“З небам, з Нёмнам, з зямлёю злітая, з сэрцам нашым – Каложа ўзрасла”: Свята-Барысаглебская (Каложская) царква

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Гродзенская Свята-Барысаглебская царква – праваслаўная святыня ХІІ стагоддзя, адзін з самых старажытных храмаў у Беларусі. Мяркуецца, што пабудавалі храм прыкладна ў 1180 годзе па ініцыятыве ўдзельных гарадзенскіх князёў Барыса і Глеба або іх бацькі Усевалада, праўнука кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Асвечаны храм у гонар іх нябесных ахоўнікаў – святых Барыса і Глеба. Пабудаваны вядомым дойлідам часоў Кіеўскай Русі Пятром Міланегам.

Свята-Барысаглебская царква. ХІХ ст.

Свята-Барысаглебская царква – унікальны ўзор старажытнага каменнага дойлідства. Архітэктура Каложскай царквы не мае аналагаў сярод тых збудаванняў, што захаваліся да гэтага часу. Нагадвае кампазіцыю больш ранняга гарадзенскага сабора – Ніжняга храма, які вядомы па археалагічных даследаваннях. Гэта дае магчымасць меркаваць, што ў канцы ХІІ стагоддзя ў Гродна існавала ўласная самабытная архітэктурная школа, якая развівалася часткова пад уплывам раманікі.

Як вядома з гісторыі, на пачатку ХV стагоддзя Гродна быў адным з важнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Тут у свой час не раз сустракаліся Вітаўт і Ягайла. Адсюль войскі рушылі на барацьбу з рыцарамі-таўтонцамі, якія былі разгромлены падчас бітвы пад Грунвальдам у 1410 годзе.

Славіўся горад і Свята-Барысаглебскай (Каложскай) царквой. Будавалі яе, хутчэй за ўсё, як манастырскую, таму на пэўнай адлегласці ад горада, ва ўрочышчы Каложань, дзе струменілі шматлікія крыніцы. Мясцовыя жыхары адразу пачалі называць царкву Каложскай. У ХІІ стагоддзі гэтая мясціна знаходзілася за гарадскімі сценамі, таму і Каложская царква, і мужчынскі манастыр пабудаваны на высокай кручы над Нёманам.

Пра Барысаглебскую царкву згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе  пад 1183 годам: “Того же лета Городен погоре всь и церквы каменная от блистання молние и шибения грома”.

Свята-Барысаглебская царква. ХХ ст.

Каложская царква ўяўляе сабою крыжова-купальны храм, трохапсідны і шасцістоўпавы. Будынак традыцыйна арыентаваны алтаром на ўсход.

Памеры храма невялікія – 25х13 метраў, вышыня сцен каля 9 метраў. Фасады будынка расчленены лапаткамі. Ва ўсходняй частцы размешчаны тры апсіды. 

Сцены царквы складзены з плінфы (тонкай і моцнай цэглы) і адрозніваюцца асаблівым дэкорам фасадаў. Неатынкаваныя, упрыгожаныя ўстаўкамі з паліраваных рознакаляровых валуноў, якія адшліфаваны да плоскага краю, і глянцаванай маёлікавай пліткай розных колераў. Такая тэхніка стварае ўражанне ікрустацыі сцен каштоўнымі камянямі.

Крыжы на сценах Барысаглебскай царквы.

Будаўнікі ўпрыгожылі сцены храма рознакаляровымі крыжамі з маёлікі бірузова-зялёнага, жоўтага і ліловага колераў. Узоры з керамічных плітак майстры дапоўнілі ўстаўкамі з карычневага і аліўкавага граніту. Такімі мы сцены бачым і сёння. Асабліва цудоўна яны глядзяцца ў сонечны ясны дзень.

На плінфе царквы захаваліся цікавыя значкі – розныя сімвалы, рыбкі, зорачкі… Як аказалася, такім клеймам майстры адзначалі партыю вырабленых імі цаглінак. Усяго ўдалося абнаружыць больш за сто клейм. 

Сцены храма зберагліся не поўнасцю, часткова разбурыліся ў 1853 годзе ад апоўзня. Яны двайныя: паміж унутранай і вонкавай сценамі ёсць вузкі праход. Ва ўнутраны слой паміж цаглінамі, а таксама ў невялікую вузкую лесвіцу, якая вядзе ўсярэдзіне сцяны на другі ярус, умураваныя вялікія полыя збаны-галаснікі, што надаюць памяшканню асаблівую акустыку і служаць для палягчэння канструкцыі будынка.

Галаснікі ў Барысаглебскай царкве.

Адметны храм і ўнутраным убранствам. Падлога ў царкве некалі была ўпрыгожана складаным узорам з маёлікавай пліткі. Пры рэстаўрацыі знойдзены фрагменты старажытных фрэсак на алтарным скляпенні і ў конхах. Захаваліся выявы Серафіма Сароўскага, Сергія Раданежскага і летапісца Нестара. Мазаіку стварыў рускі мастак і архітэктар Віктар Васняцоў.

Старажытныя фрэскі ў Барысаглебскай царкве.

Дакладна не вядома, калі ўзнік манастыр пры Каложскім храме.  Лічыцца, што архімандрыя была там заснавана з 1500 года. У 1635 годзе на сейме праваслаўны манастыр на Каложы быў аддадзены ўніятам, а ў 1697 годзе перададзены віленскім базыліянам і іх брацтву.

У 1701–1709 гадах становішча манастыра было вельмі складанае. Часам, каб купіць хлеба, прыходзілася закладваць царкоўнае начынне.

З 1839 года Каложскі манастыр зноў стаў праваслаўным, а ў 1842 годзе ўзведзены ў ступень 2-га класа.

На працягу многіх стагоддзяў Каложская святыня зведала шматлікія няшчасці. Вялікай небяспекаю для Барысаглебскай царквы былі войны. Царква і манастыр неаднаразова разбураліся і аднаўляліся.

У 1241 годзе пашкоджанне храму нанесена нападам на Гродна татарскага хана Койдана. А праз некалькі дзесяцігоддзяў на горад абрынуліся войскі пад камандаваннем магістра Таўтонскага ордэна. Абарону горада ўзначаліў кашталян Давыд Гарадзенскі. Як сведчыць легенда, побач з Каложскай царквою знаходзіцца месца яго пахавання.

Па некаторых сведчаннях, таленавіты палкаводзец не зведаў ніводнага паражэння ў бітвах, але быў забіты ў выніку здрады. На месцы гіпатэтычнага захавання каля сцен Барысаглебскага храма ўладкаваны помнік-валун.

У 1410 годзе менавіта ад сцен Каложскай царквы войскі Вялікага Княства Літоўскага рушылі на барацьбу з крыжакамі і паспяхова перамаглі іх у бітве пад Грунвальдам.

Пасля войнаў з крыжакамі ў ХІІІ – ХІV стагоддзях у ХV стагоддзі храм зноў апынуўся ў заняпадзе. У 1430 годзе ў выніку грамадзянскай вайны на тэрыторыі ВКЛ Каложскай царкве было нанесена значнае пашкоджанне: разбурыліся частка сцяны і арыгінальны дах будынка. 

Каложскую царкву аднавілі ў ХVІ стагоддзі, але гістарычны воблік будынку так і не вярнулі. Аднак у гэты час храм перажываў пэўны росквіт. Пры манастыры была адкрыта іканапісная школа і багадзельня. А праз стагоддзе становішча вакол Барысаглебскай царквы зноў пагоршылася. На пачатку ХVІІІ стагоддзя царква была значна разбурана і спустошана.

Па сценах Каложы можна прасачыць сляды рамонтаў XV–XVIII стагоддзяў. І ўсё ж, нягледзячы на шматлікія разбурэнні ў выніку войнаў, сапраўдным бедствам для Каложскай царквы сталі сілы прыроды. Рачная вада пастаянна размывала пясчаную гару, на якой стаяла царква.

Старажытны Каложскі храм.

З 1738 года захаваўся падрабязны вопіс манастыра на Каложы. У Інвентары гродзенскага Каложскага базыліянскага манастыра, складзеным архімандрытам Ігнаціем (Кульчынскім), ёсць даныя, што бераг Нёмана падышоў ушчыльную да храма. Калі побач з супрацьлеглым берагам лесапрамысловец для патрэб свайго прадпрыемства ўладкаваў плаціну, русла ракі змянілася і воды Нёмана рынуліся ў бок Каложы.

За некалькі стагоддзяў навадненні і падземныя крыніцы размылі гару, на якой размяшчаўся храм. У сценах царквы з’явіліся трэшчыны.

У 1720 годзе нахілілася адна сцяна храма. Для ўмацавання берага высадзілі дрэвы, якія часова стрымлівалі грунт, што пастаянна прасаджваўся. Гэта дапамагло стрымаць, але не спыніць разбурэнне.

Вясной 1853 года Нёман разліўся вельмі моцна. Ноччу з 1 на 2 красавіка бераг абрушыўся і ўся паўднёвая сцяна будынка старажытнай царквы і частка заходняй сцяны разам са столлю рухнулі ў ваду. Толькі дах нейкім цудам утрымаўся на кроквах.

Свята-Барысаглебская царква пасля абрушэння. 1892 г.

Неўзабаве было падрыхтавана некалькі праектаў па аднаўленні храма, але да рэстаўрацыйных работ прыступілі толькі ў 1894 годзе. Сорак гадоў царква заставалася закінутай. А да гэтага часу, на жаль, будынак перажыў яшчэ два апоўзні – у 1864 і 1889 гадах.

Падчас рэстаўрацыі 1896-1906 гадоў умацавалі бераг ракі, паўднёвую сцяну і частку заходняй сцяны будынка замянілі на драўляныя, перарабілі дах. У 1906 годзе адноўлены храм асвяцілі.

Вядома, што ў 1904 годзе з мэтаю аднаўлення ў першапачатковым выглядзе Каложскай царквы былі праведзены даследчыя работы і складзены новы праект рэстаўрацыі. Аднак вярнуць царкве першапачатковы выгляд не ўдалося, бо пачалася Першая сусветная вайна.

У савецкі час Барысаглебская царква была закрыта, богаслужэнні не праводзіліся. У 1948 годзе царкву перадалі гісторыка-археалагічнаму музею. Побач быў уладкаваны парк для народных гулянняў. Праз некаторы час, у 1967 годзе, разам з Замкавай гарой царква ўвайшла ў склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка. У 1977 годзе храм стаў філіялам Рэспубліканскага музея атэізму і рэлігіі. Пасля правядзення невялікіх рэстаўрацыйных работ, Каложская царква прыняла першых наведвальнікаў “музея”.

Старажытны Каложскі храм канчаткова вярнулі Беларускай Праваслаўнай Царкве ў пачатку 1990-х гадоў.

Пасля гэтага пачаліся абмеркаванні пытання рэстаўрацыі старажытнай святыні. Праект рэканструкцыі храма зацвердзілі ў 2008 годзе. Пачалася руплівая праца, і толькі праз дзесяць гадоў завяршыўся капітальны рамонт драўлянай сцяны царквы, заменена абшыўка фасада, адноўлена апорная здольнасць каркаса будынка і інш.  Праз год завяршыліся і ўнутраныя работы. Праведзена аздабленне ўнутранай драўлянай сцяны, заменены столь і падлога ў алтарнай частцы.  Выраблены дубовы клірас, зроблена так званае археалагічнае акно, дзе пад моцным шклом можна разгледзець падмурак і рэшткі некалі страчанай старажытнай калоны храма.

Каложская ікона Божай Маці. 2-я палова ХІХ ст. Нацыянальны музей у Кракаве.

Асобна трэба сказаць пра цудадзейную Каложскую ікону Божай Маці – праваслаўную святыню, якой Барысаглебскі храм славіўся з пачатку ХVІІ стагоддзя. Сам лік быў копіяй Віленскай іконы Адзігітрыі. Назву “Каложская” ікона атрымала па месцы знаходжання ў храме святых пакутнікаў благаверных князёў Барыса і Глеба.

Першае згадванне пра ікону Божай Маці “Каложская” адносіцца да 1661 года. Менавіта ў гэты перыяд, у час руска-польска-шведскай вайны, яна знікла з Барысаглебскага манастыра. Аднак паходжанне іконы, відаць, больш ранняе, бо да часу названай вайны пра цудадзейны абраз было вядома далёка за межамі Гарадзеншчыны.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што напісана яна ў першай палове XVI стагоддзя ў іканапіснай майстэрні пры Каложскім манастыры.

Знаходзілася ікона Божай Маці каля Царскіх варот з левага боку.

У 9-м томе Інвентара гродзенскага Каложскага базыліянскага манастыра распавядаецца пра з’яўленне іконы ў Барысаглебскай царкве. Як сведчылі старыя людзі, нейкі жабрак даў зарок і заўсёды насіў абраз з сабою. А перад смерцю яму быў прывід, каб гэты абраз змясціў у Каложскай царкве. Так чалавек і зрабіў. А яшчэ выказаў жаданне быць пахаваным пры гэтай царкве.  Менавіта так гаворыць паданне.   

Да нашых дзён захавалася дакладнае апісанне цудадзейнай іконы Божай Маці “Каложская”. Была яна невялікага памеру, “в четверть листка”. Уяўляла сабою медную пласціну з выявамі Божай Маці і Дзіцяці Ісуса, змешчаную ў кіпарысавую аправу: “Она писана на медной доске, вышиною 5, шириною 4 вершка (17 см на 22 см), риза на ней сребропозлащенная 84 пробы, венцы украшены 14 гранатами, на венцах искусно тонким резцом вырезаны ветхозаветныя прообразовательныя изображения, относящиеся к лицу Богоматери, и между ними 8 камней – 2 граната, 5 сердоликов и агат. На святой иконе и около нея по полю множество разных привесок – вся она обрамлена гранатами с золотыми крупными зернами – до 45 на цепочке”.

У хуткім часе пасля  трагічнага абвала сцяны Каложскай царквы цудадзейны абраз 3 кастрычніка 1854 года з урачыстым хрэсным ходам быў перанесены ва ўладкаваны новы і асвечаны храм Барысаглебскага манастыра ў цэнтры Гродна.

Больш за два стагоддзі за дапамогаю да іконы звярталіся людзі і па веры сваёй атрымлівалі цудадзейныя вылечванні. Кожную пятніцу падчас вячэрняга набажэнства перад Каложскай іконай традыцыйна чыталі канон і акафіст Божай Маці.

У публікацыях і мемуарах ХХ стагоддзя засведчаны многія цуды, што адбываліся па малітвах перад іконаю. Найбольш вядомы з іх адбыўся падчас Першай сусветнай вайны. Тыя падзеі падрабязна занатаваны ў мемуарах апошняга протапрасвітара рускай арміі і флоту, ураджэнца Віцебшчыны Георгія Іванавіча Шавельскага (1871 – 1951).

Калі кайзераўскае войска ўшчыльную падышло да Гродна, сярод гараджан пачалася паніка. Тады архіепіскап Гродзенскі і Брэсцкі Міхаіл (Ермакоў), узяўшы Каложскую ікону Божай Маці, аб’ехаў гродзенскія форты з боку, адкуль павінен быў прыйсці вораг. Нечакана нямецкае наступленне спынілася. Горад і яго жыхары яшчэ год жылі ў мірных абставінах.

У час Першай сусветнай вайны, у жніўні 1915 года, пасля прасоўвання лініі фронту на ўсход, узнікла вострая неабходнасць эвакуацыі царкоўнай маёмасці з гарадзенскіх храмаў. Сярод вывезеных у Маскву святынь была Каложская ікона Божай Маці. Рэвалюцыйныя падзеі 1917 года перашкодзілі вяртанню святыні на радзіму. Цудадзейны абраз знік, і дагэтуль лёс арыгінала Каложскай іконы і яе месцазнаходжанне не вядомы.

У 2004 годзе на аснове літаграфіі ХІХ стагоддзя, але ў традыцыйнай іканапіснай тэхніцы была напісана Каложская ікона з клеймамі пра гісторыю яе з’яўлення і здзейсненых ад яе цудаў. Выканана ікона ў майстэрні беларускага іканапісца Паўла Жарава.

Яшчэ адзін абраз Каложскай іконы Божай Маці, выкананы па гістарычных апісаннях у дакладнай адпаведнасці з размерамі арыгінала, у 2006 годзе перададзены ў дар прыходу Свята-Барысаглебскага храма кіраўніцтвам горада Хімкі.  

У перыяд з 2017 да 2019 года ў старажытнай Барысаглебскай царкве зроблены першы за апошнія больш чым 120 гадоў капітальны рамонт. Пасля таго як былі завершаны работы, адбыўся шэраг знамянальных падзей у жыцці Каложскага прыходу. У хуткім часе знайшліся старажытныя храмавыя іконы, што лічыліся страчанымі: абразы святых Іосіфа Абручніка і свяціцеля Міхаіла Кіеўскага з унутраных вокан ахвярніка, а таксама ікона святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра з мясцовага раду іканастаса (1897 г.). Вернікі ўспрынялі гэта як знакі Гасподняй міласці.

Спіс цудадзейнай Каложскай іконы Божай Маці.

Доўгі час лічылася, што копій знакавай для храма іконы, што былі напісаныя яшчэ да знікнення цудадзейнага абраза, не захавалася. Таму па-сапраўднаму гістарычнай падзеяй сталася ў 2018 годзе набыццё спіса ўнікальнай Каложскай іконы Божай Маці (ХVІ ст.) на антыкварным аўкцыёне ў Германіі. Па благаславенні ікона была выкуплена і вярнулася на радзіму.

Пасля правядзення неабходных экспертыз і рэстаўрацыі святы абраз быў урачыста перанесены ў Каложскі храм, дзе 1 мая 2019 года была здзейснена Божая літургія, якую ўзначаліў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Кішчанка) у саслужэнні духавенства Гродзенскай епархіі.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта можа быць спіс з Каложскай іконы, які быў уручаны імператару Мікалаю ІІ у час наведвання ім Гродна ў 1914 годзе. Гэты абраз  – адзіны вядомы гістарычны спіс святыні.

Як вядома, імператар наведваў Гродна 1 лістапада 1914 года разам з жонкай і дочкамі Вольгай і Таццянай.  У Сафійскім саборы архіепіскап Міхаіл (Ермакоў) падвёў царскую сям’ю да гродзенскай святыні, перад якой яны шчыра маліліся.

На памяць пра гэтую падзею архіпастыр паднёс у дар імператару “художественно исполненную” копію Каложскай іконы Божай Маці. Мяркуецца, што спіс з арыгінала Каложскай іконы і быў зроблены спецыяльна да царскага візіту. Менавіта гэты спіс і вярнуўся праз стагоддзе ў Каложскі храм.

Усе гады вернікі сардэчна маліліся ў надзеі вярнуць страчанае. І цуд адбыўся. Пасля вяртання ў Беларусь гістарычнага спіса Каложскай іконы, абраз перанеслі ў дамавы храм царкоўна-прыходскага комплексу, асвечаны ў гонар Каложскай іконы Божай Маці. Алтарная апсіда гэтага храма ўпрыгожана мазаічнай выявай  Каложскай іконы Божай Маці.

У наш час днём шанавання Каложскай іконы Божай Маці з’яўляецца 1 мая (па новым стылі). У гэты дзень у гродзенскім Барысаглебскім прыходзе здзяйсняецца Божая літургія, хрэсны ход і ўрачысты малебен да Прасвятой Багародзіцы.

У святочны дзень. Гродна. 15 мая 2022 г.

15 мая 2022 года ў Гродна адбыліся ўрачыстасці з нагоды святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на беларускай зямлі, 30-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі, а таксама ў гонар іконы Божай Маці “Каложская” і 950-годдзя перанясення мошчаў святых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба. Святочнае архіерэйскае набажэнства, якое адбывалася ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, узначаліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.  

Падчас урачыстага набажэнства. Гродна. 15 мая 2022 г.

Свята-Барысаглебская царква разам з комплексам на Замкавай гары ў Гродна з’яўляецца гісторыка-архітэктурным запаведнікам, а таксама ўваходзіць у лік аб’ектаў, што запрапанаваны дзяржавай у якасці кандыдата на занясенне ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У гонар Каложскай царквы названы міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў у Беларусі “Каложскі благавест”, дзе збіраюцца найлепшыя царкоўныя і свецкія калектывы.

Свята-Барысаглебскі храм. ХХІ ст.

Дзверы найстаражытнейшага храма Беларусі сёння адкрыты для людзей з усяго свету. Шматлікія вернікі звяртаюцца тут да Бога ў надзеі не толькі на вырашэнне самых розных жыццёвых пытанняў, але і ў надзеі на вяртанне дадому галоўнай святыні Барысаглебскага храма –ахоўніцы і заступніцы Гарадзенскага краю і цудадзейнай святыні беларускай зямлі – Каложскай іконы Божай Маці.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

Кулагін, А. М. Царква ў імя святых пакутнікаў Барыса і Глеба (Каложская) / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 130 –131.