Жыццё, прысвечанае людзям: Сяргей Іванавіч Шклярэўскі

 Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

9 ліпеня 2023 года споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Сяргея Іванавіча Шклярэўскага, Героя Сацыялістычнай Працы (1978), выдатніка аховы здароўя СССР (1964), выдатніка аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2007), Ганаровага грамадзяніна Слуцкага раёна (2007), Ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці (2007), аднаго з самых вядомых фельчараў Беларусі, які 71 год жыцця аддаў медыцынскай службе ў якасці загадчыка Покрашаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Слуцкага раёна.

Сяргей Іванавіч Шклярэўскі ў працоўным кабінеце.

Дзяцінства, апаленае вайной

Сяргей Іванавіч Шклярэўскі нарадзіўся 9 ліпеня 1928 года ў вёсцы Сярагі Слуцкага раёна Мінскай вобласці.

Бацька яго, Шклярэўскі Іван Васільевіч, працаваў рабочым у сіндыкаце па нарыхтоўцы і вырабу скуры ў Слуцку. Маці, у дзявоцтве Падліпская Антаніна Ігнацьеўна, працавала ў калгасе. Акрамя Сяргея, у сям’і было яшчэ дзве дзяўчынкі. Старэйшая сястра Ганна і малодшая, Марыя.

Хата была на дзве палавіны, у кожнай з якіх размяшчалася печ. У першай палавіне жыла сям’я Сяргея, а ў другой  – сям’я бацькавага брата Міхаіла. Ну, а далей, як было прынята будавацца ў іх мясцовасці, пад адной страхой сенцы, клець…

Бацькаў брат, Міхаіл Васільевіч Шклярэўскі, працаваў старшынёй сельскага савета. У іх з жонкай Арынай таксама было трое дзяцей. Усе жылі адной вялікай і дружнай сям’ёй. І за гэта асаблівая ўдзячнасць бабулі Усціне, якая сваёй душэўнай прыгажосцю і жыццёвай мудрасцю аб’ядноўвала ўсіх: і малых, і дарослых.

Зімою да Шклярэўскіх любілі прыходзіць на “вячоркі” суседзі. Пралі кудзелю на льняныя ніткі, уладкоўвалі ткацкі станок і ткалі палатно на настольнікі, ручнікі. Асвятляла хату керасінавая лямпа, падвешаная да столі. Жанчыны расказвалі розныя гісторыі, калі-нікалі ціха спявалі народныя песні. Мужчыны дымілі цыгаркамі, абмяркоўвалі вясковыя і “сусветныя” навіны. Дзеці сядзелі на цёплай печы і з цікавасцю назіралі за ўсім, што адбываецца ў хаце. Даваеннае дзяцінства і пасля студэнцкія гады, як згадваў сам Сяргей Іванавіч, былі самымі шчаслівымі ў яго жыцці.

Усё перакрэсліла вайна.

На пачатку Вялікай Айчыннай Сяргею Шклярэўскаму два тыдні не хапала да поўных трынаццаці гадоў. Шчаслівае жыццё скончылася імгненна.

Першая бомба ўпала на Слуцк у першы дзень вайны ў раёне мелькамбіната. Дзядзька Сяргея, Міхаіл Шклярэўскі, як старшыня сельскага савета адразу распачаў мабілізацыю. Прызвалі і бацьку Сяргея. Разам з усімі мабілізаванымі са Слуцка, атрымаўшы вінтоўку, Іван Шклярэўскі адправіўся на захад. Ішлі пешшу. Паспелі дайсці да старой граніцы, паблізу вёскі Філіповічы Капыльскага раёна. Усе ішлі на ўсход, а яны, выконваючы загад, – на захад.  Нечакана каля іх спынілася легкавая машына. Генерал, распытаўшы, куды накіроўваюцца салдаты, загадаў ім спыніцца і трымаць абарону тут.

Не паспелі акапацца, як нечакана пачаўся налёт нямецкай авіяцыі. Многія навабранцы загінулі ў першыя хвіліны. Астатнія кінуліся пад градам куль у жыта, рассыпаліся па полі. Пасля пачалі прабірацца ў Шляхецкі лес паблізу пасёлка Манькова ў Слуцкім раёне. Раздумвалі, што рабіць далей. Ноччу наведваліся ў вёску за прадуктамі – і зноў у лес. Родныя мясціны былі ўжо акупаваны ворагам. Немцы ўвайшлі ў Слуцк 26 чэрвеня, а праз два дні былі ўжо ў Сярагах. У вёсцы размясцілася адна з нямецкіх часцей. Фашысты пасяліліся ў школе і вясковым клубе.

Дзядзька Сяргея як сельсаветчык спачатку знаходзіўся ў падполлі, пасля пайшоў у партызаны.

…Надыходзіла восень. Калі стала зразумела, что войскі Чырвонай Арміі ўжо далёка на ўсходзе, і да іх навабранцам не дайсці, іншага выйсця не знайшлося, як усім, хто застаўся жывы, вярнуцца дадому, у тым ліку і бацьку Сяргея, Івану Шклярэўскаму. Пасля вяртання дадому яму ўдалося наладзіць сувязь з братам Міхаілам і дапамагаць партызанам. Перадаваў медыкаменты, збіраў неабходную інфармацыю.

Немцы раздзялілі ўсю калгасную зямлю на 200 двароў, па 5 гектараў на кожны двор. У каго не было мужчыны, той сям’і па 2,5 гектара. Шклярэўскія атрымалі 5 гектараў, а цётка Арына, жонка дзядзькі Міхаіла, атрымала палавіну. Раздалі па людзях таксама ўсю калгасную жывёлу. Шклярэўскія атрымалі двое коней, адно жарабя і карову (на 4 гаспадаркі). Праз некаторы час карову вымушаны былі здаць на мяса для немцаў…

29 верасня 1942 года бацька Сяргея, Іван Шклярэўскі, араў зямлю, як нечакана наляцелі паліцаі і арыштавалі яго. За сувязь з партызанамі. Разам з ім у той дзень арыштавалі і адправілі ў Слуцкую турму 6 чалавек. Пасля арышту бацькі маці Сяргея пайшла ў Слуцкую турму занесці перадачу. У першы дзень ёй гэта ўдалося, а калі прыйшла ў наступны, сказалі, што бацькі тут няма. Жанчына не паверыла, пачала распытваць, плакаць, яе схапілі, моцна збілі і выкінулі ў турэмны двор. Бацьку Сяргея і ўсіх арыштаваных расстралялі каля вёскі Журава Слуцкага раёна паліцаі з вёскі Варкавічы. Хлопцу перадалі, што яго маці ледзь жывая ляжыць каля турэмнага плота. Ён запрог каня, паехаў і забраў яе дадому. Маці доўга хварэла, а праз год яе не стала…

Сяргей з сёстрамі Ганнай, якая была на два гады старэйшая за яго, і дзесяцігадовай Марыяй жылі разам з бабуляю. Усю мужчынскую працу па гаспадарцы прыйшлося ўзяць на сябе. Навучыўся араць, сеяць, малаціць зярно, вадзіў коней у начное. Канешне, бабуля і сёстры дапамагалі як маглі.

У вёсцы сям’я Шклярэўскіх лічылася партызанскай, але ніхто з аднавяскоўцаў іх не выдаў. Пасля арышту бацькі Сяргей ні разу не начаваў дома. Баяўся, што прыйдуць за ім. У халодны час спаў то ў гумне, то ў хляве. Падатак з гаспадаркі, які па нямецкіх законах трэба было плаціць, перадаваў цераз старасту.

Ноччу часта да іх заходзілі партызаны. Бабуля іх карміла, мыла бялізну, лячыла раны, аддавала цёплую вопратку. Жылі заўсёды пад страхам, баючыся расстрэлу, аблаў, але працягвалі дапамагаць народным мсціўцам. Да апошніх дзён Сяргей Іванавіч захоўваў даведку аб тым, што яго бацька, Іван Васільевіч Шклярэўскі, з’яўляўся сувязным партызанскага атрада імя Сяргея Лазо.

Падлеткам Сяргей таксама трымаў сувязь і з атрадам імя Сяргея Лазо, і з атрадам імя Мікалая Астроўскага. Збіраў для партызан разведданыя, перадаваў у атрады вінтоўкі, што пакідалі ў іх салдаты падчас адступлення, забіраў газеты, што прыносілі партызаны, і чытаў іх вяскоўцам, распаўсюджваў лістоўкі, перадаваў у атрад медыкаменты і прадукты.

Перад вызваленнем Беларусі Сяргею Шклярэўскаму выдалі даведку, што ён з’яўляецца партызанскім сувязным, але яна згарэла падчас пажару. Аднаўляць дакумент не стаў…

Ленінградзец

З 1944 па 1945 год Сяргей Шклярэўскі жыў і працаваў у Ленінградзе. Ленінградцам ён стаў нечакана. Калі ў канцы чэрвеня 1944 года пайшлі чуткі, што немцы адступаюць, людзі пачалі ратаваць самае каштоўнае, што было ў гаспадарцы – коней.  Разам з хлопцамі хавалі па начах іх каля  балотца. Аднойчы ранкам заўважылі, што ў іх бок імчацца коннікі. Гэта былі чырвонаармейцы, яны і паведамілі пра вызваленне Беларусі.

15 ліпеня 1944 года прыехаў бацькаў брат, Мікалай Васільевіч, ваенны контрразведчык, які служыў у Ленінградзе. Усе гады вайны ён перажываў за родных, ці выжылі ў акупацыі. Даведаўшыся пра іх гора, дзядзька вырашыў забраць Сяргея з сабою і ўладкаваць у сувораўскае вучылішча.

20 ліпеня яны з дзядзькам выехалі ў Ленінград. Планавалася, што з 1 верасня Сяргей Шклярэўскі будзе вучыцца ў сувораўскім вучылішчы. Але дзядзьку нечакана направілі ў Заходнюю Беларусь змагацца са злачыннасцю. Ад’язджаў ён так спешна, што яны нават не паспелі развітацца. Пра ад’езд хлопцу паведаміў старшына з часці Мікалая Васільевіча.

Так Сяргей застаўся адзін у невядомым яму горадзе. Пра сувораўскае ўжо гаворкі не ішло. Трэба было ўладкоўвацца на працу, каб атрымаць прадуктовую картку. Дапамог сябар дзядзькі, прапанаваў на выбар працу слесара, токара ці электрыка. Сяргей выбраў прафесію слесара, яна “лепш гучала”. Яго аформілі вучнем у электратэхнічныя майстэрні Кастрычніцкай чыгункі. Настаўнік, хлопчык Барыс, які ўжо меў пяты разрад, быў на год старэйшы за Сяргея. Бацькі яго памерлі ў блакаду, а Барыса эвакуіравалі ў Казань. Як толькі блакада закончылася, эвакуіраваных вярнулі назад, аднаўляць Ленінград.

Жылі з Барысам вельмі дружна. Адну картку атаварвалі прадуктамі, а другую прадавалі, каб купіць сабе адзенне. Па адной картцы на месяц выходзіла 400 грамаў хлеба на дзень, паўтара кілаграма крупы, паўкілаграма цукру  і крыху яечнага парашку. Канешне, было голадна і заўсёды хацелася есці.

Сяргею, як непаўналетняму, вызначылі няпоўны працоўны дзень, да 16 гадзін. Таму ўвесь астатні час ён выкарыстоўваў на знаёмства з Ленінградам. Да цемнаты блукаў па набярэжнай, любуючыся Нявою, хадзіў у кіно, пабываў у цэрквах, карцінных галерэях, музеях. Прыгажосць Ленінграда асаблівая, яна ўражвала і захапляла.

Праз тры месяцы вучобы хлопец меў ужо трэці разрад слесара і прыступіў да самастойнай працы.

У канцы верасня іх камандзіравалі ў горад Тосна Ленінградскай вобласці аднаўляць мост і дарогу. Пасялілі ў вялікім бараку, які ледзь-ледзь абаграваўся “буржуйкай”, спалі на нарах, замест пасцелі – яловыя лапкі. Уставалі вельмі рана, снедалі кубкам кафейнага сурагата і кавалкам хлеба і, апрануўшы бушлаты і ўсунуўшы ногі ў разбітыя кірзавыя боты, спяшаліся на працу. Восень стаяла надзвычай халодная, часта ліў дождж, адзенне не паспявала прасыхаць. Стамляліся жудасна, але ўсе разумелі, што трэба адбудоўвацца пасля вайны. Стараліся ўправіцца да лістападаўскага свята. І ў іх атрымалася.

…У красавіку 1945 года вярнуўся з Заходняй Беларусі дзядзька Мікалай.

Дзень Перамогі сустракалі ў Ленінградзе. У многіх раёнах горада былі наладжаны святочныя мерапрыемствы. Пайшлі да Зімняга. На Палацавай плошчы было надзвычай шматлюдна, дзясяткі тысяч людзей. Спачатку, дзесьці а 7-й гадзіне вечара, адбыўся мітынг, дзе выступалі партыйныя сакратары, вайскоўцы, вучоныя. Запомніўся камандуючы Ленінградскім фронтам маршал Говараў на кані, які прымаў віншаванні з Перамогаю і сам віншаваў прысутных.

Настрой быў узнёслы, і гэтаму спрыялі канцэрты чырвонаармейскіх ансамбляў, артыстаў тэатраў. Працавалі кінаперасоўкі, дзе транслявалі фільм “В 6 часов вечера после войны”. Бесперастанку ігралі некалькі духавых аркестраў. Калі зусім сцямнела і запаліліся ліхтары, плошчу пачалі асвятляць пражэктарамі, а пасля ўсе любаваліся пераможным салютам. Да глыбокай ночы людзі танцавалі, абдымаліся, і плакалі, і весяліліся. Гулянне было ўсеагульнае, як і ўсеагульнае адчуванне шчасця і радасці, слёз і смутку за тых, каго забрала вайна.

У хуткім часе дзядзька Мікалай ажаніўся, жыў разам з жонкай Марыяй у яе кватэры, а Сяргей – у дзядзькавай. Здавалася, жыццё паступова наладзілася, калі не лічыць, што дзядзька перахварэў на Боткіна і некаторы час яму прыйшлося правесці ў бальніцы.

Аднак служба ёсць служба. Неўзабаве дзядзьку Мікалая зноў адправілі ў камандзіроўку. Цяпер ужо ў Варонеж. Сяргей не збіраўся з імі ехаць, хоць дзядзька і прапаноўваў. Да гэтага часу ён ужо добра ведаў горад, працаваў слесарам, меў прадуктовую картку, як і ўсе рабочыя. Сябраваў з добрымі хлопцамі, меў ленінградскую прапіску.

Вечарам, праводзячы дзядзьку, засядзеліся з вайскоўцамі ў яго кватэры дапазна, вярнуўся дадому, заснуў  і раніцай праспаў на працу, а на той час за спазненне маглі аддаць пад суд. Прыйшлося тэрмінова звальняцца і ехаць з сям’ёй дзядзькі ў Варонеж. Хлопцу ўзялі дадатковы білет і назаўтра ўсе разам былі ўжо ў цягніку.

Так атрымалася, што 24 чэрвеня 1945 года падчас правядзення ў Маскве Парада Перамогі Шклярэўскія былі ў сталіцы праездам. Пакінулі рэчы ў камеры захоўвання і пайшлі паглядзець парад. На свае вочы Сяргей бачыў усім вядомыя цяпер дакументальныя кадры кінахронікі, як скідваліся фашысцкія сцягі ў адну вялікую кучу…

Да Варонежа дабраліся позна ўвечары. Дзядзька Мікалай зняў кватэру на вуліцы Веры Засуліч, і яны пачалі неяк уладкоўваць побыт. Але праз два тыдні дзядзьку адправілі на новае месца службы, на гэты раз у Кітай. Аднаго, без сям’і. Ні цёця, ні Сяргей яшчэ не паспелі ўладкавацца на працу, таму картак не мелі. Застаўшыся без сродкаў для існавання, пачалі думаць, як жыць далей. Сяргей вырашыў вярнуцца ў Беларусь.

Прыехаўшы ў Сярагі, даведаўся, што старэйшай сястры Ганны не стала. Моцна прастудзіўшыся, яна захварэла на запаленне лёгкіх, затым пачаўся плеўрыт. Памерла Ганна ў 1945 годзе ў Слуцкай бальніцы.

Стаяла лета. Сяргей адразу пачаў працаваць на жніве ў калгасе: адкідвалі салому ад малацілкі, вазілі і здавалі зярно. У верасні 1945 года пайшоў у 7-ы клас Сяражскай школы.

Выбар прафесіі і гады вучобы

Прафесію медыцынскага работніка, як згадваў сам Сяргей Іванавіч, ён выбраў выпадкова, за кампанію з сябрам.

У сёмым класе яго, як чалавека “бывалага”, нават выбралі старастам. Вучыўся добра. Закончыўшы школу, вырашыў падаваць дакументы ў Гомельскі чыгуначны тэхнікум, але здарылася даволі нечаканая сітуацыя.

Час быў бедны і галодны. Каб неяк адзначыць выпускны, кожны з 29-і выпускнікоў прынёс здому трохі гарэлкі і чаго-небудзь закусіць – сала, салёных гуркоў, квашанай капусты…

Усё ішло добра. За акуратна накрытымі сталамі частаваліся разам з выпускнікамі і настаўнікі, і камісія, што прыехала з раёна. Пасля ўсе пайшлі танцаваць. Сяргей як стараста не стаў глядзець за парадкам, а пайшоў разам з усімі. Сталы былі накрыты ў вясковай хаце, хлапчукі ўлезлі і выцягнулі і гарэлку, і закуску. Вярнуліся пасля танцаў, а сталы пустыя. Дырэктару Давідовічу, былому партызану, было вельмі няёмка перад гасцямі, і ён наладзіў Сяргею неймаверны разгон. І хоць па просьбе Сяргея выпускнікі прынеслі ўсяго паўторна, дырэктар не дараваў Шклярэўскаму такога промаху.

Затаіўшы крыўду, да канца ліпеня не аддаваў пасведчання аб заканчэнні сямігодкі. За пару дзён да завяршэння тэрміну прыёму дакументаў Сяргей сустрэў свайго класнага кіраўніка Аляксея Фёдаравіча Мароза, які пацікавіўся, куды хлопец падаў дакументы. Прыйшлося расказаць праўду.

Расхваляваны, Аляксей Фёдаравіч загадаў ісці за ім у школу. Стоячы ў калідоры, юнак чуў, як дырэктар і класны размаўлялі на павышаных танах і нават не літаратурнай моваю. Але пасведчанне дырэктар усё ж аддаў. Гэта было 29, а дакументы прымалі да 31 ліпеня.

Хацеў паступаць у Гомельскі чыгуначны тэхнікум, паколькі працаваў у Ленінградзе слесарам, але дабрацца тады да Гомеля за такі кароткі час было немагчыма. У распараджэнні заставаўся адзін дзень, і Сяргей паехаў за кампанію з двума хлопцамі ў Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу, куды бліжэй. Па спісе быў апошні абітурыент, 480-ы. Здаў уступныя экзамены паспяхова, але залічваць яго не захацелі: у школе не было інтэрната, а яго як сірату не мелі права браць без прадастаўлення жылля. Прыйшлося напісаць распіску, што не прэтэндуе на інтэрнат. Так ён стаў навучэнцам фельчарска-акушэрскай школы.

Час быў нялёгкі. Студэнты 1950-х атрымлівалі стыпендыю 180 рублей і прадуктовую картку, на якую можна было набыць масла, цукру і хлеба. Здымалі з аднакурснікамі па 100 рублёў пакой на траіх, а на 80 атаварваў студэнцкую картку. Каб пражыць, падпрацоўвалі. Распілоўвалі дровы на гаспадарскіх падвор’ях па тры рублі за кубаметр. Раз у месяц Сяргей едзіў да бабулі, якая падтрымлівала прадуктамі. Папуткамі дабіраліся з хлопцамі да Слуцка, пасля 7 кіламетраў ішоў пешшу ў Сярагі.

Пасля першага курса хацеў кінуць вучобу, а пасля прывык, нават стаў выдатнікам. Ніводнай лекцыі за ўвесь час вучобы не прапусціў. Ды і ўсе пасля вайны вельмі імкнуліся да ведаў, стараліся вучыцца. Падручнікаў не хапала, вучылі матэрыял па канспектах.

Не забываліся з сябрамі і адпачываць, калі ўдавалася. Хадзілі на танцы, у кіно, на рэчку, каталіся на лодках па Бярэзіне. Тут яго сустрэла і першая рамантычная закаханасць… Светлы і цікавы быў час. Студэнцкія гады, як і даваенныя, былі самымі шчаслівымі ў жыцці Сяргея.

Двухмесячную вытворчую практыку праходзіў у Слуцку. Пасля заканчэння сабраўся ехаць у Бабруйск. Малодшая сястра Марыя  павяла хлопца ў Слуцк на аўтобус, а калі вярнулася – над вёскаю дым, прыйшла – пусты двор, ні хаты, ні плота, ні драўлянага зруба калодзежа. Выгарала ўсё.

Успыхнуў пажар 3 мая 1949 года па звычайнай людской халатнасці. За чатыры гадзіны агонь знішчыў 70 хат, у тым ліку і хату Шклярэўскіх.

Сябра Генадзь з суседняй вёскі Паўлаўка ў той дзень з Сяргеем на вучобу не паехаў, а прыехаўшы назаўтра, расказаў пра пажар. Бабулю з Марыяй прытулілі знаёмыя. Сяргей хацеў усё кінуць і паехаць дадому, але бабуля праз Генадзя строга наказала дадому не вяртацца. Усё роўна нічым не дапаможа. Трэба заканчваць вучобу.

Калі Сяргей, здаўшы дзяржаўныя экзамены, вярнуўся ў вёску, ён не пазнаў роднага падвор’я. Адны руіны, спрэс зарослыя лопухам. Як адзінаму мужчыне ў сям’і трэба было думаць, як адбудоўвацца, але спачатку трэба было вярнуцца ў Бабруйск і атрымаць дыплом.

Сястра з бабуляю хацелі, каб Сяргей купіў сабе на выпускны вечар новы касцюм. Яны з бабуляю сабралі 450 рублёў. Перад ад’ездам пасля практыкі Марыя дала іх Сяргею. Ён прыехаў у Бабруйск і перад усімі, не думаючы, пераклаў грошы ў другую кішэню. А раніцай абнаружыў, што грошай няма. Гаспадыні ў той час дома не было, а прыйшла – паспачувала. Нават паабяцала, што на гэту суму вызваліць хлопца ад платы за жыллё, але пасля перадумала і сказала заплаціць. Хлопцы думалі, што грошы забрала яна, але, як кажуць, не злавіўшы за руку…

Так у рэстаран “Бярэзіна”, дзе праходзіў выпускны, Сяргею прыйшлося ісці ў кірзавых ботах і  гімнасцёрцы. Але гэта акалічнасць не азмрочыла яго радасці. Дыпломы ўручаў загадчык абласнога аддзела аховы здароўя, цёпла павіншаваў.

Пачаліся танцы. Назаўсёды запомніўся Сяргею першы студэнцкі вальс, на які выпускніка запрасіла старшыня прафсаюзнай арганізацыі іх фельчарска-акушэрскай школы Ядвіга Раманоўская. Яму было крыху не па сабе і ад свайго сціплага адзення, і ад няўмення добра танцаваць. Пасля амаль цэлы тыдзень да яго ад’езду яны з Ядвігай, узяўшыся за рукі, гулялі па Бабруйску, любаваліся наваколлем. Але на гэтым іх адносіны і скончыліся. Трэба было ехаць у Слуцк, будаваць хату, бо бабуля з сястрою жылі ў чужых людзей. Падчас размеркавання папрасіў накіраванне на працу ў Слуцк. Тады гэта была Бабруйская вобласць.

Прыехаўшы на радзіму з накіраваннем і зайшоўшы ў раённы аддзел аховы здароўя, адчуў, што яго тут не чакалі. Начальнік аддзела Шуманскі як глядзеў у акно, так, нават не азірнуўшыся на маладога спецыяліста, коратка кінуў: вакансій няма. Так крыўдна стала. Хаты няма, працы няма…

Сяргей Шклярэўскі прымае рашэнне на папутнай машыне зноў вярнуцца ў Бабруйск, на тую кватэру, дзе жыў падчас вучобы. А там ужо на стале яго чакала павестка ў армію.  

Служба ў арміі

У час маладосці Сяргея Шклярэўскага хлопцам абавязкова наладжвалі провады ў армію, і гэта лічылася святам для ўсёй вёскі. Вось і Сяргей, калі вярнуўся дадому з павесткай, сястра з бабуляю, хоць і жылі ў цёткі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, пачалі рыхтавацца да бяседы. Марыя купіла хамсы, прыгатавала на стол “што Бог паслаў”. Сяргей запрасіў сваіх сяброў, сціпла адзначылі. Баяніст, як і заўсёды падчас провадаў у армію, іграў ад душы. Сяргей заўсёды памятаў, што вельмі хацеў тады заплаціць гарманісту болей, ды не было чым…

Трапіў на службу ў Балтыйскі флот. У таварных вагонах іх адправілі ў Латвію: забралі навабранцаў у Гомелі, тады ў Бабруйску, пасля мінчан…

Прывезлі ў партовы горад на заходнім узбярэжжы Балтыйскага мора – Ліепая. Пасля сарціроўкі Сяргея накіравалі ў гарадок Янтарны, (да 1947 года Пальмнікен). Там размяшчалася ваенна-марская чыгуначная артылерыйская батарэя. На чыгунцы на платформах паравозаў былі нашы гарматы, прызначаныя для марскіх цэляў. Медыцынскіх работнікаў сярод прызыўнікоў было многа, а вакансій у іх медсанчасці не было.

Служыў спачатку матросам-кулямётчыкам станковага кулямёта па паветраных цэлях для самаабароны. Пасля заканчэння Сяргеем вучэбкі і прыняцця прысягі, старшы лейтэнант, начальнік санчасці, забраў яго да сябе памочнікам.

Ноччу заступаў на дзяжурствы як кулямётчык, а днём вёў прыём хворых у медсанчасці, выпісваў меню, здымаў пробы. У санчасці было нават 6 коек для ляжачых. Спраўляўся. Праз некаторы час старшы лейтэнант мог нават пакідаць хворых на Сяргея аднаго на цэлы тыдзень.

Там жа, у арміі, малады фельчар прыняў свае першыя роды ў жонкі камандзіра ўзвода. Іх часць у Балтыйску была зонай забароненай, без пропуска не праедзеш, хуткай дапамогі не было. Роды прымаў дома. Дванаццаць гадзін правёў каля парадзіхі. На шчасце, усё прайшло нармальна, нарадзілася дзяўчынка.

Восенню салдат адправілі на нарыхтоўку паліва для часці. Два тыдні жылі ў зямлянках. Зразумела, што Сяргей хоць і быў экіпіраваны санітарнай сумкай, але як радавы матрос, пілаваў лес разам з усімі. Надвор’е было дажджлівае, сырое, халоднае. Сяргей моцна прастудзіўся і захварэў на мокры плеўрыт. Пасля лячэння ў шпіталі Шклярэўскага камісавалі, і ў маі 1950 года ён вярнуўся дадому. У тым жа годзе Сяргея Іванавіча прызначылі загадчыкам Покрашаўскага фельчарска-акушэрскага пункта, што ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці.

Першае і адзінае месца працы

Пасля вяртання дадому Сяргей Шклярэўскі яшчэ крыху падлячыўся і пачаў думаць, як будаваць новую хату. Тады, пасля вайны, можна было набыць лесу на будаўніцтва ў крэдыт. Дзяржава выдзеліла сястры Марыі на хату 40 кубаметраў лесу. Узяўшы нарад, Сяргей на веласіпедзе паехаў у Жылін-Бродскае лясніцтва, за 30 кіламетраў ад Слуцка.

Ехаў праз Грэск, дзе чыста выпадкова сустрэў зямлячку, якая на год раней скончыла іх фельчарска-акушэрскую школу, яна і сказала Сяргею, што ў Покрашаве фельчарска-акушэрскі пункт застаўся без загадчыка. Тады вёска адносілася да Грэскага раёна Бабруйскай вобласці. Выпісаў лесу і літаральна назаўтра паехаў у грэскі раённы аддзел аховы здароўя. Сяргея Іванавіча адразу накіравалі на працу ў Покрашава.

Сяргей Шклярэўскі ў маладосці.

На сваё першае і адзінае ў жыцці месца працы Сяргей прыехаў 1 ліпеня 1950 года. У цяльняшцы, бесказырцы. Людзі адразу і не зразумелі, думалі, нечы сын ці брат вярнуўся з арміі. Фельчар накіраваўся прама ў ФАП і ў той жа дзень прыступіў да працы. Многія не верылі, што затрымаецца тут надоўга, тым больш што перад ім за пяць пасляваенных гадоў змянілася тры загадчыкі медпункта. А Сяргей вось затрымаўся. Сам не думаў, што так надоўга. Перажываў, вельмі хацеў паступіць у інстытут, але не меў магчымасці вучыцца, ды і здароўе было не вельмі…Так і застаўся фельчарам.

1 ліпеня 2020 споўнілася 70 гадоў працы Сяргея Іванавіча Шклярэўскага на ўчастку. Сяргей Іванавіч да драбніц памятаў тыя першыя гады. ФАП абслугоўваў тады каля 2800 чалавек насельніцтва, 800 дзяцей да 14 гадоў і 70 дзяцей да года. Працаваць прыходзілася круглыя суткі.

Да самай дальняй вёскі – дзесяць кіламетраў. Хадзіў пешшу: веласіпеда ці машыны не было. Тэлефон толькі ў сельсавеце і канторы калгаса. Праўда, усё ж быў адзін даступны транспарт – худы, але цягавіты калгасны конь. Дарогі ў пасляваенны час былі вельмі разбітыя. Вясною, у распуціцу, ці зімою, у мяцеліцу, было немагчыма ні праехаць, ні прайсці, а да хворага трэба паспець. А зімы ў тыя гады былі снежныя, бывала, хаты замятала вышэй страхі…

Пасля вайны спецыялістаў не хапала, на ўвесь раён толькі 9 урачоў. У асноўным усе пытанні закрывалі фельчары. Сяргею Шклярэўскаму патрэбна было абслугоўваць насельніцтва шасці вёсак: Покрашава, Замосце, Бабовішча, Рудня, Ленькі і Вынішчы, а таксама працаўнікоў калгаса “Рассвет”, машынна-трактарнай станцыі, спіртзавода і пункта па адкорму буйной рагатай жывёлы.

З першых дзён прымяняў на практыцы ўсё, чаму навучылі ў фельчарска-акушэрскай школе. Не было калі баяцца, трэба было дзейнічаць прафесійна і хутка. І спытаць, калі што якое, не было ў каго. З ім быў толькі канспект і сакваяж з медыкаментамі і інструментамі. Праз некалькі месяцаў мог з лёгкасцю накласці швы, спыніць крывацёк, вырваць зуб, прыняць роды, управіць вывіх ці ўскрыць фурункул. Як згадваў сам Сяргей Іванавіч, за год ён прайшоў такую школу, што Булгакаву з яго аповедамі і не снілася.

Кожны дзень каля 30-ці хворых, якія чакалі фельчара ў прыёмнай. А яшчэ амаль пра такую ж колькасць хворых паведамляў створаны ім у кожнай вёсцы санітарны актыў. Выглядала гэта прыкладна так: прыбягала задыханая жанчына і з парога крычала: “Доктар! Хутчэй! На хутары ў хлопчыка ў руках граната ўзарвалася! Увесь пасечаны асколкамі, але жывы!” У такія моманты вяскоўцы дапамагалі, падвозілі на кані. Спяшаўся вельмі. Спыняў крывацёк, накладваў швы. А пад вокнамі ўжо збіраўся цэлы напоўп людзей з гэтай вёскі. Прасілі зайсці ў тую ці іншую хату абследаваць хворага. Вяртаўся дадому апоўначы і проста валіўся ад стомленасці.

Бывала, што вяскоўцы прывозілі хворых на падводзе ў медпункт ці адразу да фельчара дадому. І тады парою да раніцы ішла барацьба за жыццё чалавека.

Разам з вопытам прыйшлі і першыя ўзнагароды. Былі яны за барацьбу з дзіцячымі інфекцыйнымі захворваннямі. Праз сем гадоў пасля прыезду на працу ў Покрашава, у 1957 годзе, Сяргей Іванавіч Шклярэўскі атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, а яшчэ праз чатыры гады яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Цяпер мы ўсе сутыкнуліся з пандэміяй Covid-19, а тады ішлі адна за другой іншыя эпідэміі. У тыя гады бушавалі ветраная воспа і коклюш, адзёр і дыфтэрыя, скарлаціна, менінгіт, Боткіна, тыф, туберкулёз. Адзёр калі ўжо ўваб’ецца ў якую-небудзь вёску, то распаўсюджваецца вельмі хутка. Дзіця пакашляе ў класе, і праз паўгадзіны ўжо вірус гуляе па ўсёй школе. Бывала і такое, што ў школе са 100 чалавек заставалася па 6 –7 дзяцей. Астатнія хварэлі дома, сядзелі на печы. Вочы слязіліся, тэмпература пад 40, часта яшчэ з запаленнем лёгкіх. Галоўнае для фельчара было – даведацца, з кім былі зносіны ў гэтага дзіцяці і хутчэй пачаць лячэнне.

З дыфтэрыяй і скарлацінай змагаўся як мог. Круглыя суткі вёў барацьбу. Парою прыходзілася кожныя 4 гадзіны ўводзіць пеніцылін. Пры дыфтэрыі на секунду спознішся зрабіць ін’екцыю сывараткі – і лятальны зыход забяспечаны. Дзякуй Богу, за ўсю яго практыку такіх выпадкаў не было.

Хворых са скарлацінай дзяцей адпраўлялі за 30 км на 40-дзённую ізаляцыю ў Грозава. Запрагалі каня і везлі па разбітых дарогах у інфекцыйную бальніцу. Вельмі няпроста было ўгаварыць бацькоў, каб аддалі дзіця на такі працяглы тэрмін. А бацькоў затым чакалі свае праблемы: прыходзілася дабірацца пешшу, каб пераведаць дзіця.  Позняй ноччу вярталася жанчына дадому, трэба меншых дзяцей пакарміць, а назаўтра на працу. Вось так жылі людзі пасля вайны..

У тыя гады ні днём, ні ноччу фельчар не злазіў з падводы. Прыедзе з адной вёскі, дзе хат трыццаць абыдзе, – ужо чакаюць у другой. Вось у такіх умовах працаваў і нікому не адмаўляў. Ніколі не браў ніякіх пачастункаў, праўда, калі прапаноўвалі паабедаць, калі быў галодны, не адмаўляўся ад місачкі капусты і скрыліка сала, бо яшчэ трэба было цэлы дзень быць у дарозе. Бывала, суткамі хадзіў ад адной хаты да другой.

У Савецкім Саюзе было прынята браць сацыялістычныя абавязацельствы і прымаць удзел у сацыялістычных спаборніцтвах. Сяргей Іванавіч заўсёды браў на сябе павышаныя абавязацельствы. Напрыклад, адно з іх – не дапусціць на ўчастку ніводнага выпадку дзіцячай і мацярынскай смяротнасці. І ўзятае абавязацельства выканаў: на яго ўчастку не было ніводнага такога выпадку.

Сем’і пасля вайны былі шматдзетныя, у год прыходзілася прымаць каля 70 родаў. Дзякаваць Богу, што за ўсе гады яго працы, ніводная парадзіха не памерла, хоць прыняў больш за 100 хатніх родаў. Не дапусціў і дзіцячай смяротнасці. Цяжарныя жанчыны не хацелі ехаць у бальніцу, дзе было толькі 10 радзільных коек. У асноўным у пасляваенныя гады прыходзілася прымаць роды ў хатніх умовах. Праз некаторы час з фельчарам на ФАПе пачала працаваць акушэрка, стала лягчэй.

Прывіўкі ад дыфтэрыі, адзёру, коклюша і стаўбняка пачалі прымяняць з 1960-х гадоў. А да гэтага часу рабілі так: бралі ў бацькі ці мамы хворага дзіцяці 10 кубікаў крыві і ўводзілі дзіцяці для выпрацоўкі імунітэту.

Калі ў Савецкім Саюзе прынялі рашэнне аб пагалоўнай вакцынацыі і выйшла пастанова “Аб ліквідацыі адных і рэзкім скарачэнні другіх захворванняў”, да Сяргея Іванавіча на фельчарскі пункт прыехаў міністр аховы здароўя Беларускай ССР прафесар, заслужаны ўрач БССР Іван Анісімавіч Інсараў і паставіў задачу ахапіць прафілактычным лячэннем усё дзіцячае насельніцтва. Шклярэўскі ўспрыняў гэта вельмі сур’ёзна, як загад.

Павінен сказаць, што нават многія ўрачы крыху скептычна ставіліся да гэтай ідэі, а простыя людзі тым больш. Якім толькі чынам фельчар не ўгаворваў вяскоўцаў! Спачатку патрэбна было правесці гутарку з бабуляй, затым з бацькамі. Дзяцей даставаў літаральна з-пад печкі, лаўкі, угаворваў усіх, і малых, і дарослых. Але правёў вакцынацыю на ўчастку ўсіх 800 дзяцей. Задача была не з лёгкіх. Прывіўкі рабіў заўсёды ў строга прызначаны дзень, спачатку першая, затым праз 30-40 дзён паўторна, праз 3 мес – трэці раз, затым праз паўгода, год. Справіўся з гэтай задачай паспяхова.

Так у 1966 годзе за барацьбу з дыфтэрыяй Сяргей Іванавіч атрымаў свой першы ордэн Леніна.

Самаадданая праца вясковага фельчара адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Неяк так здарылася, што праз пэўны час да Сяргея Іванавіча на ФАП пачалі накіроўваць калег для абмену вопытам. Фельчар шчодра дзяліўся сваімі ведамі і практычнымі напрацоўкамі. Шмат сіл аддаваў прафілактыцы захворванняў. Заўсёды браў павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы. На гэты раз – не мець на ўчастку дзіцячых інфекцыйных захворванняў. І тое, што абяцаў, выконваў. Спачатку атрымаў званне пераможца пяцігодкі, пасля ўдарнік пяцігодкі. Раз, другі, трэці раз…

Праз 10 гадоў пасля пастановы, яны поўнасцю перамаглі інфекцыйныя дзіцячыя захворванні, і нават не ведалі, што такое тыф ці дыфтэрыя. Іх ФАП неаднаразова перамагаў у аглядах-конкурсах лячэбна-прафілактычных устаноў Мінскай вобласці і ўрэшце стаў раённай, затым абласной школаю па абмену вопытам. На базе Покрашаўскага ФАПа пачалі праводзіцца навукова-практычныя семінары, пра іх не проста гаварылі на розных сур’ёзных медыцынскіх нарадах, але і ў прыклад ставілі.

Аднойчы ў кастрычніку 1978 года ў Покрашава прыехала аўтарытэтная камісія, куды ўваходзілі спецыялісты міністэрства аховы здароўя, абласнога аддзела аховы здароўя, абласнога выканаўчага камітэта, прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта партыі БССР. Пагаварылі з людзьмі і паехалі, нічога фельчару не сказаўшы. А праз некалькі дзён, 28 кастрычніка 1978 года, выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Сяргею Іванавічу Шклярэўскаму звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем другога ордэна Леніна і медаля “Серп і Молат”, пра што ён прачытаў у газеце.

Узнагароду ўручаў сам старшыня Вярхоўнага Савета БССР Іван Яўцеевіч Палякоў. Ва ўрачыстай атмасферы, у сталіцы. Сяргей Іванавіч Шклярэўскі быў адзіным фельчарам у Беларусі, уганараваным такім высокім званнем. У савецкія часы гэта было самае высокае прызнанне працоўных заслуг чалавека.

Пасля атрымання Шклярэўскім звання Героя Сацыялістычнай Працы для іх ФАПа набылі службовы УАЗ-469. На той час гэта была неверагодная раскоша. 20 гадоў машына служыла верай і праўдай.

Герой Сацыялістычнай Працы Сяргей Іванавіч Шклярэўскі. 1978 г.

За гады працы ў Покрашаве, Сяргея Іванавіча не раз запрашалі ў горад, прапаноўвалі розныя пасады, ён двойчы адмаўляўся ад пасады старшыні сельсавета, не пайшоў на пасаду і намесніка старшыні мясцовага калгаса. Не ўяўляў свайго жыцця без любімай прафесіі. Вёў актыўную грамадскую працу.

Як гаварыў сам Сяргей Іванавіч, загадка ў тым, што ён ніколі не шукаў ніякіх узнагарод. Яны самі яго знаходзілі. Асабліва шчодрым для яго на ўзнагароды быў 2007 год: 14 чэрвеня Сяргею Іванавічу прысвоілі званне “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, 29 жніўня –  “Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна”, а 20 снежня ўзнагародзілі званнем “Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці”. А годам раней, у 2006, пра Сяргея Іванавіча Шклярэўскага на “Беларусьфільме” быў зняты фільм “Доктар з Покрашава”. Фотаздымак з яго прозвішчам занесены ў Кнігу славы Слуцкага раёна.

Канешне, Сяргей Іванавіч удзячны дзяржаве за такую ўвагу да сваёй працы, але самая дарагая ўзнагарода для яго – званне, што яму прысвоілі людзі: “Наш доктар”.

Сяргей Іванавіч Шклярэўскі меў непамерна больш за ўсе ўзнагароды і матэрыяльныя каштоўнасці – прызнанне людзей. Беражліва захоўваў ад удзячных пацыентаў лісты, што прыходзілі да яго з розных куткоў не толькі нашай краіны, але і замежжа. Заўсёды адказваў на звароты людзей з просьбай аб дапамозе.

“Доктар павінен любіць людзей і шкадаваць сваіх хворых. Без гэтага ніяк. Інакш зачарсцвееш душой і не зможаш сумленна выконваць сваю працу, проста перастанеш быць урачом, – гаварыў Сяргей Іванавіч. –  Важна кожнаму чалавеку, чым можаш, дапамагчы. Мы ж лечым не толькі хваробу, а лечым і бачым перад сабою чалавека, з яго праблемамі, укладам жыцця, пэўным настроем. Для мяне, напрыклад, усё роўна, просты чалавек перада мною ці вялікі начальнік. Адчуванне людскіх праблем, шчырыя сардэчныя адносіны да пацыента, а ў маім выпадку добрае веданне некалькіх пакаленняў з адной сям’і, выдатна дапамагае ва ўрачэбнай практыцы”.

Сяргей Іванавіч заўсёды звяртаў увагу калег: самае галоўнае – дабрыня і спагадлівасць да людзей.  Ён заўсёды і маладым гаварыў і настаўляў, што яны выбралі вельмі цяжкую і адказную прафесію. Нічога няма даражэйшага за жыццё чалавека і яго здароўе. І калі ўрачам людзі яго даверылі, то тыя павінны адносіцца з усёй сур’ёзнасцю да выканання прафесійных абавязкаў.

А яшчэ ўрачу, асабліва вясковаму, каб сфарміраваць у людзей сур’ёзныя адносіны і да ўласнага здароўя, і да здароўя сваіх блізкіх, патрэбна займацца асветніцтвам. Трэба выхоўваць у насельніцтва і асноўныя правілы гігіены.

У свой час Сяргей Іванавіч настойліва дабіваўся належнага стану ўсіх вытворчых, гаспадарчых, жыллёвых памяшканняў і вуліц на сваім участку. Арганізаваў санітарныя пасты і дружыны ва ўсіх населеных пунктах, у майстэрнях, на фермах. Пастаянна бываў у школе, дзіцячым садку, на заводзе. Праводзіў гутаркі з людзьмі, чытаў лекцыі і даклады.

Толькі за 4 месяцы 1967 года Сяргеем Іванавічам было прачытана 11 лекцый і праведзена 99 гутарак з насельніцтвам. Актыўная грамадская дзейнасць фельчара дала магчымасць далучыць да аздараўленчай працы дэпутатаў, актывістаў “Чырвонага Крыжа” і філіяла раённага ўніверсітэта здароўя, актыў сельскага савета.

Сам заўсёды стараўся паказваць прыклад, захоўваў здаровы лад жыцця. Да канца жыцця кожную раніцу каля паўгадзіны рабіў зарадку і пацыентаў сваіх прывучаў: гэта лепшы сродак ад артрозаў.

Графік работы ФАПа пабудаваў так, каб зручна было не толькі пенсіянерам, але і тым, хто працуе, і школьнікам. Пачынаў працоўны дзень а 9-й гадзіне і вёў прыём да 12.00. Пасля ішоў на абход, абавязкова пешшу. Вяртаўся ў кабінет а 18-й гадзіне і да 19.30 вёў вячэрні прыём. Так сталася, што для сваіх пацыентаў Сяргей Іванавіч даўно стаў сямейным доктарам. І як вясковы доктар лячыў не адзін хворы орган, а чалавека.

Канешне, выпадак Сяргея Іванавіча ўнікальны тым, што ён ведаў кожнага чалавека на ўчастку з пялюшак. І не толькі. Ведаў, як развіваўся падчас цяжарнасці, як нараджаўся на свет, падрастаў, вучыўся ў школе, адчуваў яго характар, псіхалогію,  дакладна ведаў ўмовы жыцця, спадчыннасць. Медыцынскае суправаджэнне ў яго выпадку ішло ад пастаноўкі цяжарнай на ўлік, нараджэння дзіцяці і да яго адпраўкі ў армію ці на вучобу. Усе людзі на ўчастку фельчара даўно сталі яму роднымі. І кожнага ён шкадаваў і па-чалавечы любіў.

Усе, каму пашчасціла быць знаёмым з Сяргеем Іванавічам, лячыцца ў яго, ставіліся да фельчара з бязмернай павагай. За доўгія гады яго шчыравання ў сістэме аховы здароўя агромністая колькасць людзей удзячная яму за высокі прафесіяналізм, светлую душу і добрае сэрца.

Сяргей Іванавіч Шклярэўскі ў двары Покрашаўскага ФАПа.

Як гаварыў сам Сяргей Іванавіч, акрамя грунтоўных ведаў па медыцыне і любові да людзей, вельмі важна быць гатовым рызыкнуць дзеля выратавання чалавека. Калі ты не гатовы да рызыкі, калі на кон пастаўлена жыццё чалавека, – значыць не выйдзе з цябе ўрача.  Ён рызыкаваў. І таму ў вёсцы цяпер шмат яго “хрэснікаў” жыве. Некаторых нават Сяргеямі назвалі ў яго гонар…

Як лічыў Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, не перашкодзіць урачу і пэўная педантычнасць. З першага дня працы, акрамя ўліковых журналаў, дзе ёсць звесткі пра кожнага свайго пацыента, ён завёў асобныя кніжачкі – “Медыцынскі пашпарт сям’і”, гэта было яго такое новаўвядзенне. У гэтых кніжачках фельчар вельмі падрабязна запісваў медыцынскія даныя на кожнага жыхара свайго ўчастка. Яго журналы, або картатэка, – можна сказаць, своеасаблівы летапіс нараджэння, жыцця і смерці некалькі пакаленняў жыхароў шасці вёсак асобна ўзятага раёна.

Сяргей Іванавіч да апошняга пісаў ручкай, камп’ютарам не карыстаўся, але ў яго базе даных сабрана інфармацыя за 70 гадоў па кожнай сям’і. На сваім участку ён лячыў ужо пятае пакаленне! Помніў кожнага свайго пацыента і ведаў, што з ім стала праз 40, 50, нават сем дзясяткаў гадоў! І гэта яму надзвычай дапамагала ў працы. Ведаючы стан здароўя бабуль, дзядуль, бацькоў, намнога лягчэй арыентавацца ў захворваннях прадстаўнікоў той ці іншай сям’і, праводзіць прафілактычнае лячэнне.

За доўгія гады працы, вядома, было нямала складаных выпадкаў, калі патрабавалася імгненная рэакцыя, выдатнае веданне сваёй справы. Некаторыя выпадкі з жахам успаміналіся ўсё жыццё. Столькі гадоў прайшло, а яны не забываліся. А за сваю практыку, як расказваў сам Сяргей Іванавіч, яму давялося прыняць больш за 100 нованароджаных. Калі ўсё нармальна, то атрымліваеш вялікае задавальненне, а калі паталогія, то можна і пасівець за ноч.

Было гэта ў 1957 годзе.  Сяргея Іванавіча выклікалі на роды ў адну з вёсак. Паталогія выявілася не адразу. У парадзіхі не аддзялялася плацэнта, крывацёк узмацняўся з кожнай хвілінай. Тэрмінова патрабавалася хірургічнае ўмяшальніцтва. Фельчар разумеў, што, калі паедзе за дапамогаю, жанчына памрэ. А ў яе двое дзяцей, акрамя немаўляці. Іншага выйсця не было, як абліць руку ёдам і ўсляпую аддзяліць прырослую плацэнту. Хоць як медык без вышэйшай адукацыі фельчар рабіць гэта па законе не мог. Аднак гэта быў той выпадак, калі ад яго рашэння залежала жыццё пацыента. Крывацёк скончыўся, але жанчына страціла вельмі многа крыві. Твар яе бялеў з кожнай секундай. Добра, што муж яе быў вадзіцелем. Яго Сяргей Іванавіч паслаў з запіскай да доктара ў Грэскую ўчастковую бальніцу. Загадаў ляцець так, як на пажар. Неўзабаве мужчына прывёз ампулу з крывёй і Сяргей Іванавіч увёў яе ў вену парадзіхі. І жанчына, і сын выжылі. Пасля гэтага жанчына нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей.

Згадваў Сяргей Іванавіч яшчэ адзін выпадак. Цяжарная была з рэдкім дыягназам – эклампсія. Ад малейшага парушэння пакою ў яе пачыналіся страшныя прыпадкі, як пры эпілепсіі. Нетранспартабельная. Ізноў прыйшлося ісці на рызыку. Везлі на падводзе 15 кіламетраў з хуткасцю 2 км у гадзіну. Усю дарогу фельчар ішоў побач з павозкаю. Адправілі на самалёце ў Бабруйск, дзе зрабілі кесарава сячэнне. Роды прайшлі паспяхова.

Пасля такіх выпадкаў Сяргея Іванавіча чамусьці заўсёды запрашалі на роды, хоць проста маглі выклікаць урача са Слуцка. З той пары фельчар ніколі не выходзіў з дому без чамаданчыка са шпрыцамі, інструментам і ўсім неабходным. Бывала, нават у выхадны дзень, сядзяць з жонкай у кіно, толькі пачатак сеанса, а тут адчыняюцца дзверы і чуецца голас: “Доктара на выхад!” Прывычка насіць з сабою сакваяж з укладкаю на ўсе выпадкі засталася з таго часу на ўсё жыццё.

Некалі па ініцыятыве Сяргея Шклярэўскага ў фельчарска-акушэрскім пункце паступова быў адкрыты зубны кабінет, дзіцячы, тэрапеўтычны, фізіятэрапеўтычны і нават аптэка, за што вяскоўцы былі яму бязмерна ўдзячныя.

Справа ў тым, што, апроч сваёй работы, фельчар выконваў шмат грамадскай. З’яўляўся 25 гадоў дэпутатам раённага савета і 53 гады – дэпутатам сельскага савета, членам выканкама і пазаштатным намеснікам старшыні сельскага савета. Усе гэтыя гады быў старшынёй раённай пастаяннай камісіі па ахове здароўя, сацыяльным забеспячэнні і фізічнай культуры.

У асноўным, заўсёды адчуваў падтрымку сваіх ініцыятыў і ад абласнога, і ад раённага кіраўніцтва. Надзвычай спрыяла гэтаму і яго дэпутацкая дзейнасць. Не так проста было адмовіць дэпутату раённага савета.

Аднойчы Сяргей Іванавіч Шклярэўскі быў у Маскве на форуме, дзе прысутнічаў міністр аховы здароўя БССР. Усе дэлегаты жылі ў гасцініцы “Масква”. Пасля ўрачыстасцей вечарам міністр запрасіў усю дэлегацыю беларусаў да сябе ў вялікі двухпакаёвы нумар. За сталом Сяргей Іванавіч асмеліўся і расказаў яму пра свае праблемы і планы наконт адкрыцця зубнога кабінета пры ФАПе. Справа ў тым, што вяскоўцам сапраўды было вельмі праблематычна дабрацца да стаматолага. Прасцей было суцяшаць зубны боль таблеткамі, чым, абцяжараным гаспадарчымі клопатамі, ехаць у гарадскую паліклініку.  А між тым у яго на ўчастку жыла жанчына, якая да Вялікай Айчыннай вайны працавала  стаматолагам, а падчас вайны і некалькі гадоў пасля, жывучы ў вёсцы з дзецьмі, не магла вярнуцца да сваёй працы. І пераехаць у горад не мела магчымасці.

Міністр падтрымаў ідэі фельчара Шклярэўскага. І ў хуткім часе ў Покрашаве быў адкрыты зубны кабінет. Пасля курсаў павышэння кваліфікацыі іх вясковы стаматолаг прыступіла да працы.

Прайшоў час і ў Покрашаве вызвалілася памяшканне сельскага савета. Супрацоўнікі пераехалі ў новы будынак, а стары часова пуставаў. Раённае начальства дазволіла ў гэтым памяшканні адкрыць фізіятэрапеўтычны кабінет. Сяргей Іванавіч прайшоў адпаведныя курсы, атрымаў пасведчанне. У кабінеце налічвалася 10 самых розных апаратаў. І гэта было вельмі зручна. Калі патрэбна было чалавеку дадатковае фізіятэрапеўтычнае лячэнне, не трэба праз дзень кожны раз ехаць у горад. Ну, а наконт адкрыцця аптэчнага кіёска зусім проста. Была заключана дамова з аптэкай, па запыце фельчара пад рэалізацыю адпускліся неабходныя лякарствы. Людзям было вельмі зручна. Фельчар абследаваў хворага, ставіў дыягназ, назначаў лячэнне, адпускаў неабходныя фізіяпрацэдуры, падбіраў лекі… Усё на месцы.

У тыя гады ўсё ж радыус абслугоўвання быў у яго дастаткова вялікі, вёскі аддаленыя. Увесь час думаў, як палепшыць узровень медыцынскага абслугоўвання  насельніцтва. Падгледзеў прыдатнае памяшканне: пуставала нядаўна закрытая школа. І Шклярэўскі выступіў з прапановай перад раённым кіраўніцтвам адкрыць дадатковы ФАП, што неўзабаве было і зроблена. Частка насельніцтва адышла да новага ФАПа.

Пасля намаганнямі Сяргея Іванавіча Шклярэўскага была пабудавана і адкрыта ўрачэбная амбулаторыя. На 12 штатных адзінак медперсанала. Той участак, які некалі Сяргей Іванавіч абслугоўваў адзін, пачалі абслугоўваць утраіх.

“Больш за ўсё на свеце баюся застацца без любімай справы. Калі выбіраеш працу па душы, то яна прыносіць толькі радасць і задавальненне. І гатовы любімай працай займацца ў любы час”, – гаварыў Сяргей Іванавіч.

Па выніках працы за 2017 год фотаздымак з прозвішчам Сяргея Іванавіча Шклярэўскага размешчаны на Дошцы гонару Слуцкага раёна. У 2018 годзе да Дня медыцынскага работніка Сяргей Іванавіч Шклярэўскі адзначаны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь грашовай прэміяй і памятнай статуэткай Луі Пастэра “За адданасць прафесіі”.

Сяргей Іванавіч Шклярэўскі падчас атрымання ўзнагароды “За адданасць прафесіі”. Мінск. 2018 г.

Апошнія гады працы асабіста ў Сяргея Іванавіча застаўся толькі адзін населены пункт Покрашава. На яго ўчастку функцыянавалі ўрачэбная амбулаторыя і два ФАПы.

За сем дзясяткаў гадоў працы загадчыкам вясковага фельчарска-акушэрскага пункта давялося многае пабачыць і перажыць. Змяняліся пакаленні, развівалася медыцына…

У апошні час, як згадваў сам Сяргей Іванавіч, працаваць стала значна лягчэй. Дзіцячыя інфекцыі, ад якіх раней была высокая смяротнасць і якія Сяргей Шклярэўскі перамагаў вакцынацыяй, цяпер невядомыя сучаснікам. Дастаткова розных лекаў. “Каб такія медыкаменты, як цяпер, у той час, калі быў падлеткам, і сястру можна было б выратаваць ад смерці, і маму…” – са скрухай парой зазначаў Сяргей Іванавіч.

Цяпер на яго ўчастку было 300 чалавек, з іх 45 дзяцей, 140 пенсіянераў, астатнія працаздольныя. Супраць 1300, што жылі ў вёсцы раней, у 1950-ых. Кожнага са сваіх пацыентаў фельчар ведаў у твар і памятаў гісторыі хвароб. Прымаў у дзень прыкладна па 10 чалавек, хадзіў па выкліку да хворых ці на планавы агляд. Калі што тэрміновае, то ноччу ўжо вяскоўцы Сяргея Іванавіча не выклікалі, карысталіся хуткай дапамогай.

Шкадаваў Сяргей Іванавіч толькі што ў наш час маладыя не вельмі хочуць заставацца ў вёсцы. Два гады адпрацуюць і з’язджаюць. Ды і вясковая моладзь едзе ў горад вучыцца. Нараджаемасць нізкая, толькі 1–2 дзіцяці ў год, а не так як  раней. Цяпер ужо ў Покрашаве няма дзіцячага садка, школы, машынна-трактарнай станцыі… Застаўся замест спіртзавода – уксусны завод, дзе працуюць 52 чалавекі.

… У вольны час, якога было не так і многа ў вясковага фельчара, Сяргей Іванавіч любіў чытаць, асабліва Льва Талстога, Івана Ганчарова, Міхаіла Булгакава. Дома ў яго было шмат кніг – руская, замежная класіка. Былі і папулярныя сучасныя бестселеры. Аднак больш, канешне, спецыяльнай медыцынскай літаратуры. Каб быць у курсе навін, заўсёды цікавіўся перыёдыкай.

Сяргей Іванавіч заўсёды гаварыў, што літаратура абагаціла яго на ўсё жыццё, і шкадаваў, што цяпер дзеці больш трацяць час на гаджэты, а кнігу некаторыя трымаюць у руках вельмі рэдка. Але і верыў, што моладзь яшчэ вернецца да кнігі.

Сэнс чалавечага шчасця

Аднойчы, рыхтуючы ўласную кнігу-інтэрв’ю “Сістэма каардынат”, адным з герояў якой, на вялікую радасць, стаў і мой знакаміты сваяк Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, я задала пытанне шаноўнаму доктару пра шчасце. Хацелася зразумець, ці адчувае сябе шчаслівым чалавек, які столькі дабра зрабіў людзям. У адказ пачула наступнае.

“Жыццёвыя сілы мне дае адчуванне, што я патрэбен людзям. Калі ў 1988 годзе мне споўнілася 60 гадоў, я быў вельмі рады, што кіраўніцтва не адпусціла мяне на пенсію. І да сённяшняга дня радуюся гэтаму, бо больш за ўсё на свеце баюся застацца без любімай справы. А шчасце – паняцце філасофскае і суб’ектыўнае.

Рознае яно, шчасце… Вось сёння зрабіў добрую справу, і ты радуешся, і ты шчаслівы. Канешне, найвялікшае шчасце чалавека перад усім у яго сям’і. Калі добрая сям’я, і добрыя дзеці, і калі яны ёсць – вось у гэтым вялікае чалавечае шчасце. А яшчэ шчасце ў рабоце па сіле, па прафесіі, якую ты любіш. Я і цяпер выбраў бы сваю прафесію медыцынскага работніка. Характар такі, што магу і хачу дапамагаць людзям. Адзінае, аб чым шкадую, што ў свой час не ўдалося закончыць медыцынскі ўніверсітэт. У 1950-х пра гэта не было нават калі і думаць, пасля ўжо было пазнавата. А ўвогуле, скажу, што прафесійных ведаў, дзякуючы майму шматгадоваму вопыту, нямала.

Быў я і шчаслівым мужам. Першая мая жонка, Марыя Дзмітрыеўна, родам з Грэска, дзе мы і пазнаёміліся. Працавала  настаўніцай беларускай мовы, пасля завучам у Покрашаўскай школе. Сціплая, працавітая, бясконца добрая і паважаная вяскоўцамі жанчына. Мы пражылі разам у каханні і добрай згодзе 34 гады. На жаль, дзетак у нас не было. Памерла раптоўна, ад інсульта. Доўга жыў удаўцом. А пасля людзі сасваталі.

Другая жонка, Нэла Мікалаеўна, была таксама прыгожай знешне і душою жанчынай, вопытным і паважаным доктарам, загадчыкам Слуцкага радзільнага аддзялення. Мы пражылі шчаслівых 19 гадоў. На жаль, і яе век аказаўся нядоўгім. Столькім людзям дапамог, а вось сваім блізкім не змог. Інсульт – цяжкае захворванне, каварнае…

З 2001 года жыву адзін. Слава Богу, ёсць дзеці ад маёй другой жонкі, дачка і сын. Я люблю іх і адчуваю, што яны мае, родныя. І яны мне адказваюць любоўю. Дачка Людміла, настаўнік матэматыкі, па другой вышэйшай адукацыі – псіхолаг. Сын Сяргей скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер – Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт), інжынер-механік. Дзеці ў мяне вельмі добрыя. Жывём дружна. Кожныя выхадныя наведваюць дачка, зяць, сын, дапамагаюць ва ўсім. І ў гэтым таксама маё найвялікшае шчасце.

А яшчэ шчасце ў тым, што ў свае 92 гады я працую. І малю Бога да апошняга дня жыць і працаваць. І не ад таго, што сродкаў не хапае. Якраз-такі хапае, грэх скардзіцца на жыццё. Проста не ўяўляю сябе без любімай справы. А вяскоўцы, як яны самі прызнаюцца, не ўяўляюць Покрашаўскі ФАП без мяне. За многія гады набыў, дзякаваць Богу, аўтарытэт сярод людзей. Вось і нядаўна, калі хварэў на кавід, кожны дзень званілі не толькі родзічы, але і мае пацыенты: “Выздараўлівайце. Мы Вас чакаем. Вы нам вельмі патрэбны”.  Вось такія словы я чуў па тэлефоне, і ў гэтым, лічу, таксама маё чалавечае шчасце. Заўтра першы дзень пасля выздараўлення выходжу на працу. Чакаюць пацыенты…

Падсумоўваючы сказанае, атрымліваецца, што я сапраўды шчаслівы чалавек: маё жыццё прысвечана любімай і неабходнай прафесіі, мяне паважаюць людзі, любяць і шануюць мае дзеці. І ад гэтага кожны мой дзень напоўнены сэнсам. У гэтым і ёсць чалавечае шчасце”.

У канцы размовы Сяргей Іванавіч сказаў : “Хачу звярнуцца да кожнага: беражыце сваю зямлю, сваю сям’ю, уласнае здароўе і жыццё – гэта самае каштоўнае, што ёсць у чалавека”. Доктар Шклярэўскі марыў да апошняга свайго дня не проста жыць, але і працаваць. І Гасподзь пачуў яго просьбу.

Сяргей Іванавіч Шклярэўскі спяшаецца на абход.

Да апошніх дзён Сяргей Іванавіч Шклярэўскі заставаўся верны сваёй прафесіі, абранай у юнацтве. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, паважаны ўсімі фельчар працаваў загадчыкам Покрашаўскага фельчарска-акушэрскага пункта, актыўна выконваў усе абавязкі вясковага Доктара. Там, куды некалі 1 ліпеня 1950 года прыехаў на працу. Маладым, у цяльняшцы і бесказырцы, з вялікім жаданнем ахоўваць здароўе людзей, дапамагаць ім…

Па статыстычных даных аб захворваннях у Слуцкім раёне за 2020 год у Покрашаве быў адзін з нізкіх паказчыкаў.

…Не стала Сяргея Іванавіча Шклярэўскага 2 лістапада 2021 года, на 94-м годзе жыцця. Вясной таго ж года перахварэў на кавід, давялося прайсці і праз рэанімацыю. Выздаравеўшы, прадаўжаў лячыць хворых вяскоўцаў. На вялікі жаль, справіцца з паўторным захворваннем яго арганізм ужо не змог. Пахавалі Сяргея Іванавіча ў вёсцы Покрашава, што стала яму за гады працы па-сапраўднаму роднай.

Памяць пра чалавека-легенду беларускай медыцыны свята захоўваецца ў краіне, жыве ў сэрцы ўдзячных яму людзей.

29 снежня 2022 года Слуцкаму дзяржаўнаму медыцынскаму каледжу прысвоена імя Сяргея Іванавіча Шклярэўскага. Дарэчы, галоўны корпус навучальнай установы – гэта былая духоўная семінарыя, побач з якой некалі знаходзіўся слуцкі Траецкі манастыр, які на працягу стагоддзяў з’яўляўся галоўным прыстанкам культурнага і духоўнага жыцця Случчыны…

Няхай гэты артыкул як шчыры ўспамін пра Сяргея Іванавіча Шклярэўскага будзе яшчэ адным словам удзячнасці у вянок памяці пра нашага любімага Доктара і светлай душы Чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў людзям.

Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

Падліпская, З. Сістэма каардынат: кніга інтэрв’ю / З. Падліпская. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2021. – С. 163 – 187.