“Жыццё паказала запатрабаванасць ведання ўласнага радаводу…” : з сямейнага летапісу Ларысы Глебавай (працяг)

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

РАЗВАРОТ НА 180 ГРАДУСАЎ

 У той час Яўгену Глебаву жылося вельмі няпроста. Юрыдычна ён быў у шлюбе, але адносіны з жонкай не складваліся. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, скажу толькі, што яна тады здзейсніла ўчынак, наступствы якога закрывалі Яўгену магчымасць працаваць у любімай прафесіі кампазітара, якая так нялёгка яму далася. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што такія ўчынкі практыкаваліся тады: многія жанчыны пісалі лісты на сваіх мужоў у прафкамы, парткамы, мясцовыя камітэты. Яна напісала ў Саюз кампазітараў, маўляў, муж жадае ператварыць яе ў хатнюю прыслужніцу і інш.

Яўген Глебаў. 1960-я гг.

Калегі, трэба сказаць, вельмі ўзрадаваліся гэтаму пасквілю і з задавальненнем неадкладна выгналі Яўгена з творчага саюза. Вось яго фраза таго перыяду: “Я – несаюзная моладзь”. Вывеўшы Яўгена з Саюза кампазітараў, калегі (а гэта былі і кампазітары, і музыказнаўцы) сталі бегаць па тэатрах, філармоніі, кінастудыі – па ўсіх тых арганізацыях, з якімі Глебаў быў тады ў дагаворна-творчых адносінах. Яны ўсяляк пераконвалі скасаваць гэтыя дамовы з Яўгенам Глебавым як з чалавекам, які не з’яўляецца больш сябрам творчага саюза, а значыць, не з’яўляецца і кампазітарам.

Але бяда іх была ў тым, што ўжо да таго часу Глебаў зарэкамендаваў сябе як адказны, надзейны і вельмі таленавіты кампазітар, з якім ахвотна працавалі і тэатры, і філармонія, і кінастудыя. У той час ён працаваў яшчэ і музычным кіраўніком Тэатра юнага гледача, ТЮГа, і туды, да галоўнага рэжысёра Мазалеўскай Любові Іванаўны, завітаў адзін з “ганцоў” ад Саюза кампазітараў БССР, нехта Ісідар Нісневіч, з патрабаваннем звольніць Глебава з тэатра. Але трэба было ведаць характар тых, да каго тады прыходзілі “ганцы”. Гэта былі Асобы. Таму Любоў Іванаўна выслухала і сказала літаральна наступнае:

“Гэта вас ён не задавальняе. Нас ён вельмі нават задавальняе”. Вядомы кінарэжысёр Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін на падобнае патрабаванне раз’юшыўся: “Вы каму гэта ўказваеце? Вы мне ўказваеце? Вооон!” Ну, і астатнія зрабілі тое ж самае. Без працы Яўген не застаўся, а вось жонка дабілася выніку, зусім супрацьлеглага чаканаму. Адносін не стала зусім. Жыла то ў сваіх бацькоў, то прыходзіла ў іх агульную кватэру разам з маленькім Сярожам, іх сынам, каб падражніць тату, які хлопчыка вельмі любіў. Аднак разводу не давала некалькі гадоў. Калі зацяжарыла ад іншага чалавека, развод адбыўся.

Да таго часу Яўген Аляксандравіч ужо атрымаў іншую кватэру, пакінуўшы сваёй былой усё, акрамя раяля і магнітафона, таму што купіць іх тады было нерэальна.

Яўген Глебаў. Партытура ронда для скрыпкі з аркестрам.

Праз год пасля выключэння Яўгена аднавілі ў Саюзе кампазітараў: нягледзячы на ўсе намаганні калег, ён па-ранейшаму быў загружаны заказамі і працаваў, працаваў як апантаны. Так прайшло чатыры гады. Увесь гэты час мы сустракаліся, і я змагла вельмі добра яго зразумець. Галоўнае для Яўгена была праца. Усё астатняе – другараднае. І я, якая заўсёды марыла вучыцца на журфаку, вельмі хутка зразумела, што паступаць мне трэба не на журфак, а на юрыдычны факультэт, каб умець граматна і паспяхова дапамагаць яму. Ён быў быццам з іншага свету, дрэнна арыентаваўся ў прасторы, настолькі, што ўсё наша наступнае жыццё мне даводзілася фізічна суправаджаць яго, нават і за мяжу.

Яўген рабіў істотныя жыццёвыя промахі, у тым ліку тыя, што былі непасрэдна звязаны з яго працай. Гэта і не валоданне сітуацыяй у рознага кшталту дагаворна-прававых адносінах, і ў ахове аўтарскіх правоў, і інш. Словам, ва ўсім тым, што ў канчатковым выніку вяло да атрымання ўзнагароджання за працу. Трэба аддаць яму належнае, ён вельмі хутка зразумеў, што мне давяраць можна, і я старалася. А калі перайшла на чацвёрты курс юрфака Белдзяржуніверсітэта (тады чацвёрты быў у нас апошнім курсам навучання), узнікла небяспека быць размеркаванай на працу не ў Мінск.

І тады я заявіла Яўгену: “Дваццаць тры – замуж пры!” Ён пачухаў патыліцу і сказаў: “Ну, пры дык пры”. І 13 ліпеня 1965 гады мы пажаніліся. Ціха ў бацькоўскай кватэры справілі сціплае вяселле. А праз год у нас нарадзіўся сын Радзівон, адзіны і непаўторны. Я пачала працаваць у адвакатуры, дзе набыла такі прафесійны і жыццёвы досвед, які не раз спатрэбіўся ў нашым жыцці. Потым паступіла ў аспірантуру, а пасля заканчэння стала выкладаць на юрыдычным факультэце Белдзяржуніверсітэта.

Павінна сказаць, што кафедра грамадзянскага права, дзе я працавала больш за 30 гадоў, не стала для мяне месцам прыцягальным. Калегі хутчэй не разумелі мяне, чым прымалі за сваю, нягледзячы на мае намаганні быць як усе. Спрацоўваў стэрэатып, асновай якога быў мой склад думак, падача матэрыялу і аддаленасць ад унутраных спраў кафедры: кар’ерны рост мяне не цікавіў ніколі, гэта было несумяшчальна ў тых абставінах. Я цалкам належала сыну, мужу і іх інтарэсам. Побач са мной быў чалавек, пазіцыя Асобы якога прадпісвала быць для яго, а не для сябе.

Ларыса Глебава (першая справа) пад час пасяджэння кафедры БДУ. 1990-я гг.

Трэба адзначыць, што пры гэтым усё, што трэба было выконваць, каб адпавядаць займаемай пасадзе, я рабіла: пісала навуковыя артыкулы, падручнікі, займалася праблемамі аўтарскага права. Гэта было блізкае мне. За ўсе 30 гадоў я не сышла з кафедры толькі з-за студэнтаў. Мне даспадобы былі зносіны з імі: гэты бок сваёй працы я любіла. Са студэнтамі ў мяне заўсёды былі агульная мова і добрыя адносіны, без панібрацтва, паважлівыя як з іх боку, так і з майго. І не раз мае былыя студэнты, а многія з іх цяпер пенсіянеры са стажам, прафесійна, граматна і годна дапамагалі і мне, і Радзівону, і многім нашым сябрам. Я да гэтага часу падтрымліваю з імі добрыя адносіны і вельмі гэтым даражу.

Такім чынам, амаль сорак гадоў маё ўласнае жыццё побач з Яўгенам Аляксандравічам, як цяпер я разумею, выконвала ролю спадарожніка вялікай планеты, які тым не менш шмат у чым вызначае яе каардынаты ў свеце зорак і не дазваляе адхіліцца ад зададзенай арбіты. Успамінаю такі эпізод. Некалі на нейкае пытанне Васіля Уладзіміравіча Быкава Яўген Аляксандравіч адказаў: “Ты ж ведаеш, Васіль, я ўсімі гэтымі пытаннямі не займаюся. Гэта ўсё Лора”. Вось тады Васіль і кінуў: “Здаецца, што і музыку яна за цябе піша”. Музыку я не пісала, а вось побач з яго музыкай была, і не толькі фізічна, але і творча. Калі ён пераканаўся, што я “валодаю пяром”, запрасіў мяне да супрацоўніцтва.

Васіль Быкаў (злева) і Яўген Глебаў вяртаюцца пасля пасяджэння дэпутатаў Вярхоўнага савета БССР. Плошча Леніна. Мінск. 1984 г.

Я пачала пісаць лібрэта для твораў Глебава, пры гэтым не прэтэндуючы на ўказанне аўтарства, паколькі ў тыя часы пры такой пільнай увазе да яго персоны гэта выклікала б чарговыя нападкі яшчэ і з пункту гледжання нейкай “сямейнасці” ў творчасці. Тады гэта ў нас, у БССР, зусім не заахвочвалася. Пісала я, а на афішах прозвішчы былі іншыя. Ці закранала гэта маё самалюбства? Не. Я надта добра разумела параметры грамадства, у якім мы жылі. І для мяне галоўным быў вынік. І толькі ў Вялікім тэатры ў Маскве, дзе ўсім было глыбока абыякава, хто аўтар лібрэта, на афішы “Маленькага прынца” ўпершыню было пазначана маё імя. Праўда, побач стаяла таксама імя балетмайстра спектакля Генрыха Маёрава. Чаму? Ды таму, што ў 1984 годзе ў СССР балетмайстар яшчэ не меў права на атрыманне аўтарскіх адлічэнняў за пракат спектакля, а аўтар лібрэта меў. Вось я і падзялілася з Генрыхам.

Калі ішлі перамовы пра пастаноўку на сцэне Крамлёўскага Палаца з’ездаў балета “Маленькі прынц”, у Вялікім тэатры мы сустрэліся з Юрыем Мікалаевічам Грыгаровічам, тагачасным галоўным балетмайстрам. Даведаўшыся, што я як юрыст займаюся пытаннямі аўтарскага права, Юрый Мікалаевіч пачаў настойваць, каб я прафесійна занялася менавіта аўтарскімі правамі балетмайстраў. Прыйшлося яго ўзрадаваць, што дысертацыю на гэтую тэму ўжо напісала мая добрая знаёмая з Масквы Бэла Кайтмазава, і хутка адбудзецца абарона. А праз нейкі час было ўзаконена і атрыманне балетмайстрамі аўтарскіх адлічэнняў.

Адажыа “Прынц і Ружа” з балета Яўгена Глебава “Маленькі прынц”. Хельсінкі. 1981 г.

…З некаторых пор Яўген Аляксандравіч стаў вельмі пераборлівы ў выбары тэмы будучага балета, аперэты ці оперы. Гэта адбылося пасля шэрагу няўдач – з операй “Твая вясна” і аперэтай “Прытча пра спадкаемцаў”, лібрэта для якіх былі напісаны нашымі беларускімі літаратарамі, але сцэнічнае і драматургічнае развіццё ў творах было вельмі слабае. Гэта шмат у чым тлумачыцца тым савецкім часам, які дыктаваў у драматургіі толькі “барацьбу добрага з лепшым”. Але часы мяняліся, і Глебаў стаў пісаць на правераныя часам тэмы класічнай літаратуры.

Так з’явіўся балет “Альпійская балада” паводле аповесці Васіля Быкава, які атрымаў прэмію на Усесаюзным конкурсе, прысвечаным 20-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пасля балет “Абранніца” паводле паэм Янкі Купалы, які быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Праўда, калі Яўген Глебаў захацеў пісаць балет “Тыль Уленшпігель” па творы бельгійца Шарля дэ Кастэра, з’явілася вялікае супраціўленне чыноўніцтва ад мастацтва. Галоўным было пытанне: “Чаму ў Беларусі “Тыль”? Прыйшлося пабываць на прыёме ў Першага сакратара ЦК КПБ Пятра Міронавіча Машэрава, чалавека выдатнага, які прайшоў вайну і спазнаў “па чым фунт ліха” на сваім уласным прыкладзе, вельмі чулага і спагадлівага, які з павагай адносіўся да імкненняў беларускіх творчых асоб. Ён і дазволіў пісаць па творы бельгійца. А вось пазней, калі Яўген Аляксандравіч загаварыў з ім пра сваю мару напісаць твор па рамане Булгакава “Майстар і Маргарыта”, Пётр Міронавіч усміхнуўся сваёй абаяльна мяккай усмешкай і вымавіў: “Ранавата. Пакуль нам з вамі гэтага не дазволяць”. Значыць, чытаў, значыць, ведаў і разумеў, пра што гаворыць. Вось такім быў Пётр Міронавіч Машэраў.

Але час ішоў, і гэты раман усё больш захопліваў уяўленне і творчы парыў кампазітара, тым больш што да таго часу мы ўжо прачыталі яго поўную рэдакцыю, і тэма гэта не давала Яўгену спакою. Час быў ліхі – канец 1980-х. Пустыя паліцы, але вялікія спадзяванні. І ён стаў шукаць лібрэтыста. Іх было трое, з Масквы і Ленінграда. Яны прыязджалі, дасылалі свае лібрэта. Але тое, як яны бачылі гэтую магутную вечную тэму, што ставілі на першае месца і на чым акцэнтавалі ўвагу, Глебава не задавальняла.

Схема склалася ў яго галаве дзякуючы нашым сустрэчам і бясконцым размовам з сябрамі – філосафам, акадэмікам РАН Вячаславам Сямёнавічам Сцёпіным, дырыжорам Аляксандрам Міхайлавічам Анісімавым, рэжысёрамі, музыкантамі, а таксама са студэнтамі Глебава, якія часам таксама бралі ўдзел у такіх спрэчках. І вось тады ён сказаў: “Усё. Садзішся і пішаш”. І я засела. Было страшнавата, паколькі падобнай справай я раней не займалася, бо адна справа напісаць лібрэта балета, і зусім іншае – оперы, дзе павінен быць тэкст, які будзе пакладзены на музыку і які стануць прамаўляць-спяваць персаналіі.

Але я адчувала захопленасць Яўгена Аляксандравіча жаданнем пісаць, увасобіць гэтую тэму ў музыцы. Кожная напісаная мною сцэна падвяргалася крытыцы, “вівісекцыі” і дапрацоўцы. І толькі пасля ўсеагульнай згоды бралася ім у работу.

Яўген Глебаў і харэограф спектакля “Курган” Генрых Маёраў у дзень прэм’еры. 1982 г.

…Мы жылі ў Доме творчасці Саюза кампазітараў СССР у Юрмале. Умовы выдатныя: вялікі нумар-люкс, выдатны інструмент, у кожнага свой кабінет. Вось калі я адчула, што такое “і творчасць, і цудатворства”. Праца ішла як ніколі зладжана і гарманічна: усё даўно было разжавана і зразумела, спрэчкі скончыліся, заставалася толькі пісаць. І мы гэта зрабілі. Ішоў 1989-ы год. Яўгену Аляксандравічу споўнілася 60.

Але час і абставіны вакол не прадвяшчалі нічога добрага. Ішоў нястрымны развал СССР і ўсяго, што звязана з ім, – ідэалогіі, звыкла-накатанай стабільнасці, і ніхто не мог сабе ўявіць, што будзе заўтра.

У такі час Яўген Глебаў засеў за партытуру. Яму хацелася абстрагавацца, адысці ад штодзённасці, ад таго бязмежжа, што разгортвалася вакол. Яму дапамагала праца. Але калі скончыў і пайшлі кансультацыі з тэатрам, – пачалося… Не стану паглыбляцца ў дэталі, скажу толькі, што час для пастаноўкі такога кшталту спектакля быў не самы прыдатны. Агульнай мовы з рэжысёрам ён не знайшоў.

Заставаўся сам-насам са сваімі ўяўленнямі пра спектакль, і калі тое, што ўбачыў на сцэне, шмат у чым не супала, захварэў. Прэм’ера адбылася ў 1992 годзе на фоне ўсіх тых з’яў, якія спадарожнічалі развалу. У давяршэнне, у 1996-м спектаклі Яўгена Глебава, якія на працягу 35 гадоў, змяняючы адзін аднаго, знаходзіліся ў рэпертуары нашага опернага, былі зняты.

Яўген Аляксандравіч быў у шпіталі, калі прыйшла гэтая вестка, і ў той жа дзень трапіў у рэанімацыю. Інсульт. Калі я яго там убачыла, стрэс быў такі, што я перастала чуць. Я аглухла. Радзівон адвёз мяне на працу, але прымаць экзамен я не змагла: не чула адказаў студэнтаў. Мяне тэрмінова забралі ў сурдалагічны дыспансер і адправілі ў баракамеру. Слых аднавіўся не цалкам. Я і цяпер дрэнна чую. Яўген Аляксандравіч пасля інсульту доўга аднаўляўся, а праз паўгода нават пайшоў на працу да студэнтаў.

Аднак моцна пачалі балець вочы: псаваўся зрок. Яго застарэлая глаўкома ў поўную сілу нагадвала пра сябе на фоне інсульту. Трэба было ратаваць вочы. На жаль, дзве аперацыі, якія яму зрабілі на абодвух вачах, прывялі да таго, што зрок ён страціў амаль цалкам. І вось гэта быў кашмар. Працаваць больш не мог, ён нічога не мог рабіць! Днямі сядзеў у крэсле з нашым любімцам катом Малышом, часцяком зусім адзін. Я прыбягала, каб пакарміць яго, а потым бегла зноў – на іншую працу, таму што пражыць на нашы тагачасныя жабрацкія заробкі, ды яшчэ і пры пустых паліцах крам, было цяжка – даводзілася круціцца.

Яўген Аляксандравіч згасаў. Павольна, але дакладна. Другі інсульт напаткаў яго, калі я была ў камандзіроўцы ў Маскве. Ад яго ён ужо не акрыяў. Яўгена Аляксандравіча Глебава не стала 12 студзеня 2000 года. Ён пражыў 70 год, з іх роўна 50 год у Мінску. І гэтае паўстагоддзе было аддадзена музыцы.

 МІТРАПАЛІТ ФІЛАРЭТ

…Калі мы толькі прыступалі да напісання “Майстра і Маргарыты”, Яўген Аляксандравіч прапанаваў схадзіць да нашага мітрапаліта Філарэта (свецкае імя – Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў). За благаславеннем. Ён ставіўся да ўладыкі з вялікім піетэтам. Значную ролю ў гэтым адыгрывала і тое, што ў кансерваторыі Яўген засвойваў асновы тэорыі музыкі па падручніку “Элементарная тэорыя музыкі”, аўтарам якога з’яўляецца бацька мітрапаліта, Варфаламей Аляксандравіч Вахрамееў. А калі прыязджаў наш добры сябар Уладзімір Малчанаў, вядомы тэлевядучы і аўтар непараўнальнай перадачы “До и после полуночи”, ён расказваў, што бацька яго, Кірыл Малчанаў, кампазітар, з якім мы таксама былі ў добрых адносінах, у музычнай школе пры маскоўскай кансерваторыі вучыўся ў самога Вахрамеева. Валодзя рабіў сюжэт з уладыкам для сваёй перадачы і быў у захапленні ад Асобы мітрапаліта Філарэта. Уладыка бываў у філармоніі на канцэртах Яўгена Аляксандравіча, гаварыў пра яго з вялікай цеплынёй і заўсёды перадаваў прывітанні.

На апошнім канцэрце Яўгена Глебава ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Злева направа: Ларыса Глебава, мітрапаліт Філарэт, Яўген Глебаў. 1998 г.

У 1994-м годзе ўладыка Філарэт запрасіў мяне на сустрэчу і прапанаваў супрацоўніцтва. Не магу сказаць, што тады я была дастаткова падрыхтаваным чалавекам, каб вось так проста ўзяць і адужаць прапанаваную ім тэму аб прававым аспекце ўзаемаадносін Царквы і Дзяржавы. Гэта быў час, калі Праваслаўе, як і іншыя традыцыйныя канфесіі, павольна, але правільна знаходзілі сваю нішу ў грамадскіх адносінах і ўваходзілі ў сэрцы і душы грамадзян Беларусі. Але дакладнага і рознабаковага ўрэгулявання ўзаемін Царквы і Дзяржавы не было. Неабходна было на заканадаўчым узроўні замацаваць прынцыпы і меры па іх урэгуляванні.

Я падрыхтавала Канцэпцыю ўзаемаадносін Праваслаўнай Царквы і Дзяржавы, палажэнні якой паслужылі ў далейшым асновай для заключэння шэрагу дагавораў аб супрацоўніцтве розных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі з БПЦ.

За гэтымі сухімі радкамі не гучыць галоўнае. Зносіны з такімі вялікімі людзьмі, якім быў мітрапаліт Філарэт, нельга адносіць да звычайнага і шараговага. Гэта – выключэнне з правілаў, гэта – падарунак звыш. У першую чаргу, як пісаў Антуан дэ Сэнт-Экзюперы, гэта – “радасць зносін чалавечых”, радасць асветы і спасціжэння, прыклад таго, як Асоба ўмее ладзіць зносіны з вялікімі свету гэтага і з простымі смяротнымі, размаўляць на мове свайго візаві, не губляючы сваёй перавагі і не прыніжаючы суразмоўцы.

Кожная сустрэча з уладыкам Філарэтам была для мяне святам. Размовы з уладыкам надавалі наймацнейшы імпульс перавазе аптымізму над песімізмам, які мімаволі прарываўся ў найцяжэйшыя пасля развалу Саюза часы, іншы раз мяжуючы з засмучэннем.

Прычым, не толькі для мяне як адзінкі грамадства. Усе, з кім даводзілася размаўляць пра Асобу мітрапаліта Філарэта, згодны са мной. Варта прыняць да ўвагі ўсе дасягненні, якія адбыліся за перыяд праўлення ўладыкі, адзначыўшы, перш за ўсё, спакойны, гарманічны, ненавязлівы, але няўхільны працэс увядзення афіцыйных структур у розныя ўзаеміны з Праваслаўнай Царквой, што азначала поўны давер і прыняцце яе пастулатаў, якія дапамагаюць у многіх сферах нашай грамадзянскай супольнасці.

На будаўніцтве Дома міласэрнасці. У цэнтры – айцец Уладзімір і Ларыса Глебава (справа). 1998 г.

Грандыёзнае будаўніцтва і аднаўленне цэркваў па ўсёй тэрыторыі Беларусі, устанаўленне паўнавартаснага манастырскага жыцця, стварэнне праваслаўных навучальных устаноў і, перш за ўсё, Багаслоўскага Інстытута, які пазней увайшоў у Белдзяржуніверсітэт…

Уладыка валодаў незвычайным талентам знаходжання і прыцягнення да супрацоўніцтва тых асоб, якія здольныя выканаць неабходнае, – цяпер, сёння, або ў агляднай перспектыве. Гэта вялікі Дар і вялікае шчасце для Беларусі, што ў тыя цяжкія гады станаўлення нашай дзяржаўнасці мы былі з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам.

Патрыярх Алексій ІІ узнагароджвае Ларысу Васільеўну Глебаву ордэнам Сергія Раданежскага. Мінск. 1996 г.

ПАЛОМНІЦТВА

У 1998 годзе быў арганізаваны першы паломніцкі тур на Святую Зямлю, і, вядома ж, я была ў саставе групы. Трэба сказаць, састаў быў вельмі розны, што не раз прыводзіла там, у Ізраілі, да ўсялякага роду “эксцэсаў”, гаворачы юрыдычным тэрмінам. Але, нягледзячы на непаразуменні, паездка была казачнай. Для мяне. Я ўбачыла на свае вочы тое, пра што чытала, чула і марыла бачыць. І кожны вечар у гасцініцы Горненскага манастыра я старанна запісвала свае ўражанні пра ўсе падзеі, пра ўсё, што давялося ўбачыць за дзень. Сцісла, але пра ўсё. І зусім нядаўна, прыводзячы ў парадак чарговы аб’ект хатняга архіва, наткнулася на гэтыя свае нататкі, і яны прымусілі мяне зноў акунуцца ў тыя незабыўныя сем дзён…

22 сакавіка 1998 года. Мінск, нядзеля, раніца. Група паломнікаў, якая адпраўляецца на Святую Зямлю, збіраецца на Кастрычніцкай плошчы. Мароз – 10 °. Хрумсціць сняжок пад нагамі. Зябкавата. На месца збору ўсе пад’ехалі на рэдкасць хутка і своечасова. Вылецелі дакладна па раскладзе, і праз тры гадзіны мы – у 20-градусным аазісе міжнароднага аэрапорта імя Бэн-Гурыёна ў Тэль-Авіве.

Нашу першую групу паломнікаў з Беларусі сустракаў пасол Генадзь Міхайлавіч Лавіцкі “са таварышамі”. Цяпло, сонца, зялёныя дрэвы. Умоўна ўсходні каларыт. Усё даволі па-еўрапейску. Нас хутка выпусцілі з самалёта і неўзабаве мы пагрузіліся ў мяккія ложы аўтобуса.

Дарога ў Іерусалім. Ландшафт зусім не наш – фінікавыя пальмы, вечназялёныя дрэвы маслін, абрыкосы, чарэшні, вінаграднікі, зялёныя, акуратна расчэрчаныя палоскі сельскагаспадарчых пасеваў.

У Іерусалім прыехалі за гадзіну з лішнім і адразу – у Горні манастыр. Размясціліся ў новай манастырскай гасцініцы, жанчыны на першым паверсе, мужчыны – на другім. У пакоі – 2 ложкі, стол, 2 крэслы, вешалка, шырокі падаконнік, абраз. Сціпла. Утульна. Міла. Па калідоры – туалетныя пакоі і кухня.

Пайшлі аглядаць тэрыторыю Горняга манастыра. Гэта тое самае месца, дзе Прасвятая Дзева сустрэлася са сваёй сваячкай, праведнай Лізаветай, неўзабаве пасля радаснага Благавешчання. На месцы іх сустрэчы пачала струменіць цудоўная крыніца, у якой найчысцейшая вада і дагэтуль набіраецца да пэўнай вышыні і стаіць, як у калодзежы, на адным узроўні.

Рускі Горні манастыр сваім узнікненнем абавязаны першаму начальніку Рускай духоўнай місіі ў Палесціне (канец XIX ст.), архімандрыту Антаніну (Капусціну), які як падзвіжнік самазабыўна працаваў на гэтай Святой Зямлі.

Да невялікага надзелу зямлі, набытага некалі архімандрытам Антанінам, неўзабаве дадаліся яшчэ і яшчэ. Так утварыўся і гэты манастыр. У сярэдзіне ХХ стагоддзя пад час вайны насельніцы разбегліся. Горні, як і іншыя “рускія землі”, адышоў да Ізраіля, манастыр апусцеў. Прайшло не так шмат часу, і цяпер манастыр існуе зноў. Кіруе ім ігумення Георгія, тут жывуць 60 насельніц. Гэта па цяперашніх часах нямала. Свая гаспадарка. Свая гасцініца. Будуюць. Рэстаўруюць. Пасля размовы з ігуменняй застаецца ўражанне, што насельніцы рыхтуюцца да нечага. Верагодна, да вельмі значнага…

А 6-й гадзіне вечара – малебен. На службе – і наш архімандрыт Феадосій. Радасна. Урачыста. Прыналежна.

23 сакавіка, панядзелак. Пад’ём а 5-й раніцы.    Сняданак – а 6-й, у 6-30 – выезд па маршруце. Першы прыпынак – каля Храма Труны Гасподняй (Храм Уваскрэсення Хрыстовага). Камень Памазання. Галгофа. Кувуклія (каплічка з жоўта-ружовага мармуру, узведзеная ў пачатку IV стагоддзя над грабніцай, у цэнтры Ратонды храма).

Храм Уваскрэсення Хрыстовага – грэчаскі праваслаўны храм. Па тэрыторыі Вялікага Храма размясціліся прыдзелы – каталіцкі, копцкі, армянскі… Насупраць Кувукліі, пры ўваходзе ў грэчаскі храм, размешчаны так званы Пуп Зямлі. Пры ўваходзе ў храм злева – калона, што трэснула ад Нябеснага Агню з-за выгнання знутры праваслаўных аднойчы на Вялікдзень.

Толькі і выключна на праваслаўны Вялікдзень у грэчаскай Кувукліі ўзнікае Самазагаральны Жыватворны агонь, як Перст Божы, які паказвае ўсім, хто сумняваецца, што азначае сапраўдная вера.

У адзін з дзён нашага паломніцтва мы пабывалі на гары Фавор, і там нам распавялі пра Другі цуд. Фавор – гэта месца, дзе Збавіцель на вачах сваіх набліжаных змяніўся і прадстаў у бліскучым белым адзенні. На тым месцы ўзведзены праваслаўны Храм Праабражэння Гасподняга. І толькі на дзень Праабражэння, толькі над гэтым праваслаўным храмам, нягледзячы на тое, што зусім побач ёсць каталіцкі і армянскі храмы, у пэўны час дня з’яўляецца воблачка, якое павольна апускаецца па контуры храма да зямлі. І тады людзі, якія выходзяць пасля царкоўнай службы з храма, адчуваюць на сабе Божую благадаць. Гэта – Другое сведчанне радасці Праваслаўя.

Але вернемся ў Храм Труны Гасподняй. Гэта не звычайны ў нашым разуменні Храм. Гэты Храм – сведчанне Страсцей Гасподніх. Ён умяшчае ў сябе некалькі святынь – Грабніцу Збавіцеля (Кувуклію), Галгофу, Храм Уваскрэсення, Камень Памазання, Крыж Гасподні, Здабыццё Крыжа і да т.п. Яго сутнасць спасцігнуць адразу немагчыма. Можа таму ў перадапошні дзень мы зноў наведалі гэты Храм, дзе спавядаліся, прычашчаліся, маліліся на літургіі, дзе грэчаскія і рускія праваслаўныя святары з Рускай духоўнай місіі і наш архімандрыт Феадосій разам, узгоднена, служылі Госпаду Ісусу Хрысту. На самой Труне Гасподняй у Кувукліі я запаліла тры свечкі з лампадкі. Малілася за здароўе ўсіх маіх родных.

У рэзідэнцыі Іерусалімскага Патрыярха Дыядора нас прымаў уладыка Васіль. (Патрыярх у ад’ездзе.) Падораны мной абразок Багародзіцы (разьба на мармуры) яму спадабаўся, ён яго пацалаваў і нешта сказаў па-свойму (блаславі, Госпадзі, невядомага рускага мастака, які стварыў гэтую выдатную мініяцюру).

У Рускай духоўнай місіі нас прымаў архімандрыт Феадосій, кіраўнік яе ў Іерусаліме. Гутарыў з нашым беларускім архімандрытам Феадосіем.

Месца, дзе размешчана Руская духоўнай місія, – гэта цэнтр Іерусаліма. Побач, на пляцы, – храм Святой Тройцы. Нас туды не запрасілі, а самі мы не адважыліся. Справа ад яго – Іерусалімская мэрыя. Непадалёк – пальмавы сквер, дзе кожная пальма ад кораня падсвечана. Прыгажосць!

Крыжовы шлях Хрыста (Via Dolorosa) – гэта ўжо арабская тэрыторыя ў Іерусаліме – вузенькія вулачкі з бясконцымі сувенірнымі крамкамі. Усе крыжовыя прыпынкі Збавіцеля адзначаны на гэтым шляху. Адзін з іх – сустрэча з Веранікай, якая абцерла твар Ісуса, з-за чаго на палатне застаўся Лік Яго – Спас Нерукатворны.

Храм Святой Марыі Магдаліны (Гефсіманія). Непадалёк Грабніца Божай Маці, над якой збудавана пячорная царква Успення Багародзіцы (уніз 48 прыступак глыбока пад зямлю). Злева – грабніца св. Іосіфа Абручніка (абручаны муж Прасвятой Багародзіцы), справа – бацькоў Божай Маці – Іаакіма і Ганны, а ў цэнтры – у маленькай Кувукліі – Грабніца Прасвятой Багародзіцы.

Гефсіманскі сад, дзе Ісус маліўся пра Чашу і дзе Іуда здрадзіў Яму. Старыя аліўкавыя дрэвы. Шэра-дымчатыя каравыя ствалы, таўшчэзныя, як жылы, закручаныя спіраллю, на галінах – шэра-зялёна-дымчатае лісце. Гэты ўчастак старых аліў агароджаны і старанна ахоўваецца.

Непадалёк – манастыр св. Марыі Магдаліны 1888 г., пабудаваны на сродкі Аляксандра III і яго братоў у гонар Марыі Фёдараўны, царыцы-маці. У царкве манастырскай – ракі з мошчамі Марыі Фёдараўны і яе келейніцы Варвары, яны абедзве кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквой за мяжой.

Ніжэй – царква Першапакутніка Стэфана, на тым месцы, дзе Ісуса збівалі камянямі. Тут жа пазней збівалі камянямі і Першапакутніка Стэфана.

Праз Авечыя вароты ўваходзім у Стары горад. Справа – дом Іаакіма і Ганны, бацькоў Прасвятой Багародзіцы (у яго мы не патрапілі), там царква іх імя, затым – Авечая купель, дзе Гасподзь вылечыў расслабленага. Усё гэта – насупраць Чырвоных варот Храма Саломона, дзе цяпер мячэць Аль-Акса (раней – праваслаўная царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы). Перад мячэццю – Сцяна Плача, усё што засталося ад Храма Саламона.

Мы працягваем рухацца па Крыжовым шляху.

Ліфастратон – рэшткі каменнага памоста – сутарэннае памяшканне, дзе Ісус сядзеў напярэдадні Галгофы. Туды нас не пусцілі.

Першы паварот – першае падзенне Госпада, затым – сустрэча з Божай Маці, якая прасіла Понція Пілата дапусціць да Сына, але яе да яго не дапусцілі, і яна наўпрост кінулася да Сына на яго шляху.

Пасля – адбіткі рук Ісуса на камянях: “камяні плавіліся, а сэрцы людзей былі каменнымі”. Затым – Сымон, які ўзяў Яго Крыж, затым – Вераніка, Спас Нерукатворны.

Галгофа ў тыя часы была за горадам, а ў горадзе з арак зачытвалі прысуд Госпаду.

Адтуліна ў сцяне цікавай канфігурацыі – зверху шырэй, унізе – ужо “іголкае вушка”, праз яго людзі пасля вячэрняга зачынення варот маглі вярнуцца ў горад разам з аслом, але не з вярблюдам.

Сіён-Морпа, Акра, там Скінія (Каўчэг Запавету). На Сіёне была Тайная вячэра, там – першае апостальскае прычасце, адтуль Іуда пайшоў здраджваць Хрысту. Тут, у Сіёнскай святліцы, адбылося сашэсце Святога Духа на Маці Божую і Апосталаў.

Побач, ушчыльную, – каталіцкая Базіліка на тым самым месцы, дзе стаяў дом Іаана Багаслова. Калі Гасподзь быў на Крыжы, ён сказаў: “Маці, се сын твой!” і Маці Божая пачала жыць у доме Іаана Багаслова. Тут і Успенне яе. Тут, у каталіцкай базіліцы, скульптурная выява Божай Маці, якая ляжыць у труне.

Справа ад Сіёна – Армянскі манастыр Якава Завядзеева, брата Іаана Багаслова.

Іосіф Арымафейскі, той, які прыгатаваў труну сабе, але прыйшлася яна Ісусу. Іосіф, жонкі-міраносіцы, Марыя Магдаліна, Марфа і Марыя знялі Збавіцеля з Крыжа, спавілі, паклалі ў труну…

24 сакавіка, аўторак. Выезд у 6-30 – у Хеўрон, да Мамврыйскага дуба, якому 5 000 гадоў. Ён літаральна скручаны, ужо засох, але яшчэ стаіць, праўда, на падпорках. З аднаго кораня – тры ствалы 50 х 80 см у дыяметры. Паўтара года таму адна галінка яшчэ была зялёнай. Мы яе бачылі, тоненькую, засохлую, адростак ад мёртвага дрэва.

Тут, паводле падання, жыў Аўраам. Аднойчы да яго з’явіліся тры анёлы – вобраз Святой Тройцы. Тут – руская тэрыторыя, рускі храм Святой Тройцы. Настаяцель сярдзіты, няветлівы. Суправаджаў нас манах, тварам вельмі падобны да Алега Янчанкі, нашага арганіста. Разумніца. Адукаваны, натхнёны, зацікаўлены ў захаванасці і Дуба, і Храма, і ўсіх гэтых мясцін.

Віфлеем. Храм Нараджэння Хрыстовага. Цалаванне Зоркі з 14-ю промнямі. Побач яслі – каталіцкія. Тут, у храме, высокая калона з намаляваным наверсе Лікам Хрыста, які, паводле падання, часам заплюшчвае вочы. Раптам наш Аляксандр Міхайлавіч усклікнуў: “Госпадзе!” Упаў ніцма і доўга ляжаў каля гэтай калоны.

Вельмі старадаўні храм, VI ст. Нягледзячы на тое, што ён быў рабаваны не аднойчы, у ім усё прыгожа, велічна, строга. Справа ад алтара – спуск у Святую Пячору, дзе нарадзіўся Збавіцель.  Месца нараджэння Хрыста адзначана срэбнай зоркай. Яна ўроблена ў падлогу і ўпрыгожана каштоўнымі камянямі, мае 14 прамянёў і сімвалізуе Віфлеемскую зорку.

 Поле Пастушкоў – храм 1989 года, пабудаваны нядаўна, ужо распісаны, навенечкі. Не намолены. Служыцель – ветлівы і вельмі сімпатычны. Гэта – былое поле, дзе пастушкам з’явіўся Анёл і сказаў, што нарадзіўся Збавіцель. Яны там і пахаваныя, гэтыя пастушкі. Злева ад новага храма – дарога да пахаванняў, унізе – старажытная пячора, дзе захавалася мазаіка рымскага перыяду IV-V стст. н.э. з хрысціянскімі сімваламі.

Віфанія. Грабніца Лазара, дзе Збавіцель уваскрэсіў яго, сказаўшы: “Лазар, выйдзі прэч!” І чатырохдзённа памерлы Лазар уваскрос і, спавіты палоскамі тканіны, паўстаў прад вачамі Збавіцеля і людзей. І Ісус сказаў людзям: “Вазьміце развяжыце яго, хай ідзе”.

Пасля Крыжовай смерці Збавіцеля Лазар пакінуў Палесціну, быў епіскапам на Кіпры. Ён – жывое сведчанне цудатворства Збавіцеля. Але не патрэбен быў такі ў Ізраілі…

Грабніца Лазара размешчана на тэрыторыі палесцінскай арабскай мячэці, нас туды не пусцілі “за так”: трэба было заплаціць за ўваход дорага і яшчэ чаго-небудзь купіць у краме, што насупраць уваходу ў мячэць.

А вось тое месца, дзе стаяў Збавіцель, знаходзіцца ва ўладанні каталікоў. Туды нас дапусцілі, і мы памаліліся, як, зрэшты, на кожным з падобных прыпынкаў Святых Мясцін.

Далей – Елеонская (Алейная) гара – месца, дзе Збавіцель у апошні раз паўстаў перад вачыма сваіх вучняў і ўзнёсся на нябёсы. Тут – манастыр Рускай Замежнай Праваслаўнай Царквы – Спаса-Узнясенскі. Цікавая размова з ігуменняй. Яна пяцігадовай дзяўчынкай (у 1926 г.) з бацькамі ўцякала з Расіі праз Харбін. І далей – шлях, вядомы шматлікім. Восем гадоў ужо ў Спаса-Узнясенскім манастыры. Ветлівая, гаварлівая. Павяла нас у старую зачыненую капліцу, дзе 2 тысячы гадоў таму была схавана адсечаная галава Іаана Прадцечы – паглыбленне ў левым блізкім куце падлогі капліцы, выкладзенае дробнай мазаікай ужо недзе ў IV–V ст. н.э.

Тут жа непадалёк – французскі каталіцкі кляштар кармелітак “Ойча наш” (“Pater noster”), дзе Збавіцель навучыў апосталаў сваёй малітве.

Змерзлі жудасна. Холадна раптам стала, ветрана і дажджліва. Заявіла пра сябе іерусалімская вясна: сакавік усё-такі.

Адагрэліся ў аўтобусе, да 18-00 прыехалі ў Горні на вячэру. Цяпер, пасля вячэрняй малітвы з айцом Феадосіем, сяджу ў сваім пакоі і пішу гэтыя нататкі. Галя, мая спадарожніца, заснула. А я не пісаць не магу, мне такія дарагія ўражанні кожнага дня, што я баюся штосьці ўпусціць. І не дай Бог забыцца! Паслядоўнасць першага дня прыйшлося аднаўляць з неверагоднай цяжкасцю – і ўсё роўна атрымаўся сумбур. Сумна.

Наймацнейшае ўражанне – Кувуклія, царква ў царкве – месца, дзе быў пахаваны Збавіцель. Уваходзілі сагнуўшыся, ужо ніхто не стаіць у ёй ва ўвесь рост – немагчыма. Паклала 1$, узяла 3 свечкі, там жа, на мармуровай дошцы, іх запаліла, малілася за сваіх…

Ларыса Глебава па дарозе ў манастыр Георгія Хазевіта. 1998 г.

25 сакавіка, серада. Выехалі, як звычайна, а палове 7-й раніцы. Спачатку ў Іудзейскую пустыню, у манастыр Георгія Хазевіта. У амаль нежывой горнай прасторы пасярэдзіне высокай гары паміж ланцужкамі гор, дзе лётаюць птушкі і бегаюць нейкія звяркі, пасуцца козы, а ўнізе – доўгай цяснінай бяжыць імклівы і шумны паток, да скал прыляпіўся рукатворны храм, прыгожы і нечаканы для такой мясцовасці. Падымаліся да храма па добрай бетаніраванай горнай сцежцы з маляўнічым наваколлем.

Уздоўж сцежкі, крыху ніжэй за яе, бяжыць каля гары па рукатворным жолабе, выкладзеным камянямі, асобны раўчук, прызначэнне і паходжанне якога я так і не даведалася. Магчыма, каб пустэльнікі, якія пражывалі калісьці ў пячорах прылеглых гор, маглі атрымліваць ваду. Цяпер манахаў-пустэльнікаў ужо няма. Нядаўна памёр апошні. Справа ад уваходу ў храм, метраў 10 уверх – уваход у яго пячору. Калі прыгледзецца, можна ўбачыць мноства вымарачных пячор былых насельнікаў.

Каля манастыра ўздоўж патоку – аазіс зеляніны і благадаці. Адслужылі службу. Памалілася ціха, паставіла свечкі. Купіла іконкі ў дзвюх скальных цэрквах, Хазевіта і Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Малюся і прашу не для сябе, для сваіх родных, вельмі прашу.

Пабывалі ў пячоры Іллі-Прарока. Пячорная скала, што раскалолася зверху ўніз. Над галавой – абпалены, падобны на сталактытавы, купал. Няроўны, чорны, у сажы. Адламала кавалачак каменьчыка, і ўсе ўслед за мной – на памяць.

Той жа акуратнай сцежкай вярнуліся да аўтобуса на шашы, паехалі далей. Калі горы каля Хазевіцкага манастыра былі амаль нежывыя, там толькі дзе-нідзе зелянеў дробны хмызнячок, кусцікі анямонаў з вогненнымі пунсовымі кветкамі, дзесьці раптам дрэўца, дзесьці траўка, то далей па дарозе – сапраўдная пустыня.

Пласкагор’е – гэта тое вызначэнне, што нарэшце мне стала зразумелым, гледзячы на Іўдзейскую пустыню па шляху да Мёртвага мора. Чымсьці страшэнным і мёртвым вее ад гэтых дзвюх назваў – Іўдзейская пустыня і Мёртвае мора. Аднак раптоўна мы павярнулі да даліны Іардана, да Іерыхона, у манастыр Закхея. Гэта той чалавек маленькага росту, які вельмі ж хацеў убачыць Хрыста, а таму залез на дрэва. Хрыстос заўважыў там яго і сказаў, што наведае яго дом.

За агароджай, усярэдзіне манастырскага двара, нас ахутала воблака такога моцнага водару квітнеючых дрэў – апельсінавых, лімонных, мандарынавых, – што дух захоплівае! Злева ад сцяжынкі, якая вядзе да царквы, – старое, засохлае дрэва, дакладней, абпілаваныя ствол і галіны таго самага дрэва, на якім 2000 гадоў таму сядзеў Закхей, і гэта тое месца, дзе ён сустракаў Ісуса…

Памаліліся ў манастырскай царкве.

Дарога да Саракадзённай гары – адразу ж, каля горада Іерыхона (арабскага), на яго ўскраіне – падножжа гары і дарожка да храма і манастыра Спакусы. Гэтая дарожка, у адрозненне ад дарогі да Хазевіцкага манастыра, – камяністая, неапрацаваная “казіная” сцежка, што серпанцінам віецца па схіле гары. Вельмі нялёгкі шлях. Мы сёння пераадолелі ўжо адзін спуск і пад’ём да Хазевіта – пешшу, і тут зноў на гару, у гэты ж дзень, без адпачынку. Цяжка. Айцец Феадосій, добрая душа, сказаў: “…а вы з малітвачкай, з малітвай, Гасподзь і дапаможа ўзысці”. Абутак мой – туфлікі са спражкамі на скураной падэшве – зусім не прыдатны для ўзыходжанняў, але зручны і мяккі, дзякуй Богу! Інакш – прапала б. Не дайшла б. А так дайшла. Бо ішла з Ісусавай малітвай на вуснах.

Назіральная пляцоўка на Саракадзённай гары. У цэнтры – айцец Феадосій, злева – Ларыса Глебава. 1998 г.

Хазевіцкі грэчаскі манастыр Спакусы высечаны на гары. Там жа царква з прыдзелам справа ад алтарнай часткі, на гмаху, дзе сядзеў на скале Ісус і маліўся Айцу Свайму Нябеснаму. У манастыры жывуць двое – схіманахіня Іаана і грэчаскі манах-настаяцель. Схіманахіня – руская, 49 гадоў, з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, ведае некалькі еўрапейскіх моў. Вялізныя шэрыя вочы, вельмі выразныя і разумныя, крыху выпуклая ніжняя сківіца і тонкія вусны, твар, павязаны чорнай хустай, вельмі-вельмі худзенькая, высокая, неверагодна нервовая. Стрымлівае пастаяннае раздражненне (ад наведвальнікаў? – а да нас там былі балгары, і яшчэ хтосьці, і яшчэ, і яшчэ).

Яна нас сустрэла, правяла ў царкву Спакусы Гасподняй, паднялася з намі да пляцоўкі ў царкве, дзе на скале калісьці пасціўся саракадзённым постам Ісус, дзе яго спакушаў Вораг роду чалавечага – спачатку “не хлебам адзіным”, затым чымсьці яшчэ і нарэшце ўладай над усім светам. Гэта ён падняў Ісуса на вяршыню гары і там спакушаў яго. Схіманахіня Іаана спытала, ці будзем мы падымацца на вяршыню, ці задаволімся аглядам манастыра. А.М. бадзёра сказаў: “Вядома ж, падымемся на вяршыню”. Завагалася. Сонца ўжо высока, паліць неміласэрна. У адрозненне ад учарашняга холаду, сёння тут спякота, як у нас у ліпені, ды голая, без расліннасці, гара. Прыйдзецца адпавядаць. Але ці хопіць сілы? І тут схіманахіня вынесла на дарожку дзве поліэтыленавыя бутэлькі чысцейшай халоднай вады. Наогул там у яе ўсё акуратна і з толкам. Правяла з манастыра да сцяжынкі на вяршыню.

Дайшлі. Вяршыня акружана сцяною; справа, з відам на Іерыхон і даліну Іардана, – назіральная пляцоўка амаль без борцікаў, дзе мы і згрупаваліся. Глянеш уніз – дух захоплівае і галава кружыцца. На вяршыні, у баку ад назіральнай пляцоўкі, – разваліны падмурка царквы ў форме крыжа. Пасядзелі, аддыхаліся, папілі вады. А як жа назад, уніз? Уніз проста глядзець страшна, а ісці як? Скальны грунт, камяні, шмат крэмніевых камянёў. Дзякуй Богу, Ігар Міхайлавіч С. дапамог спусціцца з гары, я абаперлася на яго моцную мужчынскую руку, і так мы дайшлі да манастыра. У манастыры схіманахіня Іаана напаіла нас віном, разведзеным халоднай вадой, адарыла насеннем базіліка (ён пахне як шафран), сказала, хто дома насенне пасадзіць, у першы ж год добры куст будзе. Што я і зрабіла, прыехаўшы ў Мінск.

З манастыра ісці стала значна прасцей, не так крута. Да таго ж забаўлялі арабчаняты, якія ад падножжа амаль да самага манастыра ўзбіраліся наўздагон нам зусім не па сцежцы, а наўпрост па адхоне, як козы дзікія! І зноў чакалі нас на спуску: “Шэкель, шэкель”, – працягвалі брудныя ручкі, гугнява і слёзна клянчылі шэкелі.

У гэты ж дзень, стомленыя, абцяжараныя нязвыклай для гараджан нагрузкай, мы рушылі яшчэ і да Мёртвага мора. Было дзве гадзіны апоўдні. Па дарозе заехалі ў грэчаскі праваслаўны манастыр Герасіма Іарданскага (з ільвом). На маіх вачах адбыўся цуд: дзве велізарныя іконы ад падлогі да столі, адна – ікона Божай Маці “Млекакарміцельніца” – незямной прыгажосці твар Багародзіцы з Дзіцем, і другая – ікона Герасіма Іарданскага – абедзве міраточылі. На іконе Герасіма Іарданскага міра сцякала свежай слязой проста на маіх вачах, і ўсё гэта – у цёмным пакоі, дзе вялізная ікона асветлена толькі маленькай лампадкай каля падножжа. Пры яе цьмяным святле нечакана на іконе ўтварылася кропелька і пачала сцякаць уніз!

Я стала клікаць усіх, хто стаяў паблізу, каб паглядзелі на такі цуд, і зноў-такі на маіх вачах гэтая кропелька раптам спыніла рух, як быццам замерла! Айцец Феадосій пазней сказаў мне, што гэта быў знак толькі для мяне, але я яго парушыла запрашэннем нашых спадарожнікаў. Прыкрасць на сябе…

Ларыса Глебава каля іконы Герасіма Іарданскага. Іерусалім. 1998 г.

Ікона Божай Маці Млекакарміцельніцы, у адрозненне ад іконы Герасіма Іарданскага, размешчана ў асноўным зале ніжняй царквы гэтага манастыра. Яна асветлена выдатна, і на ёй бачныя засохлыя палоскі міратачэння. Памаліліся, паставілі свечкі. У верхнім храме прыклаліся да цудатворнай іконы Герасіма Іарданскага. Дзіўна: усё гэта ў пустыні – аазіс – манастыр. Грэкі ветлівыя, адзін разумее па-руску. Усюды і заўсёды як родных сустракаюць айца Феадосія і нашага гіда, сястру Вольгу з Горняга. Яна слаўная, шмат ведае, строгая, знаходлівая, у мінулым доктар-неўрапатолаг з Украіны. Мне ўдалося з ёю пагаварыць па дарозе дадому, у Горні.

Усюды, куды б мы ні ехалі, яна расказвала нам гісторыю таго месца, яго насельнікаў, наведвальнікаў. Пра Мёртвае мора, як яно ўтварылася на месцы Садома і Гаморы, пра Лота, яго грэх з дочкамі, пра яго пакаянне, як ён насіў з Іардана ваду і паліваў дадзеныя яму архангелам Гаўрыілам 3 палкі – пакуль не прарастуць. Даехалі па нежылой мясцовасці. Спачатку пласкагор’я – пустэльня, толькі бедуінскія рэдкія качэўі-гняздоўі. Палатачныя гарадкі. Козы, коні, вярблюды, людзі – усё разам, усё ніжэй і ніжэй у даліну Мёртвага мора, якая сама па сабе ніжэй за ўзровень мора на 400 метраў. Спякота – неверагодная для сакавіка! Каля мора раптам з’яўляецца расліннасць – рознага ўзросту пальмавыя гаі, пасаджаныя акуратнымі радамі.

Спыніліся метраў за 30 ад вады. Натуральна, купальнікаў амаль ні ў кога няма. Я захуталася сваёй сіне-белай хусткай, якая як бы нагадвала купальнік. Дно – як змазаная гліцэрынам шэра-зялёна-блакітная гліна. Вада – салёны расол наймацнейшай канцэнтрацыі. Ляжаць у вадзе глыбока немагчыма. Такая шчыльнасць, што вада цябе выштурхоўвае, як корак з бутэлькі. Хтосьці са спадарожніц падышоў і сказаў, што айцец Феадосій гневаецца, чаму мы палезлі ў ваду ў такім праклятым Богам месцы, што мы – вялікія грэшніцы: ён перад гэтым нас мірапамазаў, а мы так далі маху.

Пачуццё няёмкасці і віны выштурхнула нас з мора хутчэй за яго шчыльную ваду. Апрануліся, пабеглі да аўтобуса. І – цуд! Куды падзелася стомленасць сённяшняга звышнасычанага дня?! Ад двух пад’ёмаў, ад спякоты… Яна сышла! Бадзёрасць незвычайная! Дзякуй Богу!

Прыехалі ў Горні – бягом змываць з сябе соль! Потым – вячэра. Прыйшла настаяцельніца Горняга Георгія, сказала, што мне ў 19-00 будуць тэлефанаваць. Гэта Маша, сястра маёй сяброўкі Іначкі. Размаўлялі ў доміку матушкі. Яна цікавая суразмоўніца, вельмі мілая і ветлая. Памятае айца Георгія Латушку, святара нашага Петра-Паўлаўскага сабора. Ён бываў у Горнім.

Айцец Феадосій у гэты вечар удастоіў наш першы паверх душавыратавальнай гутаркай. Свеціцца ад дабрыні душэўнай. Айцец Павел надпісаў нам назаўтра бутэлечкі для вадзіцы з калодзежа Якава. Ужо зусім позна… Заўтра прачынацца а 4-й гадзіне.

26 сакавіка, чацвер. Раніца. Едзем у Самарыю. Горы Іерусалімскія сёння ў смузе – гэта хамсін, пясчаная бура. Учора з Горняга адкрывалася цудоўная панарама гарыстага Іерусалімскага ландшафту, сёння – жаўтлявай, як быццам падсветленай сонцам, смугой накрыта ўся ўчарашняя прыгажосць і хараство.

Накіроўваемся ў Самарыю, да студні Якава. Па прыступках спусціліся ўніз метры на тры. Там, пад столлю з дзіркай размешчаны сам калодзеж, выдзеўбаны ў камені, 37 метраў у глыбіню. Даставалі ваду, пілі яе, спявалі псалмы. Айцец Феадосій каля калодзежа наліў усім, хто жадаў, вадзіцы, абмыў сабе твар, рукі, галаву, бараду. Вочы ззяюць невымоўнай благадаццю. Слава Богу! Пэндзлікам ад ружанца ўсіх нас акрапіў гэтай святой вадой. Яна вельмі смачная, прыемная ва ўсіх адносінах – па колеры, густу і паху, у тым сэнсе, што ні колеру, ні паху яна, як гэта належыць высакароднай вадкасці, не мае, а на смак вельмі і вельмі прыемная. У мяне яшчэ адна бутэлечка дома стаіць.

Едзем у наступны горад. Ён у валоданні арабаў. Наведваем храм з грабніцай Георгія Пераможца. Храм велічны, злева ад уваходу – алтар, насупраць алтара – на сцяне – вялікая сучасная ікона Георгія Пераможца. Пісана, відавочна, грузінам: выдатны твар, цудоўны жэст перамогі над драконам. Гэты храм – галоўная грузінская святыня. Назва Грузія і паходзіць ад Георгія. Прыклаліся да мошчаў св. Георгія.

Мясцовы бацюшка – грэк – перадаў айцу Феадосію сярэбраную даразахавальніцу з мошчамі св. Георгія. Айцец Феадосій у левай частцы алтара стаяў з ёй, пакуль мы ўсе прыкладваліся. Ганарлівы і шчаслівы – чыталася на яго твары. Велічная і вартая яго місія. Яго твар, які свяціўся строгай дабрынёй, – адпачынак для сэрца.

Раптам проста ў храме па невядомай прычыне (айцец Феадосій пазней сказаў, што гэта Вораг спакушаў – занадта шмат вылілася на мяне благадаці) мяне ахапіла прадчуванне бяды, сэрца заныла: нешта здарылася дома. Туга сардэчная! Я занепакоілася, замітусілася, усё ранейшае хараство ўміг патухла. Хутчэй бы прыехаць туды, дзе тэлефон, патэлефанаваць, спытаць, як там Радзівон, Жэньча. Я ж ніколі не пакідала іх так надоўга. З цяжкасцю ўсё ўспрымаю, малюся Богу, каб адвёў бяду.

У Яфе – рускі манастыр і царква Святога Пятра на тым месцы, дзе ён уваскрэсіў Тавіфу, мясцовую гараджанку. Даведаўшыся пра смерць у маладым ўзросце Тавіфы, набожныя гараджане вельмі смуткавалі. Месца дзівоснай прыгажосці, на ўзвышэнні. Храм адноўлены звонку, свежапафарбаваны. Ярка-тэракотавы колер зліты ў адзіны гарманічны шэраг з яркай зелянінай дрэў, травы, кветнікаў.

Тут вельмі цёпла, па-летняму. Храм высокі, са званіцай-вежай, чымсьці нагадвае Іерусалімскую Рускую Свечку Спаса-Узнясенскага манастыра, якая відаць з Елеонскай гары адусюль – адкуль бы мы ні вярталіся ў Горні, мы бачылі яе то зблізку, то здалёку.

Справа ад уваходу, дакладней, праходу да гэтага манастыра і храма, насупраць яго тэрыторыі размясціўся сабача-каціны гадавальнік – гасцініца для багатых яўрэйскіх “пэт” (любімых хатніх жывёл). Горад яўрэйскі, чысценькі, акуратны, дагледжаны.

Дзякуй Богу, усюды, дзе мы бывалі, рускія манастыры і храмы – усе рэстаўруюцца. Царква Святога Пятра, ужо адноўленая звонку, рэстаўруецца ўсярэдзіне. Рыштаванні загарадзілі перадалтарную і алтарную частку. Але менавіта тут, у адзіным пакуль месцы, я ўпершыню ўбачыла ікону св. Ірадзівона. Гэта быў паплечнік апостала Пятра. Спіса з гэтага абраза на месцы няма. Але Галя сфатаграфавала ікону. Фотаздымак добры, якасны.

Сардэчна прашу святога дапамагчы майму сыну Радзівону. А сэрца працягвае ціснуць трывога, адчутая яшчэ ў царкве Святога Георгія Пераможца. Сустрэла нас матушка, паказала грабніцу Тавіфы, царкву, пачаставала чаем. Я падарыла ёй адзін са сваіх боханаў чорнага хлеба, нашага, “нарачанскага”. Яна сказала, што хлеб для ўсіх рускіх, якія жывуць у Ізраілі, найлепшы падарунак.

Далей, уздоўж узбярэжжа Міжземнага мора, найпрыгажэйшая дарога да Тэль-Авіва. Пад’ехалі да таго месца на пляжы, куды можна ісці бясплатна.

Быць у сакавіку на Міжземнамор’і і не выкупацца? Немагчыма! Праўда, настрой на нулі, стан на аўтапілоце, на сіле волі – не скісаць, не выяўляць, не псаваць настрой навакольным. На маё шчасце, Беларускае пасольства і агенцтва “Белавія”, дзе ёсць тэлефоны, – побач, амаль насупраць пляжа, дзе мы купаліся і фатаграфаваліся.

На восьмым паверсе вышыннага дома на вуліцы ўздоўж узбярэжжа – доўгай стужкай, якая атачае горад і мора, наша Беларускае пасольства. Генадзь Міхайлавіч Лавіцкі, натуральна, як галантны кавалер, хутка набраў мне Жэньчын нумар у яго палаце (ён быў у гэты час у бальніцы). Пагаварыла з Жэнінай стрыечнай сястрой Ліляй (яна якраз яго наведвала), потым і з Жэнем.

Дзякуй Богу, усё ў парадку і з ім, і з Радзівонам. Сапраўды, Вораг спакушаў, хацеў усё сапсаваць, і на пару гадзін атрымаў поспех. Але не больш. Далей – прыём у рэзідэнцыі пасла. Сустрэла яго жонка, Марыя Цімафееўна, мажная вастравокая брунетка, уладная, тып ваеннай жонкі, сяброўкі, такая “рамзай”. Цікава, што ні ён, ні яна не валодаюць ні іўрытам, ні англійскай. Складанасці ва ўзаемінах з ізраільцянамі ў тым ліку і з-за гэтага. На прыём завіталі таксама архімандрыт Феадосій, кіраўнік Рускай праваслаўнай місіі ў Іерусаліме, ігумення Георгія (настаяцельніца Горняга), белавіяты.

Хто можа сказаць, як усім нам у гэтай сітуацыі ўдалося больш-менш прыстойна выглядаць – аднаму Богу вядома. У аўтобусе пасля пляжа мы па-страявому пераапрануліся ў вячэрнія ўборы, якія знайшліся (у адрозненне ад купальнікаў) ва ўсіх. Ніхто ніколі не спасцігне загадкавую жаночую савецка-славянскую душу. Усе выглядалі прыстойна. Праўда, не ўсе годна і ў адпаведнасці з момантам сябе паводзілі, ну ды што тут зробіш. Невыпадкова строгі айцец Феадосій з Рускай місіі задаў пытанне: “А па якім прынцыпе вас падбіралі?”

А прынцып, хутчэй за ўсё, адзін – едзе той, хто можа заплаціць. Відаць, першая група магла быць больш падрыхтаванай. Любуюся спадарожніцай Галяй. Яна – у блакітным, самая мілая, самая прывабная. Айцец Павел яе вельмі кранальна апякуе, накінуўшы на сябе яе белы шалік. Частуемся клубніцамі, вельмі смачнай яблычнай салатай, прыгатаванай гаспадыняй, іншымі стравамі. Паступова адыходжу ад турботаў дня.

Вельмі доўга ехалі ў Горні ўжо ноччу. І ўсё ж сяджу і пішу, засланіўшы Галю ад святла. Заўтра пад’ём а 4-й раніцы.

27 сакавіка, пятніца. Ранішні выезд у Галілею. Гэта дастаткова далёка па іх мерках – на поўнач Ізраіля. Першы прыпынак у гэты дзень – гара Фавор. Каля яе падножжа раскінулася паселішча Дэвора. Побач – стаянка таксі. Ехаць на нашым аўтобусе на гару нельга – гэта прывілей арабаў-таксістаў, якія набіваюць у машыну чалавек па 10 і вязуць угару. Гэта – іх заробак. Галя заплаціла за нас, і па серпанціне мы ўзабраліся на вяршыню гары Фавор, месца, дзе адбылося Праабражэнне Гасподняе.

Грэчаскі праваслаўны храм, над якім 19 жніўня (наш яблычны, другі Спас) у пэўны час, як я ўжо пісала, з’яўляецца аблачынка ў ясным бясхмарным летнім ізраільскім небе, якая потым павольна спускаецца па абрысе храма і ўяўляе сабою Божую благадаць.

Храм Праабражэння Гасподняга вельмі прыгожы. Цудоўныя іконы, сярод якіх Цудатворная ікона Божай Маці Акафіснай – чорна-белая, папяровая, 70 х 70, вылаўлена ў 1918 годзе ў Міжземным моры ў бутэльцы (пушчана з Грэцыі).

Самой іконы амаль не відаць з-за тых дароў, якія вісяць, ляжаць, прылягаюць. Тут і пярсцёнкі, і бранзалеты, і каралі, і ланцужкі, і іншыя каштоўнасці; гадзіннікі, фота, запісачкі і да т.п. У падножжы іконы ляжаць воскавыя рукі, вочы, ногі – ад удзячных вылечаных. Купіла ікону Маленне аб Чашы, дзве паштоўкі з Божай Маці Акафіснай. Служыцелька дазволіла акунуць ватку ў лампадку ля гэтай іконы, апусціла яе ў поліэтыленавы мяшочак, сказала, каб забралі з сабой і што яна нам дапаможа. На развітанне я прыклалася да іконы Божай Маці Акафіснай, папрасіла здароўя душэўнага, духоўнага і цялеснага для мяне і маіх блізкіх. З’язджаць не хацелася.

Па дарозе ўніз раптам адчула моцны боль у правай руцэ, якую летась прымудрылася зламаць. Так і ехала з вострым болем. А вакол – жывая гісторыя! Дзесьці тут былі біблейскія Капернаум, Віфаіда і інш. Цяпер іх няма. Тут жыў і хадзіў Гасподзь, але ад гарадоў не засталося і следу – паводле Яго прароцтва.

Кана Галілейская. Там Гасподзь з Маці быў на вяселлі, і там не хапіла гасцям віна. Тады ён загадаў напоўніць пасудзіну вадой і ператварыў яе ў цудоўнае віно. На гэтым месцы – Грэчаскі храм. Там жа арабы гандлююць мясцовым віном з этыкеткай, прысвечанай гэтай Падзеі. Купіла ў грэкаў каля храма. І ўсе куплялі, хто колькі мог.

Тыверыя. Манастыр св. Марыі Магдаліны з маленькай капліцай яе імя каля падножжа гары Магдал таксама належыць Рускай місіі. Капліца паміж гарой і возерам Галілейскім, Генісарэцкім, Тыверыядскім, Кінерэтам – столькі ў яго назваў! Вароты зачынены на замок. Прыкрасць. Ну, не з’язджаць жа! А.М. нейкім чынам пралез унутр і адчыніў нам вароты. Запусценне. Рамонт да 2000-годдзя.

Як і многія мясціны, яна набытая архімандрытам Антоніем, хай будзе слаўнае імя яго! Акунуліся ў радонавых крыніцах з цёплай вадой, чорнымі берагамі і камяністым дном. Я пагрэла сваю хворую руку, набрала вады з крыніц. Іх тры. Яны каля самага Тыверыядскага возера, дзе апостал Пётр лавіў рыбку, якая так і называецца дагэтуль – пятроўская рыбка. Яна такая асобіна, што ловіцца выключна ў гэтым возеры, больш нідзе ў свеце.

Неўзабаве з’явілася матушка і адкрыла нам капліцу св. Марыі Магдаліны. Гара Магдал. Св. Марыя Магдаліна. Яе імя – таксама ад назвы гары. Месца гэтае, нягледзячы на запусценне, выдатнае – такіх дрэў і такога водару нідзе больш не сустрэнеш! Гэта цуд – час, калі цвітуць цытрусавыя. На дрэвах – белыя духмяныя кветачкі, і тут жа вісяць не знятыя пакуль саспелыя апельсіны. Айцец Феадосій быў на самым беразе возера, сказаў, што цяпер пятроўскую рыбку ловяць арабы нават тут, каля Рускай місіі. Пакаштаваць рыбкі нам не ўдалося.

Матушка запрасіла да сябе ў дом, які даволі далёка ад манастыра. Там яна, дачка і ўнук, знешне адзін да аднаго падобныя. Хлопчык Валодзя, гадоў шасці. Знаёмыя з айцом Дзмітрыем і яго матушкай, якія нядаўна эмігравалі з Амерыкі, і ён цяпер служыць у Маскве. Яны сёння падселі да нас у аўтобус яшчэ ў Іерусаліме раніцай. Цэлы дзень з намі. Інтэлігентны, сівы бацюшка з добрым высакародным тварам, коратка астрыжаны і гэтак жа коратка астрыжана яго барада. Постаць прыгожая, парода адчуваецца ва ўсім. Маленькая, мілая матушка. Гэтакія Філемон і Баўкіда. Падарыла апошні з маіх хлябоў матушцы, за што яна была вельмі ўдзячна.

На Іардан пад’ехалі пазнавата. Калі апынуліся, нарэшце, ля месца, дзе збудаваны купальні, нас ужо не хацелі пускаць, каб мы не затрымалі іх познім вечарам у пятніцу. Заўтра – шабад, субота, і яўрэйскі магазінчык у пятніцу павінен быць зачынены своечасова. Мы пад’ехалі за 15 хвілін да закрыцця і па-партызанску аператыўна праніклі на тэрыторыю Іарданскай купелі. На хаду скідаючы з сябе адзенне і апранаючы спецыяльна набытыя ў Горнім для гэтага выпадку хрысцільныя кашулі, мы адзін за адным прыгаем у халодную, цёмную, зялёную ваду Іардана – пад гром апладысментаў і захопленыя крыкі наведвальнікаў, даволі вялікая колькасць якіх, абапершыся на бар’ер, глядзела на “гэтых неверагодных рускіх”.

Відовішча, на іх погляд, забаўнае: на вачах шаноўнай публікі рэспектабельныя дамы і спадары распранаюцца, апранаюцца ў нешта беласнежнае і – у ваду! Прыйшоў служыцель, пачаў нешта незадаволенае прамаўляць, але, заўважыўшы наш энтузіязм і захапленне гледачоў, змяніў гнеў на літасць. “Я араб, але я вас разумею”, – сказаў гэты служыцель. Так мы зноўку ахрысціліся, але цяпер ужо ў Іардане. Дзіўна, але пасля гэтага мы спакойна былі дапушчаныя ў краму пры ўваходзе ў “хрысцільню”, дзе я купіла сяброўцы Іначцы падарунак да дня нараджэння: маленькую блакітную зіхоткую шасцігранную шкатулачку.

28 сакавіка, субота. Раніцай спавядаліся, прычасціліся ў царкве іконы Казанскай Божай Маці ў Горнім. Усіх прычашчаў айцец Феадосій. Ён нястомны. Увесь дзень на нагах разам з намі, хоць усе мы нашмат маладзейшыя за яго. Ён пазней за ўсіх кладзецца і раней за ўсіх прачынаецца. Вось гэта загартоўка! Неяк аднойчы, па прыездзе ў Горні, 24 сакавіка ўвечары ён спытаў нас: “А перад сном малітву чытаеце?” Мы адказалі, што кожны самастойна чытае. З таго часу кожны вечар у місіі – малітва супольная “на сон”, малітва да прычасця, да споведзі. І ўсё спакойна, немітусліва, з вялікай годнасцю.

Дзень правялі ў Горнім. Аглядалі тэрыторыю манастыра, куплялі сувеніры ў царкоўным кіёску, адпачывалі. Мне ўдалося паспаць амаль да вечара, бо а 23-й гадзіне прызначаны выезд з манастыра да Храма Труны Гасподняй. Ізноў прайшлі ад Іерусалімскай сцяны па вузкіх арабскіх вулачках з цяпер ужо зачыненымі крамкамі. Чарга ў Кувукліі. Запалілі свечкі, увайшлі, прыклаліся да ўзвышэння ў “пярэднім пакоі” Кувукліі, месцы, дзе сядзеў Анёл, калі жонкі-міраносіцы прыйшлі памазаць Збавіцеля мірам. Анёл абвясціў ім: “Вы шукаеце жывога сярод мёртвых. Збавіцель уваскрос. І ўзнёсся на неба”. І далей – у пячорцы, дзе была ўласна Труна Гасподняя – найсвяцейшае месца ў свеце! Чарга вялікая, затрымацца каля мармуровай пліты, дзе ляжаў Гасподзь, каб прывесці ў парадак думкі і пачуцці, часу мала. Але трэба ўсвядоміць веліч моманту.

Спасі Госпадзі! Падняліся на Галгофу, што ў тым жа храме, на вяршыні. Яшчэ адна Кувуклія. У Галгофскай Кувукліі таксама ўсё падзелена. Грэчаскай Праваслаўнай Царкве належыць месца, дзе стаяў сам Крыж Гасподні. Справа ад яго – месца, дзе прыбівалі Хрыста да крыжа, яно – ва ўладанні каталікоў. Злева – спавядальня.

У чаканні пачатку службы сяджу на Галгофе і пішу нататкі.

Пачалася служба. Грэкі разам з нашымі бацюшкамі: два айцы Феадосіі, адзін наш, другі з Рускай духоўнай місіі, яшчэ адзін высокі прыгажун-прафунда і айцец Дзімітрый з Масквы (раней – з Нью-Ёрка). Kyrie eleison (Госпадзі, памілуй). Незвычайна, але чынапаследаванне адзінае, ніхто не збіваецца. Айцец Феадосій выпраменьвае шчасце і вышэйшую благадаць. Ад душы радуюся за яго.

…Сяджу, бо баляць ногі. У Грэчаскай праваслаўнай царкве Уваскрэсення Гасподняга. Спавядалася ў айца Максіма. Прычашчалася ў маўклівага грэка.

Айцец Феадосій і А.М. зайшлі ў Кувуклію да Труны Гасподняй па Жыватворны агонь. Запалілі дзве лампады. Да Горняга ноччу давезлі ўжо толькі адну, другая патухла. Раніцай, 29-га, патухла і тая. Ехаць да Труны Гасподняй ужо часу не было – узялі агонь у Горнім. У аэрапорце Бэн-Гурыёна ў Тэль-Авіве пры пасадцы ён зноў патух. Так нам не пашанцавала з Жыватворным агнём.

У самалёце айцец Павел, даведаўшыся пра мае нататкі, сказаў, што трэба было б аформіць іх фотаздымкамі і выдаць.

Вось і ўсё. Цяпер трэба ўсё перажыць – пераасэнсаваць, абдумаць, вывучыць рэліквіі і ўсё адчуць. Магчыма, аформіць гэтыя нататкі. Можа быць, айцец Павел меў рацыю: паездка была гістарычнай для паломніцтва Беларусі, а для мяне – здзяйсненне самай запаветнай мары. Дзякуй Богу.

29 сакавіка 1998 года.  Роўна ў 10.25 ад’ехалі ад Горняга. Развіталіся з гэтым цудоўным месцам і яго насельнікамі, якія падзвіжніцкай працай сваёй захоўваюць гэтую святыню і дазваляюць нам, смяротным, далучыцца да святых мясцін і святых таямніц.

Сёння хамсін аціх, ясна. Відаць на супрацьлеглай гары грабніца прарока Самуіла, што памазаў на царства Саўла, а потым быў Давід, а пасля яшчэ і яшчэ, усе плямёны Ізраілевыя…

У аэрапорт едзем па горным Іерусаліме. Хутка буду дома.

(Працяг будзе)

Падрыхтавана на аснове біяграфічнага рукапісу Ларысы Васільеўны Глебавай.

Фотаздымкі з асабістага архіва Л. Глебавай.

Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ і Ларысы ПШАНІЧНАЙ