Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
На поўдні Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, на левым беразе ракі Цна, за 4 км ад яе ўпадзення ў Прыпяць і за 7 км ад чыгуначнай станцыі Лахва, размешчана вёска Кажан-Гарадок.
Упершыню Кажан-Гарадок згадваецца ў 1493 годзе. Аднак, як сведчаць даныя археалагічных раскопак, селішча тут было ўжо ў VI – VII стагоддзі нашай эры. Археолагамі выяўлены тры старажытныя гарадзішчы.
Гісторыкі да гэтага часу не могуць вызначыцца з версіяй паходжання назвы вёскі Кажан-Гарадок.
Вядома, што да 1599 года гэта было сяло Гарадзец. Пазней – Кажан-Гарадзец, а затым Кажан-Гарадзец ужо існуе як мястэчка Кажан-Гарадок. Такая назва, па адной з версій, звязана з промыслам шыцця скураных вырабаў – кожанак, паўшубкаў.
Да 1793 года мястэчка адносілася да Рэчы Паспалітай, а пасля яе падзелу адышло да Расійскай імперыі.
У 1840 – 1850-х гадах жыхары яго змагаліся за вызваленне ад прыгоннай залежнасці і прызнанне права ўласнасці на свае зямельныя надзелы.
З 1919 па 1939 год Кажан-Гарадок быў у саставе Другой Рэчы Паспалітай, пасля чаго ўвайшоў у склад БССР.
12 кастрычніка 1940 года вёска стала цэнтрам сельсавета Лунінецкага раёна. У 2000-я гады Кажан-Гарадок атрымаў афіцыйны статус аграгарадка, дзе цяпер жыве прыкладна 1,5 тысячы чалавек.

Ад цэнтральнай плошчы ў розныя бакі адыходзяць пяць вуліц. У самым цэнтры вёскі знаходзіцца адна з галоўных славутасцей – драўляная царква Святога Мікалая.
У гісторыі гэтага прыхода было дзве Мікалаеўскія царквы. Пра першую, што знаходзілася на месцы могілак, звестак мала. Вядома толькі, што да 1744 года прыход заставаўся праваслаўным, а затым быў ператвораны ва ўніяцкі.
У 1753 годзе царква яшчэ існавала, але пазней была знішчана пажарам, прычына якога невядома. Прастаяла яна не меней за 145 гадоў.
Кажан-Гарадоцкая “Візіта царквы”, напісаная ў 1758 годзе на польскай мове, не называе даты збудавання храма, які існаваў на той час. Указвае толькі, што “царква пад тытулам святога Мікалая … з даўніх часоў збудавана. Да еднасці вернута… У форме крыжа. З дрэва … бляхаю белаю пакрыта і крыж на ёй жалезны. Пад пабочнымі капліцамі і вялікім алтаром дах гонтамі крыты…”
Дакладна адно, што да 1797 года царквы ўжо не было. Тэрмінова неабходна было ўзвесці новую.
Замяняла першапачаткова прыходскі згарэлы храм капліца ў гонар святога Сімяона Стоўпніка, пабудаваная ў другой палове ХVIII стагоддзя як могілкавая царква.
У савецкія гады раённыя ўлады хацелі знесці царкву, але дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў яна захавалася да нашых дзён. А капліца цяпер не дзейнічае.

Другі Свята-Мікалаеўскі храм, куды і сёння прыходзяць вернікі, узводзіўся, паводле запісаў, чатыры гады, з 1814 па 1818 год. Царква будавалася на ўзвышшы, недалёка ад таго месца, дзе стаяла першая, уладкаваная на сродкі памешчыка Шчыта і прыхаджан з найбліжэйшых вёсак.
29 лістапада 1813 года Кажан-Гарадоцкая ўніяцкая царква заключыла кантракт на збудаванне храма з Давыд-Гарадоцкім майстрам Аляксандрам Маліноўскім. Аднак Маліноўскі не скончыў будаўніцтва, кантракт з ім скасаваны 10 мая 1816 года.
Прыкладна праз год падпісаны кантракт з іншымі майстрамі: скончыць будаўніцтва абавязаліся Сымон Канапацкі, “падданы Дзяцелавіцкі”, і Васіль Лістапад, “падданы шляхетных спадароў Юзэфа і Тэклі Шчытоў”, уладальнікаў Кажан-Гарадка, Дрэбска, Цны…
У адпаведнасці з новым кантрактам, прыхаджане павінны былі на перыяд будаўніцтва прызначаць штодня восем работнікаў. Таксама было задзейнічана нямала людзей з іншых прыходаў. Будавалі ўсім светам. Напрыклад, матэрыялы для пакрыцця царквы – “ганталы і брынхталы” (адпаведна тры тысячы коп па 12 грошаў і трыста коп па 3 злоты) – абавязаўся даставіць Давыд-Гарадоцкі яўрэй Борух Іцковіч.

Сымон Канапацкі і Васіль Лістапад, працягваючы будаўніцтва царквы, бліскуча злучылі прыёмы традыцыйнага палескага дойлідства і пышнага барока.
Цяпер цяжка паверыць, што майстры-будаўнікі былі непісьменныя, не маглі ні чытаць, ні пісаць. Нават распісацца не ўмелі. Замест подпісу пад кантрактамі яны ставілі па 3 крыжыкі. І гэтыя людзі стваралі шэдэўры, сапраўдныя цуды дойлідства.
У 1818 годзе будаўніцтва царквы было завершана. Цэнтральны аб’ём храма – васьмігранны, да яго з чатырох бакоў прырублены дзве прамавугольныя прыбудоўкі, апсіда і бабінец.

Свой канчатковы выгляд храм набыў пасля перабудовы ў 1876 годзе, падчас якой з заходняга боку царквы прыбудавана трох’ярусная шатровая званіца з тамбурам.
Званіца ўяўляе сабой двух’яруснае цэнтрычнае збудаванне. Ніжні чатырохгранны ярус зрубны, другі – адкрыты каркасны пад шатровым гонтавым пакрыццём. Ярусы падзелены развітым гонтавым адлівам-карнізам.
Свята-Мікалаеўскі храм з’яўляецца ўзорам класічнага драўлянага дойлідства і менавіта так выглядае ў нашы дні.

Драўляная царква ў імя святога Мікалая ўяўляе сабой буйны шмат’ярусны будынак, які складаецца з пяці зрубаў, пастаўленых па крыжы, і са званіцай над уваходам.
Цэнтр храма – сярэдні зруб з купалам. Ён вылучаецца сваім аб’ёмам, вышынёй і памерамі. Чатыры невялікія вежы з купаламі на астатніх зрубах групуюцца сіметрычна вакол сярэдняга. Пяцікупалле стварае ў прасторы пірамідальную кампазіцыю.
Вонкавая архітэктура традыцыйна простая, з мінімальным выкарыстаннем дэкаратыўных сродкаў – пазалочаныя крыжы на купалах, па-мастацку аформлены пераплёты аконных рам.
Гонтавы шацёр і вальмавыя дахі бабінца і апсіды завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на глухіх гранёных шыйках.
Ашаляваныя сцены ўпрыгожаны аркатурным фрызам і зубчастым карнізам, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Уваход арганізаваны праз нізкі прытвор пад пакатым двухсхільным дахам.
Унутры зала храма перакрыта пірамідальным скляпеннем на ветразях. Бабінец падзелены на два ярусы. Верхні, дзе размешчаны хоры, раскрыты ў залу фігурнай аркай.
Інтэр’ер царквы ўражвае сваім багаццем і прыгажосцю. Тут можна ўбачыць не зусім характэрныя для праваслаўных храмаў шматлікія поліхромныя драўляныя скульптурныя кампазіцыі і разьбу ў стылі ампір, выкананыя народным майстрам-разьбяром па прозвішчы Астапчык.
Мастацкую каштоўнасць мае двух’ярусны пазалочаны іканастас, які захаваўся яшчэ з часоў уніі і выкананы ў тэхніцы накладной разьбы, і алтары.
Цэнтральны алтар выкананы ў выглядзе двух’яруснага порціка і завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля.
Бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены рокайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іанікамі і сухарыкамі капітэлямі. Рэалістычна трактаваны скульптуры Пятра і Паўла, размешчаныя ў першым ярусе цэнтральнага аб’ёму.
Разьбяныя распяцці і фігуры святых, анёлаў і апосталаў цікавыя і непаўторныя.

У царкве захаваліся старажытныя абразы: “Троіца Новазапаветная”, “Архістраціг Міхаіл”, “Благавешчанне” (усе належаць да XVIII ст.), “Нараджэнне Хрыстова” (мяжа XVIII – XIX стст.), “Маці Божая з Дзіцем”, “Святыя Кузьма, Аляксей і Дзям’ян” (абодва XIX ст.).
У храме знаходзіцца ікона святога Мікалая Цудатворца ў разным ківоце, які збудаваны ў 1730 годзе і абноўлены ў 1883-м і 2000-х гадах намаганнямі прыхаджан царквы. Каля абраза святога Мікалая Цудатворца вісіць лампада, падораная святым пакутнікам Мікалаем II у гонар узыходжання яго на Усерасійскі пасад 20 кастрычніка 1894 года, пра што сведчыць гравіроўка на самой лампадзе.
Старажытная драўляная царква знаходзіцца ў дастаткова нядрэнным стане. Адзінае, што выклікае непакой (ва ўсякім разе, з выгляду), дык гэта тое, што вежа з купалам у цэнтральнай частцы храма істотна нахілілася ў бок званіцы.
Увесь гэты час царква стаяла на драўляных палях, але ў 1956 годзе па распараджэнні Міністэрства культуры трэба было адрамантаваць дах царквы і заліць пад ёй падмурак. Рабочыя выцягнулі з-пад царквы апорныя палі, што паспрыяла яшчэ большаму нахілу купалоў.
У 1980-х гадах паверх нахіленай старой падлогі паслалі часовую, каб выраўнаваць царкву знутры і праводзіць службы.
У наш час Свята-Мікалаеўская царква дзейнічае. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры 2-й катэгорыі і ахоўваецца дзяржавай. Унесены ў спіс пазнавальных турыстычных маршрутаў.
Царква не спыняла дзейнасці ні падчас Вялікай Айчыннай вайны, ні пры савецкай уладзе. І ў гэтым вялікая заслуга многіх святароў.
Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца халодная, таму ў 2005 годзе было пачата будаўніцтва новай, што ацяпляецца. Так у Кажан-Гарадку ўзведены храм у гонар велікапакутніка Дзімітрыя Салунскага.
Асвячэнне, якое ўзначаліў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, адбылося 7 лістапада 2006 года. З гэтага дня храм пачалі называць “зімовым”, таму што богаслужэнні здзяйсняюцца ў ім у зімовы перыяд.
Днём прастольнага свята храма з’яўляецца 8 лістапада – дзень памяці велікапакутніка Дзімітрыя Салунскага.

Свята-Мікалаеўская царква ў 2018 годзе адзначыла сваё 200-годдзе. Для жыхароў Кажан-Гарадка гэта была важная гістарычная падзея, што нагадала пра шматвяковую гісторыю мястэчка і культуру прадзедаў.
Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква – унікальны помнік архітэктуры Палесся – адзіны ацалелы праваслаўны храм з рысамі мясцовай школы драўлянага дойлідства пад уплывам стылю барока.
У аграгарадку дзейнічае прыдарожная капліца. Пабудавана яна ў XIX ст. як каталіцкая і стаяла пры дарозе, што вяла да сядзібы памешчыка Шчыта. З самых першых дзён існавання капліцы ў ёй знаходзіўся Жыватворчы Крыж Гасподні.
У 2016 годзе будынак капліцы рэканструяваны, адрэстаўраваны крыж. 25 верасня 2016 года адбылося асвячэнне капліцы ў гонар Жыватворчага Крыжа Гасподняга.

Кажан-Гарадок мае гісторыка-культурную спадчыну, якая з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Помнікі археалогіі – Гарадзішча-1, Гарадзішча-2, Гарадзішча-3.
Гэта ўмацаваныя паселішчы, абнесеныя землянымі валамі. Датуюцца перыядам ранняга жалезнага веку, V ст. да н. э. – VIII ст. н.э.

Кажан-Гарадок славіцца і трыма векавымі дубамі-веліканамі, што з’яўляюцца батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Мясцовыя жыхары аднаго з іх называюць Дубам Міцкевіча. Людзі кажуць, што пад адным з веліканаў адпачываў вядомы паэт Адам Міцкевіч, які прыязджаў у госці да памешчыка Шчыта. Дубу таму больш за 500 гадоў.

Каля вёскі з паўднёвага боку, недалёка ад упадзення Цны ў Прыпяць, ёсць сакральная Відуш-гара вышынёю ў 165 метраў.
Расла яшчэ векавая сэрцападобная ліпа, таксама батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, якой у 1963 годзе нададзены ахоўны статус. У 1983 годзе ўзрост дрэва складаў прыкладна 300 гадоў, вышыня – 40 метраў, дыяметр – 2,8 метра. На жаль, ліпа ўжо страчана.
Са спадчыны ў Кажан-Гарадку не захавалася многае…
Абарончы замак – каменны будынак – разбураны ў 1655 годзе падчас нападу на мястэчка ці то войска цара Аляксея, ці то крымскіх татараў. На месцы замка пасля ўзвялі драўляны палац.
Сядзіба памешчыка Шчыта-Неміровіча – (першая палова XVIII ст.) – драўляны палац з паркам і прыдворным тэатрам. Палац згарэў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Уязная брама ў сядзібу захоўвалася да 1939 года.

Была ў Кажан-Гарадку адна з самых багатых у воласці па сваім убранні і напаўненні сінагога, пабудаваная ў 1880-я гады. У 1942 годзе яе спалілі нямецка-фашысцкія захопнікі.
Існаваў у Кажан-Гарадку і вадзяны млын, што размяшчаўся ў чвэрці мілі ад моста ўніз па рацэ. Працаваў без ляску і змазкі. Абсталяванне, якое ў свой час выпісаў памешчык Шчыт, прывезлі з Варшавы. Будынак млына знесены ў 1970-х гадах, а ў 1980-х выцягнута з ракі вадзяная машына. Яшчэ былі ветраныя млыны. На картах 1910 года ў акрузе Кажан-Гарадка намалявана 7 ветракоў.
Час не стаіць на месцы. Жыццё працягваецца, змяніўся і Кажан-Гарадок. Узніклі новыя будынкі, у людзей з’явіліся новыя справы. Але за сваімі клопатамі і радасцямі мясцовыя жыхары не забываюць пра мінулае.
У вёсцы ўладкаваны тры брацкія магілы. Памяць пра тых, хто змагаўся з фашыстамі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, тут ушаноўваецца свята.
Брацкая магіла партызан Янкевічаў – Антона Фёдаравіча (1900 – 1941) і Пятра Антонавіча (1921 – 1944), якія загінулі ў барацьбе з нямецкімі акупантамі. Помнік устаноўлены ў 1967 годзе.
Брацкая магіла актывістаў падпольшчыкаў С. Андруша, А. Каратыша і невядомага афіцэра савецкай арміі, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў верасні 1941 года.
На будынку сельсавета ў 1967 годзе для ўвекавечання памяці ўраджэнца вёскі, партызана Пятра Антонавіча Янкевіча, які загінуў 18 сакавіка 1944 года падчас разгрому нямецка-фашысцкага гарнізона ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна, устаноўлена мемарыяльная дошка.
На ўскраіне вёскі каля яўрэйскіх могілак, сярод вечназялёных соснаў знаходзіцца брацкая магіла масава расстраляных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. (3 верасня 1942 года фашысты знішчылі вязняў яўрэйскага гета.)У 1971 годзе ўстаноўлена стэла з надпісам: “Тут у 1942 годзе па-зверску расстраляна нямецкімі фашыстамі 937 савецкіх грамадзян”. У 1993 годзе помнік рэканструявалі.

Для ўвекавечання памяці савецкіх воінаў і партызан (161 чалавек), якія жылі на тэрыторыі сельсавета і загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у цэнтры вёскі ўстаноўлены помнік землякам – скульптура воіна.

Яшчэ адна славутасць аграгарадка – буслы, якія аблюбавалі гэтыя мясціны. Школьнікі аднойчы праводзілі даследаванне і налічылі тут 49 (!) жылых гнёздаў. А паколькі ў кожным з іх жыве пара буслоў і выводзіць ад аднаго да трох птушанят, то гэта – сапраўдны “бусліны” край.
І ўсё ж сапраўднай візітнай карткай Кажан-Гарадка лічаць Свята-Мікалаеўскую царкву.
Праз Кажан-Гарадок праходзяць аўтобусныя, веласіпедныя і іншыя турыстычныя маршруты.
У аграгарадку арганізоўваюцца святы і народныя гулянні, якія дапамагаюць гасцям пазнаёміцца з мясцовымі звычаямі і каларытам.
Той, хто прыязджае сюды ў якасці турыста, абавязкова наведвае самую галоўную славутасць Кажан-Гарадка – храм у гонар святога Мікалая, каб памаліцца, падзякаваць Богу за жыццё, паставіць свечку за памерлых. А таксама папрасіць здароўя, міру і дабра для родных і блізкіх людзей.
Храм у гонар святога Мікалая Цудатворца цяпер на рамонце. Пройдзе яшчэ колькі часу і ўнікальны помнік архітэктуры Палесся заззяе новымі фарбамі, парадуе роўнымі купаламі, адорыць вернікаў, гасцей і турыстаў Кажан-Гарадка сваім духоўным святлом.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Літаратура
Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С.231.
Крыніцы
- http://luninets.ortox.by
- http://luninets.museum.by
- https://kazhan-haradok.cerkov.ru
- https://vetliva.ru
- https://vedaj.by
- http://ru. belarus.travel
- https://sobory.ru
- https://www. sb.by
- https://archivarta.by
- http://ekousadba.blogspot.com
- https://www.tutejszy.ru
- https://www.radzima.org
- https://globystut.by
- https://www.holiday.by
- https://zviazda.by