Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
У 2013 годзе споўнілася 35 гадоў служэння ў Беларусі Высокапраасвяшчэннага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. І гэта не проста вялікая дата – гэта ўжо цэлая эпоха! Так, менавіта эпоха – эпоха Мітрапаліта Філарэта!
Яго служэнне ў Беларусі супала з грандыёзнымі зменамі, як у жыцці Царквы, так і ў жыцці беларускага грамадства. Уладыку прыйшлося кіраваць царкоўным караблём у перыяд, пазначаны, з аднаго боку, выключным ажыўленнем царкоўнага жыцця, з другога – значнымі палітычнымі зменамі: распадам Савецкага Саюза з усімі сацыяльнымі і эканамічнымі ўзрушэннямі, утварэннем суверэннай нацыянальнай дзяржавы з усімі цяжкасцямі станаўлення новага грамадства і інш. Сваім аўтарытэтам мітрапаліт Філарэт уплываў на многія з’явы царкоўнага і грамадскага жыцця: настаўляў, падтрымліваў, прыміраў, збліжаў, суперажываў, а галоўнае – узносіў свяціцельскія малітвы Падацелю ўсіх даброт Богу!
Цяжка пераацаніць заслугі Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта перад беларускім грамадствам. Уладыка ўжо стаў нацыянальным сімвалам, а яго імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Беларусі.
…У 1978 годзе мітрапаліт Філарэт служыў сваю першую Літургію ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, прыйшоўшы на адзіную ў Беларусі кафедру, што налічвала ў той час усяго 360 прыходаў. Час быў надзвычай складаны: духавенства адлучана ад адміністрацыйных, фінансава-гаспадарчых спраў у рэлігійных аб’яднаннях, перакрыты ўсе шляхі дабрачыннай дзейнасці Царквы, ішло выкананне пастаўленай партыяй задачы аб вызваленні свядомасці людзей ад так званых рэлігійных забабонаў…
Мітрапаліт Філарэт умеў дасягаць міру, карыстаючыся каштоўным вопытам дыпламатыі, заўсёды заставаўся верны хрысціянскім традыцыям міралюбства, абароне гістарычнай памяці і спадчыны, да кожнай асобы ставіўся як да вобраза і падабенства Божага.
Уваходзіў у камітэт абароны міру, прымаў непасрэдны ўдзел у многіх міратворчых канферэнцыях, багаслоўскіх форумах. Гэты вопыт дазволіў выбудаваць стваральны дыялог ва ўзаемаадносінах з Рымска-каталіцкай царквою і аб’яднаць намаганні ў вырашэнні актуальных сацыяльных і маральных праблем грамадства. Што ў нашай краіне цяпер канструктыўныя міжканфесійныя адносіны, вялікая заслуга ў тым ліку і мітрапаліта Філарэта.
З 1980 года пачалася падрыхтоўка да святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі, намеснікам старшыні камісіі Свяшчэннага Сінода па падрыхтоўцы свята быў прызначаны мітрапаліт Філарэт, які сам лічыў гэты перыяд свайго жыцця важнаю вехаю. Маскоўскія і еўрапейскія сувязі спрыялі ўмацаванню пазіцый Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Дзякуючы гэтаму быў захаваны адзіны на той час у краіне Успенскі Жыровіцкі манастыр.
14 красавіка 1981 года па рашэнні Свяцейшага Патрыярха Пімена і Свяшчэннага Сінода мітрапаліт Філарэт узначаліў Аддзел знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхата. У 1982 годзе суправаджаў Патрыярха Пімена на Генеральную Асамблею ААН.
Пасля святкавання ў 1988 годзе 1000-годдзя Хрышчэння Русі дзяржава павярнулася тварам да Царквы, былі адноўлены Полацкая, Магілёўская і Пінская епархіі. Пачалі адраджацца храмы, будаваліся новыя цэрквы, арганізоўваліся новыя епархіі. Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы ў кастрычніку 1989 года прынята пастанова аб утварэнні Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата.
Намаганнямі Філарэта адноўлена Мінская духоўная семінарыя, якая ў 1989 годзе прыняла першых студэнтаў.
У 1992 годзе на тэрыторыі Беларусі дзейнічала ўжо 11 епархій! Беларуская Праваслаўная Царква набыла статус, Сінод і адміністрацыйную самастойнасць.
Пачалася тытанічная праца па адраджэнні праваслаўнай веры і станаўленні Беларускай Праваслаўнай Царквы. На гэты час прыйшліся складаныя гады распаду Савецкага Саюза і ўтварэння новай дзяржавы. Гэта не магло не паўплываць і на жыццё Праваслаўнай Царквы, якая была на мяжы расколу.
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі лічыў, што патрэбна аб’ядноўваць народ дзеля ўратавання Айчыны і ўмацавання Царквы Хрыстовай. У Беларусь быў запрошаны Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ, візіт якога адбыўся ў ліпені 1991 года.
З 1990 па 1995 год мітрапаліт Філарэт з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета, шмат намаганняў прыклаў для кансалідацыі грамадскіх сіл і міралюбства, удзельнічаў у распрацоўцы Закона «О свободе совести и религиозных организациях». Паступова ўзаемадзеянне дзяржавы і Царквы пачало ўмацоўвацца. У 2002 годзе пры падтрымцы Патрыяршага Экзарха прынята новая рэдакцыя гэтага закона, які не толькі замацоўваў права грамадзян на веравызнанне, але і абараняў дзяржаву ад неакультавых сект і арганізацый.
Паступова ў грамадстве расла цікавасць да гісторыі краіны, навуковая інтэлігенцыя пачала задумвацца над роляй Праваслаўя ў станаўленні дзяржаўнасці.
У 1993 годзе мітрапалітам Філарэтам адкрыты на базе ЕГУ факультэт тэалогіі, які пасля быў рэарганізаваны ў Інстытут тэалогіі пры БДУ і атрымаў дзяржаўнае фінансаванне. Рэктарам працаваў сам мітрапаліт Філарэт. Беларусь стала першай краінай на пастсавецкай прасторы, дзе на базе свецкага ВНУ рыхтавалі тэолагаў.
Уладыка сам распрацаваў тры дзяржаўныя адукацыйныя стандарты. У 1996 годзе пад яго патранатам была заснавана Духоўная акадэмія, адкрыліся духоўныя вучылішчы ў Віцебску, Слоніме, Оршы. Пачынаюць працаваць нядзельныя школы для дзяцей, вялікімі тыражамі выдаецца царкоўная літаратура, малітвасловы, кнігі Свяшчэннага Пісання…
У 2003 годзе падпісана пагадненне паміж Беларускай Праваслаўнай Царквою і Рэспублікай Беларусь, у адпаведнасці з якім беларуская дзяржава прызнала ролю Беларускай Праваслаўнай Царквы як аднаго з найважнейшых сацыяльных інстытутаў, што аказвае значны ўплыў на фарміраванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый. У сваю чаргу для Царквы дзяржава выступіла гарантам захавання і памнажэння праваслаўных традыцый.
Па ініцыятыве мітрапаліта Філарэта перакладзены на беларускую мову Свяшчэннае Пісанне, асобныя царкоўныя службы і малітвы, у некаторых цэрквах пачаліся набажэнствы па-беларуску.
У тым, што сёння ў нашай краіне кожную нядзелю Літургіі адбываюцца больш як у 1500 прыходах, што бачыцца асабліва важным для маральнага і духоўнага станаўлення асобы, вядома, ёсць вялікая заслуга і Яго Праасвяшчэнства.
Дарэчы, на 2013 год выпала яшчэ адна дата, звязаная з іменем мітрапаліта Філарэта: споўнілася 100 гадоў з часу даравання яго продкам дваранскай годнасці. Зробім невялікі экскурс у гісторыю.
…Прозвішча Вахрамеевых паходзіць ад мужчынскага імя Варфаламей, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “сын узаранай зямлі”, “сын палёў”. Імя Варфаламей мела на Русі шэраг вытворных формаў, адна з якіх – Вахрамей, што і стала асноваю прозвішча.
Гісторыя роду Вахрамеевых – продкаў мітрапаліта Філарэта – бярэ пачатак з сярэдзіны XVII cт. Іх прозвішча цесна звязана з горадам Яраслаўлем і да рэвалюцыі было адно з самых вядомых. Тлумачыцца гэта і шматлікай колькасцю прадстаўнікоў сям’і ў мясцовым купецтве, і той агромністай роляй, якую адыгрываў у жыцці горада самы яркі з родзічаў – Іван Аляксандравіч.
Вахрамеевы былі пасадскімі людзьмі горада Яраслаўля, якія займаліся вытворчасцю масла, з-за чаго яны некалі атрымалі прозвішча Масленнікавы. Вядома, што Аляксей Масленнікаў, які валодаў масляным заводам, меў трох сыноў: Георгія, Варфаламея і Фёдара. Менавіта Варфаламей (Вахрамей) і даў сваім нашчадкам прозвішча Вахрамеевы.
Род Вахрамеевых з часам стаў разрастацца. Займаліся ў асноўным прадпрымальніцтвам. Вылучэнне родавай галіны, да якой належыць мітрапаліт Філарэт, пачынаецца з яго продка, Аляксандра Іванавіча Вахрамеева (1813 – 1895), які належаў да купецкага саслоўя і атрымаў ганаровае грамадзянства. Як і бацька, ён займаўся першапачаткова гандлем хлеба, але пасля пачаў укладваць сродкі ў мукамольную справу. Спачатку заснаваў млын-крупчатку на рацэ Усце каля вёскі Спірцава Растоўскага павета, а пасля набыў на той жа рацэ млын у вёсцы Асінавіцы.
Калі ў 1870 годзе пабудавалі чыгунку паміж Масквой і Яраслаўлем, Аляксандр Іванавіч купіў каля вёскі Ісады, якая прымыкала да чыгуначнага палатна, вялікі вадзяны млын, што належаў растоўскаму Якаўлеўскаму манастыру і знаходзіўся ў арэндзе ў купца Краханяткіна. З часам Аляксандр Іванавіч набыў у Краханяткіных яшчэ адзін млын у Яраслаўлі – паравы.
Аляксандр Іванавіч вёў надзвычай умераны і просты ўклад жыцця, адрозніваўся асаблівай беражлівасцю. Пачаўшы з невялікага, разумны і дзелавіты Вахрамееў нажыў добры капітал. З 1863 года ўзначальваў буйную прамысловую мануфактуру, што спецыялізавалася на вытворчасці мукі і збыце зерневых прадуктаў. Яна займала шостае месца сярод буйнейшых расійскіх кампаній у прамысловай сферы. Да канца жыцця Аляксандр Іванавіч Вахрамееў стаў купцом першай гільдыі.
Па характары Аляксандр Іванавіч быў чалавек паважлівы, набожны і сумленны. Усё жыццё ён стараўся частку сваіх сродкаў аддаваць на карысць грамадства. За пастаянны ўдзел ва ўладкаванні Яраслаўля і дабрачынную дзейнасць атрымаў тытул ганаровага грамадзяніна горада. Акрамя ўсяго іншага, на яго сродкі была пабудавана, абсталявана і ўтрымлівалася гарадская багадзельня для адзінокіх састарэлых яраслаўцаў.
Выхоўваючы адзінага сына Івана, лічыў, што ўвесь дабрабыт сям’і – у добрым капітале і “во спасении души благочестием и богомолием”. Памёр Аляксандр Іванавіч 7 ліпеня 1895 года на 83-м годзе жыцця, захоўваючы да апошніх дзён ясны розум і актыўнасць. Адпавялі яго ў Благавешчанскай царкве, непадалёку ад Сямёнаўскага спуску. На пахаванне сабралася вялікая колькасць яраслаўцаў. Пахавальная працэсія рухалася ад Благавешчанскай царквы на Лявонцьеўскія могілкі, і каля ўсіх храмаў на шляху да могілак жалобны картэж спыняўся, служылі паніхіды, білі ў званы. Так праводзілі ў Яраслаўлі толькі самых любімых, самых паважаных грамадзян горада.
Справу Аляксандра Іванавіча прадоўжыў яго сын – Іван Вахрамееў (1843–1908, прадзед мітрапаліта Філарэта), пра якога неабходна сказаць асобна, менавіта з яго іменем звязана дараванне роду Вахрамеевых патомнага дваранства.
З дзяцінства Іван пачаў спасцігаць навуку дзелавога чалавека. Спачатку стаяў за прылаўкам невялікай мучной лаўкі. Падрастаючы, стаў уплываць на справы бацькі. Пасля таго, як яго не стала, развярнуўся ўжо ў поўнай меры, стаўшы на чале ўсіх сямейных камерцыйных прадпрыемстваў.
Да пачатку ХХ ст. Івану Аляксандравічу належалі гандлёва-прамысловыя прадпрыемствы: свінцова-бялільны і маслабойны заводы пад маркай «Гандлёвы дом “Вахрамееў і К”», крупяна-мукамольныя млыны – «Гандлёвы дом хлебных тавараў “І.А.Вахрамееў і сыны”», шматлікія магазіны і лаўкі. Былі набыты два параходы. У 1897 годзе сумесна з родзічам А.А.Цітовым Іван Аляксандравіч заснаваў у Растове таварыства “І.Вахрамееў і К” – фірму, у якую ўваходзілі цыкорная фабрыка, патачны і сагавы заводы.
Хлебная фірма і мукамольная справа Вахрамеева былі вядомыя на ўсім Паволжы. На міжнародных выставах ён атрымліваў вышэйшыя ўзнагароды, а з’езд мукамолаў у 1898 годзе абраў яго старшынёй пастаяннага савета. За выбітную дзейнасць у галіне айчыннага гандлю і прамысловасці Івана Аляксандравіча ўзнагародзілі званнем камерцыі саветніка.
Іван Аляксандравіч ажаніўся з дачкою яраслаўскага купца Сямёна Краханяткіна – Лізаветаю. Гэта былі тыя самыя Краханяткіны, у якіх яго бацька набыў у свой час млыны ў Асінаўцах і Яраслаўлі. У Івана і Лізаветы Вахрамеевых нарадзілася шасцёра дзяцей: дачка Марыя (1865) і сыны Уладзімір (1866), Міхаіл (1870), Аляксандр (1875), Сяргей (1881), Сямён (1884). Уладзімір і Міхаіл памерлі ў дзяцінстве.
Чалавек выключна даравіты і дзейсны, Іван Аляксандравіч з 32 гадоў займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1875 годзе абраны ў гласныя Яраслаўскай гарадской думы і заставаўся на гэтай пасадзе да апошніх дзён жыцця. Але больш за ўсё ён праявіў сябе ў якасці гарадскога галавы, на пасадзе якой быў з 1882 па 1887 і з 1897 па 1905 год.
Як гарадскі галава Іван Аляксандравіч Вахрамееў за 16 гадоў правёў у горадзе буйныя пераўтварэнні. Трэба сказаць, што Яраслаўль у сярэдзіне ХІХ ст. уяўляў сабою даволі непрыглядную карціну: ні асвятлення, ні маставых, ні бульвараў і садоў, ні грамадскіх будынкаў, ні вучылішчаў, ні вадаправода, – як кажуць, нічога, што называецца добраўпарадкаваннем. Вось што пісала газета пасля абрання яго гарадскім галавою на другі тэрмін: “…У яго асобе, багата адоранай вялікім розумам, практычнасцю, ведамі і спагадлівасцю, а таксама вопытнасцю ў гарадской гаспадарцы [грамадства] знойдзе чалавека устойлівых перакананняў, чалавека самастойнага і беззапаветна адданага інтарэсам роднага горада…”
І сапраўды, за гады службы Вахрамеева Яраслаўль вельмі змяніўся. Іван Аляксандравіч упрыгожыў горад агромністым паркам, уклаўшы ў гэтую справу значную колькасць уласных сродкаў. На тэатральнай плошчы з’явіліся электрычныя ліхтары. На Знаменскай вежы быў уладкаваны велізарны бак з вадою, якая выдавалася па жэтонах, – так выглядаў першы вадаправод. На Ільінскай плошчы прывялі ў парадак сквер, які доўга насіў імя “Вахрамееўскага”. Узвялі будынак для Спаскіх казармаў. Па ініцыятыве Вахрамеева пабудавалі начлежны дом. На Волжскай набярэжнай з’явілася чыгуначная агароджа. На цэнтральных вуліцах горада – першы трамвай, пушчаны бельгійскім акцыянерным таварыствам “Яраслаўскі трамвай”. Паблізу Вазнясенскага вучылішча ўзвялі будынак для бясплатнай народнай чытальні, як гаварыў Іван Аляксандравіч, “с целью отвлечь народ от кабаков”. Акрамя гэтага, па ініцыятыве Івана Аляксандравіча быў набыты з прыватнага ўладання на карысць горада тэатр імя Фёдара Волкава, які, на думку галавы горада, мог “служить проводником высоконравственных идей”.
Іван Аляксандравіч стаў заснавальнікам у Яраслаўлі Вольнага пажарнага таварыства, створанага на сродкі прыватных асобаў і, у першую чаргу, яго ўласныя.
Іван Аляксандравіч Вахрамееў прымаў таксама дзейсны ўдзел у земскім жыцці, будучы губернскім гласным і ганаровым міравым суддзёй.
Асабістая дабрачыннасць Вахрамеева была шырока вядома ў Яраслаўлі. Ёю карысталіся сотні людзей рознага звання і становішча: і звольнены са службы чыноўнік, і бедны студэнт, і рабочы, і нявеста-беспасажніца, і прызыўнік, і пагарэльцы. Ні адзін святар, які збіраў сродкі на рамонт храма, не лічыў магчымым абысці дом Івана Аляксандравіча. Акрамя прыватных ахвяраванняў Вахрамееў уладкаваў на свае сродкі багадзельню на 60 чалавек, забяспечыўшы іх утрыманне ўнёскам у 100 000 рублёў.
Клапаціўся Іван Аляксандравіч і пра шматлікіх родзічаў, стаўшы ініцыятарам незвычайнага таварыства пад назвай “Учреждение взаимной помощи рода Вахромеевых”. Заможныя члены гэтага таварыства рабілі ўнёскі, на якія купляліся каштоўныя і працэнтныя паперы, казначэйскія білеты, а атрыманы прыбытак ішоў на адукацыю дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, на пасаг маладым перад вяселлем, на дапамогу ў час хваробы або іншыя сямейныя патрэбы.
З часам Іван Аляксандравіч развіў шырокую грамадскую дзейнасць: быў членам шматлікіх саветаў, камітэтаў, камісій, таварыстваў, папячыцельстваў і інш., з’яўляўся старшынёй многіх дабрачынных устаноў Яраслаўля. Толькі па афіцыйных даных Вахрамееў ахвяраваў на мясцовыя патрэбы каля 800 000 рублёў!
Важная роля належыць Івану Аляксандравічу ў захаванні айчынных культурна-гістарычных каштоўнасцей. На свае сродкі ён правёў дарагую рэстаўрацыю старажытнай царквы Ільі Прарока, выдаўшы пасля пра гэты помнік цудоўна аформленую і шыкоўна ілюстраваную кнігу. Акрамя таго, ён актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні знакамітага Растоўскага крамля.
Асабліва неабходна адзначыць яго захапленне археалогіяй. Ён шмат зрабіў для збору і распрацоўкі матэрыялаў мясцовай даўніны, што прынесла яму ўсерасійскую вядомасць. Іван Аляксандравіч стаў сапраўдным членам Імператарскага рускага і Маскоўскага археалагічных таварыстваў, а затым і старшынёй Яраслаўскай архіўнай камісіі. За свой кошт выдаў “Труды” названай камісіі, удзельнічаў таксама ў шматлікіх іншых навуковых выданнях. Яго дзейнасць у гэтай галіне адзначана Французскай акадэміяй.
Іван Аляксандравіч сабраў вялікую ўнікальную калекцыю старажытных рукапісаў і рэдкіх кніг, старажытных ікон, драўляных скульптур, гравіраванага народнага лубка, карцін рускіх майстроў, твораў прыкладнога мастацтва, манет і інш. Быў сапраўдным бібліяфілам. На працягу ўсяго жыцця набываў рэдкія кнігі, карпатліва збіраючы ўласную бібліятэку, каталог якой склаў 966 кніг і 1132 рукапісныя помнікі. Вахрамееў набываў галоўным чынам рукапісы па гісторыі Яраслаўскага краю. Сваю рукапісную калекцыю ён завяшчаў Гістарычнаму музею ў Маскве.
26 снежня 1908 года Івана Аляксандравіча не стала. Адпявалі яго ў Благавешчанскім прыходзе і пахавалі на Лявонцьеўскіх могілках. Калі развітваліся з яго бацькам, сабралася вялікая колькасць яраслаўцаў, а пра смерць Івана Аляксандравіча таксама напісалі многія выданні Яраслаўля, Масквы і Пецярбурга. Іван Вахрамееў пакінуў гэты свет, але засталіся яго добрыя справы, светлая памяць і ўдзячнасць суайчыннікаў…
У 1913 годзе ў межах святкавання 300-годдзя Дома Раманавых планавалася наведванне царскай сям’ёй старажытнага Яраслаўля. Да гэтай знамянальнай для горада падзеі Яраслаўскі губернатар (1909 – 1915 гг.) граф Дзмітрый Мікалаевіч Тацішчаў выступіў перад міністрам унутраных спраў (1912 – 1915 гг.) Мікалаем Аляксеевічам Маклаковым з хадайніцтвам “аб узвядзенні ў патомную дваранскую годнасць удавы былога Яраслаўскага гарадскога галавы стацкага саветніка Івана Вахрамеева Лізаветы Вахрамеевай з трыма іх сынамі: Аляксандрам, Сяргеем і Сямёнам”. Асабіста з Іванам Аляксандравічам граф Тацішчаў знаёмы не быў, паколькі заняў пасаду губернатара пасля яго смерці. Хадайніцтва ён, без сумніву, падрыхтаваў па просьбе яраслаўцаў. У прашэнні гаварылася, што пакойны Іван Аляксандравіч “належаў да ліку выбітных грамадскіх дзеячаў Яраслаўскай губерні”. Пералічыўшы яго асноўныя заслугі, губернатар пісаў: “Іван Вахрамееў памёр у 1908 годзе, але ўдзячная памяць пра яго жывая ў самых шырокіх колах насельніцтва горада Яраслаўля, якое ўшанавала яго выбраннем у свае ганаровыя грамадзяне, і цяпер тая выключная павага, якою ён карыстаўся сярод мясцовых жыхароў, перанесена імі на яго сям’ю”.
Губернатар разам з тым падкрэсліваў, што дзеці Вахрамеева атрымалі прыстойную адукацыю і падтрымліваюць добрую славу свайго бацькі, як і ён з’яўляюцца выбітнымі грамадскімі дзеячамі і дабрачыннікамі. Так, Аляксандр Іванавіч на свае сродкі абнавіў старажытны Спаса-Прабоінскі храм, выдаткаваўшы больш за 75 000 рублёў і каля 40 000 рублёў на збудаванне пры гэтай царкве будынкаў для кліру. Сяргей Іванавіч з’яўляўся ў многіх асветніцкіх і дабрачынных установах ганаровым членам, прымаў у іх дзейнасці значны ўдзел сваёй працай і грашовымі сродкамі. Акрамя таго, абодва браты былі гласнымі Яраслаўскай гарадской думы, а Сяргей Вахрамееў яшчэ і ганаровым міравым суддзёй. Малодшы брат Сямён займаў у той час пасаду саветніка Любімскага губернскага праўлення.
Хадайнічаючы перад імператарам аб узвядзенні сям’і нябожчыка Івана Аляксандравіча Вахрамеева ў дваранскую годнасць, міністр унутраных спраў рэкамендаваў прымеркаваць рашэнне манаршай міласці да часу наведвання Яго Вялікасцю Яраслаўля, дзе “нёс службу гэты значны і бескарыслівы грамадскі дзеяч”.
21 мая 1913 года, як і чакалася, царская сям’я наведала Яраслаўль. Раніцай з нізоўя Волгі да горада прыбыла цэлая флатылія параходаў. Аўгусцейшыя асобы знаходзіліся на невялікім параходзе “Межань”. Да візіту Яраслаўль упрыгожылі дзяржаўнымі сцягамі і ілюмінацыяй. “Да дзевяці гадзін у палатцы і каля палаткі паблізу Царскай прыстані сабраліся ўсе тыя асобы, якім прадаставілі магчымасць непасрэднай сустрэчы высокіх гасцей”, – пісалі мясцовыя “Епархіяльныя ведамасці”. Быў тут і Аляксандр Іванавіч Вахрамееў як гласны гарадской думы.
Пасля сустрэчы на беразе Волгі царскі картэж накіраваўся ва Успенскі сабор. Маршрут праходзіў па Сямёнаўскім спуску, Прабойнай вуліцы, праз Ільінскую плошчу паўз рэальнае вучылішча і далей уздоўж плаца (Саборнай плошчы). Вяртаючыся з сабора, Мікалай ІІ з дочкамі наведаў Спаса-Прабоінскі храм, дзе захоўваўся цудатворны абраз Спаса Нерукатворнага. Як сведчыць паданне, гэтай іконай быў абнесены горад, калі ў ім стаяла войска Мініна і Пажарскага, што сабралася ў 1612 годзе ў Яраслаўлі для паходу на Маскву, занятую палякамі. Разам з настаяцелем аўгусцейшых асоб сустракаў і Аляксандр Іванавіч Вахрамееў як стараста прыходу. Прыходскі хор праспяваў трапар “Пречистому Твоему Образу”. Настаяцель расказаў пра храм і ўручыў гасцям яго сціслае апісанне. Аляксандр Іванавіч падараваў княжнам абразкі храмай іконы Збавіцеля (копіі сапраўднай). Акрамя таго, усім уручылі адну з кніг, выдадзеных Іванам Аляксандравічам Вахрамеевым.
Мікалай ІІ адзначыў, што храм пакінуў цудоўнае ўражанне. Развітваючыся, ён павіншаваў Аляксандра Вахрамеева з наданнем яму звання патомнага двараніна. Найвышэйшы ўказ быў падпісаны гасударам у гэты ж дзень. На жаль, у які менавіта момант і дзе адбывалася яго падпісанне і ўручэнне, высветліць не ўдалося. Ва ўказе гаварылася: “Ва ўвагу да выбітнай дабрачыннай і грамадскай дзейнасці былога Яраслаўскага гарадскога галавы, цяпер нябожчыка стацкага саветніка Івана Вахрамеева, усяміласцівейша ўзводзім ўдаву яго Лізавету Сямёнаву і сыноў яго Аляксандра, Сяргея і Сямёна Іванавых Вахрамеевых, з усімі іх наступнымі нашчадкамі, у патомную дваранскую Расійскай імперыі годнасць”.
Праз год Лізавета Сямёнаўна Вахрамеева і яе сыны атрымалі пасведчанне Яраслаўскага дваранскага дэпутацкага сходу аб унясенні іх у першую частку дваранскай радаслоўнай кнігі Яраслаўскай губерні адпаведна пастанове ад 30 лістапада 1913 года, зацверджанай Урадавым сенатам па Дэпартаменце Герольдыі 8 мая 1914 года.
Так дзякуючы заслугам Івана Аляксандравіча Вахрамеева (прадзеда мітрапаліта Філарэта) яго сям’я атрымала патомнае дваранства.
З РАДАВОДНЫХ РОСПІСАЎ РОДУ ВАХРАМЕЕВЫХ
Іван Аляксандравіч Вахрамееў (прадзед мітрапаліта Філарэта), нарадзіўся 13.08.1843 г. у Яраслаўлі. Хросныя бацькі пры хрышчэнні – Міхаіл Іванавіч Вахрамееў (родны дзядзя) і Аляксандра Сяргееўна Чапахіна (бабуля).
Яраслаўскі 1-й гільдыі купец (з 1864 г. пры бацьку, з 1875 г. сваім капіталам), гандляр і прамысловец, уладальнік і галава гандлёвых дамоў “Вахрамееў і К” і хлебных тавараў “І.А. Вахрамееў і сыны”, саўладальнік Растоўскага гандлёвага дома “І. Вахрамееў і К”. Уладальнік млына (з 1876 г.) пры вёсцы Ісады Растоўскага павета з дачай у Семібратава, сяльца Мічкулава з 409 дзесяцінамі зямлі пры вёсках Хмяльнічнай і Пасынковай, сяльца Паганава, Чыстаполле Данілаўскага павета (па купчай ад 19 ліпеня 1899 г.).
Гласны Яраслаўскага губернскага земства і Яраслаўскай гарадской думы (з 1875 г.), гарадскі галава г. Яраслаўля ў 1882 – 1887 і 1897 – 1905 гг.
Патомны ганаровы грамадзянін. У званне ўзведзены пастановай Урадавага сената ад 16.11.1881 г. (указ па Дэпартаменце Герольдыі ад 18.12.1881 г., № 6675).
Рашэннем Яраслаўскай гарадской думы ад 02.01.1887 г., найвысачэйша зацверджаным 21.05.1887 г., І.А. Вахрамееву прысвоена званне ганаровага грамадзяніна г. Яраслаўля.
Ганаровы папячыцель 1-й Яраслаўскай гімназіі, камерцыі саветнік (з 17.12.1899 г.), стацкі саветнік, кавалер ордэнаў Святога Уладзіміра ІІІ ступені (30.10.1895 г.), Святой Ганны ІІ ступені, Святога Станіслава ІІ ступені, Святога Уладзіміра IV ступені.
У характарыстыцы да ўзнагароды званнем камерцыі саветніка 1899 г. сказана: “У асяроддзі Яраслаўскага купецтва Вахрамееў рэзка вылучаецца як выбітны грамадскі дзеяч, заснавальнік многіх грамадскіх і дабрачынных устаноў. Не менш значная роля яго ў гандлёва-прамысловым жыцці краю; будучы буйным гандляром і прамыслоўцам, які карыстаецца значным уплывам у гандлёвым асяроддзі, Вахрамееў пашырыў свае гандлёвыя аперацыі па ўсім Паволжы; заслугоўваюць асаблівай увагі працы яго ў якасці члена мясцовых грамадскіх устаноў, дзе ён з’яўляецца незаменным, па шырыні светапогляду і вопытнасці, энергічным правадніком новых мерапрыемстваў Міністэрства фінансаў”.
Стараста Спаса-Прабоінскага храма. Грамадскі дзеяч, фундатар, калекцыянер, бібліяфіл, краязнавец, старшыня Яраслаўскай архіўнай камісіі, сапраўдны член-карэспандэнт Маскоўскага археалагічнага таварыства. У 1895 годзе зрабіў вялікае ахвяраванне Санкт-Пецярбургскаму археалагічнаму інстытуту.
Памёр 26 снежня 1908 года ў г. Яраслаўлі, пахаваны на Лявонцьеўскіх могілках.
Лізавета Сямёнаўна Вахрамеева (у дзявоцтве Краханяткіна), прабабуля мітрапаліта Філарэта, нарадзілася 13 верасня 1844 года ў г. Яраслаўлі.
Дачка яраслаўскага 1-й гільдыі купецкага брата Сямёна Іванавіча Краханяткіна, 1820 г.н., і яго жонкі Марыі Аляксандраўны, у дзявоцтве Пастуховай, дачкі яраслаўскага 1-й гільдыі купца, патомнага ганаровага грамадзяніна. Спадчынная ўладальніца маёнтка Мічкулава Данілаўскага павета Яраслаўскай губерні.
Шлюб 16 лютага 1864 года ў Яраслаўскай Благавешчанскай царкве. 3 кастрычніка 1913 года падала прашэнне аб унясенні яе разам з сынамі ў дваранскую радаводную кнігу Яраслаўскай губерні.
Аляксандр Іванавіч Вахрамееў (дзед мітрапаліта Філарэта), нарадзіўся 27 лютага 1875 года ў г. Яраслаўлі, ахрышчаны ў Благавешчанскай царкве 2 сакавіка 1875 года. Хросныя бацькі – Аляксандр Іванавіч Вахрамееў і Марыя Аляксандраўна Краханяткіна.
Пасля смерці бацькі з братам Сяргеем узначалілі сямейную справу.
Саўладальнік мукамольнага млына, пяці драўляных дамоў у Яраслаўлі і 470 дзесяцін зямлі ў Яраслаўскім, Растоўскім і Любімскім паветах Яраслаўскай губерні. Гласны Яраслаўскай гарадской думы, стараста Спаса-Прабоінскага храма.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і нацыяналізацыі – дырэктар былога ўласнага млына (млынавага завода). Пасля падаўлення Яраслаўскага паўстання, у канцы чэрвеня 1918 г. пакінуў Яраслаўль. Жыў у Крыме, у Ялце. Апошні адрас: Чырвонаармейск, Дарсанаўская вуліца, 10. Памёр 29 мая 1921 года ў г. Чырвонаармейску, пахаваны на Брацкіх могілках.
Кацярына Аляксееўна Вахрамеева (у дзявоцтве Дружыніна), бабуля мітрапаліта Філарэта, нарадзілася 23 лютага 1877 года. Дачка купца Аляксея Паўлавіча Дружыніна і яго жонкі Кацярыны Мікалаеўны, у дзявоцтве Вахрамеевай. Шлюб 6 лістапада 1894 года ў Яраслаўскай Благавешчанскай царкве.
У 1924 годзе пераехала ў пасёлак Салтыкоўка Рэўтаўскага раёна Маскоўскай вобласці. Памерла ў верасні 1931 года, пахавана ў вёсцы Нікольскае (цяпер, як і Салтыкоўка, частка г. Балашыха).
Варфаламей Аляксандравіч Вахрамееў (бацька мітрапаліта Філарэта), нарадзіўся 5 сакавіка 1904 года ў г. Яраслаўлі, ахрышчаны 18 сакавіка 1904 года ў Благавешчанскай царкве. Хрышчоныя бацькі – дзядуля Іван Аляксандравіч Вахрамееў і цётка Марыя Іванаўна Курлова.
З 1913 года вучыўся ў Яраслаўскім рэальным вучылішчы. Табельшчык будаўнічай канторы (1918 – 1919), справавод Рэстаўрацыйнай камісіі (1919 – 1920). Сакратар Яраслаўскага гістарычнага музея (1920 – 1921). Студэнт 4-га Маскоўскага (затым перайменаванага ў Маскоўскі абласны) музычнага тэхнікума (1921 – 1930). Выкладчык Маскоўскага музычнага тэхнікума (з 1930 г.) і дзіцячага аддзялення Маскоўскай кансерваторыі (з 1932 г.), загадчык вучэбнай часткі дзіцячай музычнай школы Савецкага раёна г. Масквы (з 1935 г.), з 1 кастрычніка 1944 года дырэктар гэтай жа школы. З 1 верасня 1964 года на пенсіі.
Аўтар вучэбнага дапаможніка “Элементарная тэорыя музыкі” (вытрымала 8 выданняў), метадычнага дапаможніка “Пытанні методыкі выкладання сальфеджыа ў дзіцячай музычнай школе” (2 выданні) і двухтомнага “Падручніка царкоўных спеваў” (2 выданні). Кавалер царкоўнага ордэна Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІ ступені (1984).
Памёр 11 снежня 1984 года ў Маскве, пахаваны на Данілаўскіх могілках.
Аляксандра Фёдараўна Вахрамеева (у дзявоцтве Смірнова), маці мітрапаліта Філарэта, нарадзілася 16 сакавіка 1902 года ў сям’і селяніна вёскі Мумырова Чухламскога павета Кастрамской губерні Фёдара Яфімавіча Смірнова (памёр у 1914 г.) і яго жонкі Ганны Паўлаўны, у дзявоцтве Яфімавай (памерла ў 1943 г.), валодала ў Маскве домам (Малы Кацярынінскі завулак, 5). Шлюб 28 верасня 1924 года ў Маскве. Музычны педагог. Памерла 16 мая 1981 года ў Звягіна, г. Пушкіна Маскоўскай вобласці. Пахавана на Данілаўскіх могілках.
…Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў (з 3 красавіка 1959 г. манах Філарэт), Высокапраасвяшчэнны Філарэт, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Хросная пры хрышчэнні – Марыя Фёдараўна Смірнова.
У 1953 г. закончыў сярэднюю школу № 557 і паралельна музычную школу Баўманскага раёна г. Масквы па класе харавых спеваў і кантрабаса. У тым жа годзе паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю ў Троіца-Сергіевай лаўры. Іпадыякан пры Патрыярху Алексіі І (1954 – 1961). У 1957 г. працягнуў вучобу ў Маскоўскай духоўнай акадэміі.
3 красавіка 1959 г. намеснік Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры архімандрыт Пімен (Хмялеўскі) здзейсніў над Кірылам Варфаламеевічам манаскі пострыг з нарачэннем імені Філарэт у гонар святога праведнага Філарэта Міласцівага. 26 красавіка 1959 г., у Вербную нядзелю, у Кафедральным Багаяўленскім Ялохаўскім саборы Свяцейшы Патрыярх Алексій (Сіманскі) рукапалажыў манаха Філарэта ў іерадыякана.
Кандыдат багаслоўя (1961). Іераманах (14.12.1961), старшы памочнік інспектара (1962 – 1963) і інспектар (1963 – 1965) Маскоўскай духоўнай акадэміі і семінарыі, ігумен (з 04.08.1963 г.), загадчык аспірантуры пры Маскоўскай духоўнай акадэміі (1963 – 1965), архімандрыт (08.10.1963), дацэнт (01.10.1964); 8–23/24.10.1965 г. мітрапалітам Ленінградскім і Ладажскім Нікадзімам хіратанісан у епіскапа Ціхвінскага і прызначаны вікарыем Ленінградскай епархіі; епіскап Дзмітраўскі, вікарый Маскоўскай епархіі (1966 –1971).
Рэктар Маскоўскай духоўнай акадэміі і семінарыі (1966 –1973), другі намеснік старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязей (1968 – 1971), выканаўца абавязкаў намесніка Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры (1971), кіраўнік Калінінскай епархіі (1971 – 1972), архіепіскап Дзмітраўскі, вікарый Маскоўскай епархіі (1971 – 1973), архіепіскап Берлінскі і Сярэднееўрапейскі, Патрыяршы Экзарх Сярэдняй Еўропы (1973 – 1975), мітрапаліт Берлінскі і Сярэднееўрапейскі, Патрыяршы Экзарх Сярэдняй Еўропы (1975 – 1978).
У 1978 г. узведзены ў сан мітрапаліта Мінскага і Беларускага (да 1989 г.), Патрыяршы Экзарх Западнай Еўропы (1978 – 1984), кіраўнік Корсунскай епархіі (1979 – 1984), старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязей (1981 – 1989), пастаянны член Свяшчэннага Сінода (з 1981 г.), кіраўнік Уваскрасенскага прыходу ў Рабаце (Марока), Патрыяршых прыходаў у Фінляндыі (1985 – 1989) і Пакроўскага прыходу ў Сіднеі (1987 – 1989), мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (1989 – 1992), член Патрыяршай і Сінадальнай біблейскай камісіі (1990 – 2011).
З 18 лютага 1992 г. – мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, свяшчэннаархімандрыт Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, дэкан Багаслоўскага факультэта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (з 30.06.1993 г.), старшыня Сінадальнай Багаслоўскай камісіі (з 28.12.1993 г.), часова кіраўнік Гродзенскай епархіі (з 1994 г.), Полацкай епархіі (1996 – 1997) і Магілёўскай епархіі (28.02.2001 г. – 04.07.2001 г.).
Дзяржаўныя ўзнагароды:
Рэспублікі Беларусь – Герой Беларусі (01.03.2006 г.); ордэны: Айчыны ІІІ ступені (23.09.1998 г.), Дружбы народаў (18.03.2005 г.), Гонару (кастрычнік 2008 г.) і Францыска Скарыны (23.10.2003 г.); медаль Францыска Скарыны (14.03.1995 г.);
СССР і Расійскай Федэрацыі – ордэны: Дружбы народаў (20.03.1985 г.), “За заслугі перад Айчынай” IV ступені (29.07.2003 г.), Дружбы (2009), Аляксандра Неўскага (11.07.2013 г.);
Рэспублікі Польшча – камандорскі крыж ордэна Заслугі (05.10.1987 г.);
Рэспублікі Украіна – ордэн “За заслугі” III ступені (27.07.2013 г.).
Узнагароды Рускай Праваслаўнай Царквы: ордэны Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра II (11.04.1969 г.) і I ступені (18.06.1971 г.), прападобнага Сергія Раданежскага I ступені (07.09.1982 г.); права нашэння 2-й панагіі (02.09.1977 г.), Святога благавернага князя Данііла Маскоўскага I ступені (23.11.1990 г.), прападобнага Андрэя Рублёва I ступені (24.10.2003 г.), прападобнага Серафіма Сароўскага I ступені (21.03.2005 г.), свяціцеля Інакенція, мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага I ступені (2009), іменная панагія (04.07.1988 г.) і права служэння з пераднасным крыжам у межах Беларускага Экзархата (2010).
Узнагароды іншых Праваслаўных Цэркваў: Іерусалімскай – ордэн Гроба Гасподня з часціцай Жыватворнага Дрэва II ступені (31.05.1968), Антыахійскай – ордэн Святога першавярхоўнага апостала Паўла I ступені (01.11.1981 г.). Польскай – ордэн Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны I ступені (24.03.1985 г.), Чэхаславацкай – ордэн Святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія І ступені (17.06.1985 г.), Украінскай – ордэн прападобнага Нестара Летапісца І ступені (24.10.2003 г.), Александрыйскай – ордэн Апостала Марка (04.03.2008 г.).
Узнагароды іншаслаўных цэркваў: Польскай Каталіцкай – ордэн Епіскапа Францішака Ходура ІІ (1985) і І ступені (1987).
Іншыя ўзнагароды:
Ганаровы медаль Нацыянальнага Савета Нацыянальнага Фронту ГДР (13.10.1978 г.);
залаты медаль імя Отта Нушке – вышэйшая ўзнагарода Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Германіі (18.03.1985 г.);
знак Таварыства польска-савецкай дружбы “За брацкую дапамогу і супрацоўніцтва” (23.03.1985 г.);
залаты медаль Чэхаславацкага таварыства міжнародных сувязей (17.06.1985 г.) – за заслугі ў развіцці дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі Чэхаславакіі і СССР;
імператарскі ордэн Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ад Главы Расійскага імператарскага дома Гасударыні Вялікай княгіні Марыі Уладзіміраўны (2005).
Ганаровы член Духоўных акадэмій: Маскоўскай (з 07.05.1974 г.), Ленінградскай/Санкт-Пецярбургскай (з 11.06.1974 г.); ганаровы доктар багаслоўя Прэшаўскага Праваслаўнага багаслоўскага факультэта (з 16.03.1982 г.), багаслоўскага факультэта Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Марціна Лютэра Галле-Віттэнберга (з 15.11.1983 г.), Браціслаўскага Евангелічнага багаслоўскага факультэта (з 17.06.1985 г.), Пражскага Багаслоўскага факультэта імя Яна Амоса Коменскага (з 25.11.1986 г.), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1993), Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (з 31.05.2001 г.), Свята-Уладзімірскай Праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Крэствудзе (з 05.10.2002 г.), Свята-Сергіеўскага Багаслоўскага інстытута ў Парыжы (з 11.04.2003 г.), Хрысціянскай багаслоўскай акадэміі ў Варшаве (з 28.09.2007 г.), ганаровы прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (з 14.10.2002 г.), заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (25.10.2011 г.). Ганаровы член “Pro Oriente” (з лістапада 1984 г.).
Ганаровы грамадзянін гарадоў Мінска (2003) і Полацка (2004).
…Менавіта Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту ўдалося шырока наладзіць сацыяльную, місіянерскую, міратворчую дзейнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы, аб’яднаць гэтыя тры паняцці ў сэрцы кожнага верніка ў адно цэлае, тым самым паказаўшы шлях беларусам да самавызначэння і ўсведамлення сваёй самабытнасці.
З першых гадоў служэння на Беларусі Яго Высокапраасвяшчэнства наладзіў святкаванне Сабора Беларускіх святых, паступова выводзячы з ценю гісторыі новыя святыя імёны, з малітвеннай дапамогай якіх умацоўваючы праваслаўе ў нашай краіне.
Стваральная дзейнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы аказала значны ўплыў і дала плённыя вынікі ў станаўленні духоўна-маральных асноў грамадства.
“Наша сіла, сіла Царквы была і застаецца ў тым, што кожны, – падкрэсліваю! – кожны чалавек па-хрысціянску ўспрымаецца як непаўторная, унікальная, бясцэнная асоба, якая не можа не імкнуцца да ўсведамлення сваёй непаўторнасці ў часе і ў вечнасці”, – сцвярджае мітрапаліт Філарэт.
Пазнаёміўшыся з жыццёвымі гісторыямі прадстаўнікоў роду Вахрамеевых, усвядоміўшы іх адданае служэнне сваёй справе і свайму народу, сапраўды пераконваешся ў непаўторнасці кожнага чалавека ў часе і вечнасці…
Матэрыял падрыхтаваны на аснове кнігі “История дворянского рода Вахромеевых”, аўтары: А. Шумкоў, пратаіерэй Георгій Вахрамееў, У. Няёлаў, А. Статкевіч-Чабаганаў, іерэй Гардзей Шчаглоў.
Пераклад Зоі Падлiпскай.
oroik.by