Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Іаан Васільевіч Варанец нарадзіўся 20 чэрвеня 1864 года ў вёсцы Халопенічы Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) у сям’і святара. Атрымаўшы пачатковую адукацыю, паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, пасля яе заканчэння служыў псаломшчыкам у царкве сяла Скепіева Слуцкага павета Мінскай губерні. 25 сакавіка 1888 года быў пасвечаны ў іерэі.
Пачынаючы з 1891 года, Іаан Варанец служыў настаяцелем у невялікім мястэчку Смілавічы Ігуменскага павета Мінскай губерні. Спачатку ў Свята-Траецкай царкве Смілавіч; затым – у Свята-Георгіеўскай. За добрасумленную службу ў 1912 годзе яго ўзнагародзілі залатым нагрудным крыжам.
Асабліва рупліва айцец Іаан апекаваў даручаную яму царкву Святога Георгія Пераможца. Невыпадкова епіскап Мінскі і Тураўскі Мітрафан (Краснапольскі), які праязджаў зімой 1915 года праз Смілавічы, быў вельмі здзіўлены поўным добраўпарадкаваннем гэтага храма, пра што паведамляюць “Менскія Епархіяльныя Ведамасці”.
Калі ў 1916 – пачатку 1917 гадоў у Смілавічах размяшчаліся тылавыя воінскія часці, айцец Іаан здзяйсняў духоўнае акармленне салдат і афіцэраў гэтых часцей, праводзіў з імі штотыднёвыя гутаркі на рэлігійна-маральныя тэмы, нёс змучаным вайной людзям жывое, натхнёнае слова пастыра Царквы Хрыстовай.
Пры гэтым ён не прымаў абсалютна ніякіх узнагарод за выкананне трэбаў для ніжніх чыноў тылавых часцей, і таму за сваю самаадданую працу ў гады Першай сусветнай вайны быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 2-й ступені, узведзены ў сан протаіерэя.
Добрасумленнае служэнне айца Іаана ў цяжкія гады Першай сусветнай вайны наглядна пацвярджае рапарт аб яго ўзнагароджанні.
Цяжкія выпрабаванні выпалі на яго долю з прыходам да ўлады бальшавікоў. Гасподзь судзіў яму прыняць на сябе неймаверны цяжар жыцця пад прыгнётам бязбожных уладаў.
Упершыню айца Іаана арыштавалі ў пачатку 1930 года за тое, што ў сваіх пропаведзях ён неаднаразова выказваўся супраць палітыкі рабавання сялян, якая праводзілася ўладамі. Аднойчы айцец Іаан пры народзе заявіў у царкве прысутным на набажэнстве вернікам: “У калектыве мы будзем рабамі. Калектывы арганізоўваюцца для памешчыкаў”.
На наступны раз на пропаведзі айцец сказаў: “Не слухайце тых, якія вас зараз падманваюць. Да дабра бальшавікі не прывядуць. Уся іх справа ідзе да пагібелі”. За падобныя выказванні яго неўзабаве арыштавалі. 18 красавіка 1930 года ён быў высланы ў Чарнігаў тэрмінам на год.
Пасля ссылкі айцец Іаан вярнуўся ў Смілавічы і зноў стаў служыць у мясцовай царкве Святога Георгія Пераможца. Але выконваць свой пастырскі абавязак станавілася ўсё цяжэй.
Жыхар Смілавіч Фёдар Васільевіч Гутнік успамінаў: “айца Іаана часта выклікалі ў НКУС, дзе начамі напралёт дапытвалі. Падобны здзек ладзіўся, як правіла, у суботу ўвечары ці напярэдадні якога-небудзь вялікага царкоўнага свята.
Мэта была адна – перашкодзіць яму служыць на прыходзе, запалохаць святара бясконцымі допытамі, знайсці ў ім якую-небудзь віну і пакараць чалавека. Аднак айцец Іаан быў цвёрды ў сваіх перакананнях і ўсякую хлусню і паклёп не прымаў”. Хмары над ім згушчаліся ўсё мацней.
У 1935 годзе, калі ўлады вырашылі закрыць мясцовы храм, протаіерэй Іаан Варанец заклікаў вернікаў аб’яднацца ў барацьбе за свае правы і захаваць храм, аднак у тым жа годзе Георгіеўскую царкву закрылі.
У 1936 – 1937 гадах яму ўжо не было дзе служыць, і ён толькі зрэдку і ўпотай здзяйсняў асобныя трэбы па хатах вернікаў. Калі пачаўся Усесаюзны перапіс насельніцтва, у прыватных размовах з людзьмі айцец Іаан не раз гаварыў, каб яны не баяліся ўладаў і ў анкеце, што рассылалі людзям, запісваліся вернікамі, вызнаючы такім чынам Ісуса Хрыста.
Незалежны характар святара і тая павага, якой ён заслужана карыстаўся сярод жыхароў Смілавіч, усё больш азлаблялі ўлады. Нарэшце, 17 лiпеня 1937 года айца Іаана арыштавалі ў другі раз. Падчас допытаў, што вельмі знясільвалі святара, ён нікога не абгаварыў і вінаватым сябе не прызнаў.
З выпіскі з пратакола пасяджэння “тройкі” ад 12 жнiўня 1937 года:
“Слухалі справу Варанца Іаана Васільевіча – папа, беларуса, кулака. Абвінавачваецца ў тым, што як да высылкі, так і пасля вяртання арганізоўваў кулацкі і царкоўны элемент, праз які праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю, запалохваў насельніцтва, заклікаў да выступлення супраць закрыцця царквы, агітаваў супраць падпіскі на пазыку, а падчас перапісу ўгаворваў запісвацца вернікамі.
Пастанавілі: Варанца Іаана Васільевіча расстраляць”.
Протаіерэй Іаан Варанец быў расстраляны ў дзень Праабражэння Гасподняга 19 жніўня 1937 года. Пахаваны ў невядомай магіле.
У следчай справе айца Іаана захаваўся ўласнаручна перапісаны ім незадоўга да смерці верш “Песнь Богоматери”, які адлюстроўвае настрой смілавіцкага свяшчэннапакутніка падчас яго знаходжання ў турме НКУС. Прывядзем тэкст гэтага верша цалкам:
К Тебе, о Матерь Пресвятая,
Дерзаю вознести свой глас.
Лице слезами умывая.
Услышь меня в мой скорбный час!
Приими теплейшие моленья.
Мой дух от бед и зол избавь,
Пролей мне в сердце умиленье,
На путь спасения наставь.
Да буду чужд своей я воле.
Готов для Бога все терпеть,
Будь мне покровом в горькой доле,
Не дай в печали умереть.
Ты всех прибежище несчастных,
За всех молитвеннице нас,
О защити, когда ужасный
Услышим судный Божий Глас!
Когда закроет Вечность время,
Глас трубный мертвых воскресит
И книга совести все бремя
Грехов моих изобличит.
Покров Ты верным и ограда,
Тебе молюсь я всей душой,
Спаси меня, моя отрада.
Умилосердись надо мной!
Айцец Іаан Варанец рэабілітаваны 21 сакавіка 1989 года.
28 кастрычніка 1999 года протаіерэй Іаан Варанец кананізаваны Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы як мясцовашануемы святы БПЦ. Далучаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў рускіх для агульнацаркоўнага шанавання ў жніўні 2000 года на Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы.
Дні памяці: 7/20 жніўня і 15/28 кастрычніка.
20 жніўня 2017 года ў Свята-Гергіеўскай царкве Смілавіч пасля ўрачыстага Набажэнства, якое ўзначаліў уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі (цяпер мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі), устаноўлена і асвечана мемарыяльная дошка, што ўвекавечвае памяць малітвенніка зямлі чэрвенскай, свяшчэннапакутніка протаіерэя Іаана Варанца, чый жыццёвы подзвіг з’яўляецца годным прыкладам для сучаснікаў і наступных пакаленняў хрысціян.
Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
- borisoveparhia.by
- http://oroik.by
- https://hram.by
- https://rusk.ru
- sobor. by
- monasterium.by
- https://sobory.ru
- http://cherven.blagochin.ru
- Свящ. Фёдор Кривонос. Иоанн Васильевич Воронец. Православная энциклопедия, т. 23, с. 271: http://www.pravenc.ru/text/469079.html