Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
РАДЗІВОН
Шчыра кажучы, не ведаю, як склалася б маё жыццё пасля адыходу Яўгена Аляксандравіча, калі я была б па-за Царквой. І Радзівон, мой любімы адзіны сын, заўсёды быў побач, падзяляў мае памкненні, быў набожным чалавекам. У 2000-м мы з ім засталіся без мужа і бацькі, якога любілі і паважалі ўсёй душой. І тады мы ўсвядомілі вялікую ступень нашага абавязку: максімальна прывесці ў парадак і захаваць усё, што тычыцца паняцця “творчая спадчына кампазітара”.
З вялікім сумам даводзіцца канстатаваць, што тыя структуры, да якіх мы ў свой час звярталіся з прапановай прадаставіць ім для захавання і карыстання ўсе наяўныя ў нас матэрыялы – ноты Яўгена Аляксандравіча, рукапісы, запісы і інш. – цікавасці да гэтага не праявілі. Зацікавілася толькі наша Нацыянальная бібліятэка, якая звярнулася з прапановай перавесці ў лічбавы фармат рукапісы твораў Глебава. Што і было зроблена за 2015-2016 гады. На жаль, цікавасць да сапраўднага мастацтва ў грамадстве згасае, а многія і зусім не разумеюць, што часы змяняюцца і стаўленне да высокага мастацтва таксама можа змяніцца да лепшага, таму трэба разумець, што музыка Глебава – гэта наш нацыянальны скарб і нельга дапусціць яго страты.
Мастак працуе не для сябе, ён піша карціны, ноты, раманы і аповесці для ўсіх нас, а значыць, і мы павінны ставіцца да вынікаў яго творчасці беражліва і ўважліва. Многае было зроблена Радзівонам, прафесіяналам, які выдатна разбіраўся і ва ўсіх аспектах спадчыны бацькі, і ў працы з камп’ютарам пры аблічбоўцы запісаў твораў, відэа, –усё гэта яго неацэнны ўклад у тую справу, якую мы задумалі.
Цяпер я адна, і часам мне бывае надзвычай цяжка ідэнтыфікаваць рукапісы, таму што я не ведаю нот, ды і проста ўключыць магнітафон ці прайгравальнік, каб паслухаць запісы, мне даводзіцца папрацаваць, таму што з тэхнікай я “на вы”. Баліць сэрца не столькі ад самой адзіноты, але ад таго, што Радзівона няма побач.
…З 1965 года, калі я пачала жыць у кватэры Яўгена Аляксандравіча, там жа жылі яго маці, Раіса Фёдараўна, і стрыечная сястра Ларыса Фёдараўна з сынам. Не магу сказаць, што гэта былі мае лепшыя гады: тры жанчыны ў адной кватэры – гэта выпрабаванне на трываласць. Я ніколі не адказвала на глухую непрыязнасць да сябе, ніколі не падавала выгляду, не скардзілася мужу, усё трымала ў сабе, але нешта, напэўна, выдавала маю напружанасць, і аднойчы ён сам усё зразумеў і паклапаціўся пра асобную кватэру для сястры з яе сынам. Стала лягчэй.
Падрастаў Радзівон, і па патрабаванні бацькі пайшоў у музычную школу. Бачыць Бог, як я не хацела, каб ён ішоў па шляху Яўгена. Я надта добра разумела, што ўся тая непрыязнасць, якая спадарожнічае творчаму жыццю Яўгена Аляксандравіча, усё яго асяроддзе, яно нікуды не знікне, і гэтая непрыязнасць пяройдзе на сына. Пасля так і адбылося. Але тады… Яўген Аляксандравіч зразумеў, што ў Радзівона добры слых, памяць, рукі, і адгаварыць яго было немагчыма: “Я не хачу, каб аднойчы ён папракнуў мяне ў тым, што я не дазволіў яму стаць музыкантам”.
Радзівон пайшоў у школу, якая цяпер называецца ліцэем пры Акадэміі музыкі. А інструмент жа ў кватэры адзін. І кампазітар працуе на ім няспынна. Радзівон мог займацца на піяніна толькі тады, калі бацька кудысьці сыходзіў, у адваротным выпадку яму даводзілася заставацца і займацца ў класе. Гэтая “бессістэмнасць”, вядома, для музыканта – ні ў якія вароты… І вось тады паўстала пытанне пра больш прыдатную кватэру, каб у бацькі і ў сына маглі быць свае інструменты, і каб Радзівон не адчуваў такіх жа нязручнасцей, якія некалі былі ў самога Яўгена Аляксандравіча ў яго студэнцкія гады.
Прыйшлося зноў клапаціцца, хаця ён так гэтага не любіў! Незалежнасць – гэта яго стрыжань. Але… абставіны змушалі. І ў 1977 годзе мы пераехалі ў прасторную пяціпакаёвую кватэру, дзе без шкоды для слыху, праз два пакоі, размясціліся два піяніна, і з таго часу ніхто не адчуваў ніякіх праблем. Але Радзівон-то быў ужо ў чацвёртым класе! Значыць, чатыры гады доўжыліся гэтыя нязручнасці…
Гэтыя радкі я пішу, седзячы за камп’ютарам у кабінеце Яўгена Аляксандравіча. Вядома ж, пры яго жыцці тут камп’ютара не было. Але астатняе абсталяванне – усё, як было пры ім. Найлепшая па тых часах апаратура. Толькі магнітафонаў тут чатыры, прайгравальнік, эквалайзер, узмацняльнік, калонкі шматватныя. Яго “піянінчык” Fibich, працоўны стол, шафа з рукапісамі, выдадзенымі творамі, пласцінкамі, выпушчанымі пры яго жыцці, дыскі з аблічбаванымі запісамі яго музыкі і музыкі Радзівона, зробленыя яшчэ сынам.
Мы задумалі вялікую працу па захаванні запісаў, якія знаходзіліся дома на бабінах. Радзівон аблічбоўваў, я складвала і заносіла ў камп’ютар. Ён зрабіў прысвечаны бацьку, Яўгену Глебаву, сайт, які дзейнічае і цяпер. У нас былі вялікія планы – выдаць кнігу пра бацьку, і мы гэта зрабілі. Праўда, Радзівон ужо яе не ўбачыў. Я сама сістэматызавала і працавала з выдавецтвам. Сыну хацелася хутчэй прачытаць кнігу. Я прапаноўвала чытаць з камп’ютара. Але ён адказваў: “Не, мамулік, ты ж ведаеш, я хачу раскрыць кнігу. Прыціснуць да сябе, панюхаць фарбу…” Гэта была яго асаблівасць: ён любіў пах кніг. Камп’ютар жа не пахне…
У пакоі Радзівона быў яго ўласны камп’ютар, які я пасля падарыла пляменніку Данілу, унуку Яўгена Аляксандравіча і сыну Сяргея Глебава, з якім Радзівон паспеў пасябраваць пасля таго, як бацькі ўжо не стала. Ён здолеў знайсці тэлефон свайго брата Сяргея і патэлефанаваў, сказаўшы, дзе і калі адбудзецца адпяванне. Адпявалі Яўгена Аляксандравіча ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Сяргей прыйшоў на адпяванне.
І з таго часу яны пачалі сустракацца, а незадоўга да свайго раптоўнага скону Сярожа патэлефанаваў Радзівону і паведаміў, што той хутка стане дзядзькам. На жаль, яго сын Даніла нарадзіўся пасля смерці Сяргея.
Сяргей быў таксама вернікам, і ўладыка Філарэт аднойчы нават падзякаваў мне за сына, мяркуючы, што, як і Радзівон, Сярожа мой сын. Прыйшлося яму растлумачыць, што Сяргей – сын Яўгена Аляксандравіча.
Сярожы не стала праз год пасля Яўгена Аляксандравіча. Радзівон сышоў да іх праз дзевяць гадоў. Цяпер яны ўсе разам ТАМ.
Мы з Радзівонам былі неразлучныя. Яго асабістае жыццё не склалася, прафесія кампазітара, якую ён атрымаў, ідучы па слядах бацькі, стала абсалютна не запатрабаванай у грамадстве, рэдкія замовы на напісанне музыкі да кінафільмаў самасцвярджэнню не спрыялі. Ён кідаўся ў пошуках любой працы і ўрэшце прыйшоў да цяжкага ўсведамлення непатрэбнасці творчасці, і гэта прыгнятала. Сын ніколі не скардзіўся, але было відаць, што часам ён на мяжы зрыву.
Суцяшала, як магла, старалася падтрымаць, але парой таксама зрывалася, маўляў, ты ж мужчына, вазьмі сябе ў рукі. І ён усё больш замыкаўся ў сабе. Часам гаварыў скрозь слёзы: “Ты зразумей, мне няма чаго жыць, я не хачу жыць!” Я злавалася, бурчэла, пакрыквала, чаго не магу да гэтага часу сабе дараваць.
Яго раптоўны скон у маі 2010-га стаў для мяне яшчэ адным выпрабаваннем, якое пасылае Гасподзь. Чаму так здарылася? Што зрабілася, што мой сын у росквіце гадоў аднойчы раніцай не прачнуўся?! Яму было ўсяго 44 гады!
…Напярэдадні мы з’ездзілі на машыне Радзівона ў Маскву ўладкаваць некаторыя справы ў Расійскім аўтарскім таварыстве, пабывалі ў гасцях у сем’ях яго сясцёр, маіх цудоўных племенніц, – Танюшы і Наташы. Ужо там, у Маскве, калі мы ішлі на чарговую сустрэчу, Радзівону раптам стала дрэнна, ён пачаў прасіць мяне не спяшацца, прыпаў да сцяны дома. А паколькі мы ўжо і так спазняліся, я не звярнула на гэтую акалічнасць належнай увагі і стала яго прыспешваць. Як высветлілася пазней, у яго тады здарыўся мікраінфаркт. Назаўтра нам прыйшлося зноў ехаць у далёкую дарогу дадому на машыне, і сын за рулём. Было бачна, што яму сапраўды дрэнна.
І тады я патэлефанавала ў Рослаўль дырэктару музея, што мы не зможам да іх заехаць, хаця ў нас была дамоўленасць, што на зваротным шляху з Масквы мы пабываем у Рослаўльскім гісторыка-мастацкім музеі, дзе да таго часу ўжо размяшчалася экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці іх земляка, Яўгена Аляксандравіча Глебава. Радзівон стойка вытрымаў нялёгкую дарогу.
Дома ў той дзень Радзівон паспеў патэлефанаваць усім сваім сябрам, як быццам нешта прадчуваў… А калі ўвечары мы з ім глядзелі тэлевізар, ён раптам прамовіў: “Мамулік, давай дамовімся, што калі я памру, ты мяне крэміруеш і абавязкова падхаваеш да бацькі”. Сэрца маё, вядома, здрыганулася, але я пастаралася адказаць у яго ж тоне, маўляў, біялагічна я старэйшая, таму прашу яго ў свой час паступіць гэтак жа ў адносінах да мяне. На тым і вырашылі.
Да гэтага часу кляну сябе за тое, што не надала належнага значэння ўсім гэтым абставінам, своечасова не выклікала ўрачоў, і яму не была аказана такая неабходная дапамога… Адмольваць мне цяпер гэта да канца маіх дзён.
Цяпер, калі засталася адна, асабліва востра ўсведамляю свой абавязак перад памяццю маіх родных і блізкіх. І гэта тым больш правільна, таму што зусім нечакана выявіўся неабыякавы чалавек, які з вялікім піетэтам ставіўся да нашай агульнай гісторыі, які добра разумеў, наколькі важна для маладой дзяржавы мець сваю ўласную, родную гісторыю, свае ўласныя вялікія імёны. У гэтым мы з ім былі абсалютна сугучныя. А цяпер пытанне: гэта што, выпадковасць? Не думаю. Хутчэй Усявышні пачуў маю гатоўнасць выканаць свой абавязак, а Анатоль Васільевіч Статкевіч-Чабаганаў з’явіўся адным з выканаўцаў Яго волі.
У 2016 годзе Радзівону споўнілася б 50 гадоў, і да яго дня нараджэння сябры пры непасрэднай падтрымцы Анатоля Васільевіча зрабілі мне падарунак: выдалі партытуру араторыі Радзівона Глебава “Быў, ёсць, буду” на вершы Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, нашага вялікага паэта, аўтара несмяротных аповесцей і раманаў, творчасць якога не аднойчы спалучалася з творчасцю і Яўгена Аляксандравіча, і Радзівона Яўгенавіча Глебавых.
ЗАВЕШЧАНЫ ШЛЯХ
Васіль Быкаў у 1984 годзе напісаў: “Яўген Аляксандравіч Глебаў – кампазітар самага высокага класа, ад нараджэння надзелены талентам, які не часта сустракаецца нават на нашай ніколі не беднай талентамі зямлі. Дзякуючы творчасці Яўгена Глебава беларускае музычнае мастацтва ўзбагацілася ў найвышэйшай ступені. Ні на кога не падобны, нікога канкрэтна не прадоўжыў, ён упісаў сваю, асабіста глебаўскую старонку ў гісторыю беларускага, усесаюзнага ды і сусветнага музычнага мастацтва…”
У той год Яўгену Глебаву былі прысвоены званні прафесара і народнага артыста СССР. Яго творы свабодна ставіліся ў тэатрах і канцэртных залах свету. Усе творы былі запатрабаваныя. Ды і цяпер час ад часу спевакі, дырыжоры і музыканты-інструменталісты звяртаюцца да мяне за яго нотамі. Заўсёды адгукаюся: іграйце, не забывайце! Ён пісаў для вас…
Прафесіянал найвышэйшага класа, Глебаў валодаў бясспрэчным аўтарытэтам як у музычным асяроддзі, так і ў грамадстве ў цэлым. Яго погляды, яго меркаванні дарагога каштавалі, да іх прыслухоўваліся нават тыя, хто відавочна недалюбліваў яго, не будучы здольным прыняць гэты незалежны і своеасаблівы характар.
Ад многіх музыкантаў часта даводзіцца чуць словы шкадавання, што цяпер няма да каго і звярнуцца, няма ў каго шукаць парады і дапамогі, як у прафесійных, так і ў агульначалавечых пытаннях. Няма Асобы такога маштабу, якім быў Яўген Аляксандравіч Глебаў, які на любым узроўні мог пераканана і годна адстойваць прафесійны пункт погляду па самых разнастайных пытаннях музычнага мастацтва.
Яўген Глебаў быў крытэрыем у прафесіі, у аб’ектыўнасці і непрадузятасці меркаванняў. Па сваёй недасканаласці я лічыла, што неабходнасць у даследаванні творчасці, аналізе твораў і вызначэнні Асобы ў гісторыі беларускай музычнай культуры, значнасці яго творчай спадчыны, павінна была з’явіцца ў прафесіяналаў – у тых, хто працаваў з ім побач, добра яго ведаў і меў права пісаць пра яго. Бо некалі, у самым пачатку яго творчага шляху, пра яго пісалі, яго творчасць мела жывы водгук.
Так, у 1959 годзе выдавецтва “Савецкі кампазітар” (Масква) выпусціла невялікую кніжачку Л.С. Мухарынскай “Яўген Глебаў” у рубрыцы “Маладыя кампазітары Савецкага Саюза”. У 1971 годзе у выдавецтве “Беларусь” выйшла ў свет кніга А.Я. Ракавай “Яўген Глебаў. Старонкі творчасці”. У 1978 годзе ў выдавецтве “Савецкі кампазітар” выйшла кніга Л. Аўэрбаха “Беларускія кампазітары”, значнае месца ў якой было адведзена творчасці Яўгена Глебава. Былі артыкулы ў спецыяльнай літаратуры пра балет, оперу, драматычны тэатр і кіно, рэцэнзіі на розныя яго творы, водгукі ў перыядычным друку, як савецкім, так і замежным.
У 1984 годзе ў нямецкім выдавецтве “Edition Peters. Leipzig/Dresden” выйшла кніга “Пяцьдзясят савецкіх кампазітараў”, дзе ад Беларусі быў прадстаўлены толькі Яўген Глебаў. А ў постсавецкі час у 1997 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выйшаў даведнік, складзены Т.Г. Мдзівані і Р.І. Сергіенка “Кампазітары Беларусi”, дзе прыводзіцца кароткая даведка пра творчасць усіх беларускіх кампазітараў і даецца разгорнуты пералік іх твораў і літаратуры пра іх. У наш час студэнты пішуць курсавыя і дыпломныя работы па яго творах, абараняюцца дысертацыі.
Аднак сістэматызаванага, поўнага і ўсебаковага даследавання пра кампазітара Глебава і яго шырокую творчасць так і не з’явілася. Мяркуючы па ўсім, запатрабавання такога не ўзнікала, і аднойчы я востра адчула, наколькі ўсё мінуча: менш і менш застаецца тых, хто ведаў Яўгена Аляксандравіча асабіста, хто працаваў побач, хто дапамагаў яму, каму дапамагаў ён, і хто можа данесці праўду, а магчыма, ісціну пра яго.
А вось што напісаў незадоўга да сваёй смерці наш сын, Радзівон Яўгенавіч Глебаў, які пайшоў па шляху бацькі (прыводжу з захаваннем яго арфаграфіі): “У часы СССР да творчасці Яўгена Глебава ставіліся з большай цікавасцю і спрабавалі даведацца тое, пра што Майстар нікому не збіраўся расказваць. Хоць, былі выключэнні: А. Друкт, музыказнаўца, кампазітар, спрабаваў спазнаць “сакрэт Вялікага апавядальніка”. На жаль, нічога не выйшла. Цікава тое, што яркасць і самабытнасць Яўгена Глебава ў першую чаргу заключаецца не толькі ў фенаменальным валоданні гармоніяй, поліфаніяй, аркестрам у любым варыянце і ў любым складзе, галоўнае, як сказаў нехта з Вялікіх, – Мелодыяй, Душою Музыкі. Бо без мелодыі музыкі проста не існуе. Запісваю я гэтыя думкі, з аднаго боку, з радасцю, з другога – з глыбокім смуткам. Таму што майму бацьку, Яўгену Аляксандравічу Глебаву, – хутка будзе 10 год, як няма з намі. Царства Нябеснае! Вечная памяць! Вечны Спакой, мой Папулічак!”
Разам з адыходам сучаснікаў адыходзяць веды пра кампазітара, пра яго цудоўную музыку, пра яго рознабаковую творчасць, якая калісьці склала славу беларускаму музычнаму мастацтву. І не толькі. Васіль Уладзіміравіч Быкаў, які нейкі час жыў у Фінляндыі, пісаў, што пра Мінск і Беларусь фіны ўпершыню даведаліся дзякуючы кампазітару Глебаву, яго балетам, пастаўленым тэатрам Фінскай нацыянальнай оперы.
Творы Яўгена Глебава, на жаль, цяпер запатрабаваны не так, як раней, і яны забываюцца. Вырасла пакаленне, якое пра іх і не чула. Сучасная медыйная прастора, культывуючы вельмі другасны шоў-бізнес, мімаволі ўмацоўвае ва ўсведамленні людзей адсутнасць запатрабавання ва ўспрыманні годнай прафесійнай музыкі. Але… ёсць Акадэмія музыкі, музычныя каледжы, школы, ёсць музычныя тэатры, канцэртныя залы, філармоніі. Ёсць людзі, якія наведваюць музычныя спектаклі і сімфанічныя канцэрты. Ёсць, нарэшце, самасвядомасць нацыі. Мяркую, што такая пасіўнасць непазбежна прыводзіць да адарвання ад гістарычнага кантэксту культурнага жыцця Беларусі па праве прыналежных яму годных імёнаў.
Але вось здарылася неверагоднае: у лістападзе 2015 года ў Вялікім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера балета Глебава “Маленькі прынц”. На нашай сцэне гэта адбылося ўпершыню. Раней ён быў пастаўлены ў многіх тэатрах СССР і за мяжой, але ў Мінску – упершыню з 1982 года, з часу яго стварэння. Чаму так – пытанне гэта для мяне добра вядомае. Гэта, на жаль, залежала ад волі чалавека, які трымаў тады ўладу. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, гэты чалавек, дзякуй Богу, жывы і здаровы, хай гэтая акалічнасць спосабу праўлення застанецца на яго – не, не сумленні, а, скажам так, успрыманні рэчаіснасці…
Нечаканасцю стала і наступнае: наведванне спектакля гледачамі і тое, як яго прымаюць. Глебаўскія творы заўсёды добра прымаліся гледачамі і слухачамі. Але цяпер, у наш час папсы, у зале опернага – аншлагі, білеты на “Маленькага прынца” купляюць загадзя, а ў канцы спектакля публіка 15 хвілін апладзіруе стоячы. Гэта для мяне радасць і гонар. Значыць, ёсць патрэба ў мастацтве прыгажосці, яшчэ не ўсё страчана, а гэта значыць, што і мае намаганні па захаванні творчай спадчыны кампазітара не марныя.
РОСЛАЎЛЬ
Яўген Аляксандравіч Глебаў нарадзіўся 10 верасня 1929 года ў горадзе Рослаўлі Смаленскай губерні. Жэньчыку – так звала яго мама, Раіса Фёдараўна, – не было і года, калі яго бацька, Аляксандр Пятровіч Глебаў, сказаў жонцы: “Ведаеш, Раюшка, я хачу гуляць. Ты мяне адпусці”. Раюшка адпусціла, але калі вярнуўся, не прыняла, хаця вельмі кахала. Аформіла развод, што па тых часах было проста, і вярнулася ў дом сваёй маці, Клаўдзіі Сцяпанаўны Сурус.
Аляксандр Пятровіч Глебаў, ці Сашка Глеб, як усе ў Рослаўлі яго называлі, доўгі час, аж да пачатку вайны, вечарамі прыходзіў да іх у хату. Прыходзіў пайграць – на мандаліне, балалайцы, гітары. Ён працаваў ліцейшчыкам на вагонарамонтным заводзе. Мяркуючы па ўсім, быў таленавітым музыкам-самавучкам: іграў на ўсіх інструментах, якія толькі былі тады ў Рослаўлі, сам складаў музыку. Дарэчы, мелодыя песні “Спатканне” з цыкла Яўгена Глебава “Помню” на вершы Уладзіміра Арлова – гэта мелодыя Аляксандра Пятровіча Глебава. Бацька Аляксандра Пятровіча служыў дыяканам у мясцовай царкве, і Аляксандр дапамагаў яму на службах, спяваў у царкоўным хоры. Разам з Раісай Фёдараўнай яны спявалі ў хоры пры заводзе.
У жыцці Аляксандра Пятровіча быў перыяд, калі ён навучаў глуханямых дзетак ігры на музычных інструментах. Здаецца неверагодным, але гэта – факт.
Калі прыходзіў да іх у дом, маленькі Жэньчык ведаў яго як Сашку Глеба. Хлопчык не здагадваўся, што гэта яго бацька. Падобна, асаблівых бацькоўскіх пачуццяў Аляксандр Пятровіч не выяўляў.
Надышоў час ісці ў школу, і мама завяла Жэню ў першы клас. Калі сталі выклікаць вучняў, выклікалі і яго: Жэня Глебаў. Ён не азваўся. Раіса Фёдараўна кажа: “Жэньчык, Жэньчык, уставай, гэта цябе выклікаюць!” Яго не падрыхтавалі, і хлопчык не ведаў, што ён – Глебаў, будучы ўпэўнены, што, як і ўсе ў доме, ён Сурус. Мабыць, гэта было першае ў яго жыцці ўзрушэнне…
Бабуля Клаўдзія Сцяпанаўна называла яго “Сокал мой”. Сокал – гэта частка прозвішча князёў Сокал-Чарнілоўскіх, якія па матчынай лініі з’яўляліся продкамі Яўгена Аляксандравіча. Іх маёнтак быў недзе непадалёк…
Клаўдзія Сцяпанаўна выйшла замуж за Фёдара Стэфанавіча Суруса. Яго карані ідуць ад польскага хутараніна Суруса, які некалі прымаў удзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Калі паўстанне было задушана, хутараніна выслалі, і продак асеў на Смаленшчыне. Дзед Яўгена Аляксандравіча, Фёдар Стэфанавіч Сурус, працаваў машыністам паравоза. Прафесія гэтая некалі была вельмі паважаная і прэстыжная, як пазней прафесія лётчыка. Пасля рэвалюцыі Фёдар Стэфанавіч быў прызначаны ў Рослаўль землеўпарадчыкам.
Яго абавязкам было адмяраць зямлю для розных патрэб і пры гэтым адразаць яе ў ранейшых уладальнікаў. На гэтай пасадзе ён набыў сабе шмат ворагаў. На Фёдара данеслі і неўзабаве пасадзілі…
У сям’і захоўвалася паданне пра тое, як Клаўдзія Сцяпанаўна выратавала свайго мужа з турмы. Яна была жанчына валявая, адукаваная і разумная, ведала еўрапейскія мовы, у свой час рэгулярна бывала ў Еўропе. Умела знайсці агульную мову з кожным, незалежна ад таго, быў гэта высокі чын ці просты чалавек… Клаўдзія Сцяпанаўна паехала ў Маскву, дзе дабілася прыёму ў самога Леніна і здолела пераканаць яго ў невінаватасці мужа. Фёдара Стэфанавіча выпусцілі. Але ў турме ён цяжка захварэў і неўзабаве пасля вызвалення сканаў. Клаўдзія Сцяпанаўна адна выхоўвала чацвярых дзяцей…
Раіса Фёдараўна расказвала, што знешнасцю Жэня пайшоў у радню Сокал-Чарнілоўскіх. Ён не быў падобны ні да яе, ні да бацькі. Абодва чорнавалосыя і з карымі вачыма, а ў сына – светлыя валасы, чорныя бровы і яркія блакітныя вочы… Значна пазней, пры мне ўжо, бывала, яна рабіла выгляд, што злуецца на яго, бурчэла: “Сапраўды, мне цябе падмянілі яшчэ ў раддоме”…
Раіса Фёдараўна працавала на вагонарамонтным заводзе нарміроўшчыцай, вяла актыўнае грамадскае жыццё. Жыла ў бацькоўскім доме “на другіх ролях”, пакуль сын не забраў яе да сябе ў Мінск. Замуж больш не выйшла, хоць “уздыхальнікаў” вакол яе заўсёды было мноства. У яе быў Жэньчык – яе радасць і гонар.
Выхаваннем хлопчыка займалася ў асноўным бабуля. Чытала, вадзіла ў царкву, цікава расказвала. У доме, як і ў шматлікіх сем’ях, якім было што ўтойваць ад савецкай улады, не дазвалялася ўслых гаварыць пра знакамітых продкаў. Поўных ведаў пра іх Жэньча так і не атрымаў: “хто менш ведае, з таго менш спытаюць”. Клаўдзія Сцяпанаўна высакароднага паходжання ад унука не хавала і запэўнівала, што час, калі даводзіцца маўчаць пра свой род, абавязкова скончыцца: “Запомні, Сокал, гэта будзе, калі той, хто быў усім, зноў стане ўсім, а хто быў нікім, нікім і застанецца”. Але… цытавала Някрасава: “Шкада толькі, жыць у гэтую цудоўную пару ўжо не давядзецца…”
Яўген расказваў і пра другое сваё ўзрушэнне – арышт у класе, проста на ўроку, яго любімай настаўніцы, прыгажуні Марыі Васільеўны. Гэта была яго першая закаханасць. Ён так стараўся добра вучыцца – дзеля яе! І вось – на яго вачах – грубыя мужчыны выводзяць яго настаўніцу з класа… Хлопчык расказваў бабулі і горка плакаў. Клаўдзія Сцяпанаўна старалася адцягнуць яго ўвагу, супакойвала і наказвала, каб унук нідзе, ніколі і нікому не расказваў, пра што гавораць у іх доме. Гэтую негаварлівасць ён пранёс праз усё сваё жыццё…
Дзіцячыя гады пакінулі адчуванне пастаяннага голаду: хлопчык рос і яму заўсёды хацелася есці. Яўген нарадзіўся ў так званы “год вялікага пералому”, час “прадразвёрстак і харчовых падаткаў”, сталінскіх рэйдаў па засеках свайго народа і раскулачванняў. Дзядзьку, Фёдара Фёдаравіча, брата маці, цягалі ў мясцовую ЧК, дапытваліся, адкуль у яго такое прозвішча – Сурус. Дзякуй Богу, пра Сокал-Чарнілоўскіх не даведаліся.
Фёдар Фёдаравіч ажаніўся, прывёў у хату маладую жонку, Марыю Антонаўну, і надышоў час, калі Жэньчыку разам з мамай і бабуляй належала прывыкаць, што цяпер у іх доме далёка не ўсё можна будзе лічыць сваім…
Адзін з успамінаў пра гэты час захаваўся на касетнай плёнцы: “Мяне ў доме ніколі не хацелі. Я быў лішні, непатрэбны. Аднойчы ў мяне паляцеў малаток толькі за тое, што я прыадчыніў дзверцы, дзе ляжалі іх свежаспечаныя піражкі … Мама не магла павысіць голас, усё жыццё баялася каго-небудзь пакрыўдзіць. Рослаўльскі побыт – гэта тое, што перавярнула паняцце “бацькоўская хата”. А яе і не было, бо не было бацькі. Быў Сашка Глеб, але я не ведаў, што гэта мой бацька”.
У радасць былі вечары, калі ў дом прыходзілі сябры дзядзькі і садзіліся граць. Ігралі ўсё, што ўмелі, што калі-небудзь чулі. Радыё яшчэ не было. Нот не ведаў ніхто, усё на слых. Прыносілі свае інструменты, ігралі на дзядзькавых. Жэньчыку вельмі хацелася паспрабаваць пайграць, але дзядзька не дазваляў …
Яўген Глебаў працягвае: “…Неяк да вайны (маю на ўвазе Вялікую Айчынную, а не імперыялістычную, каб не падумалі пра мой узрост занадта перабольшана) як заўсёды, незалежна ад пары года, я сядзеў на лаўцы нашага кветніка і слухаў музыку, якая даносілася да мяне праз адчыненыя вокны. Не трэба думаць, што я цяпер складаю небыліцы, але ўклад нашай сям’і выключаў мой удзел у гэтых хатніх канцэртах. У адным з “антрактаў” (перакураў) я, імкнучыся быць незаўважным, падышоў да гітары, што ляжала на сафе, і асцярожна, вельмі асцярожна, дакрануўся да струн. Я не памятаю, але, магчыма, гэта быў першы выпадак такой дзерзкасці.
Гітара гэтак жа асцярожна, але, як мне здалося, ветла адказала далікатным, ціхім, трошкі разладжаным гукам… Зачараванне, ні з чым не параўнальнае! Але працягвалася яно нядоўга. Увайшоў мой дарагі дзядзька і даволі сурова заўважыў: “Гэта ж рэч! Дарагая!”
Не зразумеў я, якая сувязь паміж гітарай і маім дакрананнем да гэтай “дарогай рэчы”, і галоўнае, чаму нельга?.. Але, забягаючы наперад, скажу: мусіць, гэта была першая рэкамендацыя ў вялікае мастацтва”.
У 1937 году правялі радыё. Ад “шэрай талеркі” Яўгена было не адагнаць, ён слухаў усё: трансляцыі канцэртаў, тэатр ля мікрафона, песні, оперную музыку.
А потым пачалася вайна. Рослаўльскі вагонарамонтны завод падлягаў эвакуацыі. Дзядзька як галоўны механік завода разам з іншымі спецыялістамі і працоўнымі ў аўральным парадку эвакуіравалі заводскую маёмасць і абсталяванне і потым ужо разам з сем’ямі адправіліся следам. Гэта было 15 ліпеня 1941 года. Спачатку месцам дыслакацыі меркаваўся Варонеж, але фашысты наступалі імкліва, і ўжо на хаду завадчанам было загадана ехаць за Іркуцк, ва Улан-Удэ, дзе ім прыйшлося прабыць доўгія тры гады, аж да вызвалення Рослаўля. Вярнуліся ў красавіку 1944 года.
Пра той час і пра жыццё ва Улан-Удэ ў Яўгена засталіся выразныя ўспаміны. Як жылі і дзе, не казаў. Успамінаў школу. Вучыцца прыйшлося разам з “пераросткамі”, якія не па-добраму і зусім не па-дзіцячы сваволілі. У чужым краі было холадна і голадна. Узімку мароз быў такі, што ў палёце замярзаў плявок… Улетку – спякота. Увосень вучняў адпраўлялі ў Харанхой выбіраць гародніну. Ён расказваў, што ніколі і нідзе больш не бачыў такой вялізнай гародніны: капуста, морква, бручка і ўсё іншае – былі незвычайна буйныя. Такая, відаць, асаблівасць тых мясцін, ці проста дзіцячая памяць іх захавала такімі.
Пасля працы школьнікам дазвалялася ўзяць дадому столькі, колькі панясеш. Адпраўляла ў вёску бабуля. Яна і дала яму з сабой нейкае палатнянае “ёмішча”, вузкае і доўгае. Ён, вядома ж, хацеў парадаваць хатніх мноствам ежы, набраў даверху капусты, морквы… Несці было цяжка і вельмі нязручна, даводзілася цягнуць па зямлі. Ён быў невялікага росту, худзенькі, але вельмі ўпарты: падаў, але валачыў. Да платформы вагона. Але закінуць на яе свой скарб ужо не змог. Дзіўна, але не знайшлося нікога, хто б яму дапамог. Усе адварочваліся. А прасіць ён не мог. І палову прыйшлося выкінуць. Плакаў, пакідаючы на паўстанку такое багацце!.. Але ўсё роўна, і бабуля, і мама былі задаволеныя і шчаслівыя: і гародніны прывёз, і сам вярнуўся жывы.
Распавядаў пра тайгу, як яны з хлопцамі і абавязкова з кімсьці з мясцовых дарослых хадзілі ў грыбы, у ягады, як збіралі кедравыя арэхі, як цвіце багун… Але больш за ўсё любіў расказваць пра Байкал. Гэтае ўнікальнае возера пакінула ў яго наймацнейшае ўражанне. Расказваць пра яго мог бясконца! Пра яго найчысцейшую ваду, неаглядныя водныя далі. Пра найсмачнейшую байкальскую рыбку пад назвай омуль, пра размовы ля вогнішча…
Там, на Байкале, не было бамбёжак, фізічна вайна там не адчувалася, але яна па-свойму прысутнічала ў размовах дарослых ля вогнішча і тым мімаволі парушала байкальскую рамантыку.
…Яшчэ па дарозе на Далёкі Усход Жэня перажыў хвіліны непадробнага страху: на стаянцы ў Варонежы пабег па ваду і ледзь не адстаў ад свайго цягніка, які да гэтага доўга стаяў, чакаючы адпраўлення, і раптам нечакана стаў набіраць ход. Ён дабег, але заскочыць ужо не мог, і тут, дзякуй Богу, нейкі вайсковец падняў яго, падсадзіў і тым выратаваў… Доўгая дарога на ўсход сведчыла мноства выпадкаў адставання ад цягніка і страты блізкіх. Што гэта азначала, ён добра ведаў. Доўга прыходзіў у сябе, глядзеў у акно, як за іх цягніком беглі мясцовыя хлапчукі, дражніліся: “Вакуіраваныі! Вакуіраваныі!”
Калі вярнуліся ў Рослаўль, іх дом быў заняты сям’ёй нейкага энкавэдыста, панурага і няветлага чалавека. Дарослыя адстойвалі правы на ўласнасць, а хлапчукі былі занятыя больш важнай справай: вайна пакінула на вызваленай тэрыторыі мноства зброі і боепрыпасаў, што яны ўмудраліся знаходзіць у самых неадпаведных месцах. Зброя была абсалютна нічыйная, і гэта ўяўляла вялікую небяспеку. Жэньчык знаходзіў то вялікі браўнінг, то маленькі “мантэкрыста”. Хлапчукі – з тых, хто заставаўся ў акупацыі, – умелі карыстацца зброяй, і хутка навучалі новенькіх.
Паступова ўлады пачалі наводзіць парадак, усім было загадана здаць зброю. Па хатах хадзілі патрульныя, правяралі наяўнасць. Тым часам за валоданне домам пачаліся сур’ёзныя баталіі, і аднойчы Жэньчык вырашыў паджартаваць: набіў патронамі тарцы драўляных цурак і заклаў іх у печ, дзе былі выкладзены палены для падпалкі. Калі ў печы разгарэлася, патроны сталі ўзрывацца і лётаць куды папала. Жонка энкавэдыста з крыкам “забіваюць!” пачала збіраць пажыткі, і неўзабаве іх сям’я з’ехала…
А “феерверк”, што зладзілі хлапчукі 9 Мая, ледзь не каштаваў Жэньчыку волі: вечар Дня Перамогі прыйшлося сустракаць у “кутузцы”. Вызваліў стрыечны брат яго мамы. Афіцэр, які прайшоў вайну, паручыўся за родзіча, і яго адпусцілі. Але дзядзька дома як след адлупцаваў.
…Ішло звычайнае рослаўльскае жыццё. Школьныя будні. Яўген успамінаў смешныя, а часам і павучальныя гісторыі.
Аднойчы на ўроку Жэня міжволі абвінаваціў настаўніцу рускай мовы і літаратуры Фаіну Іёнаўну ў тым, што яна не занадта цвёрда ведала асаблівасці перыяду так званай “літаратуры разначынцаў”, пра стаўленне Бялінскага і Пісарава да Гогаля. Ён, які заўсёды шмат чытаў, прадметна даказаў на ўроку недасведчанасць настаўніцы ў гэтым пытанні. Фаіна Іёнаўна ў адказ абуралася, крычала… Скончылася выклікам бацькоў.
Яўген расказваў: «Пайшла, як заўсёды, бабуля, пра нешта гутарыла з настаўнікамі, а калі вярнулася дадому, сказала: “Не кручынься, Сокал, чытай кніжкі, там не заўсёды хлусяць”.
Нявыказанае, падспудна адчувальнае, сталае дзіцячае пачуццё віны… Лішні рот. Мая прысутнасць, толькі прысутнасць выклікала прыкрасць. Мама маўчала. Толькі бабуля, гэтая маленькая, уладная, разумная, адукаваная жанчына, заступалася за мяне. Ёй ніхто не мог пярэчыць. Я вельмі любіў яе і маму і марыў вывезці іх з Рослаўля».
Можа тады ўзнікла і назаўсёды пасялілася ў ім абвостранае пачуццё справядлівасці, роўна як і ўменне імгненна рэагаваць на несправядлівыя словы і дзеянні. Ён ніколі не мог сказаць няпраўду, схлусіць. Проста не ўмеў, і ўсё тут. Не мог схітраваць нават там, дзе, магчыма, і трэба было б. Не выносіў хлусні, роўна як і хлусаў, якіх распазнаваў “на-раз”. Сам усім і заўсёды ўсё гаварыў у вочы.
Не любіў “навушнікаў”. Я не раз была сведкай, калі прышлы спрабаваў распавесці пра кагосьці відавочную брыдоту. Яўген імгненна змяняўся ў твары, разумеў, хто перад ім, і перарываў “добраахвотніка” простай, але безадмоўна дзейснай фразай: “Вы лепш раскажыце гэта яму. Можа быць, яго гэта зацікавіць”.
…У іх доме і пасля вайны захавалася традыцыя хатняга музіцыравання. Але цяпер ужо і Жэньча, як сапраўдны музыка, іграў разам з усімі. Ён самастойна засвоіў гітару, мандаліну і балалайку – усе інструменты, якія былі ў доме. Пазней, калі дзядзька набыў трафейны акардэон, іграў і на ім. Стаў ствараць музыку, але не ведаў, як запісаць, і прыдумаў сваю сістэму запісу на сямі радках (па колькасці гітарных струн). Ён расказваў: “Высотнасць я вызначаў так, тыпу, міліметры–сантыметры. Ну не ведаў я нотнага стану, хоць ты забіся. Не, я ведаў, што ён ёсць, але не больш за тое…”
Ён вельмі хацеў вучыцца музыцы, але ў Рослаўлі не было музычнай школы. “Ты разумееш, я заўсёды добра чуў, але тады я мог толькі паказаць, што яны граюць няправільна. Прычым, паказваў не толькі мелодыю, мог і гармонію падабраць. Але толькі на гітары. Мне гэта было асабліва проста, таму што гітара – перш за ўсё – інструмент гарманічны”.
…У 2013-м я пабывала ў Рослаўлі па запрашэнні гісторыка-мастацкага музея і школы № 6, якую ў свой час скончыў Яўген Аляксандравіч. 1 верасня ў будынку гэтай школы адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Яўгену Аляксандравічу Глебаву.
Яўген скончыў школу ў 1947 годзе. Пасля заканчэння адразу паўстала пытанне: што далей? Для яго галоўным было – з’ехаць з Рослаўля. Яго вольналюбівая натура патрабавала збавення ад хатняга дыктату, вечнага адчування сябе лішнім. І ён адправіў дакументы для паступлення ў Бакінскае мараходнае вучылішча. Галоўнае – вырвацца, хутчэй і далей з’ехаць! Прыйшоў выклік на экзамены, і ён паехаў паступаць – праз Маскву на Каспій, у далёкі Баку.
Бабуля і мама адгаворвалі, але ён не слухаў. Здаў экзамены і паступіў, аднак абстаноўка ў вучылішчы, армейская муштра, грубасць і невуцтва малодшага камсаставу – усё гэта было відавочна не тое. Вырашыў вяртацца дадому. Калі прыйшоў забіраць дакументы, начальнік вучылішча адмовіўся аддаваць, моцна насварыўся на яго, маўляў, вучыцца не хочаш, камусьці больш вартаму дасталося б месца! Потым злітаваўся і аддаў дакументы. Хлопцы дапамаглі з правізіяй: сабралі крыху сухароў, і ён адправіўся. Ехаць усю дарогу прыйшлося на даху вагона. А гэта не адны суткі. Калі, нарэшце, састаў прыбыў у Маскву, і ён увайшоў у будынак вакзала, то, праходзячы міма люстэрка, убачыў у ім адлюстраванне нейкай мурзатай пачвары. “Ну і рожа!”, падумаў, але хутка сцяміў, што гэта ён і ёсць. Паездка на даху вагона цягніка з паравозам зрабілі сваю справу…
ПАТРЭБНАСЦЬ, ПРАГА І ЎСЁ ЖЫЦЦЁ
У тым жа годзе Яўген паступіў у Рослаўльскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, адзіную сярэднюю навучальную ўстанову ў горадзе. Больш у Рослаўлі паступаць не было куды, а жыць неяк трэба. Быць нахлебнікам ён не мог. Скончыў тэхнікум у снежні 1949 года і пры размеркаванні папрасіў накіраваць у Магілёў. Там было музычнае вучылішча, а ён не губляў надзеі атрымаць музычную адукацыю…
У пачатку студзеня 1950 года прыехаў у Магілёў. Пачаў працаваць аглядчыкам вагонаў магілёўскага пункта тэхнічнага агляду. Цяжка складаліся адносіны з так званымі падначаленымі: рабацягі маладога начальніка не слухаліся, шмат пілі, прапускалі брак, а спаганялі з яго… Паспрабаваў быў паступаць у музвучылішча, але дарэмна. Дырэктар вучылішча Зісман вынес вердыкт “прафнепрыгодны” і не прыняў у яго дакументы нават на цымбалы, нават на аддзяленне ўдарных інструментаў. А яму б – на любое аддзяленне, хоць бы куды, толькі вучыцца б музыцы!..
Але тут умяшалася фартуна – навучэнцы з музвучылішча (а сярод іх быў выдатны хлопец, баяніст Толя Агеенка), з якімі ён паспеў да таго часу пасябраваць. Ім ён іграў у тым ліку і свае “опусы”, а яны ладзілі яму “перакрыжаваныя допыты” і ўразумелі, што ў хлопца выдатны слых і рэдкія музычныя даныя. Часам вадзілі з сабой у вучылішча на музычныя дыктоўкі. Ён расказваў: “Калі ідзе двухгалосная ці трохгалосная дыктоўка, я здзіўляў публіку тым, што мог праспяваць любы ход!.. Неяк пачуў, што Толя з памылкамі іграе “Ручаёк”, тады была ў модзе такая п’еса для баяна. Я кажу: “Толя, няправільна! ”. А ён: “Дык пакажы! ” Я наспяваў і кажу: “Ты запішы, як я наспяваў, і пасля па радыё паслухай”. Тады яе часта перадавалі. Ён запісаў, а потым усе баяністы па радыё слухалі і звяралі, ці правільна я наспяваў. Пасля вялікай спрэчкі вырашылі, што ўсё ж я даў правільныя ноты. Дакладней, не ноты, а гукі… Ты ўяўляеш, яны ўсе вучацца, а я корпаюся на чыгунцы… Я і без іх разумеў, што нешта адчуваю, нешта магу… Цікава, але пасля таго, як Зісман мяне адкінуў, я набыў у іх славу нейкага пакутніка. У хлопцаў да гэтага часу вера ў мяне была незвычайная. Яны перажывалі за мяне і хацелі дапамагчы”.
Калі ў Магілёў прыехаў Іосіф Іосіфавіч Жыновіч, вядомы музыкант, стваральнік і кіраўнік аркестра народных інструментаў, яны расказалі яму пра Глебава. Той пагадзіўся паслухаць: “Ну, давай, іграй…” Жэньча стаў іграць. Той маўчыць, слухае. Іграў, пакуль не сыграў увесь рэпертуар. Жыновіч кажа: “А мне яшчэ сказалі, што ты сам і пішаш. Пайграй сваё”. І ён пачаў іграць сваё.
Да гонару Іосіфа Іосіфавіча, ён уважліва выслухаў усё… і раптам сказаў: “А падавай ты дакументы ў кансерваторыю”. Жэня папярхнуўся: “Як у кансерваторыю? У мяне толькі што ў вучылішчы не ўзялі дакументы!” Жыновіч, раззлаваўшыся, усклікнуў: “Мы ездзім па краіне, шукаем таленавітых хлопцаў, а тут сам у рукі ідзе… Глядзі, табе будзе дваццаць адзін – часу мала, а вучыцца трэба!” І стаў дыктаваць яму заяву ў кансерваторыю. Але ў Жэні рукі ад хвалявання не слухаліся, і тады Іосіф Іосіфавіч сам напісаў за яго заяву аб прыёме ў кансерваторыю, а ён толькі падпісаў. На здзіўленне, Яўгена Глебава прынялі.
Калі гэта расказваў, адначасова ўспомніў, як зімой 1948 года, яшчэ да Магілёва, адважыўся паехаць у Маскву паказацца чамусьці ў Саюзе кампазітараў. На вуліцы Няжданавай.
«Прыехаў. У вестыбюлі пастараўся хутчэй зняць сваю хрусткую, хатняга вырабу, трусіную шапку і ватоўку, закінуў іх у кут далей, але гардэробшчыца спакойна падабрала і павесіла на вешалку так, як калі б гэта было цалкам годнае адзенне. Згараючы ад сораму і хвалявання, я прайшоў у пакой, дзе прымаў кансультант, Чаплыгін ці Чапыгін, дакладна не памятаю…
Пазней ён працаваў на Усесаюзным радыё, і аднойчы Хрэннікаў у яго прысутнасці разам са мной праслухоўвалі музыку “Альпійскай балады”. Але гэта быў ужо 1968 год. Пасля Усесаюзнага конкурсу на найлепшы музычны спектакль да 50-годдзя Кастрычніка, дзе мне дасталася другая прэмія. Першая не прысуджалася ўвогуле. Горкае адчуванне пакінуў той зімовы візіт 1948-га. Кансультант слухаць не стаў: “Знаете, молодой человек, у нас соискатели свободно играют на фортепиано. А вы – без нот, с гитарой… Дерзайте, дерзайте …”
Гэта цяпер я разумею, што гэтаму музычнаму кансультанту не хапіла элементарнага чалавечага такту і прафесійнай цікавасці хаця б проста праслухаць хлопца, які невядома адкуль узяўся, з загорнутай у прасціну гітарай… Мне тады трэба было толькі адно: тое, што я стварыў, гэта тое ці не тое? Усё!… Да таго часу я ведаў толькі адно, што калі не стану музыкантам, дык і жыць не змагу. Гэта было патрэбнасць, прага і ўсё жыццё… Пайшоў іншым шляхам. Але з тых часоў, на жаль, дом на Няжданавай, Саюз кампазітараў СССР, для мяне сваім так і не стаў…»
Яўген усміхаецца: «…як “дерзать”, у які бок, кансультант не сказаў. Дык вось, Жыновіч быў не такі! Ён быў і застаўся для мяне да гэтага часу чалавекам надзвычайным. Ён паводзіў сябе так ветліва! Па-першае, у яго добры твар. А па-другое, ён зрабіў для мяне галоўнае. І пакуль я жывы, ён у мяне ў душы будзе жыць абавязкова».
Глебаў быў прыкладны студэнт. Да вучобы ставіўся ў вышэйшай ступені прагматычна: не прапускаў заняткі, на лекцыях заўсёды ўважліва слухаў і запамінаў, пісаў канспекты, каб потым не марнаваць час на падрыхтоўку, каб яго больш заставалася для заняткаў кампазіцыяй. У яго была цудоўная, хоць, як ён сам сцвярджаў, выбарачная памяць. Усё давалася лёгка, і вельмі хутка ён стаў ісці ўпоравень са сваімі аднакурснікамі, а ў чымсьці і пераўзыходзіць. Цяжэй з фартэпіяна: рукі былі не тыя, ды і паўплывала праца на чыгунцы (рукі ён змог адмыць толькі да трэцяга курса) і, вядома ж, занадта позні для такога інструмента пачатак…
На трэцім курсе як круглы выдатнік пачаў атрымліваць Сталінскую стыпендыю. Калі атрымаў першы раз, вырашыў пайсці паабедаць у кавярні “Адпачынак”, што размяшчалася непадалёку ад кансерваторыі, насупраць кінатэатра “Перамога”. Заказаў сабе ўсё, чаго толькі захацеў, а калі прынеслі, расхваляваўся так, што есці не змог. “Не ў каня корм…” Разлічыўся і ціха выйшаў…
За год да заканчэння кансерваторыі Глебава прынялі ў Саюз кампазітараў, факт выключны не толькі па тых часах. Тады ж, у 1955 годзе, ён быў запрошаны ў Маскву на маладзёжны пленум Саюза кампазітараў СССР, дзе яму ўручылі членскі білет. Там пазнаёміўся з Дзмітрыем Дзмітрыевічам Шастаковічам і нават удастоіўся гонару быць запрошаным да яго дадому. Паказаў партытуру кантаты “За праўду ўстанем” на вершы Лесі Украінкі, якая была яго дыпломнай працай. Сказаў, што марыць паступіць да яго ў аспірантуру, але Дзмітрый Дзмітрыевіч да таго часу ўжо вырашыў завяршыць выкладчыцкую дзейнасць. “Я больш не набіраю ні студэнтаў, ні аспірантаў”. Але пры гэтым вымавіў сваёй знакамітай скорагаворкай: “Вам трэба да Шабаліна. Вы таленавіты, але не навучаны. Вам патрэбен Шабалін. Вучоны малады, але педант. Да яго, да яго!”
Яўген не паехаў да Шабаліна. Што тут адыграла сваю ролю – асцярога зноў апынуцца ў становішчы неўладкаванасці ці яго праславуты максімалізм “або ўсё, або – сам!”?
Лёс падарыў яму яшчэ адзін шанс.
У 1957 годзе ў Мінску праходзіў з’езд кампазітараў, на які з Масквы прыехалі карыфеі – Шапорын, Дзяржынскі, Хачатуран. Тады такое практыкавалася: Маскве трэба было ведаць, што робіцца на перыферыі.
На адным з канцэртаў прысутнічаў Леў Майсеевіч Абеліёвіч, які пазней мне расказваў: «Канцэрт ішоў не адну гадзіну, усе стаміліся, у зале – устойлівы гул, ніхто ўжо нічога не слухае. І ў самым канцы аб’яўляюць: “Яўген Глебаў. Фантастычныя танцы. Выконвае Ева Эфрон”. На сцэну выходзіць найпрыгажэйшая жанчына ў раскошным канцэртным уборы і садзіцца за раяль. Гул пачаў сціхаць. Яна – вучаніца Ігумнава, бліскучая піяністка! Іграла надзвычайна, яе літаральна “ўтапілі” ў апладысментах!
Іван Дзяржынскі, які адрозніваўся тым, што ніколі не абмяжоўваў сябе ў сакавітых выразах, зычным басам выгукнуў на ўсю залу: “Дык гэта ж рэч на фоне ўсяго гэтага…!”
І тут, паслухай, Ларыска, раскажу табе пра Жэньчу. Калі ён выйшаў на паклон, на сцэну ўскочыў Хачатуран са словамі: “Ну, дзякуй Богу, не дарма з’ездзілі!” Расцалаваў твайго Жэньчу сваімі выбітнымі армянскімі губамі і сказаў, што бярэ яго да сябе ў аспірантуру… І пасля, на агульнай дыскусіі, вельмі добра гаварыў пра “Танцы” і іх аўтара. Параіў дапісаць яшчэ два танцы – для кантрасту і акцэнтаў».
Яўген не паехаў і да Хачатурана.
Калі мы з ім гаварылі пра гэта, я выказала неўразуменне наконт матываў, з-за якіх ён двойчы не выкарыстаў такія прапановы! Вучыцца ў Шабаліна, у Хачатурана… Вучыцца ў Маскве! Ён аджартаваўся, маўляў, у такім разе мы з табой не пазнаёміліся б…
Тады, у пяцідзясятых, побач не аказалася нікога, хто мог параіць, падштурхнуць…
Праз дваццаць гадоў у зале Маскоўскай кансерваторыі на адным са з’ездаўскіх канцэртаў 1974 года дырыжор Юрый Міхайлавіч Яфімаў з аркестрам Яўгена Святланава бліскуча выканаў сюіту з балета “Тыль Уленшпігель”.
Пасля канцэрта Арам Ільіч Хачатуран падышоў да Жэні разам з амерыканскім дырыжорам і нечакана сказаў: “Я даўно ведаю гэтага чалавека. Гэта – кампазітар Глебаў. Я даўно ведаю яго музыку. Але ў мяне не сыходзілася… І вось, нарэшце, сёння, як у тэлевізары, усё сышлося – і твар, і музыка. Я віншую Вас. Гэта – вялікі і заслужаны поспех!”
Але творчы лёс Глебава некалі мог скончыцца не па яго віне. Я ўжо крыху згадвала пра той выпадак. Здарылася гэта так. Яго жонка Людміла, незадаволеная тым, што Яўген шмат працуе і мала ўдзяляе часу ёй, напісала ў Саюз кампазітараў кляўзу. Нічога не ведаючы пра гэта, аднойчы Глебаў у выдатным настроі прыйшоў у Саюз кампазітараў на сход. “Аб працы з творчай моладдзю” – значылася на парадку дня. Музыказнаўца Тамара Аляксандраўна Дубкова, якая прыйшла раней, падышла да яго і шапнула, каб быў гатовы: «Насамрэч будзе разбірацца твая “персанальная справа”».
Яўген добра памятаў гэты сход, хто і што на ім гаварыў. Нікога з калег зусім не цікавіў зварот у СК яго жонкі. Ён быў не больш чым зачэпка.
…“И что на душе накипело, из уст полилося рекой»…
Я таксама памятаю імёны і асобныя фразы з выступленняў калег – па аповедах Жэньчы і рэпліках “з нагоды”. Пераказваць не буду з меркаванняў маральнай гігіены…
Яўгена выключылі з Саюза кампазітараў. Аднагалосна. Рэкамендавалі праявіць сябе на перыферыі. У гэтым быў момант ісціны: на перыферыю!
“В деревню, к тетке, в глушь, в Саратов!”
Яны былі ўпэўнены, што з Глебавым скончана – раз і назаўсёды.
Для Глебава выключэнне з Саюза было катастрофай, забаронай на прафесію, стратай права займацца тым, для чаго ён быў прызначаны.
Стан быў крытычны…
Дома раскрыў томік Бальзака, машынальна пачаў гартаць, і раптам позірк яго спыніўся на фразе, якая ўразіла сваім сугуччам, з-за чаго запомнілася на ўсё жыццё: “Але нішто так не спрыяе даўгалеццю, як думка пра тое, што твая смерць даставіць каму-небудзь радасць…”
“Судьба Евгения хранила”…
А раніцай, знайшоўшы зручную прычыну, нечакана патэлефанаваў кампазітар Абеліёвіч. Прапанаваў пагуляць у шахматы. Да таго яны былі проста знаёмыя па Саюзе кампазітараў. Калі прыйшоў, не дазволіў сабе размоў пра ўчарашняе, наадварот, усяляк падтрымліваў іншыя тэмы, расказваў пра новыя запісы, пра пласцінку Хіндэміта, пра Сімфонію псалмоў Стравінскага, якую Яўген яшчэ не чуў.
Калі мы пазнаёміліся, Жэньча расказваў пра Абеліёвіча з вялікай цеплынёй, падкрэсліваючы высокую ступень далікатнасці, якую тады выявіў мала знаёмы яму старэйшы калега. І яшчэ сказаў: “Калі б не ён, яшчэ невядома, што са мной тады было б”.
…Аднойчы ў Маскве пасля канцэрта з’езда Саюза кампазітараў СССР, дзе прагучала сюіта з “Тыля”, мы абедалі ў рэстаранчыку СК за адным сталом з Васілём Паўлавічам Салаўёвым-Сядым і Анатолем Васільевічам Багатыровым. Васіль Паўлавіч – гэта чалавек-легенда: дасціпнік, востры на язык, кампазітар, які набыў фенаменальную вядомасць і любоў усіх савецкіх людзей, аўтар мноства выдатных песень, у тым ліку песні “Падмаскоўныя вечары”. Ён павіншаваў Глебава з прэм’ерай, сказаў добрыя словы пра яго музыку. Багатыроў паведаміў: “Глебаў – гэта мой вучань, да-а-а…” І раптам: “А ведаеце, яго нават выключалі з Саюза кампазітараў”. Мудры Васіль Паўлавіч зрабіў паўзу, паглядзеў на Багатырова, потым на Яўгена Аляксандравіча і сказаў: “Вось бачыце, цяпер у вас ёсць адзін выключны кампазітар”.
Яўгена Глебава выключылі з Саюза кампазітараў у 1960 годзе, 8-га красавіка. Па праваслаўным календары гэта – дзень пакутніцы Ларысы… Што гэта? Лёс, знак, выпадковасць?
ЗГУСТАК НЕРВАЎ І СУХАЖЫЛЛЯЎ
Як вобразна выказвалася Аляўціна Карзянкова, першая выканаўца ролі Марыі ў балеце “Мара”, у 1961 годзе Яўген Аляксандравіч уяўляў сабой “згустак нерваў і сухажылляў”. Ён быў як нацягнутая струна, гатовая ў любую хвіліну парвацца.
Ён пачаў расказваць мне пра ўсё, не хаваючы сваёй велічэзнай горычы. Мяне здзіўляла гэтая адкрытасць і праўдзівасць: ніхто яшчэ не быў са мной такі шчыры. Хутчэй падсвядома я разумела, што гэта падранак, якому трэба было прыхінуць да кагосьці галаву. У гэтым сэнсе я ўяўляла сабой спрыяльны матэрыял, таму што ўмела слухаць і чуць. Ён вельмі хутка гэта ацаніў і пачаў расказваць тое, чаго дагэтуль не мог расказаць нікому, і зразумеў, што мне можна давяраць. Гэта яшчэ больш прывязала яго да мяне. Як і я, ён не выяўляў прыкмет закаханасці. Мы сталі добрымі сябрамі.
З некаторых пор я змагла нават заходзіць да яго дадому, праўда, толькі з Віктарам Паўлавічам Дуброўскім, і мы разам адпраўляліся куды-небудзь павячэраць.
Я хадзіла з Яўгенам на запісы яго музыкі, на рэпетыцыі аркестра радыё, калі ён замяшчаў Барыса Іпалітавіча Райскага, які захварэў. Калі ў оперным тэатры рыхтавалася прэм’ера “Мары”, я бывала ў тэатры на сцэнічных рэпетыцыях. Садзілася недзе ў канцы глядзельнай залы, назірала і слухала. Усё было незвычайна цікава, маё жыццё напаўнялася падзеямі, якіх раней не было.
Незадоўга да прэм’еры балета Яўгена аднавілі ў Саюзе кампазітараў. Жыццё патроху наладжвалася, ён падужэў, у яго інтанацыі ўжо не адчувалася горычы. Знешне Яўген таксама змяніўся. Мне ўдалося пераканаць яго змяніць прычоску і стыль адзення, наколькі гэта было магчыма па тых часах перманентнага дэфіцыту. Ён пачаў падумваць сысці з ТЮГа і з музвучылішча і займацца толькі творчасцю…
Добра памятаю прэм’еру “Мары”, яго першага балета. Аншлаг, хваляванне і аглушальны поспех. Я вельмі ганарылася і шкадавала, што не магу нікому сказаць, што аўтар – мой сябар. Нават маім бацькам. Я добра разумела, што становішча яго было ўсё яшчэ вельмі няпэўнае. І з боку калег, якім супраць іх волі прыйшлося аднавіць Яўгена ў саюзе, і з боку экс-жонкі ў адзін цудоўны момант маглі адбыцца зноў чарговыя дэмаршы. Людзі, якія падтрымалі яго ў той сітуацыі, папярэджвалі быць асцярожным і не даваць зачэпкі, якую можна было б выкарыстаць “калегам”.
Час ішоў, Яўген пісаў сімфанічную музыку, музыку да спектакляў, кіно, працаваў шмат, і ўсё, што рабіў, было вельмі цікавым. Я хадзіла разам з ім на запісы яго твораў, старалася ўнікаць у даступныя мне, не музыканту, тонкасці і нюансы гэтай цудоўнай прафесіі. Бачыла, як ён выкарыстоўваў любую магчымасць, каб спасцігаць новае, ці гэта датычылася музычнага стылю, выканальніцкага прыёму, манеры выканання ці афармлення партытуры. Цешыўся з’яўленню новых інструментаў, адразу браў іх на ўзбраенне. Яму пашанцавала менш, чым кампазітарам, якія скончылі Маскоўскую або Ленінградскую кансерваторыі і атрымалі неабходныя веды, як ён казаў, прама “з дзюбкі” сваіх знакамітых прафесараў.
Гэта быў час, які дыктаваў новыя правілы і прад’яўляў павышаныя патрабаванні да прафесіі кампазітара. Так званая “хрушчоўская адліга”. Калі ў “жалезнай заслоне” з’яўляліся няхай невялікія, але адчувальныя адтуліны, прыадчыняліся новыя каналы інфармацыі, Глебаў “паглынаў” іх з усім запалам неафіта. Незалежна ад таго, быў гэта джаз, новыя плыні і сістэмы ў музыцы ці новая, невядомая дагэтуль, літаратура, жывапіс…
Пакаленне Яўгена Аляксандравіча Глебава ў маштабе ўсяго СССР – гэта пакаленне высокіх прафесіяналаў. Тады дзейнічала сістэма з’ездаў Саюза кампазітараў СССР і рэспублік. У канцэртах з’ездаў выконваліся лепшыя з твораў, напісаных кампазітарамі ўсіх рэспублік. Колькі я памятаю, яго творы заўсёды выконваліся ў канцэртах нашых і ўсесаюзных з’ездаў. Гэта былі адначасова і прафесійныя паказы, і спаборніцтвы…
Калі распаўся СССР, адным з трывожных сімптомаў Глебаў лічыў страту магчымасці творчага спаборніцтва ранейшага найвышэйшага ўзроўню, які мімаволі прымушаў кожнага кампазітара імкнуцца “да горных вышыняў” у прафесіі. «Я-то ўжо як-небудзь перажыву, а вось маім “гаўрыкам” (так з любоўю ён называў сваіх вучняў) будзе гэтага не хапаць, прыйдзецца варыцца ва ўласным рэдзенькім булёне»…
Шмат дала яму Руза, Дом творчасці СК СССР. Ён любіў Рузу. У свой час там панавала атмасфера сапраўдных творчых зносін. Там жылі і тварылі карыфеі – Шастаковіч, Свірыдаў… Слухалі музыку, абмяркоўвалі, спрачаліся, дзяліліся ўражаннямі. Але паступова атмасфера разраджалася і сыходзіла – па меры таго як пераставалі быць у цеснай сувязі тыя, хто ў свой час насычаў яе духам творчасці. Але ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х яна была яшчэ дастаткова насычанай. Глебаў быў “зяло прагны да ведаў”, схопліваў на ляту.
Ён валодаў рэдкай для творчага чалавека якасцю: поўнай адсутнасцю пачуцця зайздрасці і ўменнем шчыра радавацца поспеху свайго калегі – новаму аркестраваму прыёму, цікаваму гарманічнаму пераходу… З задавальненнем падкрэсліваў гэта аўтару, казаў: “Ай ды малайчына! Так проста і так прыгожа! І чаму гэта не прыйшло ў галаву мне: ляжала ж на паверхні…”
Здаралася, што я заходзіла да яго раней, чым ён заканчваў працу. Прасіў пачакаць, і я магла назіраць таінства творчасці. Павінна заўважыць, што нічога ў гэты час не адбывалася, проста за сталом сядзеў чалавек і пісаў свае значкі, але пры гэтым – ні тэатральных поз, ні гучнай ігры на раялі, як гэта было, да прыкладу, у кінафільме “Кампазітар Глінка”. Толькі часам звяртаўся да інструмента, спрабаваў акорд, і зноў – поўная цішыня, парушаць якую я не смела. Потым ён паварочваўся, казаў: “Прабач, я хутка”…
Год стасункаў з Яўгенам Аляксандравічам даў зразумець, наколькі ён неабаронены і ўразлівы. У яго не было вопыту, часу і магчымасці ўнікаць ва ўсе жыццёвыя клопаты, а самому часам патрабавалася цалкам прафесійная дапамога. Ён зацікаўлена гаварыў пра інстытут імпрэсарыа, падкрэсліваючы яго неацэнную рухальную сілу і значэнне ў лёсах вялікіх мастакоў.
Тады быў жарт: “У савецкіх кампазітараў ёсць музфонд, а ў Чайкоўскага была фон(д) Мек”. Нядобра кампазітару бегаць па інстанцыях, марнаваць каштоўны час, да прыкладу, на тое, каб пераканаць чыноўніка ў неабходнасці заключыць дамову… Мне хацелася яму дапамагаць, я разумела, што для гэтага трэба станавіцца прафесіяналам і браць на сябе цяжар праблем, якія непазбежна спадарожнічаюць творчасці.
Колькі разоў у нашым жыцці спатрэбілася мая прафесія, не злічыць. Вось адзін толькі прыклад.
Гэта было ў 1978 годзе, праз год пасля прэм’еры “Тыля Уленшпігеля” ў Хельсінкі… Эльза Сюльвестэрсан, балетмайстар спектакля, патэлефанавала і сказала, што тэатр адправіў ганарар для кампазітара за цэлы год. Ішоў час, але ніякага паведамлення з маскоўскага агенцтва па аўтарскіх правах у Мінск не прыходзіла, і я вырашыла высветліць.
Сапраўды, прыйшлі з Фінляндыі грошы, але яны тут жа былі залічаны на рахунак… Рыгора Горына. Тады ў Маскве ў “Ленкоме” з велізарным поспехам ішоў спектакль, які так і называўся “Тыль” (без слова “Уленшпігель”) – з Карачанцавым у галоўнай ролі. Аўтарам п’есы быў выдатны драматург Горын. Яму памылкова і былі накіраваныя гэтыя грошы з Фінскай нацыянальнай оперы. Прыйшлося ехаць у Маскву, ва Усесаюзнае агенцтва па аўтарскіх правах. Грошы былі вернуты з невялікімі стратамі для Глебава, з прабачэннямі перад Горыным, якому раптам з Фінляндыі “прываліла” некалькі дзясяткаў тысяч інвалютных рублёў (тады налічэнні праводзіліся ў такой фарысейска-ідыёцкай форме).
Нечуваная па тых часах сума! Праўда, пры атрыманні, восемдзясят працэнтаў гэтай сумы канфіскавала родная сацыялістычная дзяржава: падаткі, камісійныя і да т.п. Але ўсё роўна нават астатняя сума была для нас, неразбалаваных, вялікай падмогай, якая дазволіла Яўгену Аляксандравічу набыць цудоўную японскую апаратуру ў маскоўскай “Бярозцы” (так звалася адмысловая крама, што гандлявала за так званыя замежныя рублі).
СЯБРЫ. КАЛЕГІ. ВУЧНІ
Калі падыходзіў час заканчваць чарговы твор, Яўген Аляксандравіч шукаў тэму для новага. Пасля першага балета яму хацелася паспрабаваць сябе ў оперы. Яўген сябраваў з Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам і папрасіў яго напісаць арыгінальнае лібрэта на любую цікавую для яго тэму. Валодзя абяцаў. Ён тады аказваў знакі ўвагі Ларысе Фёдараўне, ці проста Лілі, стрыечнай сястры Яўгена Аляксандравіча, быў, што называецца, “ва ўдары”. Прыходзячы, кожны раз расказваў сюжэт з працягам, мы заслухоўваліся. Жэньча развесіў вушы, чакаючы лібрэта, але лібрэта ўсё не было. Затое з’явіўся выдатны раман “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Глебаў дакрануўся сваёй музыкай да гэтага рамана пазней, калі Валерый Рубінчык здымаў па ім кінафільм…
Аднойчы Яўген папрасіў Уладзіміра Сямёнавіча напісаць верш на рускай мове для фільма “Саша-Сашачка”, дзе меркавалася здымаць сцэну палёту ў космас. Валодзя напісаў, і гэта, магчыма, адзіны выпадак, калі Караткевіч выканаў заказ напісаць верш “не на мове”.
У той час ён скончыў кінасцэнарый пад назвай “Гнеўнае сонца, пякучае” (якая назва!), і тэма палёту ў касмічную прастору займала яго. Сцэнарый застаўся незапатрабаваным, яго экзэмпляр доўгі час ляжаў у нас дома, а пазней, пасля смерці Караткевіча, я здала яго ў архіў, і цяпер ён знаходзіцца ў глебаўскіх матэрыялах нашага Дзяржархіва літаратуры і мастацтва…
У сувязі з лібрэта оперы быў яшчэ адзін на дзіва падобны выпадак. У канцы 1980-х, пад час так званай гарбачоўскай перабудовы, стала магчымым пісаць любы твор на любую тэму, не пытаючыся асаблівага дазволу. Яўген Аляксандравіч наважыўся пісаць оперу па булгакаўскім рамане “Майстар і Маргарыта”. Вёў перамовы пра стварэнне лібрэта з вядомымі маскоўскімі і ленінградскімі лібрэтыстамі. Тое, што дасылалі і прывозілі, яго не задавальняла. У яго было сваё бачанне гэтай неабсяжнай тэмы.
Яўген падзяліўся з Аляксеем Дударавым, нашым выдатным драматургам, і яны хутка знайшлі агульную мову. Аляксей Ануфрыевіч заўважыў, што ніколі не пісаў лібрэта, і спытаўся ў Глебава, што ж гэта такое. Той добрасумленна пачаў расказваць, паказаў выдадзены клавір “Кацярыны Ізмайлавай” Шастаковіча. Аляксей сышоў і неўзабаве напісаў… п’есу “Майстры”, а Глебаў – музыку да гэтага драматычнага спектакля. Ён быў пастаўлены ў нашым рускім тэатры з бліскучым Янкоўскім у ролі Воланда.
…У сярэдзіне шасцідзясятых балетмайстар Андрэеў, які ставіў “Мару”, сыходзіў з тэатра. Прыйшоў Атар Міхайлавіч Дадзішкіліяні. Оперны тэатр быў зачынены на рамонт і “кватараваў” у Доме афіцэраў. Магчымасцяў стварэння маштабных спектакляў не было, і Дадзішкіліяні вырашыў ставіць “Вечар харэаграфічных мініяцюр”. Яўген Аляксандравіч напісаў для яго шэсць мініяцюр: “Хірасіма”, “Блюз”, “Фронт”, “Іспанскі танец”, “Сувеніры”, “Мушкецёры”. У 1963-м адбылася прэм’ера.
У кастрычніку 2017 года ў нашай філармоніі адбыўся канцэрт Аб’яднанага сімфанічнага аркестра Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Дырыжыраваў наш малады дырыжор Андрэй Іваноў. Яны выканалі ўсе шэсць “Харэаграфічных навэл”. Я была на гэтым канцэрце, і мяне ахоплівалі такія рэдкія для маіх цяперашніх важкіх гадоў пачуцці настальгіі, дэжавю і гонару…
Лібрэта ад Караткевіча Яўген Аляксандравіч не дачакаўся. І тут з’явіўся М.
Глебаў быў знаёмы з М. даўно, яшчэ па ТЮГу. М. пераконваў кампазітара, што оперу трэба пісаць на актуальную сучасную тэму. Тады ў Беларусі толькі што было адкрыта радовішча нафты, усе газеты пісалі пра гэта. Міністэрства культуры неадкладна заключыла з імі дамову. М. хутка зрабіў лібрэта, Яўген Аляксандравіч напісаў музыку, імкнучыся прыпадняць некалькі “заземлены”, бытавы і ўвогуле бесканфліктны сюжэт. У тэатры опера пастаўлена не была. Глебаў зрабіў запіс яе музыкі з аркестрам Райскага, а потым з’явіўся радыёспектакль “Твая вясна”…
У пачатку 1970-х Яўген надумаўся пісаць балет “Тыль Уленшпігель”. Але міністэрства культуры не жадала заключаць дамову на тэму “не пра беларускіх партызанаў”. Вялікі сябар Глебава, філосаф Вячаслаў Сямёнавіч Сцёпін, з якім яны не раз абмяркоўвалі і непасрэдна тэму, і сітуацыю вакол, параіў ісці наўпрост да Машэрава. “Вышэйшая інстанцыя – гэта надзейней за ўсё”.
Глебаў падрабязна расказаў Пятру Міронавічу пра эпоху ў рамане Кастэра, пра першую буржуазную рэвалюцыю, пра нацыянальна-вызваленчы рух, словам, пра ўсё, што яны старанна абмеркавалі з Вячаславам Сямёнавічам. Машэраў уважліва слухаў, потым спытаў: “А чаму менавіта “Тыль” – у нас, у Беларусі?” Глебаў знайшоўся: “У кожнага народа ёсць свой Тыль, але не ў кожнага ёсць свой Кастэр”. Машэраў заўважыў, што трэба было б пісаць твор на сучасную тэму. Яўген сказаў, што ён напісаў оперу “Твая вясна” на сучасную тэму, але тэатр яе не ставіць. Відавочна, што опера на бытавы сюжэт нецікавая.
Пётр Міронавіч уважліва паглядзеў на кампазітара, але ўдавацца ў абмеркаванне законаў жанру не стаў, сказаў наступнае: “Дык Вы мяркуеце, што оперу тэатр не ставіць па творчых меркаваннях? Памыляецеся. Справа не ў тым, які ў яе сюжэт. Справа ў лібрэтысце. Вы, вядома, ведаеце, што пасля вайны ён быў асуджаны. Дык вось, ён не з тых, хто быў асуджаны без віны… А “Уленшпігеля” так і быць, пішыце”.
…Атар Міхайлавіч Дадзішкіліяні. Балетмайстар, рэжысёр. Гэта быў аднадумец, з якім Яўгену добра працавалася, незалежна ад таго, рабілі яны разам пралог ці эпілог да чарговага “ўрадавага” канцэрта, ці буйны твор для музычнага тэатра. Атар Міхайлавіч паставіў усе яго балеты, акрамя “Мары”, а таксама аперэту “Прытча пра спадчыннікаў”. Ён жыў з намі побач, сустрэчы былі частыя. Гэта была сапраўдная творчая садружнасць. Прыступаючы да “Тыля”, абмеркавалі архітэктоніку будучага балета. Глебаў казаў: “Заўсёды цяжка пачаць. Але калі знойдзеш пачатак, “заяўку”, лічы, што паўсправы зроблена”.
Знайшоў заяўку. У “Тылі” гэта – прызыўны трубны голас, які паведамляе пра нараджэнне героя… Яўгену Аляксандравічу неабходна было наталіцца першакрыніцамі, народнымі мелодыямі – фламандскімі, іспанскімі. Мы пайшлі па бібліятэках. У “ленінцы” ён адбіраў неабходнае з нотных зборнікаў, тут жа садзіўся і перапісваў у спецыяльны нотны сшытак, бо ксеракса тады не было. Нешта прывозіў з Ленінграда яго стрыечны брат, кампазітар Рыгор Сурус. І пачалася “работка”…
Я ўзяла слова ў двукоссе, таму што гэта выраз Абеліёвіча. “Работка” – гэта ў процівагу глыбакадумнаму “работать над чем-то”. Асабліва “работать над песней”, як пра гэта любілі гаварыць асобныя кампазітары-песеннікі. Гэты моўны выраз заўсёды выклікаў раздражненне ў Яўгена Аляксандравіча, і не толькі таму, што яму наогул была неўласцівая пафаснасць. “Песня пішацца да абеду”. Гэтае яго меркаванне стала афарызмам. Песня – як анекдот, ці атрымалася адразу, ці не…
…Праца над “Тылем Уленшпігелем” працягвалася. Разам з Дадзішкіліяні яны выбудавалі план трохактнага балета, з разнастайнасці рамана выбіралі найбольш характэрнае для герояў і для спектакля ў цэлым. З якім натхненнем і азартам працаваў Глебаў! З раніцы ставіў сабе задачу – напісаць столькі старонак клавіра, а пазней – партытуры. Тэлефанаваў сваёй сяброўцы, піяністцы Людміле Андрэеўне Малышавай, прасіў прыехаць.
Яна прыязджала, іграла “з ліста” ўсё, што ён паспеў напісаць пасля яе папярэдняга візіту. Глебаў услухоўваўся, нешта папраўляў, падказваў тэмпы, манеру выканання, прыкідваў, як гэта будзе гучаць у партытуры. Ён чуў музыку ўнутраным слыхам, ён ужо ведаў яе, і заставалася ўсяго толькі адно – запісаць усё на паперы. Яму хацелася ўвасобіць у гэтай музыцы ўсё, што ён паспеў напрацаваць да таго часу ў прафесіі. Гаварыў, што да “Тыля” ён толькі вучыўся, а пачынаючы з “Тыля” – гэта ўсё яго ўласнае. Яго музычная мова, яго непаўторны аркестр, яго манера падачы і развіцця музычнай драматургіі – усё яго…
Была прэм’ера, добрая прэса. Але адна акалічнасць засмучала Яўгена Аляксандравіча: з тэатра сыходзіў Дадзішкіліяні. Ён ірваўся ў Расію, туды, адкуль прыехаў, туды, дзе яму было камфортна.
Глебаў яго адгаворваў, як у свой час адгаворваў з’язджаць з Мінска Віктара Паўлавіча Дуброўскага, а яшчэ пазней – Генрыха Аляксандравіча Маёрава і Яўгена Мікітавіча Лысіка. Усе яны былі дарагія Яўгену. Сябры і аднадумцы. Ад’езд кожнага аддаваўся цяжкім ударам у сэрца.
Віктар Дуброўскі быў выдатным дырыжорам, якому стала цесна ў Мінску. Тады не існавала такой практыкі, калі адзін і той жа дырыжор мог кіраваць двума і болей калектывамі. Гэта прыйшло пазней. Віктар з’ехаў з Мінска і працаваў у Маскве ў аркестры імя Восіпава, гастраляваў. Гэта быў час дырыжораў-тытанаў. У Маскве працавалі Кандрашын, Святланаў і Раждзественскі, у Ленінградзе – Мравінскі і малады Цемірканаў, які набіраў сілу. Месцы ў вялікіх аркестрах былі занятыя. Віктар “знікаў”, і аднойчы з ім адбылося няшчасце: ён збіў пешахода. Адсядзеў. Стварыў і ўзначаліў аркестр народных інструментаў у Смаленску.
Калі быў ужо “на адлёце”, яго зноў запрасілі ў Мінск, у філарманічны аркестр. Дуброўскі быў немалады і нездаровы. Але свой прафесійны апарат – рукі – захаваў у цудоўным стане. А дырыжор і музыка ён быў ад Бога. Працаваў нядоўга. З’ехаў у Смаленск, дзе неўзабаве памёр.
Генрых Маёраў. Гэты светлы чалавек і цудоўны прафесіянал прыехаў у Мінск працаваць галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага ансамбля танца. Да гэтага паставіў у нашым оперным балет Карэна Хачатурана “Чыпаліна”. Вясёлы, камунікабельны, чароўны Генрых!
Здавалася, няма чалавека, які здольны быў не патрапіць пад яго абаянне. У яго была выдатная якасць – пры любых абставінах ён умеў ні на кога і ні на што не крыўдзіцца і ўсё ператвараць у жарт. У той жа час ён – чалавек тонкі, праніклівы і вельмі справядлівы ў сваіх ацэнках. Бясцэнныя якасці! Колькі цудоўных танцавальных нумароў яны стварылі разам з Глебавым у ансамблі! Ансамбль калясіў з імі па Еўропе і Азіі, і ўсюды яго суправаджалі самыя захопленыя водгукі.
У 1982 годзе да 100-годдзя Янкі Купалы Маёраў паставіў у нас у тэатры балет Глебава “Курган” (другую рэдакцыю “Выбранніцы”).
Але галоўная іх праца адбылася праз год у Маскве, у Вялікім тэатры, на сцэне Крамлёўскага Палаца з’ездаў: Генрых Аляксандравіч паставіў там балет Яўгена Глебава “Маленькі прынц”.
Памятаю, якая колькасць людзей прыехала на прэм’еру з Мінска: сяброў і не зусім, музыкантаў-прафесіяналаў і журналістаў самых розных масцей… Падзея! Упершыню ў гісторыі беларускага музычнага мастацтва балет кампазітара з Мінска пастаўлены ў Вялікім тэатры Саюза ССР.
Прыехалі мае бацькі разам з нашым сынам Радзівонам. Памятаю, які ганарлівы і шчаслівы быў мой бацька: імя яго дачкі-лібрэтыста – на афішы Вялікага тэатра…
Пасля заканчэння спектакля шэсць тысяч гледачоў Крамлёўскага Палаца з’ездаў на працягу дваццаці хвілін стоячы віталі выканаўцаў і аўтараў. У спектаклі былі занятыя дзве выдатныя Ніны – балерына-пачаткоўца Ніна Ананіяшвілі і прыма-балерына Ніна Семізорава.
Яны танцавалі Ружу, Аляксей Фадзеечаў – Лётчыка, Бураўцаў – Маленькага прынца… Імёны, імёны… Выдатная сцэнаграфія Валерыя Левенталя, цудоўны аркестр тэатра. Ашаламляльны поспех!
Пасля “Маленькага прынца” Маёраў з сям’ёй пераехаў у Маскву. Працаваў прарэктарам Акадэміі танца. Прафесар. У 2007 годзе прыязджаў у Мінск на шасцідзесяцігоддзе Елізар’ева, мы пабачыліся з ім у той вечар у Палацы рэспублікі. Ён ані не змяніўся. З’явілася, мабыць, нейкая доля самавітасці ў манеры трымацца, а так – усё такі ж добразычлівы, дасціпны, рэагуе імгненна, мілы Генрых…
Яўген Мікітавіч Лысік – мастак, які стварыў сцэнаграфію “Легенды пра Уленшпігеля” спачатку для Кіраўскага (цяпер Марыінскага) тэатра ў Ленінградзе, а затым і для нашага опернага, абедзве – у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. А да таго, у 1975 годзе, ён і балетмайстар Міхась Заслаўскі паставілі “Тыля Уленшпігеля” ў выдатным оперным тэатры свайго роднага горада Львова.
Лысік – гэта значная веха ў творчай біяграфіі Яўгена Глебава. Выдатны мастак тэатра, які стварыў свой арыгінальны сцэнаграфічны стыль, паўтарыць які міжволі будзе азначаць перайманне генія. Чалавечыя якасці Яўгена Мікітавіча – высакароднасць, прыстойнасць і сумленнасць мастака – бязмерна імпанавалі Глебаву. Яўген Мікітавіч быў нешматслоўны, але калі гаварыў, нібы адразаў частку ад цэлага. Яго гаворка была павольнай, манеры – арганічна велічныя. Ён зрабіў сцэнаграфію шматлікіх спектакляў нашага тэатра, магчыма, застаўся б у Мінску, але… шэраг акалічнасцяў, сярод якіх былі, мяркую, і настальгічныя, прымусілі яго з’ехаць у Львоў.
У дзевяностых на яго напалі бандыты, атрымаў цяжкую траўму і неўзабаве памёр.
Пасля таго як Яўгена Аляксандравіча не стала, у 2004 годзе да 75-годдзя Яўгена Глебава наш оперны аднавіў пастаноўку “Уленшпігеля”. Дзякуючы захаваным дэкарацыям Лысіка спектакль зажыў новым жыццём з маладымі і вельмі таленавітымі танцоўшчыкамі. Жонка Яўгена Мікітавіча, Аксана, прыязджала на прэм’ерны паказ спектакля ў Мінск, была ў нас дома.
Глебаў ніколі і нікуды не хацеў з’язджаць. Нягледзячы ні на што, тут у яго было ўстойлівае становішча, была свая публіка, якая любіла яго музыку і чакала новых твораў. У кансерваторыі – свой клас, студэнты. У яго распараджэнні былі ўсе аркестры, усе музычныя калектывы. Тут былі сябры. Тут было ўсё, што так неабходна для працы і жыцця ў сваім, старанна засцерагальным коле.
Яўген Глебаў пражыў у Беларусі пяцьдзясят год. Роўна паўстагоддзя. Тут ён стварыў сваю кампазітарскую школу, школу даверу і высокага прафесіяналізму. Ён вучыў сваіх студэнтаў прафесіі ў самым выдатным яе значэнні. Ён вучыў іх таму, чаму ў свой час яго не вучылі, што ён спасцігаў сам. Апроч прафесіі ён вучыў іх павазе да калег, вучыў радавацца поспехам адзін аднаго. Казаў: “Навучыцеся гаварыць у вочы ўсё, што вы думаеце пра сачыненні сваіх калег, кажыце гэта тут, у класе. Калі будзеце ў Саюзе кампазітараў, ужо наўрад ці скажаце, там гэта гаварыць не прынята”.
Хто здолеў, той узяў у яго ўсё, што змог. За 28 гадоў працы ў кансерваторыі праз яго рукі прайшлі некалькі дзясяткаў вучняў, і мала хто з іх не стаў кампазітарам. Не бяруся меркаваць, хто і як распарадзіўся багаццем, якое перадаў ім Глебаў, але адно ведаю дакладна: яны ніколі не забудуць свайго Настаўніка ўжо хаця б таму, што больш такая яркая і неардынарная асоба ў іх жыцці не сустрэнецца.
СТРАСЦІ ПА “ТЫЛЮ” І “МАЛЕНЬКАМУ ПРЫНЦУ”
У 1974 годзе ў Мінску адбылася прэм’ера балета “Тыль Уленшпігель” у пастаноўцы Атара Дадзішкіліяні. У гэты час у нас на гастролях былі артысты балета тэатра Фінскай нацыянальнай оперы і з імі – балетмайстар Эльза Сюльвестэрсан. Балет ёй спадабаўся, і яна сказала, што абавязкова паставіць яго ў сябе.
Праз нейкі час з Хельсінкі прыйшоў ліст, у якім тэатр Суомі опер прасіў у кампазітара Глебава дазволу на пастаноўку балета. Ішлі перамовы, перасылка нотнага матэрыялу, іншыя фармальнасці. У 1977-м Яўген Аляксандравіч атрымаў запрашэнне прыехаць разам з жонкай на прэм’еру “Тыля Уленшпігеля”.
Незадоўга да гэтага адбылася прэм’ера “Уленшпігеля” ў Ленінградзе. Балетмайстар – Валянцін Елізар’еў, мастак – Яўген Лысік, дырыжор – Віктар Фядотаў. У гэты ж час “Беларусьфільм” пачаў здымаць фільм “Яўген Глебаў. Партрэт у дзвюх частках”. Здымачная група, рэжысёр Сяргей Лук’янчыкаў і аператар Аляксей Учыцель (цяпер вядомы кінарэжысёр), прыехалі ў Ленінград, каб зняць для фільма фрагменты прэм’ернага спектакля.
Яны сталі сведкамі трыўмфальнага прыёму гэтага балета ленінградскім гледачом, а таксама рэакцыі таварышаў з упраўлення культуры і “раманаўскага” абкама…
У самім жа горадзе вакол пастаноўкі “Тыля” згусціўся вялікі ажыятаж. І вядома ж, чуткі, чуткі – рухаючая сіла савецкага істэблішменту… Усё гэта неверагодна раздражняла абкамаўскіх клеўрэтаў. Была здача спектакля і абмеркаванне. Выступоўцы называлі пастаноўшчыкаў балета “беларускім дэсантам”. Сур’ёзна нічога дрэннага сказаць пра спектакль не мог ніхто, таму што спектакль насамрэч быў выдатны і не бачыў гэтага толькі той, хто быў загадзя ангажаваны.
Злёгку нападалі на мастака, Яўгена Лысіка, які адважыўся аформіць сцэну са штурвалам, што цудоўна “чыталася” глядзельнай залай. Выразна выбудаваная лысікаўская алегорыя прыналежнасці ўлады таму ці іншаму персанажу прымусіла насцярожыцца недалёкіх партфункцыянераў, і на ўсялякі выпадак яны навесілі на спектакль ярлык “антысаветчыны”. І дарэмна, бо такі ярлык у Ленінградзе толькі быў на руку спектаклю, і гледачы галасавалі за яго нагамі.
На мастацкім савеце памятаецца лапатанне партыйнай дамы, няяркія выступы іншых членаў. Не магу сказаць, што мяне натхніла выступленне кампазітара Андрэя Пятрова: у ім не адчувалася прафесійнай салідарнасці…
У абмеркаванні прыняў удзел Юрый Хатуевіч Цемірканаў, галоўны дырыжор Кіраўскага, і ён быў адзіны, хто па-сапраўднаму падтрымаў спектакль і яго пастаноўшчыкаў. Ён параўнаў “Легенду пра Уленшпігеля” з нядаўна пастаўленым балетам “Ляўша”, сказаў, што, калі “Уленшпігель” не будзе выпушчаны, гэта адкіне тэатр яшчэ на дзесяць гадоў таму, і тэатр зноў скоціцца “ў балота архаікі”.
Глебаў, які ніяк не чакаў абмеркавання такога ўзроўню, усклікнуў: «Ленінградцы, я разумею, вы жывяце ў “калысцы рэвалюцыі”. Але нельга ж усё жыццё правесці ў калысцы!»
Спектакль выпусцілі, і гледачы прынялі балет “на ўра”. Памятаю цудоўную, разумную, інтэлігентную публіку, вялікі поспех у Яго Вялікасці Гледача.
На прэм’еру прыехала Эльза Сюльвестэрсан, я яе сустракала і суправаджала па Кіраўскаму, у анфіладах якога сама арыентавалася, прама скажам, ніяк. Пасля заканчэння спектакля мы сталі шукаць, дзе ж будзе банкет. Хтосьці праводзіў нас у вялікую, дрэнна асветленую рэпетыцыйную: там быў банкет балетных, але Глебава там не было. Аксана, жонка Яўгена Лысіка, якую мы сустрэлі, сказала, што нам трэба ісці ў “царскую гасцёўню”, Глебаў там. Ізноў прыйшлося шукаць. Калі, нарэшце, дабраліся, Эльза міжволі ўсклікнула, здзіўленая кантрастам: там – змрочна, падвыпітыя балетныя, тут – яркае святло, вакол золата і крышталь, пышна сервіраваныя сталы, смачная, цудоўна пададзеная ежа, аркестранты, хор і дырыжоры ў смокінгах…
Спектакль прайшоў некалькі разоў і па нейкай недарэчнай прычыне быў зняты.
Надышоў час паездкі на прэм’еру “Тыля” ў Хельсінкі…
Нават цяпер, праз шмат гадоў, сумна ўспамінаць, як адбывалася тады працэдура атрымання дазволу на паездку за мяжу. Калі коратка, то зневажальна і нудна. І калі цяпер не кожнага ўпускаюць у сваю краіну чужыя, то тады не кожнага выпускалі свае.
З пэўнымі цяжкасцямі, але мы паспелі. Прыехалі ў Маскву, увечары селі ў цягнік і раніцай 9-га лістапада 1977 года былі ў Фінляндыі.
…З акна цягніка вячэрні пейзаж нашай роднай зямлі выглядаў змрочна. Асабліва панурым здаўся Выбарг. Калі пад’язджалі да Хельсінкі, узышло сонца. Усё наваколле ззяла чысцінёй і дагледжанасцю. «Капіталісты, – бурчаў Жэньча, – вось так яны і “загніваюць”!»
На вакзале нас сустракалі Канстанцін Дамянаў, загадчык балета тэатра Суомі опер, і Леена Ніванка – прэс-сакратар тэатра. Ён балгарын, яна – напалову эстонка. Абодва ніштавата гавораць па-руску. Па іх задаволеным выглядзе мы зразумелі, што ўсё ў парадку. Яны паведамілі, што білеты на спектакль прададзены на год наперад, што на прэм’еры традыцыйна будзе ўвесь дыпламатычны корпус і што абяцаў быць прэзідэнт Урха Калева Кеканен.
Уладкаваліся ў гасцініцы “Клаўс Куркі” ў нумары 659. Парцье з гонарам паведаміў, што ў ім аднойчы спыняўся Арам Хачатуран, калі тут ставіўся яго балет “Гаяне”. “А цяпер, – сказаў ён, – гэты нумар будзе імя рускіх кампазітараў – Хачатурана і Глебава. Гэта вялікі гонар…” Я стала ўладкоўвацца, Жэньча вырашыў спусціцца ў кафэ. Вярнуўся задаволены: кава добрая, і нядорага. “Хадзем, пап’ем кавы”. Зайшлі, заказалі па кубачку, але кошт аказаўся чамусьці даражэйшы разоў у пяць. Нам растлумачылі: гэта таму, што тады было 14 гадзін, а цяпер – 17, тады спадар быў адзін, а цяпер – з дамай… Прыйшла Эльза, схуднелая, з зіхоткімі вачыма. Сказала: “Усё ў парадку, заўтра ўсё ўбачыце”.
Яна цудоўна гаворыць па-руску, у прыемнай старарускай манеры. Яе мама – Марыя Іванаўна, руская, бацька – швед. Пагаварылі пра “Тыля” ў ленінградскай пастаноўцы Елізар’ева. Успомнілі, з якім захопленнем спектакль быў прыняты ленінградскімі гледачамі.
Незадоўга да нас у Хельсінкі на гастролях быў Кіраўскі тэатр. Даведаўшыся, што Эльза ставіць “Тыля”, балетныя гаварылі, што ў вас, маўляў, спектакль не назавуць “антысавецкім” і не здымуць…
…Прэм’ера прайшла па фінскіх мерках выдатна. Шмат кветак, падарункаў дарылі артыстам проста на сцэне, заслона адкрывалася семнаццаць разоў (гэта падкрэсліла Эльза, гэта ж адзначалі назаўтра ўсе газеты). Цікавая падрабязнасць: калі акцёры і пастаноўшчыкі выходзілі кланяцца, першы паклон – у бок Прэзідэнта, яго ложа – злева ад сцэны, над дырэктарскай… Характэрна, што прэм’ера адбылася 10 лістапада 1977 года, у шасцідзясятую гадавіну здабыцця Фінляндыяй незалежнасці ад Расіі. Ленінскім дэкрэтам. Фіны да гэтага часу захоўваюць усе памятныя ленінскія мясціны. Нашага пасла на спектаклі не было, хоць, прыехаўшы, мы патэлефанавалі ў пасольства і запрасілі.
Але быў прэзідэнт Урха Калева Кеканен. Яго ад’ютант уручыў Яўгену Аляксандравічу на сцэне кветкі ад Прэзідэнта, пра што было тут жа аб’яўлена. Па-фінску. Жэньча, натуральна, не зразумеў, ад каго кветкі, і ледзь не адправіў іх разам з іншымі букетамі ў аркестравую яму. Утрымала “шостае пачуццё” і тое, што ён раптам заўважыў у букеце візітку. Тут жа ў тэатры, у прэзідэнцкіх апартаментах, Кеканен зладзіў у гонар кампазітара невялікі прыём, і першае, што ён сказаў, было: “Мы таксама крыху гаворым па-руску”. Ён – балетаман, спектакль яму спадабаўся. Глебаў расказаў, як ён ледзь не расправіўся з яго букетам. Было весела і нязмушана.
Назаўтра пабывалі ў Эльзы, у яе невялікай кватэрцы на вуліцы Перусціе. Яна жыла з маці, Марыяй Іванаўнай, і сынам гадоў дзесяці. Яго завуць, як яна сказала, на ўсіх мовах – Пётр – П’ер – Петэр – Пепе. Ён вывучае французскую. Было шампанскае, чай, бісквіт і пячэнне. Гаварылі пра “Маленькага прынца”, пра тое, як ім бачыцца гэтая тэма…
У тэатры нам выдалі сутачныя, і мы вырашылі прайсці па крамах. Зайшлі ў вялізны цёмны “Штокман”. Жэньча, натуральна, рушыў глядзець апаратуру, якую тады ў Саюзе хіба што “даставалі” – з вялікай цяжкасцю. Купіў прайгравальнік. Пасля зайшлі ў кніжны. У рускім аддзеле знайшлі дзве кніжкі Булгакава – “Сабачае сэрца” і “Ракавыя яйкі”. Хацелі спытаць пра поўнае выданне “Майстра і Маргарыты”, без купюр. Я напружыла памяць, свой нямецкі (у Фінляндыі!), і толькі паспрабавала скласці патрэбную фразу, як Жэньча сказаў услых: “Ну і як тут звярнуцца да прадаўца?” “Лепш за ўсё па-руску”, – прагучала за нашымі спінамі.
Прадавец на добрай рускай сказаў, што Булгакава засталіся толькі гэтыя дзве кніжкі, яго раскупляюць у асноўным рускія…
Дзіва што, дзе ў нас тады можна было купіць Булгакава?..
Як бы добра ні было “ў замежжы”, а дома – лепш.
Жэньча з’язджаў, натхнёны размовай з Эльзай пра “Маленькага прынца”.
Ішоў час. Глебаў працаваў, заказаў, як заўсёды, было шмат. Але ён быў занадта тэатральны кампазітар, каб не думаць пра “Маленькага”. У той час у Мінск на гастролі прыехаў са Швейцарыі дырыжор і рэктар лазанскай кансерваторыі Мішэль Раша, і Яўген Аляксандравіч, праўда, без асаблівай надзеі на поспех, папрасіў яго даслаць ноты французскіх народных мелодый для музычных характарыстык персанажаў “Маленькага прынца”. Спадар Раша аказаўся чалавекам адказным, на здзіўленне хутка ён даслаў ноты аўтэнтычных народных мелодый і зборнік французскіх дзіцячых песенек.
Яны вельмі спатрэбіліся для “Маленькага прынца”. Глебаў быў глыбока крануты ўвагай і абавязковасцю спадара Раша, адправіў яму ліст падзякі…
Пад хельсінскім уражаннем мы абмеркавалі сюжэтны каркас “Маленькага прынца”, ён пачаў пісаць, і тое, што напісаў, пасля стала сімфанічнай паэмай “Казка”. Паказаў Елізар’еву. Нечакана для кампазітара Валянцін Мікалаевіч назваў музыку “паркавай”, і Глебаў зразумеў, што гэта – не яго тэма…
Эльза не аб’яўлялася, і ён спыніў далейшую працу. Працаваць над музыкай да балета без харэографа ён лічыў контрпрадуктыўным. Але … наступіў адзін цудоўны дзень, і патэлефанавала (а праз некаторы час прыехала) Эльза. Ён паказаў ёй “Казку”, і яна сказала: “Гэта прыгожа, але мала. Пішыце, калі ласка, я вельмі Вас прашу, мы абавязкова будзем ставіць”. Абмеркавалі яе пажаданні, і яна з’ехала. Неўзабаве з Суомі опер прыйшоў ліст з паведамленнем, што фіны адшукалі, нарэшце, дзесьці ў ЗША спадчыннікаў Антуана дэ Сент-Экзюперы і дамагліся ў іх дазволу на сусветную прэм’еру “Маленькага прынца” ў Фінляндыі. Пытанні аўтарскага права былі ўладжаны.
У лісце выказвалася ўпэўненасць у тым, што прэм’ера будзе паспяховая.
…Працаваў натхнёна, з вялікім жаданнем і з упэўненасцю, што праца не марная. Вельмі хутка скончыў клавір, а напісанне партытуры для яго заўсёды было святам, любімай “работкай”. Эльза часта тэлефанавала, прыспешвала: ужо быў прызначаны дзень прэм’еры. Яўген Аляксандравіч хутка зрабіў партытуру і запіс з аркестрам Барыса Іпалітавіча Райскага.
Патэлефанаваў Эльзе, і тая неадкладна прыехала. Яна была ў захапленні ад музыкі. Павезла з сабой усё – і запіс, і ўсе нотныя матэрыялы, а гэта, трэба сказаць, вага немалая, паколькі апроч клавіра і партытуры ёй прыйшлося ўзяць таксама аркестравыя партыі, якія зрабілі ў Мінску спецыяльна для яе тэатра, і Яўген Аляксандравіч іх выверыў. Гэтая маленькая кволая жанчына ўсё дацягнула …
З Горкага прыехаў Атар Дадзішкіліяні. Глебаў паказаў яму запіс. Атар захацеў паставіць “Маленькага” ў сябе ў тэатры. Жэня прасіў пачакаць, паколькі быў звязаны дамовай з Хельсінкі аб тым, што сусветная прэм’ера адбудзецца ў іх…
У гэты час у Мінску ў Дзяржаўным ансамблі танца галоўным балетмайстрам працаваў Генрых Аляксандравіч Маёраў.
Абаяльны, вясёлы Генрых увайшоў у жыццё кампазітара Глебава як узнагарода за балетныя непрыемнасці апошніх гадоў.
Пасля паспяховай прэм’еры ў Мінску балета “Курган” у пастаноўцы Маёрава, ён прапанаваў Глебаву правесці перамовы з Вялікім тэатрам пра “Маленькага прынца”. Юрый Мікалаевіч Грыгаровіч, галоўны балетмайстар Вялікага, запрасіў іх у Маскву, і неўзабаве была заключана дамова. Праўда, Масква паставіла ўмову, каб у Вялікім тэатры была першая пастаноўка ў Саюзе (фінскую пастаноўку ў Маскве не лічылі).
Тым часам з Хельсінкі прыйшла тэлеграма з запрашэннем кампазітара і лібрэтыста прыбыць на прэм’еру балета “Маленькі прынц” 2 лютага 1982 года. Запрашэнне прыйшло ўжо не на Саюз кампазітараў СССР, як гэта было з “Тылем”, а наўпрост да нас, у Мінск.
І пачалося… Дакументы на паездку прыйшлося афармляць праз замежны аддзел ЦК КПБ, а там здзіўляюцца, які такі Глебаў, якая такая Фінляндыя, чаму там прэм’ера беларускага кампазітара… Жэньча, як звычайна, да тэлефона не падыходзіў, на ўсе пытанні даводзілася адказваць мне. Пыталіся, чаму ў тэлеграме напісана “сусветная прэм’ера”, што гэта значыць. Тлумачыла. У рэшце рэшт вырашылі, што паехаць можна толькі кампазітару, без жонкі. Але тут упёрся кампазітар, заявіўшы па тэлефоне загадчыку аддзела культуры ЦК І.І. Антановічу, што без мяне ён не паедзе, бо мяне запрасілі не як жонку, а як лібрэтыста.
У той час Яўген Аляксандравіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але, як відаць, і яму не давяралі, асцерагаліся, што застанемся “за бугром”.
Калі ў чарговы раз Іван Іванавіч патэлефанаваў, нечакана для сябе я сказала, што калі Глебаў паедзе адзін, то ў дзень прэм’еры ў Хельсінкі на прэс-канферэнцыі ён зробіць такую заяву, што ўсім мала не будзе. Антановіч ведаў, што і як мог сказаць Глебаў…
У той жа дзень дазвол быў атрыманы для нас дваіх. Гэта было 31 студзеня. Прэм’ера – 2-га лютага. Ад’язджаць трэба было з Масквы, а да Масквы – таксама даехаць… Часу – у абрэз. Але і гэта паўбяды. Тады не было абменных пунктаў, як цяпер, а мець валюту лічылася крымінальнай справай. Дык вось. Грошай нам не далі, толькі квіткі ў абодва канцы, і мы паехалі ў белы свет як у капейку…
Неверагодна, але на прэм’еру мы паспелі. Калі б ужо знаёмая нам Леена Ніванка не сустрэла нас каля вагона цягніка, не ведаю, як і на чым, куды мы накіраваліся б без грошай… Яна павезла нас адразу не ў гасцініцу, а ў тэатр, дзе ўжо чакалася прэс-канферэнцыя. Нас сустракалі як добрых знаёмых. Было мноства пытанняў, добра, што без усялякай палітыкі. Мы паведамілі Эльзе, што грошай у нас няма наогул, яна хутка арганізавала, і нам выдалі сутачныя, пасля чаго мы памчаліся ў гасцініцу – пераапрануцца і не спазніцца на прэм’еру…
Што ўяўляў сабою тады фінскі оперны тэатр? Гэта быў старажытны рускі гарнізонны тэатр. Невялікі, але вельмі ўтульны, – малая копія Марыінскага.
Памятаю святочную прэм’ерную публіку 2 лютага 1982 года, якая паважна фланіруе ў фае, памятаю спектакль так дакладна і выразна, што, здаецца, магла б і цяпер усё аднавіць у аповедзе.
Засталіся і на другі спектакль, каб убачыць абодва саставы выканаўцаў і асаблівы гонар Эльзы – двух цудоўных хлапчукоў, выканаўцаў партыі Маленькага прынца, – Юліуса Куусіхолма і Петры Тойванена. Яны незвычайна кранальныя, і публіка ў захапленні… У фінале, пасля другога, заключнага адажыа Прынца і Ружы, у зале – хустачкі і ўсхліпы… Шмат разоў выклікалі кожнага з артыстаў, балетмайстра, кампазітара. Прама на сцэне дарылі падарункі…
Прыйшлося ўсумніцца ў нардычнай стрыманасці фінаў. “Мабыць, гэтае меркаванне некалькі перабольшана”, – заўважыла я Эльзе. «Вядома, – сказала яна, – асабліва калі ўлічыць, што на абодвух спектаклях амаль не было фінаў. Гэта – іншая публіка, прэм’ерная. У асноўным дыпкорпус, замежнікі, якія купляюць білеты загадзя на ўсе прэм’еры тэатра. Таму такі “няфінскі” прыём».
Быў банкет, на гэты раз – у маленькім утульным рэстаранчыку. Мы ўручылі падарункі, у тым ліку дырыжору, Ілпа Манснерусу, які, выпіўшы чарачку, нешта спрабаваў растлумачыць кампазітару. Эльза пераклала: ён просіць прабачэння за тое, што ў аркестры не аказалася альтавай флейты, і ён без ведама кампазітара яе замяніў іншым інструментам. Ці не крыўдзіцца кампазітар? Яўген сказаў, што не крыўдзіцца, добра разумее сітуацыю ў тэатры, і наадварот, асабіста яму вельмі ўдзячны за цудоўнае прачытанне партытуры. Ілпа падзякаваў, сказаў, што ў яго адлягло ад сэрца, шмат разоў цалаваў наш падарунак, а потым, як расказвала Эльза, распавёў, што Глебаў яго пахваліў.
Пяць гадоў таму той жа Ілпа Манснерус быў дырыжорам “Тыля”, і тады Яўген Аляксандравіч далікатна папрасіў яго пра нейкі нюанс па партытуры. Ілпа гэта запомніў, а потым на “Маленькім прынцы” вельмі хваляваўся, і калі аўтар пры ўсіх яго пахваліў, быў невымоўна ганарлівы і шчаслівы. Як мала чалавеку трэба і як дорага ён гэта цэніць!.. Жэньча распавёў яму, як у цягніку фінскі ці то памежнік, ці то мытнік вельмі хацеў завалодаць часткай падарунка для дырыжора, штофам нашай “Белавежскай”, але, убачыўшы нашы дыпламатычныя пашпарты, хутка рэціраваўся.
Ілпа радаваўся як дзіця. Ён падарыў Яўгену ў добрым пераплёце клавір “Маленькага прынца”, дзе на тытуле быў надпіс па-фінску: “Pikku Prinssi”.
Гэты клавір у нас дома. Правільна сказаў некалі Генрых Маёраў: “Рэчы нас перажывуць…”
Назаўтра днём прайшліся па Хельсінкі, нешта пазнавалі, нешта бачылі ўпершыню. Праходзячы міма маляўнічых, у параўнанні з тагачаснымі нашымі, вітрын, Жэньча язвіў, гледзячы на мяне: “Еш, Бегемот!”
Мы куплялі падарункі дамашнім, цытуючы з нагоды і без нагоды з “Майстра і Маргарыты”, рамана, які абодва тады ўжо ведалі на памяць…
Хутка павінна была адбыцца прэм’ера “Маленькага прынца” ў Горкім. Вялікі тэатр меў намер ставіць у красавіку 1983 г. Пазней быў спектакль Ігара Чарнышова ў Куйбышаве (Самара)…
РАДОК У СТУЖЦЫ КУЛЬТУРЫ
Ніколі не змагу пазбавіцца думкі, што Яўген Аляксандравіч сышоў, так і не сказаўшы чагосьці важнага. На працягу многіх сумесна пражытых гадоў ён казаў, што прыйдзе час, і ён раскажа нешта такое. Дарэчы сказаць, і Радзівону ён гаварыў тое ж самае.
Але час ішоў, а нічога такога сказана не было…
Калі яго не стала, я востра адчула, што апроч таго, што мы суперажывалі разам, было нешта, пра што ён так і не расказаў. Нават мне.
Што яго турбавала? Што было нявыказанай ісцінай? Што ён забраў з сабою?
Гэта па-ранейшаму займае мяне. Калі пачала пісаць, шмат што стала зразумелым, нешта станавілася на свае месцы, асабліва пасля таго, калі ўбачыла, якая колькасць людзей ажыўлена адгукнулася на мой кліч стварыць кнігу пра яго… Падумалася, а можа, гэта было не што іншае, як натуральнае жаданне мастака ўсвядоміць сваё месца ў іерархіі культурных каштоўнасцяў…
Я памятаю, што толькі аднойчы, калі ён быў ужо цяжка хворы, мімаходзь заўважыў у размове з кімсьці, што “свой радок у стужку культуры ён усё ж упісаў”.
Многія, хто пры яго жыцці не грэбавалі нічым, каб яго абгаварыць, забараніць, затушаваць, ачарніць, усё яшчэ “пры пасадзе”. Яго даўно няма, дужацца няма з кім. Што ж прымушае “выдзіраць” з кантэксту прафесійнай музычнай культуры імя Глебава? Ці аддаюць гэтыя “упартыя” хаця б сабе справаздачу ў тым, хто ад гэтага выйграе?..
Калісьці Яўген сказаў мне: “Ты думаеш, мастаку не ўласціва разумець значнасць таго, што ён зрабіў?” І яшчэ: “Папулярнасць і значнасць – не адно і тое ж”.
Я знайшла ў яго запісках дзве фразы: “Я веру ў Бога, калі ён мне дапамагае, а калі не, я веру ў гнеў Божы”. І яшчэ. “У мяне з Ісусам свае адносіны”. Ці не ў гэтым разгадка яго кампазітарскага пісьма – без намаганняў і напругі, яго нястомнага жадання і радасці творчага працэсу, вольнага і натуральнага, як дыханне. Ці не гэта пацвярджае, пад чыім амафорам адбываецца таінства творчасці?
Можа быць, адгэтуль яго непрыманне ўсхвалення ў свой адрас… Пра сябе ў сваёй прысутнасці ён наогул не дазваляў гаварыць занадта добра, і гэта многія памятаюць. Неадкладна парыраваў іранічнай заўвагай з Ларашфуко: “Не старайся гаварыць пра сваё візаві занадта добра, бо сам пра сябе ён усё роўна думае лепш”. Не кожны разумеў гэтую максіму і такую рэакцыю генія на навакольны ўзровень успрымання.
Магу сказаць, і мне можна верыць, што апроч яго высокіх творчых і прафесійных добрых якасцяў, больш далікатнага і ранімага, кранальнага ў сваёй хваравітай прыстойнасці, надзейнасці і адданасці, найдабрэйшай душы чалавека я ў сваім жыцці не ведала.
Калі ён быў здаровы і “ў форме”, гэта быў найцікавейшы суразмоўца са сваім асаблівым поглядам і сваімі меркаваннямі, якія ніколі нельга было прадбачыць. У яго быў ясны парадаксальны розум. Дарэмна хто-небудзь спрабаваў адгадаць плынь яго думкі і тым больш, зробленую выснову. Усё – з дакладнасцю да наадварот.
Хваравіта ўспрымаў фальш – і ў музыцы, і ў зносінах. Заўсёды рабіў дабро, бескарысліва дапамагаў людзям, – усім, хто папросіць. Калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, вельмі перажываў, калі не ўдавалася дапамагчы чалавеку, які быў у яго на прыёме. Але калі ўдавалася, быў шчаслівы, нягледзячы на тое, што бачыў гэтага чалавека ўсяго два разы ў жыцці.
Шанаваў годных партнёраў. Кінарэжысёр Валерый Рубінчык расказвае: “Я сустракаў кампазітараў, якія ў жыцці былі вельмі сумнымі людзьмі. А вось Глебаў быў такім нянудным чалавекам! Я ведаў, што вось – я націскаю кнопку званка, і – оп! – зараз адчыняцца дзверы, і я патраплю ў энергетычнае поле такой сілы!..
Я разумеў, што калі я запрошаны, то гэта няпроста, што зараз будуць вырашацца пытанні найвялікшага напалу!.. Нельга сказаць, што ён быў лёгкі чалавек, хутчэй ён быў складаны, таму што ён быў катэгарычны. Страсць у стасунках з людзьмі! Ён быў увесь час у палеміцы з навакольнымі! Але ён быў чалавекам вытанчанага густу, і гэта выяўлялася ў яго жыцці… Падстаць яму было мала людзей. Яму і сябраваць па-сапраўднаму не было з кім”…
“Пад заслону” стаў больш пакладзісты. “Ліхія дзевяностыя” змянілі многае. Усе сталі клапаціцца пра матэрыяльныя каштоўнасці і як іх здабыць. Кантынгент годных звузіўся да немагчымага. Мець зносіны не было з кім. Адсутнасць партнёраў пазбаўляла падсілкоўвання, менш стала падстаў для іроніі, таму стаў паблажлівы і сумны.
Неяк аднойчы сказаў: “Пасля мяне – не палянуйся, пакапайся ў маіх схованках, шмат чаго знойдзеш”. Я пакапалася і знайшла.
Нататкі на партытурных лістах, на лістках календара, спісаныя яго няроўным і відавочна непартытурным почыркам асобныя лісты, аўдыёзапісы, газетныя, радыё- і тэлевізійныя інтэрв’ю, хатнія запісы на кіна- і відэаплёнку…
Неверагодная шчырасць. Адкрытасць і праўдзівасць. Дакладныя і ёмістыя характарыстыкі. Захапленне без межаў! З’едлівая самаіронія. І гаркота, гаркота… “У каго я вучыўся? У дырыжораў у першую чаргу. У музыкантаў. Слухаў, глядзеў, даставаў, купляў апаратуру, заўсёды лепшую для свайго часу. У пяцідзясятыя і пазней слухаў джазавую праграму “Галасы Амерыкі” – Voice of Amerika Jazz Hour.
Чытаў, убіраў ў сябе ўсё, што траплялася і дзе толькі траплялася… Шукаў сваю мову. Здаецца, знайшоў. “Тыль Уленшпігель” і ўсё, што пазней – гэта мая мова, мой стыль, мая сістэма “тон-паўтон”.
Але да гэтага трэба было прыйсці”.
… Нядаўна са Штатаў прыязджаў Валерый Лебедзеў, які калісьці, у далёкія камуністычныя часы, яму аднаму вядомымі шляхамі прымудраўся даставаць і прыносіць Глебаву запісы лепшых сусветных узораў джазавых кампазіцый, а таксама забароненай літаратуры – Набокава, Салжаніцына, Амальрыка і г.д. “Самвыдат” і “тамвыдат”…
Валерый Пятровіч некалі абараніў дысертацыю ў Вячаслава Сямёнавіча Сцёпіна – нешта пра філасофскія вытокі Другога пачатку тэрмадынамікі. Цяпер жыве ў Бостане, выдае свой інтэрнэт-часопіс, піша даволі своеасаблівыя мемуары. Мяркуючы па ўсім, не вельмі паспяховы. Але не бядуе. З’едлівасці ў выразах крыху паменшала, і мне нават падалося, што ў манеры падачы яго інтэрнэт-апавяданняў адчуваецца лёгкая настальгічная нотка.
Гледзячы на фотаздымак Яўгена Аляксандравіча Глебава, Валерый Пятровіч з уздыхам заўважыў: “Прыгожы быў чалавек. Не толькі знешне”.
“ВРЕМЕНА НЕ ВЫБИРАЮТ…”
У 1985 годзе да ўлады прыйшоў Гарбачоў, пачалася перабудова. Усім хацелася свабоды, але атрымалася “дзікае паляванне”. Замест свабоды – разбэшчанасць і ўсёдазволенасць. Пачаўся вялікі развал найвялікшай дзяржавы…
Яўген Аляксандравіч вельмі хутка, з першых перабудовачных праяў, зразумеў, што нічога добрага чакаць не варта. Дырэктыўная перабудова – гэта чарговае фарысейства, зададзенае зверху. Хто ведае – што, а галоўнае – як трэба перабудоўваць? Хто будзе рабіць справу? Куды падзенуцца дурні, злодзеі, куды падзець бескультур’е, ваяўнічы непрафесіяналізм і беспардонную хлусню?
Усё гэта нікуды не сыходзіла, больш за тое, ператваралася ў норму жыцця. Але да гэтай “нормы” ён прывыкнуць ужо не мог…
А як паспяхова пачыналіся для яго васьмідзясятыя! Праца над “Маленькім прынцам”, прэм’еры – Хельсінкі, Масква, Ніжні Ноўгарад, Самара… Мюзікл “Мільянерка” – Маскоўскі тэатр аперэты, Мінскі, Ташкенцкі… Ён стаў прафесарам, народным артыстам СССР… Пятая і Шостая сімфоніі…
Стала магчымым, нарэшце, здзейсніць мару пра стварэнне оперы “Майстар і Маргарыта”… Ён адразу адмовіўся ад думкі пісаць балет: не мог дазволіць сабе адысці ад раскошы булгакаўскай мовы. Доўгія пошукі лібрэтыста. Мноства варыянтаў лібрэта, якія дасылаліся і якія прывозіліся, былі не пра тое…
Прымусіў працаваць мяне, нягледзячы на мае пратэсты. Я разумела: калі ён не пачне пісаць – быць бядзе. Тэма распірала яго, патрабавала выхаду, і я рашылася…
Працавалі разам: спачатку рабілі накіды, схемы, і толькі пасля я прыступала да напісання ўласна тэксту… Яўген Аляксандравіч шукаў драматургічныя хады, музычныя тэмы, папеўкі, стараўся знайсці аўтэнтычныя крыніцы. Успомніў, што калі на пачатку 1960-х наш вялікі скульптар Заір Ісакавіч Азгур рабіў яго скульптурны партрэт, то паказваў запісы яўрэйскіх песень у выкананні Джона Пірса. Пазваніў, і Заір Ісакавіч неадкладна адгукнуўся і перадаў тую самую старэнькую плёнку.
Пачалася карпатлівая падрыхтоўчая праца, якая заўсёды старанна выконвалася перад тым, як ён мог дазволіць сабе сесці за стол і распачаць працэс стварэння твора.
Вячаслаў Сямёнавіч Сцёпін успамінае працу над балетам “Тыль Уленшпігель”: “Колькі мы з ім абмяркоўвалі, калі ён пісаў свайго “Уленшпігеля”! Бо ён не проста так – сеў і напісаў балет. Ён прарабіў гіганцкую працу, калі хочаце, культуролага. Ён і Кастэра вывучыў, і паглядзеў гісторыю Фландрыі і яе вайны з Іспаніяй, і жывапіс, і культуру гэтага стагоддзя – усё глядзеў, і ўсё ўбіраў… Таму і ў музыцы яго заўсёды сутыкненне не проста чалавечага запалу і характараў двух людзей, але народаў, мас …
Там нейкая гісторыя чалавецтва ў яго музыцы ўтоена”.
…Працаваць разам было незвычайна цікава. Ён – майстар, я – дылетант, але яго прафесіяналізм, памножаны на геніяльную тэму, выносіў далёка нас абодвух. Для мяне гэта быў самы цудоўны час. Мы жылі ў адзіным вымярэнні, дыхалі адзіным натхненнем, аднолькава думалі. У нас была агульная мэта і агульная радасць творчасці. Калі б не здарылася тады ўсяго гэтага, мне так і не прыйшлося б даведацца, што такое радасць творчасці і яе цудатворства…
Але тады ж у актавай зале Дома творчасці адбываліся нейкія мерапрыемствы – з разраду тых, якія ў маштабе краіны менавіта тады пачыналі працэс, што прывёў праз лічаныя месяцы да разрыву дзяржавы па швах. Бясконцыя сходы, пасяджэнні, семінары, эмісары…
У актавай зале не давалі кіно, не было звычайных для Дома кампазітараў канцэртаў. “Абслуга” з мясцовых латышоў пільна сачыла за тым, каб выпадковы чалавек у яго не патрапіў, не падпускалі нават прыадчыніць дзверы і паглядзець, што ўяўляе сабою сама зала. Над усім была заслона сакрэтнасці. Нам не было да гэтага ніякай справы, мы былі занятыя сваім, але ў сталовай міжволі станавіліся сведкамі абмеркавання асобных і вельмі дзіўных дэталяў у паводзінах і прамовах гэтых інкогніта…
Калі тэрмін знаходжання скончыўся і мы пакідалі гэтае цудоўнае месца, у адказ на падзяку і простую ветлівасць Яўгена Аляксандравіча пра тое, што на будучы год мы зноў прыедзем сюды, дама з рэцэпшана не без выкліку ў голасе заявіла: “Прыязджаць цяпер давядзецца толькі з візай”. Мы пераглянуліся і ўсміхнуліся, не ўспрымаючы сказанае сур’ёзна. Але вельмі хутка ўсё адбылося менавіта так, як сказала тая сімпатычная латышка…
Пакуль жа быў жнівень 1989 года. У верасні Глебаву споўнілася 60. Ён працаваў над партытурай “Майстра”, вёў у кансерваторыі клас кампазіцыі. Яго займала думка, хто ж будзе пастаноўшчыкам оперы. Выбар быў невялікі, ды і атмасфера пачатку 1990-х не абяцала зацікаўленасці ў пастаноўцы. Усе з галавой падаліся ў палітыку.
У 1992 годзе адбылася прэм’ера “Майстра і Маргарыты”. Аркестр, салісты, хор, уся музычная частка, дзякуючы Аляксандру Міхайлавічу Анісімаву, былі бездакорныя. Сямён Аляксандравіч Штэйн, вядомы оперны рэжысёр, вучань Барыса Пакроўскага, які ў той час ужо не працаваў у нашым тэатры, падышоў пасля прэм’еры і сказаў: “Перадайце Яўгену Аляксандравічу, што трэці акт – на мяжы геніяльнасці”.
Яўген Аляксандравіч захварэў. Сэрца не вытрымала нагрузак, якія праследавалі яго ў апошнія гады. Былі людзі, якія сцвярджалі, што яго хвароба – адплата за тое, што ён адважыўся дакрануцца да гэтага вялікага, але неадназначнага і па сюжэце, і па складзе персанажаў рамана Міхаіла Булгакава.
Гэта наўрад. Не думаю, што карэктна прыпісваць мастацкаму твору, хоць і такому бязмерна глыбокаму і ўсёабдымнаму такую містычна магічную сілу. Успомнім Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна: “Над вымыслом слезами обольюсь…” Гэта справядліва яшчэ і таму, што опера была завершана, больш за тое, пастаўлена.
Іншая справа, што гэта быў не яе час: 1992 год. На вачах ва ўсіх адбываўся працэс распаду вялікай дзяржавы, усе былі прыкаваныя да экранаў тэлевізараў, дзе ішлі бясконцыя тэлешоу “народных выбраннікаў”… Інфляцыя, ашуканцы, харчовыя карткі, адсутнасць самага неабходнага. Успрыманню Булгакава ў оперным тэатры ўсё гэта не спрыяла, да таго ж, яшчэ ў пастановачным перыядзе прыйшлося пераканацца ў тым, што далёка не ўсе ўдзельнікі чыталі гэты раман, і вядома ж, не ставіліся з глыбокай пашанай да яго стваральніка. Узровень рэцэнзій быў вельмі нізкі, без належных прафесійных адзнак сцэнічнага твора. Гэта цяпер, пасля фільма Уладзіміра Бартко, усе больш-менш даведаліся пра “Майстра і Маргарыту”, але і цяпер не кожны прымае гэты раман так, як успрымаў яго Яўген Аляксандравіч Глебаў…
Пачатак дзевяностых, апроч іншага, быў адзначаны незваротнымі для Яўгена Аляксандравіча стратамі. Першага студзеня 1991 года не стала дырыжора Юрыя Міхайлавіча Яфімава, таленавітага, светлага, незвычайнага ў сваёй выключнай абавязковасці, акуратнасці і прыстойнасці, чалавека.
Затым лёс нанёс другі ўдар: спачатку сышоў на пенсію, а ў 1993 годзе памёр дырыжор і добры сябар Яўгена Барыс Іпалітавіч Райскі.
Па інерцыі Глебаў напісаў віяланчэльны і скрыпічны канцэрты, канцэрт для аркестра “Кліч”, а таксама мюзікл “Калізей” па арыгінальным лібрэта Мікалая Матукоўскага з вершамі маладога і вельмі таленавітага Лявона Вольскага.
“Калізей” пастаўлены не быў. Не стала Райскага, і не былі зроблены запісы гэтых твораў, не была запісана і опера “Майстар і Маргарыта”. У нас дома захаваліся толькі аматарскія запісы Радзівона з канцэртаў – віяланчэльнага і скрыпічнага, а таксама яго відэазапіс “Майстра”. Вядома, не вельмі якасны…
У пачатку 1996 года памёр Леў Давыдавіч Гарэлік, выдатны скрыпач, які выканаў за многія гады амаль усю скрыпічную музыку Глебава і прэм’еру яго скрыпічнага канцэрта.
Крыху пазней, пасля трагедыі, што адбылася з дачкой, з Мінска з’ехаў выдатны віяланчэліст Яўген Ксавер’еў, які сыграў віяланчэльны канцэрт Яўгена Глебава.
“Иных уж нет, а те – далече…”
Новыя не з’яўляліся, працаваць не было з кім.
Усё сваё творчае жыццё Глебаў шанаваў дырыжораў і выканаўцаў, а Яфімава і Райскага – асабліва. Гэта былі надзейныя сябры і высокія прафесіяналы, чым так даражыў Яўген Аляксандравіч. Іх сыход прычыніў яму боль і нанёс непапраўны ўдар. Што б ні напісаў, разумеў: усё пойдзе “ў стол”…
Як вынік – непрыемнасці са здароўем. Наступіў перабор ва ўсім – у нервовай напрузе, ва ўсведамленні ступені чалавечай подласці і, нарэшце, у развале вялікай і любімай Радзімы.
Усё сфакусавалася разам.
…Глебаў патрапіў у бальніцу ў маі 1996 года, неўзабаве пасля таго, як у красавіку пахавалі маю маму. Інсульт напаткаў яго прама ў бальнічнай палаце. Быў гарачы май, Яўген падышоў да халадзільніка, каб узяць халоднай вады, і страціў прытомнасць. За гадзіну да гэтага я была ў яго, і мы дамовіліся, што я пабываю на пасяджэнні праўлення Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра, а потым патэлефаную (у яго “люксе” было ўсё неабходнае, у тым ліку і тэлефон).
Калі я патэлефанавала, нейкая жанчына зняла трубку і сказала, што хворага павезлі ў рэанімацыю, у яго інсульт. Я памчалася ў бальніцу, але мяне не прапусцілі, і ніхто толкам не мог сказаць, што адбылося. “Прыходзьце заўтра”.
Назаўтра я а 9-й гадзіне раніцы з калегамі прымала экзамены ў ДЭКу. Зранку, а 7-й, была ў “лечкамісіі”, мяне прапусцілі да яго, і тое, што ўбачыла, ашаламіла: Жэньча быў без прытомнасці. Я стала яго зваць, ён расплюшчыў вочы, але сказаць нічога не змог і зноў адключыўся…
Я атрымала наймацнейшы стрэс. Памятаю, што змагла толькі дамовіцца з дактарамі, каб яны мяне прапускалі, што так будзе лепш і для яго, і для сітуацыі ў цэлым… Моцна шумела ў вушах, нават не шумела, а звінела! Калі ўжо ехала на працу, зразумела, што нічога не чую. У экзаменацыйнай камісіі побач быў прафесар Мікалай Рыгоравіч Юркевіч. Я расказала яму і пра Жэню, і пра свае вушы, і ён, разумніца, тут жа сказаў мне, прычым, гэта я не пачула, а хутчэй зразумела па яго артыкуляцыі: “Бягом да доктара! Бягом да Тамары Дзмітрыеўны! Я вас падстрахую”. Доктар Тамара Дзмітрыеўна Матвяйкова, дай Бог ёй здароўя, калі зразумела, што я страціла слых, неадкладна накіравала ў гарадскі сурдалагічны дыспансер на вуліцы Сухой.
Мяне паклалі ў бальніцу, прызначылі лячэнне, і праз гадзіну я была ўжо ў баракамеры…
Тым не менш кожны дзень мы з Радзівонам – ён прыязджаў у бальніцу за мной – ехалі ў “лечкамісію”, дзе я рабіла выгляд, што са мной усё ў парадку, карміла Жэню з лыжачкі: пэўны перыяд ён нікога не ўспрымаў. Потым у яго пахаладзела і пазелянела нага, прыйшлося выклікаць сасудзістых хірургаў, і яны зрабілі шунтаванне артэрый. Нагу ўратавалі. Патроху Жэньча стаў есці, займацца з фізіятэрапеўтамі і пайшоў на папраўку. Я таксама прайшла свой курс лячэння, слых паступова стаў вяртацца…
Дзякуй Мікалаю Рыгоравічу: чым раней пачаць лячэнне, тым яно больш паспяховае. Неўрыт слыхавога нерва. Ён не пакінуў мяне, да гэтага часу я чую далёка не ўсё, асабліва калі хтосьці хоча распавесці мне шэптам “страшную таямніцу” …
Калі мяне выпісалі, Жэньча ўжо дастаткова адужаў, да яго вярнулася выратавальнае пачуццё гумару. Быў доўгі курс аднаўлення ў бальніцы, пасля ў санаторыі “Гарадзішча”. Да навучальнага года змог пайсці на працу. Спачатку было цяжка. Мова вярнулася, але кісць левай рукі была амаль нерухомая, злёгку варушыў пальцамі і ўсё … Іграць не мог.
Неўзабаве сталі моцна балець вочы. Калі я цяпер падвяргаю аналізу тыя ўмовы, у якіх ён працаваў, а менавіта, размяшчэнне пісьмовага стала і асвятленне, мне становіцца не па сабе! Цяпер у яго кабінеце стаіць мой камп’ютар, і я старанна закрываю шчыльнай шторай вялікае акно… Такой фіранкі ў яго ў той час не было, а ў другой палове дня сонца паліць неміласэрна. Прама на белую нотную паперу! Колькі разоў яго вочы былі траўмаваны яркім святлом!.. Як гэта – запісваць маленькія значкі на беласнежнай паперы так акуратна і выразна, як мог толькі ён…
Глаўкома ў яго была даўно, дыягназ паставілі яшчэ ў 1982 годзе, але ён стараўся ўтрымліваць вочны ціск у норме, прымаў лекі. Пад час лячэння інсульту на вочы забыліся: не да таго было. І вось яны нагадалі пра сябе болем. Пачалі думаць, што можна было зрабіць. Везці ў Маскву нельга, ды і ў гэтым развале не было каму дамовіцца з клінікай Фёдарава.
Урачы гаварылі: “Трэба ратаваць вочы як орган”. Прыйшлося ісці ў Трэцюю бальніцу на аперацыю левага вока. Да аперацыі вочы балелі, але бачыў ён добра, пасля аперацыі – павольна, але дакладна стаў губляць зрок. А неўзабаве боль напаткаў і правае вока. Прыйшлося зноў аперыравацца. У Трэцюю не пайшоў: мала таго, што ў той час там былі жудасныя ўмовы (пасля найцяжэйшага інсульту і пасля аперацыі прыйшлося ляжаць у перапоўненай палаце на ложку з панцырнай сеткай, якая правісала літаральна да самай падлогі, і гэта была пакута), дык яшчэ і сумны вынік. Дамовіліся ў Дзясятай. Там умовы былі крыху лепшыя, але аперацыя, як і першая, прайшла няўдала. Зрок пакідаў Яўгена Аляксандравіча. Да 1999 года ён ужо не бачыў амаль нічога. Працаваць не мог. Спачатку студэнты прыходзілі да яго дадому, але потым ён сказаў, што гэта не праца, а халтура, і сышоў з кансерваторыі…
Жыццё яго ператварылася ў ланцуг чаканняў… Я працавала на трох работах. Ішла рана, прыходзіла позна. Яўгена даглядалі нейкія запрошаныя па рэкамендацыях жанчыны. Ён не наракаў, шкадаваў мяне. А маё сэрца разрывалася ад таго, што трэба быць побач з ім, а даводзіцца зарабляць на лекі і “хлеб надзённы”. Толькі ўвечары са мной Жэньча ажыўляўся. Садзіліся побач у крэслы перад тэлевізарам, я расказвала пра тое, што адбываецца на экране. Так было дзень пры дні. Яўген Аляксандравіч сказаў аднойчы, што такое жыццё не патрэбнае, яно страціла сэнс, і прыстасавацца ён ужо не зможа.
Улетку я павезла яго ў Польшчу, дзе наш знаёмы абяцаў “класнае лячэнне”. Але аказалася ўсё не так. Ніякага лячэння Жэньча не атрымаў, а толькі растраціў апошнія сілы.
10 верасня Яўгену Аляксандравічу споўнілася семдзясят. Патэлефанавалі з Адміністрацыі прэзідэнта, і разам з дырыжорам Міхаілам Фінбергам прыйшоў нейкі чалавек і ўручыў прывітальны адрас і падарунак.
У той дзень прыходзіла шмат людзей, але Яўген Аляксандравіч нікога з іх не бачыў. Прасіў, каб я паціху яму паведамляла, хто прыйшоў, хто гаворыць…
Расчуліўся, калі пад вечар прыйшло сямейства айца Паўла Поўнага: ён, матушка Людміла і дзеткі – Лёша і Маша, і сваімі далікатнымі анёльскімі галасамі праспявалі яму “Многая лета”…
24 верасня па ініцыятыве рэктара, Міхаіла Антонавіча Казінца, у кансерваторыі ўшаноўвалі Яўгена Аляксандравіча Глебава. Першы і апошні раз… Яму было няпроста: ён добра чуў, але не бачыў, хто цяпер іграе ці гаворыць.
Адзначыў дзяўчынку, піяністку Машу Палазкову, унучку опернага баса Віктара Чарнабаева, якая цудоўна сыграла Адажыа з “Маленькага прынца” ў аўтарскім перакладзе для фартэпіяна.
Калі вечар заканчваўся, яго абступілі вучні, супрацоўнікі, сябры. Ён быў усхваляваны і крыху раззлаваны сваёй відавочнай бездапаможнасцю. Пры гэтым захоўваў годнасць – з гумарам, добрым жартам. У канцы выйшаў у цэнтр залы, злёгку пакланіўся ўсім, і сказаў: “Я магу сказаць вам толькі адно. У гэтай музыцы я рабіў усё, што мог. Чаго не зрабіў, таго не змог. Я вельмі хацеў бы, каб тое, што вам падабаецца ў маёй музыцы, засталося б з вамі… А на гэтым я з вамі развітваюся”.
…Прыехаў Уладзімір Аляксандравіч Арлоў здымаць інтэрв’ю з Глебавым для свайго фільма. Гэтае інтэрв’ю – яскравае сведчанне, як пры ўсіх нягодах пасля найцяжэйшага інсульту гэты чалавек змог захаваць прысутнасць духу, выдатнае пачуццё гумару, самаіронію, спрадвечную дабрыню і шчырасць, а таксама сказаць бязлітасныя ў сваёй праўдзівасці словы.
…Надышло 18-га лістапада. Стан Яўгена быў дастаткова стабільны, і я адважылася з’ездзіць на адзін дзень у Маскву ў камандзіроўку. Ніколі не змагу сабе гэтага дараваць. 19–га ўвечары перад ад’ездам з Масквы патэлефанавала дадому, і Радзівон сказаў, што бацьку забралі ў бальніцу. Другі інсульт. Не заязджаючы дадому – проста з цягніка – у “лечкамісію”, куды адвёз мяне сын. Яўген Аляксандравіч быў у рэанімацыі. Мяне адразу ж пусцілі да яго. Убачыў мяне, захваляваўся, паспрабаваў нешта сказаць, але не змог… Было відаць, як ён злуецца на сваю бездапаможнасць. Яшчэ раз зрабіў спробу нешта сказаць, пасля чаго сілы пакінулі яго, і ён упаў у бяспамяцтва. Кома. Слова – страшнае сваёй няўхільнасцю, як бездань…
11 студзеня 2000 года я была на працы ва Усіхсвяцкім прыходзе. Настаяцель, айцец Фёдар, папытаўся пра Яўгена Аляксандравіча, і разам з ім мы паехалі ў бальніцу. Айцец Фёдар доўга сабораваў яго, пасля павярнуўся да мяне і сказаў: “Усё. Ён супакоіўся”. Назаўтра ўвечары, 12 студзеня, пасля таго як я сышла ад яго, з рэанімацыі патэлефанаваў загадчык аддзялення Валерый Іванавіч, і паведаміў, што Яўген Аляксандравіч а 23-й гадзіне сканаў…
У марозны дзень 14-га студзеня раніцай яго прывезлі на адпяванне ў Свята-Духаў кафедральны сабор. Былі Каляды і адно з Дванадзясятых Святаў. Служыў мітрапаліт Філарэт. У канцы службы ўладыка падышоў, узяў з ілба нябожчыка венчык, пацалаваў і сказаў: “Які светлы лік!” Тыя, што стаялі побач, заўважылі, як вакол галавы Яўгена Аляксандравіча разлілося ззянне…
Што было далей, памятаю дрэнна. Была паніхіда на сцэне філармоніі. Былі людзі, прамовы… Маскоўскія могілкі. Памятаю айца Фёдара, які акрапляе магілу… У “Кастрычніцкай” – памінальны стол…
Жыццё падзялілася на “да” і “пасля”…
…Апошнім часам назіраю ўздым цікавасці да творчай спадчыны Яўгена Глебава. І гэта радуе.
Адкрываюцца музейныя экспазіцыі Яўгена Аляксандравіча Глебава, дзе ён раскрываецца як педагог, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры… Творы кампазітара гучаць у канцэртах, прысвечаных яго жыццю і творчасці.
Упершыню ў 2015 годзе балет Яўгена Глебава “Маленькі прынц”, створаны кампазітарам тры дзясяткі гадоў таму, пастаўлены на беларускай сцэне. Прэм’ера адбылася ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Мае словы ўдзячнасці харэографу-пастаноўшчыку Аляксандры Ціхаміравай, дырыжору Алегу Лесуну і мастаку Вячаславу Акунёву. Нарэшце балет Глебава ўбачыў і бе
ларускі глядач. Пасля сусветнай прэм’еры “Маленькага прынца” ў Хельсінкі і ў Маскве ў 1983 годзе прайшло 32 гады…
У Мінску ёсць вуліца Яўгена Глебава. У музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі – пакой імя Глебава. У Нацыянальнай бібліятэцы, архівах у Мінску і Дзяржынску знаходзяцца пярвічныя матэрыялы – рукапісы, дакументы, відэа/аўдыяматэрыялы, кінафільмы і фотаздымкі. Многія гады ў Мінску працуе дзіцячая музычная школа мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава.
У 2020 годзе гонар насіць імя Яўгена Глебава атрымала гімназія-каледж мастацтваў г. Магілёва. А праз два гады там адкрылася цудоўная музейная экспазіцыя, прысвечаная народнаму артысту СССР і БССР Яўгену Аляксандравічу Глебаву.
Гэта шчасце, што музыка Глебава працягвае жыць. У тым ліку і ў навучальнай установе, і ў горадзе, дзе пачаў свой творчы шлях Яўген Глебаў…
Падрыхтавана на аснове біяграфічнага рукапісу Ларысы Васільеўны Глебавай.
Фотаздымкі з асабістага архіва Л. Глебавай.
Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ і Ларысы ПШАНІЧНАЙ.