Бог жыве на гэтай зямлі…

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

З гісторыі горада Дзісны

Гісторыя Дзісны, самага маленькага горада Беларусі, неад’емна звязана з гісторыяй і падзеямі нашай краіны. Старажытная Дзісна мае багатую культурную спадчыну, шануе традыцыі, славіцца архітэктурнымі і культавымі помнікамі.

На ўездзе ў горад Дзісна.
На ўездзе ў горад Дзісна.

Горад у пісьмовых крыніцах (“Літоўская метрыка”) упершыню згадваецца пад 1461 г. У летапісе сказана: “…А судил сам король в Диснах…”. Першапачатковае паселішча старажытнага горада знаходзілася каля сутокаў рэк Дзісна і Заходняя Дзвіна, дзе ў XI ст., паводле некаторых звестак, полацкія крывічы заснавалі невялікую крэпасць – Капец-гарадок. Яна ахоўвала транспартны шлях княства, была гандлёвым цэнтрам наваколля, неаднаразова супрацьстаяла нападкам крыжаносцаў у больш позні час.

У XIV ст. у Дзісне, на паўночны ўсход ад паселішча, узнік замак. Ён займаў плошчу каля 5 га і складаўся з дзвюх частак – Верхняга і Ніжняга замка. Яго акружалі высокія земляныя валы, а сцены замка былі драўляныя. У хроніках Лівонскага ордэна каля 1374 і 1377 гг. ён зафіксаваны пад назвай “Новы замак рускіх”. Акрамя таго, адзначаны замкавы мост, які злучаў замак з берагам. Дзякуючы свайму стратэгічнаму становішчу, замак быў адным з найважнейшых фарпостаў на Віленскім напрамку, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы Полацкай зямлі. Менавіта гэта і паспрыяла ўтварэнню ў 1500 г. Дзісенскага павета ў складзе Полацкага ваяводства.

Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 г. замак страціў ранейшае стратэгічнае значэнне.

З 1301 г. Дзісна знаходзілася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Да другой паловы XVI ст. была невялікім паселішчам. У дакументах за 1414, 1461, 1500 і 1552 гг. Дзісна згадваецца як паселішча ці “двор”, а звесткі пра замак адсутнічаюць. Відаць, ён прыйшоў у заняпад.

Пазнейшыя звесткі пра замак адносяцца да пачатку Лівонскай вайны 1558 – 1583 гг. і падзення ў 1563 г. Полацка.

У процівагу Полацку, занятаму войскамі Івана IV Грознага, Дзісенскі замак быў адноўлены. Усімі аднаўленчымі работамі кіравалі “рыцер и военник добрый”, дзяржаўца крычаўскі і дзісенскі Баркулаб Іванавіч Корсак і пан Раман Хадкевіч.

У 1563 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст, высока ацаніўшы стратэгічнае значэнне адноўленага Дзісенскага замка, надаў Дзісне правы мястэчка. Паводле “Пісцовай кнігі” 1563 г., Дзісна – сяло з 7 двароў на левым беразе Дзвіны. Насупраць яго размешчана дзяржаўнае ўладанне – Капец-гарадок. Праз тры гады пасля адраджэння Дзісна мела права свабоднага гандлю і шэраг ільгот.

Герб Дзісны.
Герб Дзісны.

У 1567 г. горад атрымаў герб з выявай трох мураваных вежаў, якія адлюстроўвалі Дзісну як крэпасць, гандлёвы порт і павятовы цэнтр. Пасля падпісання ў 1569 г. у Любліне прывілея на Магдэбургскае права і новы герб з выявай ладдзі Дзісна стала горадам. Новы герб быў вельмі падобны да полацкага, што зусім невыпадкова. Справа ў тым, што, пасля захопу Полацка рускімі войскамі, яго абаронцы мігравалі ў Дзіcну, а памяць пра родны горад перанеслі ў герб.

Вялікую цікавасць да Дзісны, якая ў 1579 г. стала цэнтрам збору войск перад паходам на Полацк, выяўляў польскі кароль Стэфан Баторый. Па легендзе, жадаючы яшчэ больш умацаваць Дзісенскі замак, кароль загадаў паглыбіць роў перад ім, такім чынам злучыўшы рэчышчы Дзвіны і Дзісны. “Баторыяў перакоп” ператварыў паўвостраў у востраў. Пры С. Баторыю Дзісна дасягнула свайго асаблівага росквіту. Акрамя таго, стала цэнтрам ваяводства, яго рэзідэнцыяй.

На той час у Дзісне склаліся два цэнтры: адзін (правы бераг Дзісны – уладальніцкая рэзідэнцыя) у замку, на выспе, меў гандлёвую плошчу, жылыя дамы, арсенал, сажалку паміж валоў; другі (на левым беразе ракі – адміністратыўны цэнтр) меў ратушу, гандлёва-рамесніцкі цэнтр, праваслаўныя Уваскрасенскую (XVI ст.), Узвіжанскую і ўніяцкую Мікалаеўскую цэрквы, праваслаўнае брацтва. У 1581 г. быў пабудаваны парафіяльны касцёл, у 1630 г. – драўляны францысканскі кляштар.

Пасля Лівонскай вайны замак паступова заняпаў, а ў ліпені 1654 г. быў заняты рускімі войскамі. З удзелам мясцовых жыхароў умацаванні замка былі хутка адноўлены.

Пра абароназдольнасць Дзісенскага замка можна меркаваць па інвентары 1661 г., у якім гаворыцца пра наяўнасць у Ніжнім замку 9 абарончых вежаў. На тэрыторыі замка знаходзілася гандлёвая плошча, жылыя дамы гараджан, арсенал. Паміж валоў была сажалка. Дзісенскі замак меў зручныя прыродныя даныя: шырыня Заходняй Дзвіны, якая амывала яго з поўначы, дасягала 100 м, шырыня Дзісны, што працякала з поўдня, – 80-90 м. Пляцоўка вострава ўзвышалася над узроўнем вады на 10-12 м, а з улікам вышыні вала і абарончых сцен магутнасць замка значна павялічвалася. У XVI – XVII стст. замкавы вал меў вышыню 10 м і шырыню ў аснове каля 19 м. На подступах да замка па вадзе шлях перагароджвалі “Нікольскія дарогі” – вялізныя камяні.

У цяжкім становішчы знаходзілася Дзісна падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654 – 1667 гг. Яе жыхары жадалі далучыцца да Расійскай імперыі. У 1654 г. яны добраахвотна здалі горад рускім войскам. Аднак склалася так, што яшчэ доўгія гады горад заставаўся ў складзе Рэчы Паспалітай. Да Расіі Дзісна адышла толькі ў 1793 г. пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, спачатку як цэнтр павета Мінскай (1795 г.), а потым – Віленскай губерні (1842 г.).

У сувязі з вайной Расіі і разбурэннямі горада жыхары зноў перасяліліся на востраў, дзе абнеслі сваё паселішча драўлянымі ўмацаваннямі. Так утварыўся Ніжні замак, вядомы па шэрагу тагачасных крыніц, а ўмацаванні больш ранняга перыяду сталі называцца Верхнім замкам.

У XVII ст. Дзісна стала магутным павятовым горадам, цэнтрам староства і гандлёва-рамесніцкай дзейнасці. Дзякуючы продажу льну і развітаму суднаходству, яна дасягнула ў XVI – XVIII стст. асаблівага росквіту.

У час Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг. Дзісенскі замак быў знішчаны. У гэты час Дзісна двойчы гарэла: у ліпені 1700 г. і ў 1720 г. А ў 1710 г. у горадзе панавала эпідэмія чумы.

У 1770 г. маёр кароннага войска Ф. Навіцкі зрабіў тапаграфічны здымак Дзісенскага замка і запісаў, што “цяпер вада і лёд зусім знеслі многія валы, вышэй за якія ў горадзе не было ніводнага месца. Рэшткі валоў і замчышча зараслі лазою і ў паводку заліваюцца вадою”. Апрача гэтага, аплываў насып, бо схілы валоў араліся. Пасля разбурэння ў XVIII ст. умацаванняў Дзісенскага замка да нашага часу дайшлі толькі два валы Ніжняга замка.

Насельніцтва дзісенскай зямлі актыўна ўдзельнічала ў разгроме напалеонаўскіх войск падчас Айчыннай вайны 1812 г. Адным з паветаў, дзе найбольш актыўна дзейнічалі партызаны, быў Дзісенскі. Тутэйшыя сяляне не раз выступалі і супраць сваіх паноў.

У 1897 г. у горадзе налічвалася 6,7 тысяч жыхароў, 86 мураваных і 666 драўляных дамоў, 102 крамы, 8 культавых будынкаў, 5 заводаў (2 цагельныя, 2 вапнавыя, 1 гарбарны), 2 школы, бальніца, 2 аптэкі.

У часы першай рускай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. тут была створана група РСДРП. 1 мая 1905 г. у горадзе адбылася дэманстрацыя працоўных. Яе арганізатары былі па-зверску збіты і арыштаваны, а для навядзення парадку ўлады накіравалі сюды роту салдат.

Дзісеншчына ў поўнай меры адчула нягоды Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. У 1918 – 1920 гг. была занята германскімі, польскімі войскамі. Па Рыжскім мірным дагаворы 1921 г. Дзісна знаходзілася ў складзе Польшчы.

Савецкая ўлада ў Дзісне была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г., але на самой справе яна ўсталявалася толькі пасля вызвалення ад прыгнёту буржуазнай Польшчы ў 1939 г.

Падчас нямецкай акупацыі, з 5 ліпеня 1941 г. па 4 ліпеня 1944 г., у Дзісне быў створаны лагер смерці, які знішчыў 4584 чалавечых жыццяў (да вайны тут жылі больш за 10 тыс. чалавек). У памяці жыхароў Дзісны назаўсёды застанецца ўспамін пра 14-га чэрвеня 1942 г., калі за адзін раз было расстраляна 3800 жыхароў горада яўрэйскага паходжання. Па словах старажылаў горада, зямля пасля таго дыхала яшчэ некалькі дзён…

Ад нямецкіх захопнікаў горад быў вызвалены ў ходзе Полацкай аперацыі 1944 г. За 3 гады свайго гаспадарання фашысты амаль поўнасцю знішчылі Дзісну: пад канец Вялікай Айчыннай вайны горад быў зруйнаваны, засталося 1200 жыхароў, 55 будынкаў. Ніколі яшчэ за ўсю сваю гісторыю Дзісна не бачыла такога спусташэння, хоць бывалі тут захопнікі з розных краін, якія агнём і мячом насаджалі свае парадкі.

Не аднавіўшыся ад ваенных разбурэнняў, са спыненнем суднаходства па Дзвіне і пабудаванай далёка ад Дзісны чыгункаю, горад страціў прыбыткі ад гандлю і з 1959 г. увайшоў у склад Міёрскага раёна, разам з якім у 1960 г. быў аднесены да Віцебскай вобласці.

З цягам часу перасталі будаваць прадпрыемствы, і горад патроху пачаў згасаць: спыніў сваю дзейнасць малаказавод, а яшчэ раней – ільнозавод, закрыўся кансервавы завод. Горад страчваў свае пазіцыі і значнасць.

Аднак нафтавікі больш за тры дзясяткі гадоў таму здолелі захаваць горад, далі магчымасць жыхарам уладкавацца на новыя працоўныя месцы.

І сёння Дзісна – горад з насельніцтвам у 2500 чалавек, занятых пераважна ў прамысловай вытворчасці, прадпрыемствы якой буйнымі не назавеш: лясгас, філіял Віцебскага швейнага аб’яднання “Віцябчанка”, участак Браслаўскага камбіната будаўнічых матэрыялаў. У горадзе ёсць Дом культуры, 2 бібліятэкі, сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, бальніца, Дом піянераў, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, магазіны, сталовыя, краязнаўчы музей.

Святыні зямлі Дзісенскай

Культавыя збудаванні

Дзісна – самы маленькі горад нашай краіны, але яго гісторыі, культуры і традыцыям могуць пазайздросціць вялікія гарады Беларусі. Усяго хапіла ў мінулым лёсе горада: і войнаў, і пажараў, і эпідэмій… Але Дзісна з усім гэтым справілася, выстаяла.

У свой час Дзісна мела значны дзяржаўны і рэлігійны ўплыў. У горадзе было шмат культавых будынкаў: чатыры царквы, манастыр, касцёл, дзевяць сінагог. Да сённяшняга дня ў горадзе дзейнічаюць праваслаўная царква ў імя іконы Божай Маці “Адзігітрыя” і Уваскрасенская царква.

У XIII ст. у Дзісне, на паўвостраве, была пабудавана першая Уваскрасенская царква. Пазней, у 1633 г., у цэнтры горада пры царкве быў адкрыты Уваскрасенскі манастыр, дзейнасць якога працягвалася да 1810 г. Сама драўляная царква належала да адзінага для манастырскіх комплексаў XVII ст. тыпу крыжовага пяцікупальнага храма. У ёй размяшчаліся тры: крыпты Уваскрасення Хрыстова, Свяціцеля Мікалая і Ганны Прарочыцы. Перадалтарны іканастас галоўнага прастола меў сем ярусаў. Паводле малюнка, ён быў – і ў гэтым яго асаблівая адметнасць – дакладнай копіяй іканастаса саборнай Успенскай царквы Кіева-Пячэрскай лаўры. Іканастасы бакавых межаў налічвалі па пяць ярусаў. Храм меў своеасаблівую абыходную галерэю вакол іх: цёмныя, з невялікім прасветам калідоры былі аддзелены ад самой царквы глухімі сценамі і мелі вузкія праразныя вокны. У калідорах размяшчаліся аб’яўленыя – тыя, хто выказаў жаданне прыняць святое хрышчэнне, але пакуль што толькі рыхтаваўся да прыняцця таінства. На вокліч дыякана яны выходзілі з царквы ў гэтыя калідоры, у якіх праходзілі далейшыя неабходныя набажэнствы. Выказваецца думка (І. Слюнькова), што калідоры дзісенскай Уваскрасенскай царквы з’яўляліся адным з варыянтаў распаўсюджанай у архітэктуры праваслаўных сабораў абыходнай галерэі, якая мела не толькі дахавае пакрыццё, але і знадворныя сцены.

Царква Уваскрасення Хрыстова.
Царква Уваскрасення Хрыстова.

12 ліпеня 1870 г. адбылося абвяшчэнне новай цаглянай царквы Уваскрасення Хрыстова, дзе ладзіліся набажэнствы да 1944 г.

У 1944 г., падчас вызвалення Дзісны ад фашысцкіх захопнікаў, нямецкі снарад трапіў якраз у купал царквы. З таго часу яна была разбурана і закрыта, пасля выкарыстоўвалася як склад для кансервавага завода.

У 1991 г. царква была адноўлена сіламі вернікаў пад кіраўніцтвам настаяцеля айца Генадзія.

Гэта царква яшчэ значная і тым, што тут да красавіка 2020 года  знаходзіліся святыя мошчы святара Канстанціна Жданава, які аддаў сваё жыццё за праваслаўную веру.

Гараджанамі паважаецца як святыня грамата (сакавік 1918 г.) самога Патрыярха Ціхана, якая знаходзіцца ва Уваскрасенскай царкве і з’яўляецца падзякай святара дзісенцам за іх дабрыню, чалавечую адкрытасць і чысціню веры.

Побач з Уваскрасенскім манастыром размяшчалася старажытная Мікалаеўская царква, якая была знішчана ў 1939 г. Яна мела свой пеўчы калектыў. Дарэчы, царкоўныя спевы на Беларусі тады былі прадметам гонару святароў. У 1623 г. Канстанцінопальскі Патрыярх Кірыл Лукарыс у сваім пасланні прадпісваў кіраўнікам брацтваў і праваслаўных прыходаў клапаціцца пра здольных спевакоў, ведаць іх, запрашаць у царкоўныя хоры.

Кожнае праваслаўнае брацтва мела свой пеўчы хор, мастацкія спевы якога павінны былі супрацьстаяць гукам аргана і каталіцкім спевам. На праваслаўныя царкоўныя спевы звярталася асаблівая ўвага, таму што музыка касцёлаў сама па сабе пачала прыцягваць праваслаўных…

За агароджаю манастыра, на паўночны ўсход ад храма, узвышалася драўляная званіца, архітэктурныя формы якой былі характэрнымі для званіц такога тыпу: на круглай высокай аснове з глухімі сценамі знаходзіўся ярус ажурных праёмаў. Яго пакрываў круглы верх, выцягнуты макаўкаю на барабане.

У 1583 г. у Дзісне каралём Стэфанам Баторыем быў заснаваны кляштар ордэна францысканцаў Бязгрэшнага зачацця Дзевы Марыі – першы драўляны каталіцкі храм. У 1773 г. пры кляштары быў узведзены будынак касцёла. Паводле сведчання вядомага гісторыка мастацтва архітэктурнай спадчыны Заходняй Беларусі ў 30-я гг. XX ст. М. Маралёўскага. Гэта быў аднанефавы храм з драўляным люстэркавым скляпеннем, бязвежавым фасадам і прысценнай алтарнай кампазіцыяй у стылі ракако.

Аднак у час вайны касцёл быў моцна пашкоджаны і дайшоў да нас у выглядзе руін. Прыхаджане і епархія прынялі рашэнне аднавіць касцёл на тым жа месцы. Таўшчыня сцен яго ў некаторых месцах даходзіць да аднаго метра, што значна ўскладняе работу і не дазваляе паспяхова яе скончыць.

Да сённяшняга часу ў горадзе часткова захаваўся толькі адзін будынак сінагогі, узведзены пасля 1875 г., – будынак  прадпрыемства “Віцябчанка”(а было іх некалі 9 !).

Царква ў імя іконы Божай Маці “Адзігітрыя”. 2007 г. Фота А. Дыбоўскага.
Царква ў імя іконы Божай Маці “Адзігітрыя”. 2007 г. Фота А. Дыбоўскага.

Значнае месца ў рэлігійным станаўленні жыхароў горада належыць царкве ў імя іконы Божай Маці “Адзігітрыя”, што была перанесена на могілкі пасля закрыцця Уваскрасенскага манастыра ў 1810 г. Першапачаткова яна мела назву царквы Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы. У 1908 г. царква была перабудавана, у такім выглядзе яна застаецца і сёння.

Могілкавая царква складаецца са званіцы і будынка самой царквы, дзе адна частка старажытная, а другая – дабудаваная, узведзеная значна пазней. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, з 1944 г. і па 1991 г., калі Уваскрасенская царква была разбурана, тут праходзілі штодзённыя службы.

Царква ў імя іконы Божай Маці “Адзігітрыя” прыкметная і тым, што тут знаходзіцца пабудаваны з каменю склеп, дзе пакоіліся мошчы Канстанціна Жданава і святара Мікалая Рафаловіча, які служыў тут.

У царкве на сённяшні дзень знаходзіцца не так шмат старажытных ікон (толькі ікона Святога апостала Фамы, а раней знаходзілася і ікона Адзігітрыі), бо адсюль іх і аклады некалькі разоў выкрадалі, нягледзячы на тое, што ўмацаванні царквы даволі надзейныя.

Кожны жыхар сённяшняй Дзісны ведае пра святара Мікалая Каткоўскага – чалавека, які ўсёй сваёй душою быў адданы служэнню Богу і людзям. У вайну ён спачатку служыў ва Уваскрасенскай, а потым перайшоў сюды, у Адзігітрыеўскую царкву, на могілках якой ён і пахаваны.

Да вайны ў горадзе жыло шмат яўрэяў. Але, калі немцы прыйшлі ў Дзісну, пачалося іх масавае знішчэнне. Цяпер у Дзісне і яе ваколіцах знаходзяцца трое могілак яўрэяў.

Справа ў тым, што падчас гэтых страшэнных знішчэнняў святар Мікалай выратаваў яўрэйскага хлопчыка, тым самым падставіўшы пад пагрозу не толькі сваё жыццё, але і жыццё сваіх родных: жонкі і дачкі. Гэты ажыццяўлёны подзвіг назаўсёды запісаў імя Мікалая Каткоўскага ў памяць дзісенцаў.

Цяпер гэта ўжо не хлопчык, а мужчына, жыве ў Сібіры, у горадзе Томску, а адна з яго дачок прыязджае на Дзісеншчыну да дачкі святара, як да сваёй роднай сястры.

Царква ў імя іконы Божай Маці “Адзігітрыя” знаходзіцца на праваслаўных могілках, дзе нядаўна быў знойдзены фамільны склеп. Акрамя таго, тут знаходзіцца шмат старажытных магіл, але простых: праваслаўныя людзі не імкнуліся да пышнасці ў час абраду.

Не вельмі далёка адсюль знаходзяцца і каталіцкія могілкі. Што датычыць іх, то яны заслугоўваюць асаблівай увагі, бо тут ёсць дзіўныя помнікі. Адзін з іх высечаны з суцэльнага каменю ў выглядзе дрэва з суччам і каталіцкім крыжам…

Вось такой паўстала перад намі гісторыка-культурная спадчына маленькай, але такой вялікаснай Дзісеншчыны. Шчырая ўхвала гэтай зямлі і яе жыхарам. Яны, на дзіва, змаглі зрабіць тое, што часам бывае не пад сілу цэлым народам, – зберагчы памяць пра тое, што было да нас. Мы можам толькі працягнуць іх справу, каб гэта стала добрай традыцыяй для будучых пакаленняў…

Цудадзейная ікона Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай

Асаблівае месца ў гістарычнай спадчыне Дзісны займае Уваскрасенская царква. Тут знаходзіцца вялікая праваслаўная святыня – ікона Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай. Гэта ікона датуецца XVI стагоддзем, але аб дакладным часе яе з’яўлення ў Дзісне цалкам не вядома.

Ікона Божай Маці “Адзігітрыя” ў сярэбраным акладзе.
Ікона Божай Маці “Адзігітрыя” ў сярэбраным акладзе.

Чаму ж ікона называецца Адзігітрыяй? Што гэта значыць? Ходзіць такая легенда, згодна з якой Божая Маці з’явілася двум сляпым і прывяла да свайго напісанага абраза. Калі яны падышлі да яго і памаліліся, то зрок вярнуўся. Так ікону назвалі Адзігітрыяй, а ў перакладзе з грэчаскай мовы – “правадніцай”.

Важна і тое, што гэта першая візантыйская ікона, якая патрапіла на Русь. Яе падараваў сваёй сястры Ганне Уладзімір Манамах, калі яна выходзіла замуж за Чарнігаўскага князя Усевалада. Пазней іх сын, Уладзімір, перанёс ікону ў Смаленск. З таго часу яна і лічыцца Смаленскай.

Сама ікона вялікасная. Лік Божай Маці і лік Дзіцяці звернуты да тых, хто моліцца. Ікона нібы спачувае ім, прымае ўсе звароты, просьбы, малітвы на сябе. Перш за ўсё, да гэтай іконы звяртаюцца людзі, якія збіраюцца ў дарогу. Для гэтага ёсць асобая малітва, якую чытаюць Святой Адзігітрыі, а тая, у сваю чаргу, дапамагае падарожнікам і аберагае іх.

Ікона Божай Маці “Адзігітрыя” пасля рэстаўравання.
Ікона Божай Маці “Адзігітрыя” пасля рэстаўравання.

Дзісна была магутным горадам, але драўляным, таму не раз была пашкоджана пажарамі. Два разы яна згарала дашчэнту. І ў чарговы раз, калі гарэла Дзісна, людзі раптам убачылі ікону, якая плыла па рацэ. Гэта і была ікона Божай Маці Адзігітрыі.

Аднаго разу людзі ўзялі яе і абышлі горад з хрэсным ходам. З таго часу ў Дзісне больш не было такіх страшэнных і вялікіх пажараў. Гэта быў толькі першы цуд, які ікона падаравала жыхарам.

Першапачатковы і сённяшні выгляды іконы маюць пэўныя адрозненні. Ікона, якая з’явілася ў Дзісне, мела дзівосныя ўбранні, аклады, але яны былі ўкрадзены. Першы раз іх выкралі, але пасля вярнулі, і ікона зноў набыла свой сапраўдны выгляд. Шкада, што гэта было ненадоўга. Праз нейкі час аклады зноў былі выкрадзены. Пазней яны знайшліся ў Санкт-Пецярбургу ў выглядзе лому. На сённяшні дзень ікона чакае свае аклады ў саматканым убранні…

Нягледзячы на гэта, ікона застаецца цудадзейнай. Да яе, як і раней, адусюль прыязджаюць людзі, каб пакланіцца абразу Божай Маці, памаліцца ёй, папрасіць здароўя, дабра, збавення. Амаль усе малітвы пачуты, і колькасць паломнікаў з кожным годам толькі павялічваецца…

Свята ў гонар цудадзейнай іконы Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай.
Свята ў гонар цудадзейнай іконы Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай.

Кожнае лета (ужо на працягу некалькіх стагоддзяў!) 10 жніўня ў Дзісне адзначаецца свята ў гонар цудадзейнай іконы Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай. У гэты дзень прыязджае шмат вернікаў, каб пакланіцца святой іконе. Штогод збіраецца працэсія і рухаецца пад малітвы і песнаспевы ў царкву Божай Маці Адзігітрыі.

 Свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў

Канстанцін Жданаў нарадзіўся ў 1875 г. на Шаркаўшчыне ў сям’і святара. Ён працягнуў шлях свайго бацькі і скончыў Віленскую духоўную семінарыю.

Скончыўшы вучобу, вярнуўся на Радзіму, дзе і стаў святаром царквы Успення Прасвятой Багародзіцы. На той час у мястэчку дзейнічала ўсяго дзве царквы, і тая, святаром якой стаў Канстанцін Жданаў, была ў вельмі дрэнным стане – стары струхлелы будынак. Канстанцін Жданаў вырашыў яе перабудаваць. Святар патраціў шмат намаганняў на яе аднаўленне.

Свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў. Ікона 2010 г. Мастак В. Крук.
Свяшчэннапакутнік Канстанцін Жданаў. Ікона 2010 г. Мастак В. Крук.

Як святар Канстанцін Жданаў быў вельмі строгі і праведны. Пільна сачыў за тым, каб захоўваліся і выконваліся ўсе пастулаты праваслаўнай веры. Да людзей бедных і бяздольных ставіўся са шчырай увагай, разуменнем і любоўю. Усе прыхаджане вельмі цанілі свайго святара і шчыра паважалі.

У маі 1918 г. савецкая ўлада пачала ганенні на святароў, паколькі не прымала рэлігіі і яе каштоўнасцей. У выніку гэтага іх арыштоўвалі, высылалі, судзілі і нават расстрэльвалі. Так сталася і з Канстанцінам Жданавым, і з Алексіем Сакаловым, якіх схапілі і арыштавалі. Прыхаджане не давалі спакою тым людзям, якія паланілі святароў. Сяляне прыходзілі да канваіраў і прасілі адпусціць арыштаваных. Такія дзеянні мясцовых жыхароў прымусілі ўладу перавесці святароў з Шаркаўшчыны ў Дзісну. На працягу ўсёй дарогі вернікі ішлі за канвоем, кармілі і паілі яго, спадзеючыся, што варта падабрэе і адпусціць святароў Канстанціна Жданава і Алексія Сакалова. Ды ахова, прымаючы паднашэнні, нават і не збіралася адпускаць палонных.

Як толькі святары былі дастаўлены ў Дзісну, з іх адразу пачалі здзекавацца; напіўшыся, канваіры павялі палонных на расстрэл. Следам па-ранейшаму ішлі прыхаджане, якія малілі вызваліць палонных, але варта маўкліва працягвала рухацца. Просьбы натоўпу надакучылі ахове. Яны спыніліся, адкрылі агонь і расстралялі амаль усіх вернікаў. Зрабіўшы сваю чорную справу, канвой з арыштаванымі рушыў далей…

Калі міналі густыя кусты, айцец Алексій прапанаваў айцу Канстанціну пастарацца ўцячы, на што Канстанцін Жданаў адказаў: “Я ніколі не рабіў нічога дрэннага… Што Бог мне наканаваў, я тое і прыму…”

Святар Алексій Сакалоў схаваўся, а Канстанцін Жданаў рушыў у сваю апошнюю дарогу…

Прывёўшы святара на месца расстрэлу, яны загадалі яму капаць уласнымі рукамі сабе магілу. Пасля гэтыя ашалелыя ад гарэлкі нелюдзі схапіліся за зброю і пачалі страляць не цэлячыся. Як толькі Канстанцін Жданаў зваліўся ў яму, канваіры схапілі рыдлёўкі і закапалі яго. Праз пэўны час жыхарамі вырашана было адкапаць цела святара. Калі так і зрабілі, то пабачылі, што рукі айца Канстанціна ўзняты высока ўверх, што магло азначаць толькі адно: святара Канстанціна Жданава закапалі ў магілу жыўцом…

Канстанціна Жданава перазахавалі недалёка ад месца расстрэлу каля царквы г. Дзісна.

У жніўні 2008 г., праз 90 гадоў пасля расстрэлу, склеп з целам Канстанціна Жданава ў прысутнасці Архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, іншых свяшчэннаслужыцелей, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і вернікаў быў ускрыты. Высветлілася, што цела Канстанціна Жданава нятленнае: рукі сціскалі на грудзях Евангелле, з якім яго некалі пахавалі…

Мошчы святара доўгі час знаходзіліся ў царкве Уваскрасення Хрыстова Дзісны, а цяпер знаходзяцца ў Полацку, у Богаяўленскім храме, і свята ўшаноўваюцца дзісенцамі і ўсімі вернікамі.

Па волі Бога іерэй Канстанцін Жданаў стаў першым новапакутнікам ХХ ст., кананізаваным у Полацкай епархіі.

27 красавіка 2020 года па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбылося ўрачыстае перанясенне мошчаў свяшчэннапакутніка Канстанціна Жданава з горада Дзісны ў старажытны Полацк.

Служэнне Патрыярха Ціхана на Дзісеншчыне; свяцейшая грамата

Адной вельмі значнай асобай з ліку тых, што наведваў Дзісну, быў Патрыярх Маскоўскі Ціхан (Бялавін), які быў абраны першым Патрыярхам пасля двухсотгадовага перапынку і аднаўлення працэдуры патрыяршаства ў Расіі 1917 г.: з 21 лістапада (4 снежня) 1917 г. па 7 красавіка 1925 г.

Свяцейшы Патрыярх Ціхан (Бялавін).
Свяцейшы Патрыярх Ціхан (Бялавін).

22 снежня 1913 г., у выніку канфліктнай сітуацыі з яраслаўскім губернатарам графам Д. Тацішчавым, будучы Патрыярх быў пераведзены ў Вільню (Паўночна-Заходні край). З’яўляючыся Віленскім мітрапалітам, знаходзіўся пэўны час у эвакуацыі ў г. Дзісна, дзе вёў царкоўную службу (Першая сусветная вайна).

Патрыярх Ціхан быў кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквою ў ліку святых у 1989 годзе.

Ва Уваскрасенскай царкве захоўваецца грамата Свяцейшага Патрыярха Ціхана, якая стала падзякай святара дзісенцам за іх дабрыню, чалавечую адкрытасць і чысціню веры (сакавік 1918 г.). Гараджанамі грамата паважаецца як святыня.

Грамата Свяцейшага Патрыярха Ціхана. 1918 г.
Грамата Свяцейшага Патрыярха Ціхана. 1918 г.

                  Малавядомыя і знакамітыя людзі Дзісенскай зямлі

                  Вячаслаў Васільевіч Багдановіч

Гісторыя Дзісны цесна звязана з гісторыяй лёсаў знакамітых і малавядомых людзей, якія памнажалі нашу культурную спадчыну, увесь час імкнуліся садзейнічаць росквіту роднага краю. Дзейнасць гэтых асоб спрыяла сцвярджэнню і нацыянальнай годнасці беларускага народа, і станаўленню яго духоўнай і матэрыяльнай культуры. Гэтыя людзі імкнуліся жыць дзеля будучага  сваіх нашчадкаў, захаваўшы пры гэтым памяць мінулага. Сярод такіх імёнаў сустракаюцца і тыя, хто за кароткі час змог пакінуць памяць пра сябе ў гісторыі горада, стаць яго сапраўдным гонарам.

Вячаслаў Васільевіч Багдановіч.
Вячаслаў Васільевіч Багдановіч.

Вячаслаў Васільевіч Багдановіч – багаслоў, педагог, літаратар – быў выдатным рэлігійным, грамадска-палітычным і культурным дзеячам, адыграў вялікую ролю ў адраджэнні беларускай культуры і мовы, быў удзельнікам беларускага нацыянальнага руху і першым беларускім сенатарам у парламенце II Рэчы Паспалітай.

Вячаслаў Багдановіч нарадзіўся ў 1878 г. у горадзе Дзісна Віленскай губерні ў сям’і праваслаўнага святара.

Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю, а затым – Кіеўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя, пасля чаго выкладаў у Віцебскай духоўнай семінарыі. У 1907 г. прызначаны на пасаду інспектара гэтай установы.

У 1917 – 1918 гг. удзельнічаў у працы Памеснага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы, на якім было адноўлена патрыяршаства. Па прапанове Вячаслава Багдановіча выпрацавана працэдура абрання Патрыярха.

У 1920 – 1921 гг. Вячаслаў Багдановіч выконваў абавязкі рэктара Віленскай духоўнай семінарыі. Пазней асноўная царкоўная і палітычная дзейнасць Вячаслава Васільевіча праходзіла на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі і Літвы ў межах Польшчы.

Вячаслаў Багдановіч двойчы абіраўся сенатарам у сойм II Рэчы Паспалітай. З’яўляючыся сенатарам, ён шмат зрабіў для абароны Праваслаўнай Царквы, актыўна змагаўся за правы нацыянальных меншасцяў у Польшчы (рускіх і беларусаў). Таксама ён узначаліў царкоўна-рэлігійную камісію парламента, якая змагалася за “ўнутраную волю Царквы”, за тое, “каб яна была незалежнай ад уплыву дзяржаўнай улады”. Вячаслаў Багдановіч выступаў у сойме з абаронай правоў Праваслаўнай Царквы, адстойваў прытрымліванне прынцыпу “вольная Царква ў вольнай дзяржаве”.

Вячаслаў Багдановіч рашуча пратэставаў супраць дзеянняў дзяржаўных органаў па закрыцці і разбурэнні храмаў. Выступаючы ў сенаце, Вячаслаў Багдановіч раскрываў сапраўднае становішча Царквы, распавядаючы аб насіллі, канфіскацыі маёмасці, аб нацыянальных уцісках, а таксама абараняў праваслаўную культурную спадчыну. Ён сцвярджаў, што разбурэнне храма ператворыць яго руіны ў “помнік нецярпімасці і шавінізму”.

У 1927 г. па ініцыятыве Вячаслава Багдановіча было створана “Праваслаўнае Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднанне”, друкаваным органам якога стаў часопіс “Праваслаўная Беларусь”. Гэта выданне актыўна змагалася за правы беларускага народа ў рэлігійных і грамадскіх сферах.

Вячаслаў Багдановіч у сваёй сенатарскай дзейнасці выступаў і як агульнанацыянальны лідар, які абараняў правы не толькі праваслаўных беларусаў, але і каталікоў. Ён указваў на тое, што з-за ўжывання ў польскай дзяржаве беларускай мовы мясцовыя ксяндзы не дапускаліся ў школы.

Вячаслаў Багдановіч выявіў свае таленты і ў культурнай сферы. Папулярызатар класічнай рускай літаратуры і рускай рэлігійнай філасофіі, ён супрацоўнічаў з віленскімі рускімі газетамі. Быў рэдактарам “Літоўскіх епархіяльных ведамасцей”. Ад гэтай пасады, як і ад абавязкаў рэктара Віленскай духоўнай семінарыі, быў адлучаны за супраціўленне абвяшчэнню аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Вячаслаў Багдановіч выступаў за захаванне царкоўнаславянскай мовы ў набажэнстве, называючы яе адным са сродкаў культурнага развіцця беларускага народа.

Вячаслаў Багдановіч таксама займаўся іканапісам, быў вядомы і як кампазітар, аўтар некалькіх папулярных рамансаў (у тым ліку знакамітай “Зоркі Венеры”). У сваёй літаратурнай творчасці ён надаваў шмат увагі пытанню саборнасці і адзінства Праваслаўнай Царквы.

У 1939 г. Вячаслаў Багдановіч быў арыштаваны як супраціўнік аўтакефаліі, пасаджаны ў вільнюскую турму, а адтуль – накіраваны ў канцлагер Картуз-Бярэзскі (Польшча). З наступам Чырвонай арміі ахова збегла, і зняволеныя вярнуліся дахаты. Аднак неўзабаве Вячаслаў Васільевіч быў арыштаваны органамі НКУС і, па некаторых даных, расстраляны ў турме беларускай Вілейкі. На сённяшні дзень месца яго пахавання невядома.

Вячаслаў Васільевіч Багдановіч – змагар і спавядальнік праваслаўнай веры, абаронца нацыянальных інтарэсаў беларускага народа – быў шматграннай самаадданай асобай, аб якой, на жаль, нашчадкі ведаюць вельмі мала. Жыццё і дзейнасць гэтага адданага сына Царквы годныя паслужыць прыкладам для будучых пакаленняў, бо шматлікія праблемы, якія спрабаваў вырашыць Вячаслаў Багдановіч, актуальныя і сёння.

Яго імя – своеасаблівае адкрыццё ў гісторыі Дзісны. Напэўна, усё жыццё гэтага слыннага чалавека можа стаць найцікавейшым матэрыялам для экспазіцыі краязнаўчага музея і гонарам таму, хто можа назваць сябе дзісенцам.

                   Навум Сямёнавіч і Элеанора Генрыхаўна Леках

Гэтыя людзі таксама заслугоўваюць таго, каб пра іх памятаць.

Навум Сямёнавіч Леках, выдатнейшы і таленавіцейшы ўрач. Навум Леках нарадзіўся ў 1908 г. у Дзісне. У дзень расстрэлу яўрэяў (14 чэрвеня 1942 г.) яму пашчасціла выратавацца ад смерці. Яго зберагла простая беларуская сям’я. Пасля Навум Сямёнавіч працаваў хірургам у спецатрадзе ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне.

Элеанора Генрыхаўна Леках (у дзявоцтве Альшванг) з адзнакай закончыла ў чэрвені 1941 года Беларускі медыцынскі інстытут. У ліпені 1941 года разам з маці апынулася ў мінскім гета.

Элеанора Альшванг.
Элеанора Альшванг.

Маладому доктару Элеаноры дапамаглі знаёмыя Маргарыта Целеш і Женя Фёдарава, якія не пабаяліся пайсці ў гестапа і засведчыць, што дзяўчына руская па нацыянальнасці. Пацвердзіў яе “рускае” паходжанне і прафесар Прылуцкі, які праводзіў экспертызу  і добра ведаў бацьку дзяўчыны. Па часовым пашпарце і новым прозвішчы можна было ўладкавацца на працу, але знайшоўся даносчык, і Элеанора была прымусова адпраўлена ў Германію. Там спачатку працавала прыслугаю, а пасля трапіла ў лагер Берлін-Малоў…

З цяжкасцю вярнулася пасля вайны ў Мінск, дзе за яе паручыўся сусед, прафесар Інсараў.

У 1945 годзе Элеанора пазнаёмілася з Навумам Лекахам, выйшла за яго замуж і пераехала ў Глыбокае па месцы працы мужа.

Навум працаваў хірургам і галоўным урачом мясцовай бальніцы, Элеанора Генрыхаўна – акушэрам-гінеколагам. У іх нарадзіліся дачка Лізавета і сын Сямён.

Навум Сямёнавіч і Элеанора Генрыхаўна Леках.
Навум Сямёнавіч і Элеанора Генрыхаўна Леках.

З 1950 г. працаваў урачом станцыі пералівання крыві ў Полацку. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

Праз некаторы час у сям’і нарадзілася яшчэ адна дачка, Клара. Як згадваюць землякі, “сям’я Леках была даволі цікавай, каларытнай. Самым яркім прадстаўніком гэтай сям’і быў Леках Навум Сямёнавіч, які ў вайну з’яўляўся партызанскім доктарам. Пасля вайны яго сям’я пераехала ў Полацк. Тут у іх быў дом. Навум Сямёнавіч быў вельмі таленавітым чалавекам, мог нават без апаратаў і тэхнічных сродкаў вызначыць дыягназ і назначыць неабходнае лячэнне, праводзіў аперацыі, увогуле, быў доктарам у шырокім сэнсе гэтага слова. Тады яшчэ гаварылі пра тое, што ён у свой час скончыў Сарбону”.

Элеанора Генрыхаўна каля 20 гадоў узначальвала жаночую кансультацыю ў Полацку, дзяжурыла ў раддоме, чытала лекцыі ў медыцынскім вучылішчы і проста жыла сваёй любімай працай…

У 1990-х сям’я пераехала ў Ізраіль, дзе Навум Сямёнавіч працаваў і жыў да сваіх апошніх дзён. Навума Сямёнавіча не стала ў 1996 годзе, Элеаноры Генрыхаўны – у 2011 годзе. Пахаваны яны побач. На светлых аднолькавых помніках – медыцынская сімволіка. Як лічаць удзячныя землякі, іх шаноўныя і любімыя ўрачы і “сёння на дзяжурстве”.

Цяпер іх дачка, Клара Навумаўна, жыве ў Наваполацку. Іх унукі – вядомыя наваполацкія ўрачы-траўматолагі.

Язэп Нарцызавіч Драздовіч   

Непасрэднае дачыненне да Дзісны мае выдатны беларускі мастак, паэт, “вечны вандроўнік” Язэп Нарцызавіч Драздовіч, які нарадзіўся ў 1888 г. у засценку Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён). У 1906 г. скончыў школу ў Дзісне. Пасля вучыўся ў Віленскай мастацкай школе ў акадэміка І. Трутнева. Яшчэ падчас вучобы Я. Драздовіч пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй “Нашай Нівы”, крыху пазней – з сатырычным часопісам “Маланка”. Актыўна займаўся кніжнай ілюстрацыяй. Яго першыя шырокавядомыя працы – вокладкі да “Беларускага календара на 1910 год” і кнігі вершаў К. Буйло “Курганная кветка” (1914).

Язэп Нарцызавіч Драздовіч. 1928 г.   
Язэп Нарцызавіч Драздовіч. 1928 г.

Язэп Драздовіч быў адным з першых мастакоў, хто ўвасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Ён стварыў шэраг графічных серый, дзе з замілаваннем распавядаў пра Радзіму: “Старажытная будоўля на Беларусі”, “Дзісеншчына”, цыклы, прысвечаныя замкаваму дойлідству Беларусі і Літвы – “Вільня”, “Мір”, “Ліда”, “Гальшаны”, “Крэва”.

Язэп Нарцызавіч – пачынальнік касмічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. З 1930 г. у графічных аркушах і жывапісных палотнах ён распрацоўваў тры серыі: “Жыццё на Марсе”, “Жыццё на Сатурне” і “Жыццё на Месяцы”.

Цікавая грань яго таленту – працы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва: маляваныя дываны, разьбяныя кіі, скрыначкі.

Увесь час Язэп Нарцызавіч цікавіўся этнаграфіяй, гісторыяй роднага краю, не раз наведваў ён і Дзісну, таксама прысвяціў ёй цыкл графічных работ.

Жыццё “вечнага вандроўніка” скончылася ў вясковай бальніцы ў Падсвіллі 15 верасня 1954 г. Пахаваны Язэп Драздовіч на могілках каля в. Ліпляны Глыбоцкага раёна. На яго магіле знаходзіцца стэла з барэльефнай выявай мастака.

Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі

У Дзісне пачынаў сваю тэатральную дзейнасць знакаміты беларускі акцёр, рэжысёр, кіраўнік беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі.

Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі.
Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі.

Ігнат Буйніцкі нарадзіўся ў 1861 г. у фальварку Палівачы Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён). З дзяцінства жывучы сярод простых людзей, Ігнат Цярэнцьевіч шчыра іх палюбіў, глыбока ўспрымаў усе радасці і нягоды іх жыцця, багаты духоўны свет. Менавіта гэта і вызначыла яго будучую прафесію. І. Буйніцкі быў носьбітам перадавых настрояў, імкнуўся як мага паўней пазнаць народнае жыццё.

У 1907 г. стварыў у маёнтку Палівачы аматарскі тэатр, які ў 1910 г. стаў прафесійным і атрымаў назву “Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага”. Першыя ж паказы гэтага тэатра былі дадзены менавіта ў Дзісне.

Памёр Ігнат Цярэнцьевіч у 1917 г. Некалькі разоў быў перазахаваны. Ён застаўся ў народнай памяці як выдатны дзеяч нацыянальнай культуры, якога яшчэ пры жыцці называлі “бацькам” беларускага тэатра.

З гісторыі яўрэйскай дыяспары дзіснян

У свой час Дзісна ўяўляла сабою шматнацыянальны горад, дзе жыло шмат яўрэяў. Усе жылі разам, побач і, што вельмі важна, мірна – усім хапала месца.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна і гітлераўцы 5 ліпеня 1941 г. занялі Дзісну, пачаліся масавыя знішчэнні насельніцтва, арганізавана гета. А 14 чэрвеня 1942 г. каля в. Восцевічы адбылася найвялікшая трагедыя: было расстраляна 3800 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці.

У памяць пра гэтую страшэнную падзею роўна праз 50 гадоў на месцы расстрэлу яўрэяў адбыўся жалобны мітынг. З усіх куткоў былога Саюза прыехалі сюды тыя, хто нейкім цудам выратаваўся, а таксама іх родныя і блізкія. Прыйшлі сюды таксама жыхары Дзісны і навакольных мястэчак. Людзі імкнуліся да гэтага месца не толькі пакланіцца болю яўрэйскага народа, але і ўшанаваць памяць усіх ахвяр вайны. І цяпер 14 чэрвеня самі яўрэі штогод збіраюцца ў Дзісне.

Могілкі ў Восцевічах – гэта сімвал людскога гора, пакут, а таксама сімвал чалавечай мужнасці. Гэтыя могілкі – незагойная рана, нясцерпны боль шматлікіх людзей.

Помнік на месцы яўрэйскага гета ў Дзісне.
Помнік на месцы яўрэйскага гета ў Дзісне.

Аўтару гэтых радкоў удалося адшукаць родных Лейбы Бляхмана, сям’я якога (жонка і чацвёра дзяцей) навечна засталіся ў дзісенскай зямлі. Пра самога Бляхмана Л.Л. і яго лёс мне расказала Дзіна Барысаўна Іткіна: “Пасля вайны маці выйшла замуж за Бляхмана Лейбу Лейзавіча. Па іроніі лёсу мы апынуліся ў Дзісне, дзе тады яшчэ жылі яўрэі. Лейба Лейзавіч быў добры чалавек, далёка не багаты. Да мяне ён адносіўся цёпла і шчыра.

У вайну сям’я Бляхманаў апынулася ў гета, але Лейбе Лейзавічу і яго старэйшай дачцэ пашанцавала – удалося выратавацца. Пазней звесткі пра дачку згубіліся. Напэўна, яна ўсё ж такі загінула. Жонка і чацвёра дзяцей Лейбы Лейзавіча былі расстраляны 14 чэрвеня 1942 года разам з 3800 яўрэямі. А яўрэі ў Дзісне жылі стагоддзямі.

Майго ж будучага айчыма схавала ў Германавічах шматдзетная сям’я старавераў Яўхіма і Марфы Войтавых, з якімі мы ўвесь час потым падтрымлівалі сувязь. Мой айчым пражыў доўгае жыццё – амаль 100 гадоў. Цяпер яго няма, але мы захоўваем памяць пра яго. Маім дзецям ён стаў цудоўным дзедам, страціўшы ў крывавых падзеях вайны ўласных дзяцей…”

У кнізе “Памяць. Полацк” указаны і іншыя родныя Бляхмана Л.Л., якія былі знішчаны падчас вайны: Бляхман Бейля Аўсееўна (50 гадоў), Бляхман Ішыя Лейзавіч (45 гадоў), Бляхман Навум Іосіфавіч (33 гады), Бляхман Соре-Муска Ішыякаўна, Бляхман Хаім Ішыякавіч.

Дзіна Барысаўна Іткіна да гэтага часу памятае тых людзей, якія жылі ў Дзісне пасля вайны: сем’і Сегалавых, Пастэрнак, Гельман, Казырэўскіх, Леках, Каплан.

Менавіта Дзіна Барысаўна расказала аўтару гэтых радкоў пра цудоўную сям’ю Лекаха Навума Сямёнавіча, урачоў ад Бога.

Зараз у Дзісне няма ніводнага яўрэя. А да вайны яны складалі большую частку насельніцтва мястэчка…

«Имею честь принадлежать», – гаворыць следам за Д. Сімановічам Дзіна Барысаўна Іткіна і дадае:

Горад Дзісна: погляд сучасніка

Дзісна – горад, які здолеў захаваць дух былога часу. Сваю памяць маюць і вузкія дзісенскія вулачкі, некалі выбрукаваныя камянямі, і маленькія дамы купцоў XIX ст., і цэрквы, і дамы. Заўсёды ў Дзісну імкнуліся людзі, пэўна, іх прыцягвала сюды зусім не падобная, своеасаблівая, некранутая прыгажосць прыроды: балот, лесу, рэчак. Менавіта таму гэты маленькі гарадок і яго ваколіцы неаднаразова станавіліся кіназдымачнымі пляцоўкамі, а жыхары прымалі непасрэдны ўдзел пры стварэнні такіх вядомых карцін, як “Чорная бяроза”, “Дзяржаўная граніца”, “Вадзіцель аўтобуса”, “Зацішша”, “Людзі на балоце”, “Сведка”, “Нецярпенне душы”, “Судны дзень”.

У Дзісне адразу сустрэнеш цудоўных суразмоўцаў, такіх як Мішута Ала Фёдараўна, настаўніца матэматыкі школы-інтэрната, якая з захапленнем раскажа пра праваслаўныя святыні Дзісны, распавядзе пра гісторыю храмаў, у якіх праводзілі службу як простыя святары, так і будучы Патрыярх Ціхан.

Двойчы гасцінная Дзісна прымала рэспубліканскія пленэры імя Я. Драздовіча і І. Хруцкага, удзельнікамі якіх былі студэнты мастацкіх школ і знакамітыя беларускія мастакі. Некаторыя свае работы з падзякай і павагай яны падаравалі краязнаўчаму музею.

Менавіта ён знаёміць нас з культурным і традыцыйным скарбам горада, а яго супрацоўнікі з  задавальненнем дзеляцца гісторыяй самага маленькага горада Беларусі.

У дзісенскім краязнаўчым музеі.
У дзісенскім краязнаўчым музеі.

Краязнаўчы музей у горадзе пачаў сваю дзейнасць з 1997 г. у школе-інтэрнаце, дзякуючы намаганням і імкненням мясцовых энтузіястаў – Алы Пятроўны Майсяёнак і Льва Мікалаевіча Фурса пры падтрымцы дырэктара школы Тамары Міхайлаўны Сачыўка.

Першыя гады па драбнічках збіраліся і аналізаваліся матэрыялы, пасля афармлялася і абжывалася выдзеленае пад музей памяшканне.

Сёння экспазіцыя музея мае багата дакументаў, кніг, фотаздымкаў, якія апавядаюць пра знакамітых людзей Дзісеншчыны, яе росквіт і заняпад.

Пра старажытную дзісенскую гісторыю сведчаць знойдзены керамічны посуд, прыстасаванні для побыту. Важна і тое, што тут змешчана багата інфармацыі пра некалі шматлікае яўрэйскае насельніцтва. Гэта сведчыць аб сумленнасці, пільнасці, неабыякавасці дзісенцаў да мінулага малой радзімы.

Штогод музей наведваюць госці з Расіі, Польшчы, Ізраіля, Італіі, Англіі, Швецыі, Венгрыі, Францыі. Усяго за перыяд з 1997 г. па 2007 г. музей прыняў 4765 чалавек, што для недзяржаўнага музея такога памеру вельмі добра.

Акрамя таго, цікавыя краязнаўчыя музеі створаны ў школах дзісенскага краю. У іх экспазіцыі можна сустрэць арыгінальныя экспанаты, якім могуць пазайздросціць нават самавітыя гарадскія музеі.

Краязнаўчы музей – гэта вынік чалавечай любові, гонару за родны край, аб чым сведчаць шчырыя водгукі наведвальнікаў.

Адсутнасць буйных прамысловых прадпрыемстваў з іх карпусамі і трубамі, чыгункі, шумнага грамадскага транспарту, прыгажосць прыроднага ландшафту, багатае гістарычнае мінулае, якое пакінула на старажытнай дзісенскай зямлі свае сляды, – усё гэта толькі прыцягвае рэжысёраў, мастакоў, турыстаў і проста зацікаўленых у Дзісну.

Дзісна – гэта мясціна, дзе па сённяшні дзень паважаюць і шануюць свае карані і вытокі, памятаюць лёс продкаў.

На аснове матэрыялу Алы Прохаравай, настаўніка беларускай мовы і літаратуры СШ № 7 г. Наваполацка.

Падрыхтоўка тэксту для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

1. http://www.uspenie.by/
2. https://polmed.by/
3. https://eparhia992.by/
4. http://www.hram-miory.vitebsk.by/
5. https://pda.ekskursii.by/
6. https://globus.tut.by/