Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
У 2024 годзе спаўняецца 80 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наша краіна змагла выстаяць і даць годны адпор акупантам. Памяць пра падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, пра гераічныя подзвігі нашых суайчыннікаў на франтах і ў партызанскіх атрадах і сёння жывая. Як жыве ў нашых сэрцах і бязмерны смутак цераз велізарныя страты, што панеслі беларусы ў Вялікай Айчыннай вайне, як жыве і гонар за прадстаўнікоў амаль кожнай беларускай сям’і, якія разам з іншымі народамі паказалі прыклад мужнасці і гераізму ў справе перамогі над фашызмам.
Згадаем сёння прадстаўнікоў беларускага роду Ждановічаў-Гурыновічаў, лёсы якіх таксама апаленыя вайною.
…Па жаночай лініі галіна Ждановічаў-Гурыновічаў бярэ пачатак ад старажытнага роду Корсакаў, добра вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім.
З пацвярджальнага прывілея караля Сігізмунда ІІ Аўгуста ад 16 лютага 1567 года Івану і Сямёну Ждановічам-Глускім, праўнукам Юшкі Корсака, вынікае, што князь Глеб Сямёнавіч Гальшанскі падарыў Якаву (Юшку) Корсаку, які верна служыў Айчыне, вёску ў маёнтку Глуск. Дарчая князя Гальшанскага адносіцца прыкладна да 1460 года.
З часам усе маёнткі з сялянамі Якава Корсака дасталіся ў спадчыну яго праўнукам Івану і Сямёну Ждановічам-Глускім.
Захаваліся тастаменты, што сведчаць пра значнасць роду Ждановічаў-Гурыновічаў, а таксама пра дабрыню і сардэчнасць яго прадстаўнікоў.
Ждановічы-Гурыновічы валодалі гербам “Любіч”. Як сведчыць сямейная легенда, герб быў падараваны рыцару па імені Пабажанін за подзвігі ў бітве з прускімі войскамі ў 1190 годзе на рацэ Любіч. На гербе – срэбная падкова з двума крыжамі, адзін з якіх размешчаны зверху на падкове, а другі – усярэдзіне яе.
Род Ждановічаў-Гурыновічаў прызнаны ў дваранстве пастановамі Валынскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 28 лістапада 1802 года і Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 23 верасня 1870 года, зацверджаны ўказам Сената ад 10 красавіка 1879 года , № 1013 і ўнесены ў 6-ю частку радаводнай кнігі дваран Мінскай губерні.
Звернемся да гісторыі лёсу некаторых прадстаўнікоў старажытнага роду ў ХХ стагоддзі.
Былі ў родзе фізічна моцныя людзі, як Панфіл Сямёнавіч Гурыновіч, які за некалькі гадзін да смерці яшчэ насіў разам з сынам дрэвы за камель. Памёр у 1919 годзе.
У сям’і Панфіла Гурыновіча нарадзіліся сыны: Мітрафан, Ян, Растахор, Мацвей, Мікалай (з двойні), Іван (з двойні) і дачка Тэрэса.
Звесткі пра Тэрэсу даволі скупыя. Вядома, што ў яе было два сыны – Іван і Аляксей.
Пра Яна (1879 г.н.) вядома, што да рэвалюцыі 1917 года працаваў лесніком у Юшкавічах. Быў паляўнічым, трымаў гаспадарку, апрацоўваў зямлю. У 1933 годзе з’яўляўся старшынёй калгаса Чырвоны Бор у вёсцы Стары Рабак, партыйным работнікам. Памёр у 1961 годзе.
Пра Мікалая і Івана вядома, што нарадзіліся 2 мая 1890 года ў фальварку Закальны Яроміцкага прыхода Бабруйскага павета. Ахрышчаны 6 мая таго ж года святаром Васіліем Аліферовічам у Пагосцкай Іаана-Прадцечанскай царкве Слуцкага павета.
У вёсцы Івана, яго дзяцей і ўнукаў называлі “шляхтай”. Вядомы ён быў тым, што дапамагаў вяскоўцам вылечваць розныя хваробы, сярод якіх была і “ружа”, – даставаў крэсіва і высякаў іскры… Майстэрства лекавання атрымаў ад брата Мацвея.
Пра Мацвея (1883 г.н.) вядома, што адзін час ён жыў у вёсцы Нежын. У 1919 годзе купіў 15 дзесяцін лесу і ўладкаваўся на ўласнай зямлі (цяпер на гэтым месцы вёска Волашава). Пасля пераезду абрабляў зямлю, меў вялікую гаспадарку, займаўся садаводствам, разводзіў пчол. Быў майстрам на ўсе рукі: пабудаваў сабе дом, некалькі хлявоў для жывёлы, усю мэблю ў доме зрабіў сваімі рукамі – шафы, ложкі, крэслы, сталы, лавы. Змайстраваў ручны млын, рабіў сані, калёсы.
Зімой абшываў людзей. Клаў у сані швейную машынку “Зінгер” і раз’язджаў па вёсках. Шыў на заказ кажухі, штаны, кашулі. Памёр ад запалення лёгкіх у 1945 годзе. А яшчэ лячыў людзей ад укусаў змей, якіх вадзілася шмат у іх забалочанай мясцовасці.
Мацвей Гурыновіч быў сумленным, гасцінным, добрым чалавекам. Разам з жонкай Аляксандрай Іванаўнай выгадавалі трох сыноў і дачку.
Сын Мацвея Гурыновіча, Сяргей Мацвеевіч, нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Волашава Слуцкага раёна. Калі пачалася Другая сусветная вайна, яму яшчэ не было 18 гадоў. Разам з іншай моладдзю яго вывезлі на работу ў Германію. Да Германіі не даехаў: яго пакінулі ў размеркавальным лагеры ў Польшчы. З лагера накіроўвалі на работу ў розныя месцы, адным з якіх быў касцёл. Манахіні дапамагалі людзям інсцэніраваць хваробу: нечым намазвалі цела, выклікаючы высыпку. Дзякуючы гэтаму, удалося атрымаць лісток непрацаздольнасці. У хуткім часе некалькі чалавек адправілі ў Беларусь. Іх суправаджаў адзін афіцэр-чэх.
У Мінску прыйшлося некалькі дзён хавацца ў царкве. Справа ў тым, што напярэдадні быў забіты гаўляйтэр Вільгельм Кубэ, таму на вуліцу выходзіць было вельмі небяспесна – хапалі ўсіх без разбору. Той афіцэр, які суправаджаў “хворых”, высветліўшы абстаноўку, усіх, хто накіроўваўся ў бок Слуцка, вывеў за межы Мінска на Слуцкую дарогу. Цяпер неабходна было пераадолець нямецкія блок-пасты: прад’яўляць дакументы і падыходзіць з зараней паднятымі рукамі.
Аслабеўшы ад голаду, Сяргей з вялікімі цяжкасцямі дабраўся да Слуцка, дзе жыла яго цёця Дуня. Добра, што частку шляху ўдалося пад’ехаць на папутнай машыне, аддаўшы шафёру сваё паліто. Праз тыдзень бацька забраў Сяргея дадому, дзе яшчэ цэлы месяц адпойвалі хлопца аўсяным кісялём.
Пасля вызвалення ад гітлераўцаў Слуцкага раёна, Сяргея мабілізавалі на фронт. Служыў кулямётчыкам. Быў паранены, цяжка кантужаны. Пасля шпіталя накіраваны на вайсковы аэрадром пад Кёнігзбергам, дзе да канца вайны служыў камандзірам аддзялення службы аховы аэрадрома. Мае баявыя ўзнагароды.
З расповедаў Марыны Мікалаеўны Сатолінай, унучкі яшчэ аднаго прадстаўніка роду Ждановічаў-Гурыновічаў – Аляксандра Афанасьевіча Гурыновіча, стала вядома гісторыя іх сям’і.
Аляксандр Гурыновіч закончыў 4-класнае Раманаўскае вышэйшае пачатковае вучылішча ў г. Бабруйску. Чытаў і пісаў на нямецкай і французскай мовах. Служыў у шэрагах Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі ў г. Слуцку ў 4-й асобнай роце сувязі пры памежным асобым аддзеле, пасля ў Цімкавічах Капыльскага раёна.
Пасля дэмабілізацыі ў сакавіку 1926 года з памежных войскаў прыехаў у Бабруйск. У лістападзе 1933 года пераведзены на працу ў Барысаўскі райвыканкам.
З 1939 года працаваў інстуктарам па мабілізацыйнай рабоце сярод грамадзянскіх арганізацый у Барысаўскім ваенкамаце, затым інструктарам гаркама КП(б)Б па кадрах. З лютага 1940 года па чэрвень 1941 года загадваў асобым сектарам Беластоцкага абкама КП(б)Б.
Вайна застала Аляксандра Афанасьевіча Гурыновіча, яго жонку Марыю Маркаўну і дачку Тамару ў Беластоку. Малодшая дачка Ліля ў гэты час знаходзілася на летнім адпачынку ў бабулі у Бабруйску.
У час эвакуацыі абкамаўскіх сем’яў з Беластока Марыі Маркаўне і Тамары давялося ехаць на грузавых машынах цераз Мінск, які ўжо бамбілі. Праз некаторы час ім удалося перасесці на таварны цягнік, які спешна адпраўляўся на ўсход.
Састаў па дарозе трапіў пад бамбёжку. Машыніст спыніў цягнік, і людзі, ратуючыся, пабеглі ў поле, якое таксама абстрэльвалася нямецкімі самалётамі. Тамара тады ледзь не згубілася. Даехалі да Куйбышава, адтуль – у Сталінград, дзе жылі некаторы час. Пасля ўсе абкамаўскія сем’і былі перавезены ў Сярэднюю Ахтубу. Пражылі там прыкладна год. Жыццё ў эвакуацыі было нялёгкае, але Тамара вучылася і закончыла 7-ы клас.
Летам 1942 года пачалася бітва за Сталінград. Пад бамбёжкамі Марыя Маркаўна Гурыновіч разам з дачкою пераправіліся на другі бераг Волгі і з вялікімі цяжкасцямі на грузавой машыне дабраліся да пасёлка Піхтаўка Навасібірскай вобласці. Там Тамара працягвала вучобу, а Марыю Маркаўну прызначылі дырэктарам Усць-Таіжскага дзіцячага дома.
Марыя Маркаўна з усіх сіл старалася палегчыць сірочае жыццё. Каб пракарміць галодных дзяцей, упрасіла кіраўніцтва крухмальнага завода не выкідваць бульбяныя жмыхі, а аддаваць у дзіцячы дом, дзе іх абвальвалі ў муцэ і рабілі аладкі. Вельмі дапамагалі мясцовыя жыхары, у асноўным беларусы, некалі выселеныя ў Сібір.
Каб падтрымаць дачку, Марыя Маркаўна аддала ёй сваю картку. На яе Тамара атрымлівала маленькі кавалак хлеба і зялёны суп, у якім плаваў адзін капусны ліст. Справа ў тым, што дырэктарам сталовай працавала жонка начальніка мясцовага НКУС, якая, карыстаючыся становішчам мужа моцна ўрэзала паёк, за што і была пазней засуджана. Дарэчы, не пазбег турмы і яе муж.
Тамара тады ў Піхтаўцы па прычыне голаду трапіла ў бальніцу.
Доўгі час Марыя Маркаўна нічога не ведала пра лёс мужа. І толькі ў 1943 годзе пасля шматлікіх запытаў яго ўдалося адшукаць. Пасля кантузіі Аляксандр Афанасьевіч знаходзіўся ў шпіталі ў Спаску Разанскай вобласці. Ён пераслаў сям’і сваю прадуктовую картку, і стала крыху лягчэй.
У хуткім часе сям’і прыйшоў выклік і Марыя Маркаўна з дачкою пераехалі ў Спаск. Там Тамара вучылася ў 9-м класе і, як усе старшакласніцы, працавала ў шпіталі.
Сям’я Аляксандра Гурыновіча не страчвала надзеі, што родныя, якія знаходзяцца ў акупацыі, усё ж жывыя. Увесь час пісалі лісты ў Чырвоны Крыж, у Маскву. І толькі ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, сям’я атрымала паведамленне з Бабруйска, што бацькі Марыі Маркаўны і яе дачка Лілія жывыя.
Пасля дэмабілізацыі Аляксандр Афанасьевіч разам з сям’ёй пераехаў у Мінск, адкуль быў накіраваны на працу ў Гродзенскі абкам КП(б)Б на пасаду загадчыка асобага сектара. У 1961 годзе сям’я пераехала ў Мінск. У 1969 годзе Аляксандра Афанасьевіча не стала.
Тамара Гурыновіч пасля заканчэння ў 1950 годзе Мінскага медыцынскага інстытута працавала ў Гродна. Вучылася і адначасова працавала на некалькіх працах: чытала лекцыі для медыцынскіх сясцёр, лятала на АН-2 па выкліках хуткай дапамогі па Беларусі. Выйшла замуж за франтавіка.
У 1959 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. Адна са стваральнікаў у Беларусі школы ўрачэбна-працоўнай экспертызы. Працавала старшынёю УПЭК пры 4-м Галоўным упраўленні Мінздрава БССР. Муж Тамары, Мікалай Рыгоравіч Юркевіч, стаў доктарам юрыдычных навук, прафесарам.
Згадаем і пра малодшую дачку Гурыновічаў, Лілію, якую ў чэрвені 1941 года адправілі з Беластока на канікулы да бабулі ў Бабруйск.
Разам з дарослымі Ліліі Гурыновіч давялося перажыць увесь цяжар жыцця на акупаванай тэрыторыі. Хаваліся ад бамбёжак у вырытым на агародзе бліндажы.
У пачатку вайны, пакуль яшчэ ў Бабруйск не зайшлі эсэсаўцы, выжываць было лягчэй. Карміліся з агарода. Адзін з італьянцаў, што стаялі ў іх доме, часам прыносіў з салдацкай кухні суп, шакалад.
Калі ў горад увайшлі войскі СС, стала невыносна. Фашысты ледзь не расстралялі іх сям’ю. Бабулі ўдалося на каленях вымаліць для іх выратаванне.
У час аперацыі “Бабруйскі кацёл” горад бесперапынна абстрэльвалі і немцы, і нашы. Пры адступленні немцаў да ўваходу ў выкапаны на агародзе бліндаж прыляцела граната. На шчасце, не разарвалася…
Пасля вайны Лілія закончыла біялагічны факультэт БДУ, а затым аспірантуру Інстытута фізіялогіі Акадэміі навук БССР. Абараніла кандыдацкую дысертацыю. Працавала ў БДУ на кафедры псіхалогіі. Так склалася, што яе сын Аляксей і ўнук Кірыла-Дамінік жывуць у Германіі.
Цікавая гісторыя лёсу яшчэ аднаго прадстаўніка роду Ждановічаў-Гурыновічаў – Віктара Іванавіча Гурыновіча.
Мікалай Смірноў у артыкуле “Черчиллю. Совершенно секретно”, апублікаваным у газеце “Советская Белоруссия” 8 мая 2010 года распавядае пра некаторыя дзівосныя эпізоды яго вайсковай службы: “Для оперупаўнаважанага вайсковай контрразведкі па 407-м палку 108-й стралковай дывізіі Заходняга фронту В.І.Гурыновіча Вялікая Айчынная пачалася драматычна. Намагаючыся вырвацца з кола акружэння, Гурыновіч сабраў байцоў і камандзіраў, з тых, хто заўстаўся жывы, і павёў іх у штыкавую атаку. У тым баі Віктар Іванавіч быў сур’ёзна кантужаны і страціў прытомнасць. Магчыма, гэта і ўратавала ад палону ці смерці. Грэнадзёры, дабіваючы параненых, не звярнулі ўвагі на яго нерухомае цела.
Ачуняўшы, камандзір, пераадольваючы боль і слабасць, лясамі і непрыкметнымі сцежкамі падаўся на Случчыну, у сваю родную вёску Рабак.
На свае вочы ён тут убачыў “новы парадак”. Расстрэльваліся і выганяліся ў рабства сотні людзей. З гэтым Віктар Іванавіч мірыцца не мог, хоць тады яшчэ ён не ведаў, што лёс яго як вайсковага контрразведчыка ўжо прадвызначаны ў адным з дакументаў для вышэйшага каманднага састава вермахта яшчэ 12 мая 1941 года”.
У дакуменце гаварылася, што адказныя палітработнікі і камісары павінны знішчацца. Яны не лічацца палоннымі, у тыл не эвакуіруюцца.
Афіцэрам савецкіх спецслужбаў было яшчэ горай. За іх “прымаўся” абвер і СД. І ўрэшце, яны таксама падлягалі ліквідацыі.
Віктар Іванавіч прыняў рашэнне разам са сваімі чатырма братамі падацца ў лес. Спачатку збіралі зброю, сустракаліся з байцамі і камандзірамі Чырвонай арміі, якіх пасля акружэння прыюцілі вяскоўцы. Паступова каля братоў Гурыновічаў пачалі групавацца мясцовыя жыхары. Гэтыя людзі сталі касцяком невялікага партызанскага атрада. Аднак, добра арыентуючыся ў родных лясах, Віктар Іванавіч пастаянна шукаў і ўрэшце ўстанавіў кантакт з атрадамі Мінскага партызанскага злучэння Розава і Далідовіча. Да Далідовіча ён і прымкнуў са сваімі партызанамі. Спачатку радавым байцом, а праз некаторы час стаў памочнікам камандзіра па разведцы і контрразведцы.
Паступова ў атрада з’явіліся “вочы і вушы” ў варожых гарнізонах. Абапіраючыся на дакладную інфармацыю, атрад знішчыў у жніўні – верасні 1942 года чатырнаццаць мастоў на шашы Варшава – Масква, Асіповічы – Бабоўня, а таксама праз рэкі Случ і Вілія. Атрад паспяхова праводзіў разведвальную і дыверсійную дзейнасць і процідзейнічаў карным акцыям акупантаў.
Пра тое, наколькі цынічна праводзілі ў жыццё сваю палітыку генацыда супраць народа, які падняўся на партызанскую барацьбу, вайсковыя злачынцы, сведчыць загад фельдмаршала вермахта Вільгельма Кейтэля ад 16 снежня 1942 года, дзе гаворыцца, што гэтая барацьба не мае нічога агульнага з рыцарскімі паводзінамі салдата ці Жэнеўскай канвенцыяй, што войскі маюць права і абавязаны прымяняць усе сродкі без абмежавання таксама супраць жанчын і дзяцей, калі гэта прывядзе да поспеху.
Вось такое “рыцарства” дэманстравалі нацысты. Але нічога ўжо не магло спыніць імклівы патрызанскі рух у Беларусі.
Праз некаторы час Віктар Гурыновіч стаў начальнікам асобага аддзела партызанскай брыгады, наладзіў радыёсувязь з Цэнтрам. У хуткім часе ад партызан пачала паступаць інфармацыя пра дыслакацыю і састаў нямецкіх войск, разведвальна-дыверсійных органах ворага ў Грэскім, Слуцкім, Старадарожскім, Асіповіцкім раёнах, пра выяўленых у гэтых рэгіёнах больш за 90 агентаў нямецкіх спецслужбаў. Ад чалавека, якога Гурыновічу ўдалося ўкараніць у Бабруйскую школу разведкі, сталі вядомыя імёны і прыкметы яшчэ 28 здраднікаў, засланых у партызанскія атрады Мінскай і Магілёўскай абласцей…
За праяўленыя ў гады партызанскай барацьбы мужнасць і гераізм Віктар Іванавіч Гурыновіч узнагароджаны ордэнамі баявога Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені і медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені.
Вось так па-рознаму складваліся лёсы прадстаўнікоў старажытнага роду Ждановічаў-Гурыновічаў герба “Любіч”. І няпростыя, часам трагічныя гісторыі іх жыцця годна ўплецены ў агульнае палатно гісторыі Айчыны.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ і Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
Стецкевич-Чебоганов, А. В. Я – сын Ваш: Сыцько герба “Остоя”, Ждановичи-Гуриновичи герба “Любич”, Казанкины,Чебогановы, Арцишевские герба “Роля”, Забелло герба “Топор” / Анатолий Стецкевич-Чебоганов. – Минск: Белорусская Православная Церковь, 2013. – 576 с.: ил. – (Летопись белорусской шляхты).