Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Вёска Падліпцы
Вёска Падліпцы знаходзіцца на адлегласці 10 км на захад ад Слуцка. Пабудавана яна з поўначы на поўдзень. За гародамі па аселіцы (так называюць луг вёскі) на адлегласці 200–300 м ад Падліпцаў працякае рэчка Лакнея, што апаясвае вёску з захаду і поўдня ў бок вёскі Бязверхавічы. Цераз раку пракладзены два масты. На поўначы ад вёскі праз мост праходзіць гравійка, на поўдні – чыгуначны мост. У месцы павароту рэчкі на ўсход у яе ўпадае прыток Лакнеі, які цячэ каля вёскі Старцавічы (цяпер Знамя).
Мае вёска шматвекавую гісторыю, пра што сведчаць архіўныя крыніцы, помнікі на вясковых могілках, а яшчэ ўспаміны жыхароў.
…Да Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Падліпцы было каля 100 хат. Складалася вёска з дзвюх вуліц, а пасля вайны з’явілася трэцяя. Яна аб’ядноўвала дзве першыя, і ў вёсцы яе называлі Афіцэрскай.
Да стварэння калгасаў кожны гаспадар меў зямлю, што дасталася яму ад бацькоў. У каго дзесяціна, у каго дзве. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, хто змог, набыў яшчэ панскую зямлю. Калгаснікам далі толькі па 30 сотак. Калі агарод меў менш за 30 сотак, то давалі яшчэ дадатковую зямлю на калгасным полі, але кожны год надзел мянялі. Калгасу гэта было зручна, бо калгаснікі свой надзел добра абраблялі і даглядалі.
На поўнач ад вёскі размяшчалася кузня, дзе працавалі і ў ваенны час. А ў пасляваенныя гады яе знеслі, пабудавалі новую за вёскай, на калгасным двары. Першым кавалём працаваў Хведар Янковіч (Кавалёвых), які жыў непадалёк ад кузні.
Побач з кузняй размяшчалася школа, якая складалася з аднаго пакоя. Пасля, яшчэ да вайны, яе перанеслі на ўсход ад вёскі. Да рэвалюцыі 1917 г. дзеці хадзілі ў школу толькі зімою, а вясною і летам дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Таму і казалі, напрыклад, “я скончыла адну зіму школы”.
Новая школа мела два класныя пакоі і пакой для вясковага настаўніка. У той школе вучыўся Іван Барцэвіч, Іван Ляткоўскі і іншыя вясковыя хлапчукі і дзяўчаткі.
Побач са школай быў клуб з калгаснай канторай, а паміж імі – дзіцячы сад-яслі, які размясцілі ў панскім доме, перанесеным з суседняга пасёлка Манькова.
На калгасным двары або, як казалі ў Падліпцах, “на навозе” размяшчаліся канюшня, кароўнік, аўчарнік. Наводдаль, за калгасным садам, яшчэ да вайны пабудавалі два вялізныя гумны. Размяшчаліся яны па адной лініі з поўначы на поўдзень. Іх складалі з разабраных гумнаў вяскоўцаў. Апошняе забралі ў жыхара Маталыцкага. Раней у кожнага гаспадара ў канцы агарода стаяла сваё гумно. Нават у першыя гады калектывізацыі снапы з калгаснага поля развозілі па гумнах калгаснікаў. Толькі ў 1937 г. пабудавалі першае калгаснае гумно, потым другое.
Хаты ў Падліпцах былі аднатыпныя, стаялі па абодва бакі вуліцы. Пад адной страхой знаходзіліся хата, сенцы, прыклетнік, клець, падпаветка, хлеў (пагонная забудова). Некаторыя сядзібы з другога боку двара мелі яшчэ склеп, падпаветку. На новых вуліцах ставілі ўжо хаты з верандамі, а хлявы – асобна.
Паміж вясковымі агародамі і рэчкай Лакнеяй размяшчаўся луг. Тут расла мяккая трава, усеяная прыгожымі рознакаляровымі кветкамі. Рэчка рабіла дугападобныя павароты. Берагі, асабліва вясною, былі забалочаныя.
Бераг Лакнеі каля агародаў быў цвёрды і сухі. Называлі яго “поплаў”. На ім людзі бялілі палотны. Займаліся гэтай справай у асноўным дзеці. Палатно складалі “гармонікам”, неслі да рэчкі і апускалі ў ваду, а потым слалі на поплаве. Так паўтаралася, пакуль грэла сонца. За лета палатно станавілася бялюткім.
У Лакнеі любілі купацца дзеці і дарослыя. Дно рэчкі было жоўтае, пясчанае. У вадзе, якая за дзень добра награвалася, было відаць, як плаваюць маленькія рыбкі.
Глыбіня Лакнеі была неаднолькавая, дзе-нідзе – глыбокія мясціны, “ямачкі”, там дарослы мужчына, апускаючыся ў ваду, не мог дакрануцца нагамі да дна. Каля Падліпцаў былі тры такія ямачкі: Каранейчавых, з паўночнага канца вёскі, далей на поўдзень – Ярмачковых ямачка, і трэцяя – Убранцавых.
Поле за рэчкай называлі Карыціна, а недалёка ад Карыціна знаходзілася поле Паленава. На поўнач ад вёскі размяшчаўся луг, які называлі Маргі. Там была крыніца з чыстай халоднай вадою. За Маргамі – яшчэ адзін луг. Яго перасякаў забалочаны ручай. Гэтае месца называлі Конскае плёса. Вясною праз яго можна было праехаць толькі вярхом на кані (вада даставала каню да жывата).
За Конскім плёсам распасціраліся вялікія абшары балот. Яны таксама мелі назву – Далёкія. Там нарыхтоўвалі сена, якое складалі ў стагі, а зімою звозілі ў вёску. На ўсход ад Далёкіх знаходзіліся Капані – альховы лясок на балоце. Капані лічыліся “балотным гарадзішчам”. У ім хаваліся на працягу некалькіх вякоў у часы ліхалецця ад набегаў татар, шведаў і іншых заваёўнікаў. Сенакосу на Далёкіх было амаль 70 гектараў.
Летам, як пачыналі касіць траву, усе касцы апраналіся ў белую палатняную вопратку, на галаве – картузы, на нагах – лапці з анучамі. Лапці засцерагалі ад халоднай вады, хутка высыхалі і былі мяккія. Вясковыя касцы бралі з сабою бочачкі з вадою. Такія бочачкі мелі адтуліну, заткнутую драўляным коркам. Іх апускалі ў балота, і пітная вада ў бочачках цэлы дзень заставалася халоднай…
Здалёк вёска выглядала зялёнай, бо ў кожнай сядзібе раслі дрэвы: клёны, ліпы, ясені. Дрэвы надавалі вёсцы прыгажосць, а яшчэ засцерагалі хаты ад пажараў.
Перад пачаткам фінскай вайны вясковыя мужчыны збіраліся вечарамі на вуліцы, абмяркоўвалі тэму вайны. Ад іх малы Янка Барцэвіч даведаўся, што ў Еўропе ваююць, што немцы захапілі Чэхію. Ідзе вайна з Францыяй. Адкуль мужчыны ведалі пра вайну, для хлопчыка было незразумела.
Мужчыны спрачаліся: нападзе Германія на нас ці не, бо некаторыя казалі, што паміж дзяржавамі – мірны дагавор. Хлопчыкі хадзілі ў Ленінскі куток клуба, дзе быў адзіны радыёпрыёмнік, каб паслухаць апошнія навіны. Перадавалі іх вельмі позна, а 23-й гадзіне. І адводзілі на іх 50 хвілін. Толькі пасля смерці Сталіна, у перыяд “хрушчоўскай адлігі”, навіны пачалі трансляваць у 22 гадзіны.
…Апошнія навіны з фінскага фронту былі лаканічныя: “ідуць мясцовыя баі”, “на фронце без змен”. Гэта засмучала жыхароў Падліпцаў, бо чакалі хуткай перамогі над нейкімі там фінамі. А тым часам на лёдзе Фінскага заліва гінулі тысячы нашых чырвонаармейцаў. Параненыя замярзалі без медыцынскай дапамогі: днём санітары не маглі вынесці іх з поля боюэ. Лінія Манергейма была вельмі моцная. Пяхота адолець яе не магла, а бомбы, якія скідвалі з самалётаў, адскоквалі ад дотаў і ўзрываліся ў паветры, не наносячы шкоды праціўніку. Пра вялікія страты на той вайне вяскоўцы даведаліся ад доктара Углова, які арганізоўваў там лячэнне параненых, але расказаў ён пра гэта толькі ў канцы 1990-х гадоў.
Пасля фінскай вайны ў вёску прывозілі прадаваць вайсковыя шапкі – шлемы. Мелі яны высокі востры верх і доўгія суконныя вушы, якія зашпільваліся пад падбародкам. Шлемы былі не новыя, але цёплыя. Насілі іх дзеці з форсам, бо ў вёсцы былі шапкі, сшытыя з саматканага сукна ці палатна з кудзеляй. Каб купіць шапку ў магазіне, патрэбны былі грошы, якіх калгаснікам не плацілі. За працадні калгас разлічваўся зернем і бульбай. Меў грошы толькі той вясковец, хто прадаваў на рынку ў Слуцку вынікі сваёй працы – малако, масла, сыр, тварог, а таксама яйкі, курэй, гусей. Каб збіць масла ці зрабіць сыр, трэба было шмат малака. Зразумела, што масла на стале было не кожны дзень.
…Сёння ў Падліпцах хат не так і многа, а яшчэ менш жыхароў, якія стала тут жывуць. Шмат будынкаў пустуе, некаторыя хаты спадчыннікі былых гаспадароў трымаюць у якасці лецішча. Сюды прыязджаюць апрацаваць агарод і сабраць ураджай. Некалькі хат купілі прыезджыя, а на месцы некаторых былых сядзіб выраслі катэджы.
Сядзіба Барцэвічаў
Сядзіба Барцэвічаў мела два шэрагі. З аднаго боку хата, сенцы, прыклетнік, клець, падпаветка, хлеў для каровы, авечак, свіней, а ў час вайны і для каня. Для гусей пабудавалі хлевушок пры сцяне хлява. З другога боку хлява былі сенечкі і доўгая падпаветка для калёс і саней. Пад сенечкамі – склеп, зроблены дзедам Івана Васільевіча разам са сваяком Іванам Кітуном. Сцены склепа, што захаваліся да гэтага часу, выкладзены з вялізных (да 80 см) валуноў, умураваных нейкім растворам, бо цэменту тады не было. Дарэчы, на той час мураваны склеп быў толькі ў 2-3 гаспадароў.
Перад хатай Барцэвічаў яшчэ дзед Івана Васільевіча выкапаў студню. Сценкі рабіліся з дубовых дошчак, якія мацаваліся на чатырох слупах. Студня была глыбокая, вада ў ёй – смачная. Даставалі ваду з дапамогай жураўля, прыстасавання накшталт каромысла. На высокім дубовым бервяне (“бабе”) вагалася другое бервяно. На той канец, які быў над студняй, чаплялі прыгло (тонкую доўгую жэрдку) з вядром. Апускаць і даставаць яго са студні было лёгка з-за вагання верхняга бервяна. Калі вядро запаўнялася вадой, яго выцягвалі, перабіраючы рукамі прыгло, і вылівалі ваду ў вядро гаспадара.
Перад Вялікай Айчыннай вайной дошкі студні згнілі, пачала асыпацца зямля. Тады зрабілі новую, з бетонных кольцаў па 80 см вышынёй. Іх паступова апускалі ў выкапаную студню. Дно студні яшчэ свідравалі свердзелам, каб з’явілася вада. Студня атрымалася глыбокай, метраў на шэсць. Цяпер ваду даставалі з дапамогай ланцуга на калаўроце, круцячы ручкай…
Ад вуліцы на сядзібе Барцэвічаў раслі клёны і бэз. І да гэтага часу на мяжы стаіць ліпа, тоўстая, старая. Яна закрывае ад сонца зямлю агарода, але суседзі не хочуць яе спілоўваць. З другога боку сядзібы шмат сліў, чаромха.
У садзе расло дзве бэры і тры антонаўкі. Дарэчы, у сталінскія часы за кожнае дрэва трэба было плаціць падатак, як і за кожную засеяную на агародзе сотку зямлі.
Аднойчы да Барцэвічаў прыехаў інспектар з раёна. Перапісваць сад. Бацька Івана Васільевіча восенню пасадзіў тры маладыя яблынькі, якія маглі даць ураджай толькі праз 5-6 гадоў. Але іх інспектар запісаў як пладаносныя…
Хата Барцэвічаў мела чатыры акны, як і многія хаты ў Падліпцах. На зіму ставілі яшчэ адны рамы – дубэльты. Дзверы ў хату абівалі палатном з кудзеляю, бо ў моцныя маразы яны пакрываліся інеем. Каб зберагчы цяпло, паўднёвую і ўсходнюю частку сцяны хаты ўцяплялі. Рабілі прызбу, засыпалі туды кастрыцу. А паўночную сцяну хаты і хлява абкладвалі саломаю і цяўнікам (бульбоўнікам).
Страха хаты была саламяная. Рабілі яе наступным чынам. На ніжнія пруты рассцілалі куль саломы таўшчынёю да 20 см. Падраўняўшы ніжні край саломы, страхалькай клалі на салому прут і прывязвалі яго да ніжняга прута лазовымі дубцамі (пазней – дротам). Наступны слой саломы клалі на папярэдні. Зноў прывязвалі прут. Так крылі саломаю да верху. Верхні рад кулявой саломы загіналі праз кладзь. З другога боку салому загіналі таксама на другі бок кладзі. Такім чынам атрымліваўся шчыт, на які насыпалі кастрыцу, што назапашвалі пасля апрацоўкі лёну. Абрамлялі шчыт жорсткамі, каб кастрыца не ссыпалася. Яна доўга не псавалася. І саламяная страха была даволі даўгавечнай – служыла прыкладна 25–30 гадоў.
Выхад з дзвярэй сенечак супадаў з уваходам у дзверы сенцаў. Уваход у сенцы быў з прыступкамі. Дзверы ў сенцы знізу мелі яшчэ і рашотчатыя варотцы, каб абараніцца ад надакучлівых курэй. Сенцы вялікія, свабодныя, складзены з напалову распілаванага бярвення. На задняй сцяне сенцаў захаваліся прозвішчы салдат, якія ў час вайны там начавалі: Кручкоў, Клыкаў і яшчэ некалькі.
У хаце пры ўваходзе злева – печ. Вугал хаты насупраць печы называецца покуць. У куце на дроце вісела вядро з вадою. Зімой стаяў цэбар з сечкай для каровы. Уздоўж сцяны ад кута да вугла з абразамі – покуці – стаяла лава, вырабленая з шырокай і тоўстай дошкі – дылі.
У куце ад вуліцы пад абразамі стаяў абедзенны стол з шуфлядай. Падобны стол стаяў і ў сенцах. Абразы, ахінутыя белым ручніком з узорам, былі і ў хаце, і ў сенцах. У хаце амаль над самым сталом вісела газавая лямпа, якая апускалася і падымалася. Уздоўж паўночнай сцяны на доўгай тонкай драўлянай жэрдцы вісела вопратка. Ад прыпечка да вулічнай сцяны быў зроблены з шырокіх дошак пол, на ім спала ўся сям’я. Нярэдка бабуля спала на чарэні печы. Накрываліся коўдрамі, іх было некалькі, як і падушак. Спаць у такой пасцелі было цёпла. Але ў вялікія маразы ў хаце было холадна. І тады прачынаўся бацька, распальваў невялікую печку, якая размяшчалася пасярэдзіне хаты і ад якой цяпло па металічных трубах, размешчаных укругавую паўз сцены, абагравала хату.
Печ была любімым месцам гульняў дзяцей. Тут, на чарэні, звычайна па вечарах яны бавілі час. Каб залезці на печ з падлогі, трэба было падняцца на пол, на прыпечак, а пасля на цёплую чарэнь печы. Дарослыя часам таксама ляжалі на чарэні: добра прагрэўшыся, можна было вылечыць прастуду. Месца пад печчу называлася падпечак, там захоўвалі розныя дробязі, а ў вялікія маразы трымалі курэй.
Харчовыя прыпасы вяскоўцы захоўвалі ў прыклетніку. Мяса і сала салілі, складалі ў кубёлкі (цэбры з накрыўкай). У адным цэбры ляжала сала, у другім – мяса. Спажывалі мяса эканомна, каб хапіла на касьбу летам.
Збожжа падліпскія жыхары захоўвалі ў клеці ў бочках або засеках. Клець – гэта асобная пабудова з моцнымі дзвярыма. Падлога ў ёй паднята на метр ад зямлі. Дзверы замыкалі на два замкі-засовы. У клеці таксама трымалі скрыню са святочнай вопраткай. У скрыні моцна пахла нафталінам, які клалі туды ад молі.
Бульбу, буракі, капусту, моркву захоўвалі ў склепе. Частку капусты качанамі квасілі ў вялікай бочцы і елі да вясны.
Яблыкі, знятыя з яблыні, высыпалі на вышках сенцаў і хаты, а зімой пераносілі ў склеп, бо восенню там для яблыкаў месца не хапала. Шмат было кармавых буракоў для каровы і авечак. Зімой для каровы запарвалі ў цэбры сечку. Насыпалі туды пасечаныя буракі і вараную бульбу. Цэбар неслі ўдваіх у хлеў да каровы. Свінням вараную бульбу таўклі, замешвалі мукой, давалі памыі, малако.
Курэй і гусей кармілі збожжам (ячменем, пшаніцай), крупамі, варанай бульбай. Каня і карову трэба было паіць вадою. Карове ваду прыносілі ў хлеў, а каня выводзілі да студні, бо ён выпіваў некалькі вёдзер.
Зімой, у моцныя маразы, курэй трымалі ў хаце. Кармілі іх на парозе хаты. Клалі абруч з бочкі на падлогу і ў сярэдзіну насыпалі зерне ячменю, пшаніцы, крупы. У падпечку таксама трымалі курыцу-квахтуху з куранятамі.
Звычайна курыцу садзілі на яйкі ў падпаветцы, а гаспадыня назірала за ёю. Калі кураня наклёўвала шкарлупінне і толькі-толькі вылазіла з яйка, то яго адразу забіралі ў хату. Клалі ў бляшаную форму з-пад печанага хлеба, засланую анучкаю, і ставілі на цёплую печ. Хутка кураняткі пачыналі ціўкаць. І калі вылуплівалася апошняе куранятка, курыцу прыносілі ў хату, пад яе садзілі ўсіх куранят.
У хаце стаяў гоман, квохкала курыца, ціўкалі кураняты… Іх кармілі кашай, крупамі. Кураняткі бегалі па хаце, часта ўскоквалі на гаспадарчы посуд, маглі зваліцца ў гарачую ваду і загінуць. Таму курыцу з падрослымі куранятамі выносілі на двор. А там іх трэба было ахоўваць ад драпежных птушак. Ды і сама курыца аберагала куранят ад ката ці сабакі. Распасцёршы крылы і выцягнуўшы шыю, яна кідалася на парушальніка спакою. Паеўшы, кураняткі хаваліся пад цёплае пер’е курыцы і замаўкалі.
Зімой у хату забіралі цяля, а таксама ягнят. Цікава было назіраць, як яны непаслухмянымі ножкамі коўзаліся па падлозе. Праз некалькі дзён, акрэплых, іх адносілі ў хлеў да матак.
Дровы складвалі каля сцяны падпаветкі і хлява пад страхою. У каго бацька быў бондарам ці цесляром, як у сям’і Барцэвічаў, то ў двары хапала трэсак. Трэскамі і стружкамі палілі ў печы, гэта было вельмі зручна.
У вясковых падліпскіх хлапчукоў былі свае забавы. Іван Васільевіч успамінае, што зімой лавілі шчыглоў. Рабілі петлі з конскага воласа, навязвалі іх на каноплі. Калі птушка ўзлятала, то пятля ўтрымлівала яе. Потым шчыгла лавілі і адносілі ў хату ў клетку. Часам лавілі і сініц. Сініцы вельмі баяліся чаду. Кармілі шчыглоў і сініц канапляным семем. Каноплі, як і мак, раслі ў кожным агародзе. Пра заспакаяльнае дзеянне канапель і маку людзі ведалі, але не злоўжывалі гэтым. Часта проста рабілі суслу (жаваны хлеб) і давалі дзецям смактаць, каб яны хутчэй засыналі. Насенне маку ці канапель таўклі і рабілі смачную падліўку…
З паўночнага боку сядзібы Барцэвічаў некалі стаяла гумно. Праз вароты з усходу быў уезд, а праз паўднёвыя вароты – выезд.
Сцены гумна рабілі з хвойнага бярвення. Канцы іх усоўвалі ў пазы шула, укапанага ў зямлю. Вугал гумна быў рублены, называўся ён замком. Звычайна ў гумна было чатыры вуглы.
Вароты гумна высокія і шырокія, з дзвюх створак. Да драўляных рам варот прыбіваліся тонкія дошкі. Вароты мацаваліся да шула сцяны на дзвюх завесах, зачыненыя вароты замыкаліся замком. Воз са снапамі ўязджаў у двор праз адчыненыя вароты ад вуліцы. Праязджаў яшчэ праз адны вароты ў канцы двара. На агародзе была дарога для вазоў, да гумна возчык скідваў снапы з воза віламі. А другі чалавек акуратна клаў снапы ў сцірту каласамі ўсярэдзіну, а гузырамі вонкі. Сцірты былі паабапал праезду, які называўся токам. Ток рабілі з гліны, якую ўтрамбоўвалі калодкамі. Ён быў вельмі моцны. Снапы на таку малацілі цэпам. Звычайна гэта рабіў адзін мужчына, а часам малацілі і ў два цапы.
Абмалочанае зерне веялі, бралі яго ў коўшык і кідалі да сцяны. Самыя буйныя зярняты даляталі да яе, іх і пакідалі на насенне. Мякіну збіралі асобна. Малацілі ўсю зіму, нават ноччу з ліхтаром.
У хаце Барцэвічаў пастаянна жылі кошкі, якія добра лавілі мышэй. Днём кошкі спалі, ноччу іх выпускалі ў сенцы, а з сянец яны залазілі ў прыклетнік ці падпаветку. Сабака ў двары быў за вартаўніка. Жыў у будцы, навязаны на ланцуг. У двары было многа курэй – да дваццаці. Некалькі гадоў трымалі качак, але нядоўга, бо качкі не трымаліся двара, амаль увесь час плавалі на рэчцы, а аднойчы восенню не вярнуліся. Трымалі шмат гусей, на зіму звычайна пакідалі чатыры. А вясною гусі зноў выводзілі шмат гусянят. Гусі ды гусіныя яйкі добра падтрымлівалі Івана Барцэвіча ў гады студэнцтва на першых двух курсах медінстытута. Можна было некалькі тыдняў есці наварысты суп і гатаваць яечню…
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
вачыма дзіцяці
…У нядзелю 22 чэрвеня 1941 г. раніца была сонечнай, цёплай.
Іван Барцэвіч, на той час дзесяцігадовы хлопчык, памятае, як а 9-й гадзіне над Падліпцамі нечакана з’явіліся самалёты, якія ляцелі на захад. Амаль гадзіну яны ляцелі групамі. Усё неба было ў самалётах – нябачанае дагэтуль відовішча. Але людзі спакойна ўспрынялі гэтую падзею, бо самалёты над вёскаю ляталі і раней: Падліпцы знаходзіліся амаль у прыгранічным раёне. Каля 40 км аддзялялі вёску ад мяжы з Польшчай. У вёску прыязджалі конныя атрады кавалерыйскай дывізіі Георгія Жукава з вёскі Канюхі Слуцкага раёна. Аднойчы хлапчуком Іван Барцэвіч ішоў па вуліцы, і раптам насустрач выехаў атрад кавалерыстаў. Яны запоўнілі ўвесь завулак. Хлопчыку давялося нават узлезці на плот, каб не трапіць пад капыты.
Як згадвае Іван Барцэвіч, у трагічную раніцу 22 чэрвеня 1941 г. жыхары Падліпцаў вялікай трывогі не адчувалі. Толькі ў 12 гадзін пасля паведамлення Молатава пра нападзенне Германіі на Савецкі Саюз у людзей з’явіўся страх. Хутка мужчыны пачалі атрымліваць павесткі з ваенкамата. Каля прыпіснога пункта ад ваенкамата ў Слуцкім педвучылішчы сабралася шмат мужчын з горада і навакольных вёсак. Нечакана на трэці дзень вайны разбамбілі нафтабазу і абстралялі прыпісны пункт ваенкамата. Загінула шмат людзей. Пасля гэтага ўсе мужчыны разбегліся, а работнікі ваенкамата пачалі рыхтавацца да эвакуацыі.
Жыхары Падліпцаў бачылі, як прыкладна шэсць самалётаў ляцелі ўздоўж чыгункі ў бок Слуцка. Людзі думалі, што гэта вяртаюцца нашы самалёты на аэрадром. І якое ж было здзіўленне, калі яны пачалі бамбіць нафтабазу і ваенкамат. На наступны дзень пачалі гарэць шматпавярховыя дамы ў цэнтры Слуцка. Жыхары горада бачылі, як самалёты скідвалі на дахі дамоў запальныя бомбы… (Сёння мы ведаем, што быў загад – не пакідаць ворагу важных аб’ектаў на акупаванай тэрыторыі.)
У тыя трывожныя дні ў вёску Падліпцы пачалі заходзіць па адным і па некалькі чалавек чырвонаармейцы. Вяскоўцы кармілі іх – выносілі хлеба і сала. Адзін з іх выкапаў на агародзе Барцэвічаў невялікі акопчык і да ночы праседзеў там. Гаварылі, што гэта быў нехта з салдат з суседняй вёскі Сярэднікі, які адстаў ад часці. На наступны дзень акоп быў пусты, а вінтоўку вясковыя хлапчукі знайшлі ў кустах каля рэчкі. Хлопцы папстрыкалі пустым затворам, а назаўтра гэтай вінтоўкі на месцы ўжо не было.
Баючыся, што каля вёскі будуць ісці баі, некаторыя капалі на агародзе зямлянкі. Бацька Івана Барцэвіча таксама выкапаў пад яблынямі дзве зямлянкі. Аднак яны сям’і не спатрэбіліся, бо нашы войскі адступілі і бою каля Падліпцаў не вялі.
Вяскоўцы назіралі, як бамбілі шашу Слуцк – Баранавічы (гэта каля 6 км ад Падліпцаў). Было відаць, як падымаліся клубы дыму, чуліся выбухі.
Над Падліпцамі ішлі паветраныя баі. Аднойчы ўвечары, калі вяскоўцы разбіралі авечак са статка, над вёскай закружыліся адзін за адным самалёты. Людзі не хаваліся, стараючыся хутчэй вылучыць са статка свае авечкі. На гэты раз нашаму самалёту ўдалося ўратавацца. Ён праляцеў над правадамі тэлефоннай лініі і знік. Нямецкі знішчальнік яго не даганяў.
На наступны дзень згарэў савецкі самалёт каля пасёлка Сахалін паблізу вёскі Старцавічы. Расказвалі, што паміраючы, абгарэлы лётчык моцна крычаў. Ён мог бы выкарыстаць парашут, але пашкадаваў вёску і пасадзіў самалёт на полі.
Аднойчы зрабіў вымушаную пасадку каля суседняй вёскі Баславічы (сёння Барок) і савецкі бамбардзіроўшчык. Чацвёра лётчыкаў, забраўшы неабходныя рэчы з самалёта, пайшлі на ўсход.
У гэты час вяскоўцы былі на сенакосе. З бакаў самалёта людзі назапасілі шмат авіяцыйнага бензіну, якім людзі запраўлялі лямпы.
Трэці самалёт быў збіты каля суседняй вёскі Бязверхавічы. З яго дзеці здзіралі бляху і рабілі грабянцы для расчэсвання.
Праз некалькі дзён ад пачатку вайны Слуцк застаўся без улады. Некаторыя гараджане і людзі з суседніх вёсак пачалі рабаваць крамы, склады. Забіралі ўсё, што маглі. Жыхары Падліпцаў таксама ездзілі ў Слуцк, прывезлі адтуль прадукты.
Жыццё ў час нямецкай акупацыі
Немцы ў Падліпцах з’явіліся праз тры дні ад пачатку вайны. Яны пакінулі на вуліцы сваю вялізную машыну, большую за нашу “палутарку”, і пайшлі па дварах. Забілі палкамі некалькі курэй і хутка з’ехалі. Апрануты яны былі ў шэра-зялёную вопратку, рукавы закасаны да локцяў.
Вяскоўцы сядзелі па хатах і без патрэбы не выходзілі. Баяліся немцаў яшчэ з 1914 г., з часоў Першай сусветнай вайны.
Праз тыдзень немцы на коннай павозцы прывезлі прадаваць спірт або выменьваць яго на курыныя яйкі. Людзей прыйшло шмат, але спірту хапіла не ўсім.
Нямецкая ўлада ўсталявалася хутка. У вёску перыядычна прыязджалі і немцы, і паліцаі, а таксама цывільныя чыноўнікі. Яны арганізоўвалі працу людзей, рамонт дарог і інш.
Восенню 1941 г. калгасная зямля і маёмасць з дазволу нямецкіх уладаў былі раздадзены людзям. Гэта было жаданне вяскоўцаў, бо многія з іх працавалі ў калгасе, а марылі вярнуць сваю зямлю, якую ў іх бязвыплатна адабрала савецкая ўлада адзінаццаць гадоў таму. Для падзелу зямлі была створана камісія, у склад якой увайшлі паважаныя і спрактыкаваныя гаспадары. Узначальваў камісію прадстаўнік нямецкай улады са Слуцка.
Зямлю падзялілі па-людску. Кожнаму вяскоўцу дастаўся і надзел лепшай, і надзел менш урадлівай зямлі. Людзям раздалі коней, павозкі, вупраж і іншы інвентар. Сяляне, атрымаўшы зямлю, верылі, што яна ў іх застанецца назаўсёды. Кожны гаспадар набыў сабе неабходныя прылады працы. У вёсках жылі майстры, якія рабілі калёсы, гнулі дугі, шылі хамуты і іншую вупраж, вілі вяроўкі з канапель і лёну.
Вясной наступнага года кожны гаспадар засеяў свой надзел. Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, грэчку, проса, лён, каноплі. Ураджай са сваіх надзелаў людзі атрымлівалі добры, асабліва на другі і трэці гады вайны.
З канапель вілі тоўстыя моцныя вяроўкі-вужышчы. Імі ўціскалі воз сена ці снапоў. На верх сена клалі “рубель” – тоўстую жэрдку. Спераду воза яна чаплялася ланцугом, а ззаду зацягвалася вужышчам і замацоўвалася вузлом.
Па загадзе немцаў у Падліпцах пачалі вырошчваць тытунь. Гэта быў надзвычай працаёмкі працэс. Яго палолі, пасынкавалі, ссекшы, сушылі на гарышчы хаты. Рукі былі чорныя, не адмыць. Тытунь здавалі ў Слуцк за грошы.
Людзям дазвалялася мець столькі жыўнасці, колькі яны хацелі. Трымалі шмат курэй. У сям’і Барцэвічаў летам было 15 авечак, а на зіму пакідалі чатырох, якія вясной прыводзілі шмат ягнятак. З аўчын краўцы шылі кажухі, воўну пралі і ткалі сукно. Каб яно было цяплейшым, яго валілі – доўга трымалі ў гарачай вадзе. З сукна шылі верхнюю вопратку.
Калі ў калгасе забаранялі смаліць свіней, бо трэба было здаваць скуру свіней або цялят, то цяпер гэта дазвалялася. Як ні дзіўна, але людзі адчулі розніцу ў парадках. Боты шылі ў нашай вёсцы. Асабліва моднымі лічыліся хромавыя.
У вясковай кузні кавалі разакі, сярпы. (Разакамі рэзалі торф.) Даводзілася купляць толькі косы, нямецкія.
Вясною і летам людзі былі заняты працай на полі, а ўзімку яе было значна меней, у асноўным догляд свойскай жывёлы. Мужчыны малацілі цапамі. Жанчыны пралі лён, воўну, снавалі і ткалі.
Ужо не было забароны на святкаванне рэлігійных святаў.
На Каляды раніцай дзеці знаходзілі рэшата з гарбузікамі за печчу. Гэта быў падарунак ад Дзеда Мароза. На стол клалі сена, засцілалі белым саматканым настольнікам. Ставілі ежу. Усе стаялі побач стала і маліліся. Першым за стол садзіўся старэйшы. У сям’і Івана Барцэвіча старэйшай была бабуля Мар’я…
На вясенняе свята Вялікдзень маці Івана раніцай вярталася з усяночнай, з царквы ў вёсцы Баславічы. Прыносіла асвечаныя яйкі, хлеб. Зноў усе маліліся, сядалі за стол. Пачынаўся абед.
Сям’я Барцэвічаў была вялікая. Акрамя бацькі і маці, яшчэ бабуля і чацвёра дзяцей. Усе хлопчыкі. Іван быў селядоршы [другі пасля старэйшага брата]. Старэйшы за яго брат Анатоль нарадзіўся ў 1925 годзе. Першая дзяўчынка Надзея заўчасна памерла ў 1936 годзе. Мама хацела мець яшчэ дачку, а нарадзіліся Яўген і Мікалай.
Пасля святочнага абеда мама давала Івану пафарбаваныя ў шалупінні цыбулі яйкі, і ён ішоў на вуліцу да дзяцей. Яны гэтыя яйкі качалі па траве. Гулялі “ў біткі”: стукалі адным яйцом па другім, і чыё яйцо разбівалася, той аддаваў яго дзіцяці, у каго яйцо было мацнейшае.
На Вялікдзень вяскоўцы любілі хадзіць у госці да сваякоў, якія таксама частавалі іх пафарбаванымі яйкамі. Гэта быў запамінальны дзень.
А летам, на Тройцу (Сёмуху) у Падліпцах адбываўся фэст. Да яго людзі таксама рыхтаваліся. Шаравалі дзеркачамі падлогу, мыліся самі. Упрыгожвалі хату і сенцы галінкамі клёну і ліпы, замацоўвалі іх над бэлькамі пад столлю. Ліпа расла ў іх агародзе, а клён у двары.
У перыяд акупацыі адкрыліся цэрквы. Бліжэйшая да вёскі была мураваная старажытная царква ў Баславічах. Але жыхары Падліпцаў часцей хадзілі маліцца ў Слуцк.
Восенню 1941 года акупанты стварылі ў Слуцку гета. Усіх яўрэяў горада пасялілі ў адным квартале. Абгарадзілі яго калючым дротам. Кожны яўрэй меў спераду і ззаду на вопратцы нашыўку – шасціканцовую зорку.
Якраз той парой, калі стваралася слуцкае гета, у Падліпцы прыйшла яўрэйская дзяўчынка гадоў дзесяці да суседкі Барцэвічаў Ганны, якая раней служыла пакаёўкай у яўрэйскай сям’і ў Слуцку. Бацькі выправілі малую да знаёмай, каб захаваць ёй жыццё. Цётка Ганна жыла вельмі бедна, таму прывяла дзяўчынку да Барцэвічаў. Там яе накармілі, і яна пайшла далей. Невядома, ці засталося жывым гэтае дзяўчо…
Восенню 1942 года ўсіх яўрэяў вывозілі на машынах у Гараваху, што непадалёк ад вёскі Селішчы пад Слуцкам. Там іх масава расстрэльвалі і закопвалі ў агульнай магіле. Таго, хто спрабаваў уцячы, немцы расстрэльвалі на месцы. Так выпадкова загінула адна жыхарка Слуцка, якая не будучы яўрэйкай, накінула на сябе футра і пабегла. Немец, прыняўшы яе за яўрэйку, стрэліў, бо на футры былі нашыты зоркі.
У 1943 годзе вяскоўцы пачалі часцей бачыць нямецкіх салдат. Фашысты ахоўвалі мост на рацэ Лакнея, што за паўтара кіламетра ад вёскі. Ахоўваць яго прымусіла партызанская рэйкавая вайна. Гэты мост немцы пабудавалі на месцы драўлянага, спаленага партызанамі. Расказвалі, што нейкі чалавек надвячоркам абліў вугал моста бензінам, адышоў і выстраліў запальнай куляй. Мост гарэў усю ноч. Жыхары Падліпцаў баяліся класціся спаць, думалі, што немцы наляцяць і спаляць вёску. Але тыя агледзелі ўсё толькі на раніцу. Ад моста засталіся адны рэйкі.
Новы мост немцы ахоўвалі, жывучы ў вагончыку, абнесеным земляным валам. Да ўзвядзення гэтых умацаванняў немцы далучылі мясцовых жыхароў і нават падлеткаў. Працаваў там адзін дзень і Іван Барцэвіч. Бачыў, як немцы абстрэльвалі з кулямёта блізкія кусты. Строкат кулямёта выклікаў вялікі страх у дзяцей.
Днём у вёску прыходзілі немцы, а ноччу партызаны, асабліва з 1943 г. Зразумела, што ўсе вяскоўцы дапамагалі партызанам, чым маглі.
Партызаны забіралі цёплую вопратку, асабліва кажухі, белыя абрусы, прадукты. Іван Васільевіч згадвае, як у яго дзядзькі Валодзі вывелі з хлява свінню, абсмалілі і забралі з сабою.
За сувязь з партызанамі немцы арыштавалі двух вяскоўцаў, якія так і не вярнуліся са слуцкай турмы.
Ва ўмовах прыватнай уласнасці ў час вайны ў людзей выявіліся асаблівыя здольнасці. Некаторыя сталі шаўцамі, краўцамі, сталярамі. Бацька Івана Барцэвіча, напрыклад, рабіў бочкі, цэбры, маслабойкі. А Грыша Канончык змайстраваў апарат для вырабу алею з ільнянога семя. Перш чым закладваць семя ў ёмкасць, яго малолі і запарвалі. Ціск у апараце стваралі ўручную. Некалькі мужчын хадзілі па коле, націскаючы на дышла. Аднойчы днём, калі ціснулі алей, прыйшлі два немцы і папрасілі даць ім алею. Гаспадар апарата не мог аддаць чужы алей і сказаў, што яны ўжо закончылі працу. Немцы выйшлі, нікога не крануўшы. Як ні дзіўна, але былі сярод іх і такія.
У 1943 г. захопнікі загадалі зрабіць стаметровую высечку лесу паабапал чыгункі. На гэтай працы быў і падлетак Іван Барцэвіч. За дзень спілавалі дрэвы, высеклі кусты. У тым годзе, арганізуючы аблаву на партызан, немцы затрымлівалі ўсе павозкі каля Слуцка, садзілі на іх паліцэйскіх і сваіх салдат і накіроўваліся ў партызанскія зоны. Адзін наш вясковец трапіў у гэты абоз…
Каб працаваць у раёне чыгункі, трэба было браць дазвол у немцаў. Таму людзі працавалі на полі амаль усёй вёскай, бо адзінокага чалавека немцы маглі палічыць за партызана і застрэліць яго.
Пад канец 1943 г. немцы пачалі рыхтаваць абарону Слуцка. На будаўніцтве працавалі мужчыны і юнакі з вёсак. Жылі яны ў Слуцку. Капалі глыбокія бліндажы. Складвалі з бярвенняў зруб на зямлі, а потым апускалі яго ў бліндаж. Але гэтыя збудаванні немцы не выкарысталі, бо пакідалі Слуцк у спешцы.
Па шашы Слуцк – Баранавічы ехаў вялікі абоз. Выязджалі тыя беларусы, якія працавалі ў нямецкіх установах горада, а таксама паліцаі. Усе яны рухаліся следам за немцамі, якія адступалі. Адчувалі, што калі вернецца савецкая ўлада, то кожнага будуць судзіць як здрадніка. Многія памяталі рэпрэсіі 1937 г. Сусед Барцэвічаў Сяргей служыў лейтэнантам у краёвай абароне. Ён сышоў з абоза каля вёскі Селішчы. Ваяваў на фронце. Цудам застаўся жывы.
У пачатку 1944 г. ахову моста даручылі мадзьярам, якія прыязджалі ў Падліпцы па дровы. Патрабавалі ад кожнага двара па бервяне. Дзецям цікава было назіраць, як салдаты ў падкаваных паўботах коўзаліся па абледзянелай дарозе. Паводзілі яны сябе груба, крычалі на людзей.
Чакаючы, што будуць баі з немцамі, якія адступалі, у канцы чэрвеня 1944 г. вяскоўцы вынеслі з хат частку патрэбнай маёмасці, запас харчу. Некаторыя закапалі ў зямлю збожжа і вопратку. Спалі сярод сваіх рэчаў на агародах некалькі дзён. Толькі тады, калі ў вёску прыйшлі савецкія войскі, а з вёскі Старцавічы прагналі немцаў, людзі вярнуліся ў свае хаты.
Страшна было, як немцы рыхтаваліся да бою: на вышках стайні немцы паставілі кулямёты. Вайскоўцы паслалі падліпскіх хлапчукоў, каб “выявіць” абарону немцаў у вёсцы Старцавічы. Нашы ваенныя разведчыкі стаялі ў канцы Падліпцаў у палатцы.
Іван Барцэвіч памятае, як сонечнай раніцай нашы зеніткі стралялі па нямецкіх самалётах. На небе заставаліся белыя воблачкі ад разрываў снарадаў.
У тыя трывожныя дні да сям’і Барцэвічаў прыйшлі сваякі з суседняй вёскі Бязверхавічы, пасля таго як іх хату спалілі.
Адыходзячы, немцы прыпыніліся ў канцы Бязверхавіч вечарам, у хатах каля шашы, але праз некалькі гадзін пакінулі вёску. А як развіднела, залпамі “кацюш” тая частка вёскі, дзе напярэдадні знаходзіліся немцы, была спалена. Многія жыхары Бязверхавіч пасля пажару шукалі прытулку ў Падліпцах.
Бязверхавіцкія дзеці прынеслі ў вёску дзіцячую хваробу адзёр, захварэлі два малодшыя браты Івана Барцэвіча, Мікалай і Яўген. Хвароба праходзіла вельмі цяжка. Ляжалі ў завешанай посцілкамі палавіне хаты, бо святло выклікала невыносны боль у вачах…
Калі немцы пакідалі Слуцк у канцы чэрвеня 1944 г., то паставілі ў жыце дзве самаходкі насупраць вёскі Лучнікі, каб забяспечыць сабе спакойны адыход. Гэтыя самаходкі нарабілі шмат бяды: знішчылі тры савецкія танкі, якія хацелі абысці Слуцк і трапіць на шашу Слуцк – Баранавічы. У аднаго з танкаў была збіта вежа. Тыя танкі прастаялі некалькі гадоў па дарозе ў Слуцк.
Артылерысты са Слуцка спалілі адну нямецкую самаходку, другая ацалела. Яна накіравалася на захад, але рэчку Лакнею ёй пераадолець не ўдалося. Немцаў узялі ў палон нашы вайскоўцы.
Як згадвае Іван Васільевіч, у канцы чэрвеня 1944 г. на працягу некалькіх дзён савецкія самалёты, знішчаючы ворага і падаўляючы нямецкую абарону, некалькі начэй бамбілі Мінск. Нават у Падліпцах былі відаць водбліскі святла і чуўся моцны гул. Тады ў вёску пачалі вяртацца партызаны. Сярод іх было шмат “прыпіснікоў” – чырвонаармейцаў, якія адсталі ад часцей, што адступалі ў пачатку вайны. Яны былі прыпісаны немцамі да вёскі Падліпцы. Адзін з іх, Мастыгін, жыў у суседкі Барцэвічаў. Другі прыпіснік, Сакалоў, таксама жыў у іх канцы вёскі. З ім здарылася цікавая гісторыя. На фронце ён быў цяжка паранены ў твар, яго лічылі загінулым. Пасмяротна далі зорку Героя Савецкага Саюза. Але ён выжыў, яго вылечылі. Для ваенкамата гэтая гісторыя стала пэўнай неспадзяванкай. Пра гэтую падзею паведамілі бацькам Сакалова. Нейкі час ён знаходзіўся ў Падліпцах, а пасля вярнуўся на радзіму. Трэба сказаць, што “прыпіснікоў” у вёсцы было некалькі чалавек, але не ўсе пайшлі ў партызаны…
Вярнуўся ў Падліпцы і вясковец Павел Жук, які быў у партызанах з сям’ёй. На шчасце, іх хата ацалела.
Пасля вызвалення Беларусі
Пасля вызвалення Слуцкага раёна пачаўся збор людзей на прыпісны пункт у вёску Старцавічы. Каля Старцавіч пабудавалі ваенны аэрадром. Удзельнічалі і вясковыя хлапчукі, у тым ліку і Іван Барцэвіч. Спачатку закапалі разоры поля, а потым прыціснулі каткамі.
На гэты аэрадром вясковыя хлопцы хадзілі разбіраць снарады, даставалі з іх тол, што ўмеў рабіць толькі адзін з іх. Калі ён адкручваў галоўку снарада, то іншыя ляжалі на зямлі наводдаль. Бацькі сварыліся, але хлопцы ёсць хлопцы. Некалькі разоў абышлося, але аднойчы ў пасёлку Манькова дзеці пакалечыліся, а адзін загінуў. Дзеці кінулі снарад у вогнішча, ён доўга не ўзрываўся, а як толькі малыя падышлі бліжэй, прагрымеў выбух…
На Старцавіцкім прызыўным пункце сабралася шмат народу з навакольных вёсак. Потым са Слуцка іх адправілі ў адну з вайсковых часцей, дзе мабілізаваныя праходзілі вучобу. Неўзабаве стала вядома, што прызыўнікоў будуць везці праз станцыю Сярэднікі цягніком на фронт. Жанчыны і дзеці з Падліпцаў пайшлі пешшу на станцыю, каб яшчэ раз убачыць родных. Прыйшлі на станцыю вечарам, доўга чакалі цягніка. Не ўсе дачакаліся, бо эшалон з салдатамі прайшоў позняй ноччу.
У 1944 г. пачаліся арышты некаторых вяскоўцаў. Арыштавалі Пятрушу Пунчыка за тое, што ён у 1941 г. актыўна ўдзельнічаў у раздачы калгаснай маёмасці. Па нейкай прычыне арыштавалі Анатоля Ляткоўскага. Пунчык пасля вярнуўся ў вёску, а Ляткоўскі застаўся працаваць у Сібіры. Дахаты прыязджаў толькі аднойчы.
Летам 1944 г. аднавілі ў Падліпцах і навакольных вёсках калгас “Прамень камуны”. Аднаўлялі яго жанчыны, бо амаль усе мужчыны былі на фронце. Прыехалі чыноўнікі са Слуцка, паклікалі некалькі актыўных жанчын, якія падпісаліся пад пратаколам аб аднаўленні калгаса.
Ураджай з надзелаў звозілі ў калгасныя гумны былыя аднаасобнікі. А звозіць было што. Ураджай вельмі добры, каласы буйныя. Увогуле, як прыгадваюць вяскоўцы, усе гады, пакуль вяскоўцы працавалі на ўласнай гаспадарцы, былі ўраджайныя. Зямлю добра ўгнойвалі. Кожны гаспадар меў каня, карову, свіней, авечак. А вось у 1941 г. ураджай быў слабы. Людзям ледзь хапіла сабраць на насенне.
Іван Барцэвіч, працуючы падлеткам на сваёй гаспадарцы, а потым у калгасе, бачыў, як па-рознаму людзі ставіліся да працы на сваім надзеле і ў калгасе. Воз, на які накладвалі снапы, яго бацька абавязкова засцілаў посцілкай, на якой заставалася шмат зерня. А калі на воз накідвалі снапы з калгаснага поля, возчык падганяў, каб хутчэй кідалі, яго не турбавала, што ад спешкі шмат зерня асыпаецца. Яго цікавіла толькі колькасць снапоў, прывезеных у гумно, бо за кожны воз яму налічвалі працадні. Таму многа зерня заставалася на полі, а пасля дажджу на калгасных пожнях зелянелі ўсходы.
Абмалочвалі збажыну ўжо з дапамогай малатарні ў калгасных гумнах. Гэтую тэхніку прывезлі з Германіі пасля вайны. Малатарню прыводзіў у рух магутны рухавік, што з’ядноўваўся з ёй шырокім пасам. Пас накідвалі на шкіў малатарні і шкіў рухавіка. Апошні моцна грукатаў, ад гэтага псаваўся слых.
Мужчына, стоячы на прыступцы малатарні, апускаў у барабан сноп каласамі ўніз, развязаўшы перавясла снапа і разгарнуўшы яго на шырыню барабана. Раздаваўся моцны гул, і на выхадзе вытрасалася салома, якую людзі адкідвалі далей ад малатарні. Іншыя калгаснікі цягнулі салому да стога, дзе тры чалавекі складалі яе. Двое падавалі салому віламі, а адзін яе ўтоптваў – стагаваў. Сцірты саломы стаялі ўсю зіму да вясны. Саломай, у дадатак да сена, кармілі жывёлу. Аўсяную і ячменную салому давалі так, а жытнюю сячкарняй рэзалі на сечку, якую запарвалі кіпнем. Саломай яшчэ падсцілалі жывёлу.
Абмалот збажыны быў вельмі шкодны для здароўя. Каб зберагчы галаву ад пылу, жанчыны абмотваліся хусткамі. Адкрытыя заставаліся толькі вочы. Уся вопратка пакрывалася пылам, ад якога вакол малатарні было вельмі цёмна і слязіліся вочы.
Праца ў вёсцы была вельмі цяжкай. Мужчыны аралі, сеялі збожжа з сявенькі – ідучы па полі, рассыпалі перад сабою. Потым засеянае поле баранавалі, каб зерне пакрылася зямлёю.
Дровы з лесу, ураджай з поля звозілі на конях, а ў пасляваенны час – на валах.
Жанчыны жалі жыта, пшаніцу, сушылі сена. Садзілі бульбу, буракі, часнок, восенню выбіралі. Капалі бульбу. А яшчэ на долю жанчыны выпадала рыхтаваць угнаенне для поля. Уздзіраць гной у хляве было вельмі цяжка, асабліва калі карову падсцілалі бульбоўнікам. Усю гэтую працу жанчыны рабілі босымі, як да вайны, так і на ўласнай гаспадарцы ў час вайны. І ўвогуле босымі хадзілі і дарослыя, і дзеці ўсё лета. Нават у школу дзеці прыходзілі без абутку. А дзеці з бедных сямей хадзілі босыя да замаразкаў. Падэшвы рабіліся надзвычай цвёрдымі і засцерагалі ногі ад ран. Быў у гэтым і станоўчы бок – дзеці менш хварэлі.
А як цяжка было апрацоўваць лён! Яго палолі рукамі, рвалі з зямлі, звязвалі ў снапы. Абмалочвалі на полі пранікам, паклаўшы лён на дошку. Льняное семя ссыпалі ў мяшок. Абмалочаны лён рассцілалі на траве, каб струхлела яго абалонка. Восенню трасту з поплава збіралі, звязвалі ў снапы, сушылі ў сушылцы, церлі ў церніцы. Церніца – станок, дзе лён пераціралі рычагом у шчыліне паміж дзвюма дошкамі. Потым льняное валакно трапалі (ачышчалі ад кастрыцы) спецыяльнай прыладай – траплом. Расчэсвалі на адмысловым грабянцы – дошцы з набітымі вострымі цвікамі. Пасля вычэсвання атрымлівалі кужаль (льняное валакно вышэйшай якасці) і кудзелю. Пасмы валакна замацоўвалі ў прасніцу. Седзячы на падстаўцы прасніцы, жанчына пальцамі выводзіла тонкія ніткі з дапамогай верацяна. На верацяно намотвалі многа слаёў ніткі. Такое верацяно з ніткамі называлі пачаткам. З верацяна ніткі змотвалі на калаўрот. З калаўрота – на сноўніцу. Сноўніцы былі насценныя і кружэльныя. Першыя – калі да сцяны ставілі вялікую драўляную раму з калочкамі, на якія намотвалі ніткі з калаўрота. Кружэльная сноўніца складалася з дзвюх скрыжаваных драўляных рам, якія круціліся на жэрдцы, замацаванай паміж падлогай і бэлькай. Менавіта такую сноўніцу зрабіў бацька Івана Барцэвіча. Яна была вельмі зручная, бо не трэба было хадзіць каля сцяны, а толькі стаяць і круціць сноўніцу. Зняты многаметровы маток нітак запраўлялі ў ткацкі станок – варштат. Станкі таксама былі розныя. У хаце Барцэвічаў варштат складаўся з дзвюх рам, з’яднаных планкамі, на якіх віселі ніты і бёрда. У іх трэба было ўсунуць кожную нітку матка. Гэта была аснова тканіны. А ўток складалі ніткі, якія намотваліся на цэўку. Цэўку клалі ў чаўнок, які прасоўваўся паміж верхнімі і ніжнімі слаямі нітак. Гэтая нітка шчыльна прыціскалася бёрдам да папярэдняга рада. Націскам педалі верхні слой нітак апускаўся, а ніжні падымаўся. Зноў прасоўваўся чаўнок і нітка прыціскалася. Так працавала ткачыха.
Раз на 7–10 дзён жанчыны пяклі хлеб. Выпаліўшы ў печы і пасадзіўшы ў яе хлеб, жанчына ішла на калгасную працу.
А трэба было яшчэ некалькі разоў на дзень карміць свіней, курэй, гусей, даіць карову. Каб падаіць карову днём, ішлі пешшу да 1,5 км. Гатавалі есці на сям’ю, даглядалі дзяцей.
Механізацыя ў калгасе адбывалася марудна. Да вайны ў іх была машына-палутарка, якая ў час вайны знікла. Пасля вайны калгас атрымаў старую франтавую аўтамашыну. Іван Барцэвіч памятае, што шафёр Басалыга прасіў у яго бацькі фарбу, каб напісаць нумары.
Моладзь у 1950-я гг. пачалі вербаваць на будоўлю аўтазавода ў Красным Урочышчы пад Мінскам. Дзве дзяўчыны паехалі працаваць на гэтую будоўлю. Адна з іх, Ніна Зайчыкавых, вярнулася праз год у вёску, а Зоя Жук засталася працаваць на аўтазаводзе. У калгасе ў першыя гады пасля вайны было створана звяно дзяўчат, каб вырошчваць каксагыз. А таксама было загадана сеяць рыс. Для гэтага паклалі металічныя трубы, каб забалоціць луг. Трубы доўга ляжалі на лузе, ржавелі. Выніку гэтыя эксперыменты не далі…
Шлях у медыцыну
Іван Васільевіч Барцэвіч нарадзіўся 8 чэрвеня 1930 г., у нядзелю, у вёсцы Падліпцы Сяражскага сельсавета Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У час вайны кніга рэгістрацыі нараджэння дзяцей у Слуцкім раёне знікла. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. у Падліпцы прыязджала камісія, якая запісвала год нараджэння дзяцей са слоў бацькоў. Іванаў бацька годам нараджэння сына назваў 1932-гі. А для атрымання пасведчання давялося ехаць у Слуцк на медыцынскую камісію, дзе дактары аглядалі дзяцей і вызначалі ўзрост. Такім чынам, у пасведчанне Янку Барцэвічу запісалі 1 чэрвеня 1932 г.
Янка быў трэцім дзіцем у сям’і: сястра Надзея (1923 – 1936), брат Анатоль (1925 – 1944), які загінуў на фронце ў Германіі, і яшчэ два браты – Жэня, 1937 г.н., і Мікола, 1939 г.н. Яўген стаў фельчарам, пасля ўрачом, а Мікола – электрыкам, потым інжынерам-электрыкам.
Маці Івана Васільевіча, Таццяна Сцяпанаўна Барцэвіч (да замужжа Гурбо, 1901 г. н.) працавала ў калгасе. Не стала яе ў 1982 г. Бацька Васіль Іванавіч (1893 – 1952) быў выдатным цесляром, бондарам. Амаль увесь посуд у хаце зроблены яго рукамі. Карысталіся яго ўмельствам і вяскоўцы.
Іван Васільевіч кажа, што іх хата стала “сведкаю” змен прозвішчаў гаспадароў. Дзед яго мамы Васіль меў прозвішча Гурбо, прыйшоў у прымы да Мар’і Ляткоўскай. Потым іх дачка выйшла замуж за Васіля Барцэвіча. Іван Васільевіч з сумам зазначае, што, мабыць, яго прозвішча на ім і скончыцца, бо ў яго адзінай дачкі Алены па мужу прозвішча Яшчанка. У братоў Івана Васільевіча таксама дочкі…
Калі ў дзяцінстве Івана называлі, то абавязкова дадавалі – Іван Барцэвіч Ляткоўскіх, бо ў суседзяў быў яшчэ адзін Іван Барцэвіч, і яго называлі Піліпавых.
Дзіцячыя гады прайшлі ў роднай хаце ў Падліпцах. Пра раннія гады звестак мала. Дзед Сцяпан яму запомніўся, як пасадзіў на шэрую кабылу і правёз па двары. Калі дзядулі не стала, хлопчыку было 6 гадоў. У дзень пахавання яго адвялі да суседзяў, каб не спужаць малога.
Запомніўся з дзяцінства яшчэ адзін выпадак: хлопчык цяжка хворы ляжыць на печы. Мабыць, пэўны час быў у стане трызнення, бо калі ачуняў, пачуў, як маці сказала: “Прыйшоў ужо ў сябе. Будзе жыць!”
Яшчэ да школы вывучыў на памяць казку “Канёк-гарбунок” Пятра Яршова. Калі прыходзілі госці, хлопчык станавіўся на палок, гучна дэкламаваў, і ўсе яго хвалілі. Іван Васільевіч згадвае, як чытаў казку свайму сваяку Ксенафонту Пятровічу (Убранцавых) і Ксенафонт Адамавіч падарыў малому Янку 20 капеек, па тых часах вялікія грошы.
У дзяцінстве Янку даводзілася глядзець меншых братоў, калі бацькі былі на працы. Дзеці хадзілі босыя па падлозе, у доўгіх палатняных кашулях. Іван Васільевіч успамінае, што брата Міколу, калі той быў зусім маленькі і не ўмеў хадзіць, навязвалі на вяровачцы, якая мацавалася да колца ў сцяне. А калі хлопчык пачаў добра хадзіць, яго ставілі ў стойку, ён перабіраў ножкамі, але вываліцца з яе не мог.
Усё лета хлопчыкі бавілі час то ў двары, то на агародзе, то на рэчцы Лакнея, што працякала каля самага агарода. Адзін з дзіцячых заняткаў быў перагароджваць раку купінамі. Калі ўзровень вады моцна падымаўся, “перагародка” разбуралася, і дзеці любілі за гэтым назіраць. Рвалі лотаць для каровы, зелле для свіней. У абавязкі малых уваходзіла наглядаць за курыцай з куранятамі, каб каршун не задраў куранят. Вечарам – загнаць у хлеў карову. У выхадныя дні летам збіралі суніцы і чарніцы. Восенню – грыбы. Вясною, як падсохне зямля, дзяўчаткі гулялі “ў пекла”: падскокваючы, падбівалі пальцамі ступні чарапкі з клеткі ў клетку. Гуляла вясковая дзятва і ў лапту: дзве каманды спаборнічалі за авалодванне мячом. Хлопчыкі “ездзілі на веласіпедах”: кацілі перад сабою вобад ад кола з дапамогай пятлі з дроту, а таксама гулялі “ў ножыкі”: ножык павінен быў з далоні вертыкальна ўваткнуцца ў зямлю.
Вясковыя хлапчукі мелі самыя розныя заняткі. У 1938 г. пасля манеўраў збіралі гільзы ад патронаў, у час вайны выпілоўвалі грабянцы для валасоў з алюмініевай бляхі са збітых савецкіх самалётаў, рабілі з 15-капеечных манет пярсцёнкі. Даводзілася малому Янку тачыць верацёны, майстраваць шпакоўню, вешалку для вопраткі, клеіць галошы з аўтамабільных камер, чаму навучыў яго сусед…
Аднак больш за ўсё цікавілі малога кніжкі. Спачатку любіў разглядаць малюнкі, а пасля навучыўся чытаць. Вечарам хадзіў з сябрамі слухаць навіны па радыё, навучыўся ездзіць на кані, касіць траву…
У школу, якая размяшчалася ў 5–7 хвілінах хады ад хаты, пайшоў у 8 гадоў. Усе школьныя прылады дзеці насілі тады ў палатняных торбачках. Прозвішча настаўніка было Кірэеў, а калі той пайшоў у армію, то настаўніцай стала Клеановіч. Да вайны Янка Барцэвіч закончыў тры класы пачатковай школы ў Падліпцах. У час вайны хадзіў у пяты клас у Бязверхавічы. Усе прадметы выкладалі па-беларуску, але партызаны забаранілі весці заняткі. Зімой 1941 г. партызаны закрылі і пачатковую школу ў Бранаве, а настаўніку загадалі не з’яўляцца ў школе. Пэўна, баяліся, што школа пры немцах зменіць светапогляд дзяцей.
Закончыў 4-ы клас Янка ў Падліпцах у 1945 г., а ў 1948 г. – сем класаў няпоўнай сярэдняй школы ў вёсцы Старцавічы. Хадзілі ў школу басанож, а калі надыходзілі халады – у гумавых галошах па мокрым балоце. Пераходзілі цераз дзве ракі, бо мастоў не было. Вясновай паводкаю даводзілася некалькі дзён хадзіць у школу па чыгунцы. Для гэтага ішлі вёскай Старцавічы каля кіламетра, потым чыгункай столькі ж, а потым хлопчык праходзіў усю сваю вёску, бо жыў у другім канцы. Звычайна падчас паводкі ў дзяцей былі канікулы, але часцей паводка з канікуламі не супадала. Пасля заканчэння 7-га класа запрасілі фатографа са Слуцка, і той зрабіў фотакарткі ўсяго класа.
Летам 1948 г. Іван Барцэвіч паехаў паступаць у фельчарска-акушэрскую школу ў Баранавічы. Ехаў цягніком Калуга – Баранавічы, які рабіў прыпынак на станцыі Сярэднікі ў вёсцы Старцавічы. У той час на станцыі былі склады і некалькі паралельных пуцей для прыпынку вагонаў. Іван прыйшоў на станцыю вечарам, а 22-й гадзіне, хоць ведаў, што цягнік – амаль у 3 гадзіны ночы. Узяўшы білет, чакаў побач з касай, сядзеў ды ляжаў на траве, бо надвор’е было цёплае.
Вагон, у якім ехаў, быў невялікі, але ўтульны. Сядзенні дашчаныя, кабіны аддзелены прыгожымі перагародкамі з металічных фігурных канструкцый, на якіх напісана “Брест-Литовская железная дорога”. Хлопец не разумеў, якое дачыненне мела Літва да Брэста. Сапраўды, яны ніяк не звязаны паміж сабою. У той час у школе не распавядалі, ды і бацькі не ведалі пра тое, што на працягу некалькіх стагоддзяў тэрыторыя Беларусі была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У ВКЛ уваходзіла ўся Прыбалтыка, Смаленская, Бранская і Чарнігаўская вобласці, дзяржаўнай мовай была старабеларуская.
Такія вагоны выкарыстоўваліся да 1950 г., потым іх замянілі на навейшыя і большыя. За станцыяй Цімкавічы была мяжа з Польшчай. Праз акно вагона Іван Барцэвіч назіраў абарончыя збудаванні ў выглядзе бетонных дотаў. Як пасля даведаўся, яны цягнуліся ўздоўж польскай мяжы ад Прыбалтыкі ажно да Карпат.
Хлопец бачыў вузкія палоскі зямлі, раздзеленыя межамі, хаты з дахамі, а ў Падліпцах на той час ужо былі калгасныя шырокія палі, без межаў, а хаты – яшчэ пакрытыя кулявой саломай. Праз акно заўважыў прыгожую царкву ў Клецку. Бліжэй да Баранавіч вагоны хутка напаўняліся пасажырамі, што ехалі туды на працу. Апрануты яны былі інакш, чым падліпскія жыхары.
А 7-й гадзіне раніцы цягнік спыніўся на станцыі “Баранавічы-Палескія”. Пасажыры пабеглі цераз рэйкі, Іван – за імі. Таксама, як і яны, падлазіў пад вагоны. Хлопец не ведаў, што будуецца новы вакзал і што трэба ісці іншай дарогай. Выйшаў на вуліцу Падлесную, праезджая частка яе была брукаваная. Па абодва бакі – глыбокія канавы з вадою.
Цэнтр горада яшчэ быў разбураны. Іван здаў дакументы і да вечара быў вольны. Насупраць школы, праз вуліцу, стаяў спалены касцёл. Вакол касцёла – зялёны газон. Івану захацелася спаць, ён лёг на траву і заснуў. Побач спалі яшчэ нейкія хлопцы. Калі прачнуўся, сонца было пакуль высока, але трэба было спяшацца на вакзал, бо яшчэ не меў білета на цягнік, які адпраўляўся а 19-й гадзіне. Пайшоў шукаць касу вакзала, тым жа шляхам, што і раніцай, праз рэйкі, але касы не знайшоў. Нехта падказаў, што білет можна купіць на рынку, але адна жанчына сказала, што лепш на вакзале, і паказала, як прайсці на новы вакзал.
Новы вакзал у Баранавічах будавалі палонныя немцы, апранутыя ў вайсковую нямецкую форму. Некаторыя з іх падыходзілі да плота з драўляных штыкецін, працягвалі руку і прасілі есці. Адны жанчыны давалі ім акраец хлеба, а іншыя абураліся, лічылі правакацыяй, маўляў, паказваюць, што іх дрэнна кормяць.
Барцэвіч узяў білет на цягнік у касе такога ж вагончыка, як і на станцыі Сярэднікі. Без асаблівых прыгод вярнуўся дадому.
Праз некаторы час хлопцу трэба было ехаць на іспыты, да якіх рыхтаваўся цэлае лета.
І вось ён зноў у Баранавічах. Узяў з сабою нешта з ежы, бо экзаменацыйны час доўжыўся больш за тыдзень. Дыктоўку напісаў “здавальняюча”, арыфметыку – на “добра”. Апошні іспыт па Канстытуцыі СССР здаваў па-беларуску рускамоўнай настаўніцы, якая добразычліва паставілася да гэтага. Здаваў у першым патоку. Вынікі чакаліся пасля таго, як здасць іспыты другі паток. Хлопцу давялося вярнуцца ў Падліпцы. Хутка прыйшоў выклік на заняткі.
У сям’і ўзрадаваліся і засмуціліся адначасова, бо вучобу трэба было забяспечыць матэрыяльна. Іван знайшоў кватэру на некалькі дзён падчас здачы іспытаў, а ўвосень давялося шукаць жыллё на год. Інтэрнат медыцынскай школы (былая нямецкая казарма) згарэў у 1947 г. (Казалі, што ў будынку школы ў час вайны размяшчалася гестапа, дзе ў падвалах катавалі зняволеных.) Кожнаму навучэнцу давалі жалезны ложак, коўдру і падушку. Яшчэ ў цягніку Іван Барцэвіч пазнаёміўся з такім, як і ён, студэнтам. Пасяліліся разам на кватэры, недалёка ад школы. Спалі на адной кушэтцы на кухні. Аднак праз месяц той хлопец вярнуўся дадому: у яго выявілі туберкулёз лёгкіх. Івана таксама абследавалі, але, на шчасце, ён аказаўся здаровы.
Першы год вучобы Івану Барцэвічу не шанцавала. У кастрычніку гаспадыня заявіла, што да яе прыязджае маці, і трэба вызваліць кушэтку. Некалькі дзён шукаў кватэру, нарэшце знайшоў у адной гаспадыні з дачкой-школьніцай. Таксама пасялілі на кушэтцы на кухні. Прывозіў з дому каўбасу, сала, хлеб, але пачаў заўважаць, што нехта “дапамагае” яму есці харч. Праз тры месяцы цярпенне ў хлопца скончылася, ён узяў свае рэчы і перайшоў у недабудаваны дом, дзе жыў толькі школьнік 9-га класа – вясёлы, таварыскі хлопчык. Электрычнасці ў доме пакуль не было. Але праз год у дом вярнулася хлопчыкава сям’я, і Івану зноў давялося шукаць кватэру.
На гэты раз знайшоў пакой на дваіх. Цяпер ужо можна было выкарыстаць жалезны ложак, які давалі ў медыцынскай школе. Хлопцы прынеслі яго на кватэру. Пасяліўся Іван з земляком, Ігарам Пупейкам з вёскі Углы Слуцкага раёна. Ды зноў не пашанцавала – нехта ўкраў Іванаў жалезны ложак.
Праз некаторы час, змарнаваны пошукамі жылля, Іван зноў пасяліўся ў недабудаваным доме, што пасля вайны было нярэдкасцю, дзе і жыў да канца вучобы. Гаспадыня была добрая, дазваляла гатаваць на кухні ежу, мыць бялізну. Муж яе з’ехаў у Польшчу, ратуючыся ад арышту, і жанчына адна гадавала дачку-школьніцу, якая закончыла 10 класаў у той час, як і Іван фельчарскую школу. Хлопец нейкі час пісаў ёй лісты, але хутка перапіска спынілася, бо дзяўчына выйшла замуж, а Іван пайшоў у армію.
Дарэчы, вучыўся Іван Барцэвіч старанна. На трэцім курсе быў на практыцы ў Слуцку, жыў на кватэры ў сваякоў на вуліцы Зімняй. Атрымаў дыплом фельчара-акушэра і накіраванне ў Гродна. Вярнуўся ў вёску, бо маці вельмі прасіла пашукаць працу ў Слуцку, але вольных месцаў тут не было…
З той жа станцыі Сярэднікі хлопец выправіўся ў Гродна, зрабіўшы ў Баранавічах перасадку. У Гродне пераначаваў у інтэрнаце чыгуначнікаў, дзе жыў яго аднавясковец, потым у абласным аддзеле аховы здароўя атрымаў месца працы.
Любімая праца
Іван Барцэвіч даў згоду на працу ў Жалудоцкім раёне (цяпер Шчучынскі). З цяжкасцю дабраўся да месца. З-за зламанай машыны давялося ўначы шмат прайсці пехатою з цяжкім чамаданам. Лёг на лаўку і заснуў каля бальніцы, а ў 8 гадзін яго разбудзіў галоўны ўрач…
Вось так Іван Барцэвіч апынуўся ў раённай бальніцы. Адсюль яго накіравалі загадчыкам Зачэпіцкага фельчарска-акушэрскага пункта ў вёску Галубы. Але ж туды зноў-такі яшчэ трэба было дабрацца! Выручыў возчык участковай бальніцы, прапанаваўшы падвезці на павозцы з бочкаю вапны. Частку дарогі дабіраўся на пароме праз Нёман. Дарэчы, перавозілі людзей бясплатна.
Вёска Галубы размяшчалася на пясчаным беразе затокі Нёмана. У гэтую затоку катарам завозілі баржы, на якія грузілі бярвенні. З другога боку да вёскі падступаў лес. Мела вёска яшчэ адну вуліцу, якая з’ядноўвала яе з вёскай Ярчакі. Бліжэй да парома была вёска Зачэпічы. Далей за Галубамі размяшчалася вёска Стукалы, а за ёй – невялічкая вёсачка Шасцілы. На высокім беразе рэчкі Шчары раскінулася вёска Маскалі. Паміж Зачэпічамі і вёскай Воля-Крупіцы размяшчалася вёска Руда-Ліпічанская. Гэты лясны край называлі Занёманскім. У Вялікую Айчынную вайну гэтая мясцовасць была партызанскім краем. Жыхарам давялося перажыць многае, у тым ліку і нямецкую блакаду. Пасля вызвалення многія кіраўнічыя пасады ў гэтай мясцовасці займалі былыя партызаны. Напрыклад, партызанам быў старшыня сельсавета, а сакратаром – сын партызана Васько. У хаце маці Васько адкрылі фельчарскі пункт.
З гэтых васьмі вёсак па медыцынскую дапамогу звярталіся на фельчарска-акушэрскі пункт (ФАП), дзе працаваў Іван Барцэвіч і акушэрка. Санітаркай лічылася гаспадыня дома, у якім знаходзіўся ФАП і кватараваў Іван. Плаціў за кватэру сельсавет.
Першую ноч спаў на сене ў гумне, а потым перайшоў у адведзены пакой. Сям’я гаспадыні была добра выхаваная. Адразу пасябраваў з сынамі гаспадыні, дапамагаў рашаць задачы малодшаму – пяцікласніку. Вучыліся пры газоўцы. (Гэты хлопчык потым нават будзе пісаць лісты Івану Барцэвічу ў армію.) Гаспадыня на той час была ўдавой, а некалі яе муж служыў у пана-купца возчыкам, вазіў яго на кірмашы, у тым ліку ў Зэльву.
Івану жылося добра, але няпроста. Харчаваўся самастойна, таму часта гэта было раз на дзень. Вясной і восенню фельчар выязджаў на раён рабіць дзецям прышчэпкі, і тады сталаваўся ў тых гаспадароў, дзе і начаваў. Часцей гэта былі дэпутаты. Бывала, што ўвесь тыдзень даводзілася хадзіць па вёсках. Малады фельчар мусіў прымаць пачастункі ад людзей, бо першы заробак атрымаў толькі ў лістападзе.
З першых дзён працы амаль кожны дзень выклікалі да хворых дзяцей, якія пакутавалі на адзёр. Імунітэт іх быў аслаблены. Многіх даводзілася лячыць пеніцылінам. Заставаўся начаваць у хаце, каб сачыць за хворым. Уколы рабілі на фізіялагічным растворы, а не так, як цяпер, на навакаіне. Рэдка хто падвозіў фельчара. Часцей за ўсё хадзіў пешшу за 2-3 км. Жыхары вёсак ставіліся да фельчара Івана надзвычай добразычліва. Старыя людзі пры сустрэчы кланяліся і прыпадымалі галаўны ўбор. Дарэчы, так віталі і настаўнікаў.
А вось партыйныя работнікі, як згадвае Іван Васільевіч, ставіліся да мясцовай інтэлігенцыі, як да сваіх слуг. Аднойчы фельчар пераканаўся ў гэтым, калі спазніўся на выбарчы ўчастак, бо затрымаўся ў хворага. Калі пачаў тлумачыць прычыну, то незадаволены бюракрат сказаў: “Незаменимых людей у нас нет”.
Жылі ў калгасе вельмі бедна. Зямля была неўраджайная, адзін пясок. Лепш пачувалі сябе тыя вяскоўцы, што мелі дадатковы заробак. Яны працавалі на лесасеках, на падсочцы – атрымлівалі смалу з хвойных дрэў, падразаючы кару; ганялі па Нёмане плыты; амаль усе мужчыны грузілі на баржы спілаваны лес.
Ні трактара, ні аўтамашыны ў калгасе не было. Зямлю апрацоўвалі плугамі. Коні стаялі ў стайнях гаспадароў. Жыта свайго ў калгасе нават не сеялі, а куплялі на рынку. Часцей зерне выкарыстоўвалі для самагону, каб пасля, выручыўшы грошы, зноў купіць жыта на хлеб. У лесе было шмат самагонных апаратаў. Людзі па чарзе вазілі туды брагу. Пра гэта ведаў участковы міліцыянер, але не перашкаджаў, разумеючы сітуацыю…
Спачатку малады фельчар жыў вельмі бедна, вопратку змог купіць не адразу. На першую зіму хлопцу пазычыў кажух бацька хворага дзіцяці, якога Іван Васільевіч хутка вылечыў пры дапамозе пеніцыліну. Праз пэўны час удалося сабраць грошы на веласіпед, і тады абслугоўваць выклікі стала намнога лягчэй. Дапамагалі ў працы вясковыя дэпутаты: праводзілі да хворых, бралі фельчара да сябе на начлег.
Бывалі розныя выпадкі. Шмат разоў удавалася ратаваць людзям жыццё.
Аднойчы ў дварэ працавала конная малацілка, і нага адной з калгасніц трапіла пад рухавік, у выніку – адкрыты пералом касцей голені. Фельчар не разгубіўся. Ён закрыў рану стэрыльным пакетам, налажыў імправізаваныя шыны са штыкецін плоту, зрабіў укол супраць болю, бо ў такім стане хворая магла загінуць ад шоку. Хутка запрэглі каня і разам з фельчарам жанчыну адправілі ў раённую бальніцу. Хірург ухваліў дзеянні Івана Барцэвіча. Хворая выжыла, і нагу таксама ўдалося захаваць.
І такіх выпадкаў за гады працы было шмат. Не хапала лекаў. Фанендаскопы былі драўляныя, у выглядзе трубкі. Танометраў увогуле не было. Дыягназ гіпертанічнай хваробы ставілі па прыкметах – кароткая шыя, поўны твар і інш. Інсульт лячылі крывацёкам – выпускалі да шклянкі крыві. Запаленне лёгкіх лячылі тады сульфідзінам, грып – саліцылавай кіслатой. За два гады працы фельчарам Івану Барцэвічу давялося сустрэць даволі рэдкія хваробы.
Іван Васільевіч згадвае, як аднойчы раніцай пачуў з радыёпрыёмніка пра смерць Сталіна. Вярнуўшыся з візіта ў Галубы, ён прыняў удзел у жалобным мітынгу, нават выступаў. У той жа дзень паехаў у камандзіроўку ў Гродна на сем дзён. Там таксама трапіў на жалобны мітынг, які праходзіў на цэнтральнай плошчы побач з помнікам Сталіну. Цэлы дзень па радыё гучала жалобная музыка, перадавалі выступленні Малянкова і Берыі…
Праз адзінаццаць месяцаў працы Іван атрымаў адпачынак. Калі прыехаў у родныя Падліпцы, то ўбачыў страшную галечу. Да гэтага часу памерла бабуля – яшчэ калі Іван вучыўся ў фельчарскай школе, а ў 1952 г. не стала і бацькі. Дома не было нават хлеба. Хлопец з братамі хадзіў за прадуктамі ў Слуцк, дзе прастойваў доўгія гадзіны ў чарзе…
Восенню Івана прызвалі ў армію. Запакаваўшы рэчы, адправіў іх цягніком дадому. Маці наладзіла хлопцу провады.
Навабранцаў прывезлі ў Свярдлоўск (цяпер Екацярынбург). Некаторых накіравалі ў іншае месца, а Іван трапіў у Ніжні Тагіл. На Урале было вельмі холадна. Мароз даходзіў да 40 градусаў, але пераносіўся лягчэй, чым дома, бо было бязветрана. Здзівіла, што пладовых дрэў на Урале амаль няма. Толькі рабіна вытрымлівае такі моцны мароз. Няма там і такой мурожнай травы, як у Беларусі.
Разам з Іванам служылі беларусы, рускія, украінцы… Іх рыхтавалі на камандзіраў гарматы танка-наводчыка. Падчас службы ў арміі Івану Барцэвічу, як і некаторым іншым медыкам, давялося працаваць у армейскім медпункце. Дарэчы, пасля службы чацвёра так і засталіся там на працы…
У канцы другога года службы салдат атрымаў адпачынак. З’ездзіў да маці ў Падліпцы, дапамог ёй выпісаць лесу на рамонт хаты. Гэта было ў 1956 г. Тады зіма прыйшла вельмі рана, снег выпаў раптоўна, пад ім апынуліся бульба і буракі.
Служыў у арміі Іван Барцэвіч амаль тры гады. Дэмабілізаваўся датэрмінова ў сувязі з паступленнем на вучобу ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на лячэбны факультэт. Старшы ўрач, палкоўнік Фёдараў, запрасіў вечарам да сябе і за гасцінным сталом распавёў, як ён вучыўся, даў добрыя парады, як рыхтавацца да вучобы.
З першага курса медінстытута жыў у інтэрнаце на вул. Ленінградскай, побач з чыгуначным вакзалам у Мінску. Часта ездзіў да мамы ў Падліпцы. Вучыцца на першым курсе было цяжка, але студэнт прыкладваў усе намаганні і скончыў яго паспяхова.
У час летніх канікул выйшаў загад рэктара інстытута ехаць на цалінныя землі. Калона студэнтаў-цаліннікаў прайшла па праспекце Сталіна (сёння праспект Незалежнасці) у Мінску, і студэнтаў адправілі ў дарогу. На гэтым рамантыка скончылася. Ехалі асобным эшалонам у таварных вагонах на шчытах. Спаць было вельмі цвёрда. Некалькі разоў цягнік спыняўся, і студэнтаў кармілі ў вайсковых сталовых. Даехалі да станцыі Рузаеўка Кустанайскай вобласці, а адтуль моладзь адвезлі ў брыгады. Група Івана Барцэвіча апынулася ў 5-й брыгадзе за 20 км ад цэнтра саўгаса. Дарога была прасёлачная, гладкая, як асфальтавая. А вось калі ішоў дождж, то па ёй нельга было ні ехаць, ні ісці. Цікава, што яна мела толькі адзін паварот за 20 км.
Студэнты прыехалі рана, пшаніца яшчэ не саспела. І каб чым-небудзь заняць работнікаў, іх паслалі яе палоць. А пшаніца была надзвычай чыстая! Аднак моладзь увесь дзень да вечара вымушана была хадзіць па полі. Над імі ляталі кукурузнікі, апрацоўваючы поле ядахімікатамі – змагаліся з саранчой, што знішчыла мінулагодні ўраджай. І ніхто не падумаў, што тым самым атручваюць і студэнтаў.
Жылі на полі ў вагончыках. Спалі на матрацах, накрываючыся ватнымі коўдрамі, бо ночы былі даволі халодныя. А калі зусім надышлі халады, то вагончыкі накрылі саломай. Ваду прывозілі на машынах, вылівалі ў цыстэрну з накрыўкай. Ежу на кухні гатавалі студэнткі. Нарыхтоўваў прадукты адзін са студэнтаў, які ездзіў за 200 – 300 км у аулы, купляў на мяса карову ці што іншае. У дні ўборкі абед прывозілі на поле. Гэта была катлета або кавалак мяса з гарнірам, талерка супу і шклянка кампоту. Нядзеля – выхадны. Два разы на месяц вазілі ў лазню.
У першыя дні ўборкі часта прыязджалі раённыя кіраўнікі, якія правяралі якасць абмалоту. А калі ў кастрычніку прайшоў снег з дажджом, то прасілі зжаць пшаніцу як мага хутчэй. Гаворка ўжо ішла не пра якасць, а пра хуткасць.
Іван Барцэвіч працаваў на капакладзе, прычэпленым да камбайна. Дастаткова было націснуць на педаль, і капа саломы выкідвалася на зямлю. Аднак аўтаматыка часта псавалася, і студэнту даводзілася выштурхваць тую капу саломы нагамі, падаць разам з ёю, прыгінаючыся, каб не стукнула па галаве. А потым бегчы даганяць камбайн, на хаду ўскокваць на сваё працоўнае месца. Пазней Івана перавялі на ток.
Ад’езд студэнтаў з цаліны адкладваўся з-за неспрыяльнага надвор’я. Снег і дождж запавольвалі ўборку. Былі праблемы і са звозам саломы з поля… Зарабіў тады Іван 900 рублёў і тры мяшкі пшаніцы, якую потым выдалі ў Слуцку.
І вось нарэшце адпраўка дамоў. На станцыі Рузаеўка правялі мітынг, уручылі ўзнагароды. Іван Барцэвіч атрымаў значок цалінніка і грамату абласнога камітэта камуністычнай партыі. Да Мінска на гэты раз ехалі ў пасажырскіх вагонах. Весяліліся, спявалі песні. Заняткі ў інстытуце пачаліся 8 лістапада.
Пасля другога курса працаваў у эпідэмічным атрадзе на пасадзе памочніка-эпідэміёлага ў раёнах Мінскай вобласці. Рабілі экспрэс-мазкі з крыві даярак. Мазкі прывозілі ў інстытут эпідэміялогіі ў Мінску. На трэцім курсе ўдалося ўладкавацца фельчарам дзіцячага аддзялення 1-й клінічнай бальніцы. Загадчыкам кафедры на той час быў прафесар Лявонаў.
На старшых курсах Іван Васільевіч праходзіў практыку ў розных клініках Мінска. Быў старастам у групе. З другога курса да заканчэння інстытута жыў у інтэрнаце па вул. Чырвонай. Вясной студэнты вытрымалі іспыты па інфекцыйных хваробах, а ў чэрвені здавалі дзяржаўныя іспыты па акушэрстве, педыятрыі, хірургіі і тэрапіі. Быў накіраваны па размеркаванні ва ўчастковую бальніцу на 15 ложкаў у вёску Лебедзева Маладзечанскага раёна.
Атрымаўшы дыплом, наведаў у Падліпцах маці, а 1 жніўня 1963 г. прыступіў да працы. Жыў на кватэры побач з бальніцай. Гаспадыня была сталага веку, набожная, добразычлівая. Маладому ўрачу даводзілася весці прыём і ў амбулаторыі. Дапамагала вопытная акушэрка. Па сем дзён на месяц дзяжурылі па бальніцы – галоўны ўрач, Іван Васільевіч як урач, фельчар і акушэрка. І ў тыя дні кожны з медработнікаў павінен быў знаходзіцца дома на выпадак тэрміновага выкліку. Давялося бачыць розныя выпадкі захворванняў, сярод якіх бывалі і казусныя. Аднойчы на сесіі сельсавета на галаву жанчыны-загадчыцы са сцяны ўпаў партрэт кіраўніка дзяржавы, шкло разбілася на дробныя кавалачкі і амаль усё апынулася ў яе шыкоўнай прычосцы. Добра, што гэта былі ўжо не сталінскія часы. Інакш давялося б несці адказнасць за разбіты партрэт, і ніхто не пашкадаваў бы яе пашкоджаную галаву…
Праз нейкі час па сямейных абставінах Івана Васільевіча перавялі на працу ў Заслаўскую бальніцу Мінскага раёна.
Яшчэ на шостым курсе ён пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай Еўдакіяй Окуневай. Яна вельмі добра танцавала. На ўсё жыццё Іван Васільевіч запомніў той іх першы вальс. Жыла дзяўчына ў Мінску на вуліцы Камсамольскай. Цэлы год сябравалі, ліставаліся, а пасля пабраліся шлюбам. Еўдакія закончыла БДУ, працавала настаўніцай, пасля была на партыйнай рабоце. Пражылі разам 22 гады, выхавалі дачку Алёну. На жаль, жонка заўчасна памерла ў 1986 г., у год аварыі на Чарнобыльскай станцыі.
У 1965 г. Івана Васільевіча Барцэвіча перавялі на працу ў паліклініку Мінскага раёна (размяшчалася на вул. Асіпенкі ў Мінску) на пасаду неўролага. Прайшоў курсы ўдасканалення ўрачоў. Займаўся і грамадскай працай – узначальваў школу ДТСААФ, спяваў у хоры, чытаў лекцыі на медыцынскія тэмы.
З 1972 г., да выхаду на пенсію, і потым некалькі гадоў да 2004 г. працаваў у шпіталі для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах (сёння пасёлак Лясны). Праца ў шпіталі мела сваю спецыфіку, бо кантынгент быў асаблівы – удзельнікі вайны.
Іван Васільевіч часта замяняў загадчыка неўралагічнага аддзялення. Увесь час стараўся павышаць кваліфікацыю. Набываў у магазіне “Медкніга” ўсе апошнія выданні кніг па неўралогіі ды іншых дысцыплінах. Пяць разоў накіроўваўся на курсы павышэння кваліфікацыі, адзін раз быў у інстытуце нейрахірургіі імя Паленава ў Ленінградзе. Асвоіў азы дыягностыкі нейрахірургічных хвароб, нават накіраваў на аперацыі двух чалавек з даволі рэдкім захворваннем – неўранома слыхавога нерва – у інстытут нейрахірургіі, а трох – з пухлінамі галаўнога і спіннога мозгу. Стала лягчэй працаваць у апошнія гады, калі ў бальніцы з’явілася сучасная медыцынская апаратура.
Кіруючыся старажытным лацінскім выразам “Medice, cura te ipsum!” (Доктар, вылечы сябе сам!), Іван Васільевіч заўсёды клапаціўся пра сваё здароўе. Бываў у айчынных і замежных санаторыях – у Ждановічах, Бабруйску, пад Барысавам, на Нарачы, пад Стоўбцамі, у Лётцах пад Віцебскам, у Друскінінкаі, Вільнюсе, Каўнасе, Адлеры, Жалезнаводску, у Лётцах пад Віцебскам і ў іншых.
Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці шпіталя. Нават пэўны час узначальваў Таварыства “За цвярозы лад жыцця”. Быў сябрам таварыскага суда, кантрольнай і атэстацыйнай камісій. Удзельнічаў у хоры шпіталя і раённай паліклінікі. Кожную восень адпраўляўся на гаспадарчыя работы ў калгас. Многія гады Іван Васільевіч быў старшынёй прафсаюзнай арганізацыі шпіталя.
За актыўную працу атрымліваў шмат падзяк і ганаровых грамат. Узнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя”.
Сёлета ў чэрвені шаноўнаму доктару споўнілася 92 гады. Жадаем Івану Васільевічу Барцэвічу добрага здароўя і многая лета!
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.