў да таго часу, пакуль царкву не адабралі. Я хадзіў і пісаў імёны людзей у Расасне, каб дазволілі ўдзельнічаць у царкоўных сходах. Грошы я збіраў для таго, каб плаціць падатак за царкву…
У 1939 годзе на могілках у Расасне падчас Радаўніцы спраўляў рэлігійны абрад, было там чалавек прыблізна 150 – 200, але я ніякай антысавецкай агітацыі не праводзіў… Я сцвярджаю, што ніякіх контррэвалюцыйных антысавецкіх размоў не вёў”.
Пракурор, заслухаўшы ўсе сведчанні, з якімі Дзмітрый Емяльянавіч не пагадзіўся, падала хадайніцтва на адпраўку справы на даследаванне. Да таго ж, усе сведкі з боку абвінавачання з’яўляліся родзічамі, а таксама следствам не было ўстаноўлена, ці мела дачыненне выкананне рэлігійных абрадаў Уласянковым да яго контррэвалюцыйнай дзейнасці. Аднак пракурор Віцебскай вобласці аспрэчыў такое рашэнне і пастанавіў адправіць справу ў суд, але ўжо ў другім саставе.
19 лістапада 1940 года адбылося новае пасяджэнне абласнога суда. У час яго лжэсведкі таксама паўтарылі свае паказанні, якія Дзмітрый ізноў адверг.
Пракурор запатрабаваў прыгаварыць падсуднага да шасці гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры. Адвакат прасіў, улічваючы змякчальныя акалічнасці, паменшыць тэрмін пакарання.
Дзмітрый Емяльянавіч, звяртаючыся да суда, сказаў, што ён чалавек хворы і папрасіў вынесці яму справядлівы прысуд.
У той жа дзень суд вынес рашэнне прыгаварыць Дзмітрыя Уласянкова да пяці гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры.

Дзмітрый Емяльянавіч Уласянкоў падаў у Вярхоўны суд касацыйную скаргу. Ён пераканаўча даказваў сваю невінаватасць, што асуджаны выключна па паказаннях ілжэсведкаў, прасіў выклікаць іншых сведкаў з жыхароў вёскі Расасна для дачы дадатковых паказанняў. Але суд яму ў гэтым адмовіў.
Дзмітрый Уласянкоў адпраўлены этапам з аршанскай турмы ў Казахстан і 11 мая 1941 года прыбыў на станцыю Карабас Карагандзінскага лагера, адкуль размеркаваны ў 5-е Эспінскае аддзяленне Карлага. Тут ён цяжка захварэў і 5 мая 1942 года быў змешчаны ў лагерную бальніцу, дзе ў той самы дзень і памёр.
Пахаваны Дзмітрый Емяльянавіч Уласянкоў у невядомай магіле на лагерных могілках Эспінскага аддзялення Карлага.
14 красавіка 1993 года рэабілітаваны па законе Рэспублікі Казахстан. 20 снежня 1994 года рэабілітаваны Судкалегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
У жніўні 2000 года на Архіерэйскім Саборы РПЦ Дзімітрый Уласянкоў прылічаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання.

Сімвалічны крыж новапакутніку Дзімітрыю Уласянкову ўсталяваны ў праваслаўным храме вёскі Крапіўна Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.
У 2018 годзе ў аг. Расасна на месцы, дзе некалі размяшчаўся праваслаўны храм, на сродкі і намаганнямі вяскоўцаў і Маласавінскага сельскага выканкама ўстанавілі паклонны крыж і камень у памяць пра Дзімітрыя Уласянкова. 9 лістапада 2018 года крыж і камень асвечаны. У цырымоніі асвячэння прымала ўдзел унучка Дзімітрыя Уласянкова – Валянціна Паўлаўна Уласянкова.

Дні памяці: 5 мая – у дзень скону новапакутніка, у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх, у Саборы Беларускіх святых.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
Старавойтова, Ю. В аг. Россасно состоялось освящение поклонного креста [Электронный ресурс] / Ю. Старавойтова. – 2018. – Режим доступа: https://www.dubrovno.by/13112018/v-ag-rossasno-sostoyalos-osvyashhenie-poklonnogo-kresta. – Дата доступа: 04.05.2025.
- https://hram.by
- htps://vitprav.by
- http://www.uspenie.by
- https://kobylaki.by
- https://deiverbo.com
- https://www.newmartyros.ru
- https://azbyka.ru
- https://foma.ru