Дзве сястры – дзве дарогі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Шаноўныя чытачы! Кожны герой матэрыялаў рубрыкі “Імёны. Падзеі. Памяць”, што прадстаўлены вашай увазе Цэнтрам праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры, выклікае павагу як асоба і непаўторнай гісторыяй свайго лёсу яшчэ раз сцвярджае непарушную ісціну: выхаваная ў сям’і любоў і павага да бацькоў, да людзей, сваёй зямлі, да ведаў – самы моцны падмурак, на якім грунтуецца чалавечае жыццё.

Галоўныя гераіні гэтага матэрыялу – Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская (24.11.1928 – 30.08.1995) і Марыя Сцяпанаўна Мяцельская (05.12.1930 – 14.08. 2006). Дзве сястры. Два таленавітыя педагогі.

Нам з Ларысай Іванаўнай Пшанічнай пашчасціла вучыцца па падручніках Еўдакіі Мяцельскай, а Марыя Мяцельская – не толькі наш незабыўны любімы выкладчык, але і класны кіраўнік падчас вучобы ў Слуцкім медыцынскім вучылішчы.

Многія нашы сябры і калегі – былыя студэнты шаноўных Еўдакіі Сцяпанаўны і Марыі Сцяпанаўны. Кожны з нас згадвае іх як шчырых, строгіх і чалавечных у адносінах да студэнтаў, прыгожых і светлых душою людзей.

Слаўныя нашы педагогі, Еўдакія Сцяпанаўна і Марыя Сцяпанаўна, вечная вам памяць і нізкі паклон за тое святло, якое змаглі запаліць у нашых сэрцах сваёй дабрынёй і прафесіяналізмам, за вашы пройдзеныя жыццёвыя дарогі, што сталі годным арыенцірам для шматлікіх вашых выхаванцаў…

Зоя ПАДЛІПСКАЯ.

 

Дарога да роднай хаты.

Я добра памятаю той летні дзень з майго дзяцінства. Мы з сястрой крочым басанож услед за матуляй палявой сцежкай да возера. Сцежка такая цёплая і мяккая! Пыл проста прасочваецца між пальцамі. У траве навокал шмат кветак, і мы збіраем букецікі для мамы – у каго лепш атрымаецца і чый больш спадабаецца. Яна ж усміхаецца, хваліць нас абедзвюх, і мы бяжым далей. Наперадзе віднеецца невялікі лясок (яго, як я помню, называлі “гаёк”), і вось дзесьці там, перад гэтым лясочкам, – невялічкае возера з вельмі мяккай вадою (гаварылі нават, што яна загойвае раны). Хутка ўжо можна будзе адчуць асалоду ад прагрэтай за дзень вады!

Колькі радасці ў гэтым дні, у гэтай, здавалася б, простай вандроўцы, у гэтым прасторы! Я памятаю ўсё да самых драбніц, нават колер мамінай сукенкі – белай у сінюю клетачку. Часам мне нават сніцца гэты дзень, і я зноў бачу сябе маленькай, а маму маладой і поўнай сілы.

А дарога ўсё віецца, бяжыць усё далей…

Усім вядома сцвярджэнне: “Дарога кожнага чалавека пачынаецца ад парога роднай хаты”. Жыццёвыя дарогі для дзвюх сясцёр бяруць пачатак з мястэчка Грэск Слуцкага раёна (раней Бабруйская) Мінскай вобласці: старэйшай Еўдакіі Сцяпанаўны і малодшай Марыі Сцяпанаўны Мяцельскіх.

Мне тым больш цікава прасачыць гэтыя лёсы, таму што Марыя Сцяпанаўна – мая матуля, а Еўдакія Сцяпанаўна – родная цётка.

Нарадзіліся абедзве ў даваенны час у простай сялянскай сям’і (Еўдакія – 28 лістапада 1928 года, Марыя – 5 снежня 1930 года) у звычайнай вясковай хаце, якую паставіў іх бацька, Сцяпан Андрэевіч Мяцельскі.

Бабуля мая, Вольга Георгіеўна (у дзявоцтве Астроўская), была непісьменнай. Нагаравалася ў жыцці больш чым дастаткова, як, дарэчы, і многія ў той час. Таму, калі адгрымела вайна, заахвочвала дачок на вучобу.

Бабуля Вольга Георгіеўна Мяцельская (у дзявоцтве Астроўская).

Мама ўспамінала, як бабуля казала: “Мусіць, уся праўда ў навуцы”. Варта сказаць, што асабліва заахвочваць і не трэба было. Абедзве вучыліся старанна і з цікаўнасцю, хаця нават і падручнікаў не хапала. Часам адна кніга была на ўсю вуліцу. Зноў жа, са слоў матулі, ведаю, што ў такім выпадку старэйшая Еўдакія магла проста перапісаць ад рукі неабходную для сябе кнігу.

Мінула ўсяго некалькі гадоў з часу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а Еўдакія ўжо намерылася ехаць у Мінск вучыцца. Бабуля сабрала ёй сёе-тое ў дарогу і адправіла, як кажуць, у свет.

Мама пазней, успамінаючы пра гэта, казала, што сястра рушыла ў навуку, як той Ламаносаў. Усё ж стараннай дзяўчыне ўдалося стаць студэнткай філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (аддзяленне логікі, псіхалогіі і мовазнаўства).

Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская падчас вучобы на філалагічным факультэце БДУ.

Ішоў 1948 год. Нялёгка даводзілася і студэнтам у той час. Але вучылася Еўдакія добрасумленна, заўсёды атрымлівала стыпендыю ды яшчэ старалася адправіць трохі грошай дадому, каб дапамагчы матулі.

Захавалася некалькі лістоў тае пары. І вось невялікі ўрывак з аднаго з іх, напісанага Еўдакіяй Сцяпанаўнай і пазначанага 22 сакавіка 1950 года: “Здравствуйте, мои дорогие! Сегодня получила вашу посылку, за которую очень и очень благодарю.

…Живу я хорошо. Дела по учёбе тоже хороши. После весенних каникул пойдём в школу на практику.

Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская (у первым радзе другая злева) разам з аднакурснікамі падчас вучобы ва ўніверсітэце. 1949 г.

…Деньги у меня ещё есть. В этом месяце у меня есть ещё 105 рублей, а 25-го будут давать стипендию. Сразу же, как только получаю, вышлю вам 150 рублей. Рублей 150 можно отпустить на платье, а остальное на питание. Так я рассчитала. Шлю почтой…”

Марыя Сцяпанаўна Мяцельская, студэнтка біялагічнага факультэта БДУ.

У 1951 годзе і мая мама, Марыя Сцяпанаўна, стала студэнткай, паступіла на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І цяпер бабуля Вольга атрымлівала лісты яшчэ і ад малодшай дачкі.

Вось што тая піша ў лістападзе ў 1951 года: “Здравствуй, милая мама! К Дусиному письму прилагаю и свой листок, в котором вкратце сообщу о своей жизни.

…Всё свободное время просиживаю в читалке. В эту субботу сдаю первый зачёт. Но этот совсем не трудный. Нам надо сдать шесть зачётов и три экзамена. С экзаменами дело труднее и сложнее. Зимняя сессия начинается с 5-го января. Оканчивается 23-го января. Поработать придётся хорошо. Страшно боюсь экзаменов, ибо не знаю, как их сдавать. Но приложу все силы, чтобы было всё хорошо. Многие предметы уже закончили читать. Каждый день практические занятия.

Вот почти и всё. На этом я заканчиваю. Воскресенье. Час ночи. Спешу спать.

До свидания! С приветом, Мария! 02. 11. 1951 г.

Ліст дадому дачкі Марыі.

Увогуле, гэтыя лісты лепш за ўсё перадаюць атмасферу, у якой праходзіла студэнцкае жыццё таго часу.

Вучыліся старанна, імкнуліся паспяхова здаваць экзамены, каб мець стыпендыю, з якой яшчэ і бацькам дапамагалі. Але былі і іншыя падзеі ў паўсядзённым жыцці. Мама расказвала пра змястоўныя і пазнавальныя штогоднія летнія практыкі. Падчас адной з іх яна першы раз убачыла мора, калі давялося пабываць у Сухуме, наведаць самы буйны на Каўказе дэндрарый. Запамінальнай была і практыка на возеры Нарач.

Еўдакія (справа першая ў другім радзе) і Марыя (другая справа ў другім радзе) са студэнткамі БДУ.

А ў 1955-м годзе Марыі Мяцельскай выпала здымацца ў масоўцы фільма “Зялёныя агні” на кінастудыі “Беларусьфільм”.

Матуля ўспамінала, што гэта было цікава і незвычайна. Яшчэ і заплацілі ім за гэту работу, што таксама не лішняе для студэнта. Але ж галоўнае – вучоба, заняткі нельга было прапускаць.

Марыя Мяцельская ў студэнцкія гады (удзел у масоўцы фільма “Зялёныя агні”, кінастудыя “Беларусьфільм”).

Дзякуючы такому эпізоду ў студэнцкім жыцці матулі, я і цяпер, знайшоўшы той фільм у інтэрнэце, магу бачыць яе на экране маладой, прыгожай, такой яшчэ бесклапотнай і шчаслівай.

На канікулах жа дзяўчатам даводзілася шмат працаваць дома, дапамагаць маці па гаспадарцы.

Сёстры Еўдакія (злева) і Марыя (справа) разам з матуляй.

Вось урывак яшчэ з аднаго ліста старэйшай Еўдакіі (датаваны 02. 12.1951 г.): “Здравствуй, дорогая мама!

Живём мы хорошо, теперь у нас начинается самое горячее время. Декабрь месяц, нужно сдавать зачёты. Для меня это не ново, а вот Мария волнуется. Все дни она проводит в читалке, а в субботу сдаёт первый зачёт. О результатах будем сообщать в следующем письме.

На той неделе и я сдаю зачёт, приезжает наш профессор Рубинштейн, и числа шестого-седьмого будем сдавать зачёт. Так начинается предпоследняя моя сессия в университете и последняя, если не считать весенних государственных экзаменов.

Дела с дипломной работой тоже пока идут хорошо. Хожу в Ленинскую библиотеку, выписываю нужную литературу и работаю по подбору необходимого материала.

И ещё одна важная новость, решающая мою судьбу полностью, и в некоторой степени касающееся и тебя, в частности. Дело в том, что в Минске в этом году открывается Научно-исследовательский институт белорусского языка при Академии наук БССР. Директором этого института назначили Кандрата Крапиву. Меня, Лилю, Толю, Колю и Володю рекомендуют младшими научными сотрудниками в этот институт.

…Нас берут на работу с условием, если мы будем продолжать учёбу, то есть нужно сдать кандидатский минимум и защитить диссертацию за аспирантуру.

Главное, у нас будет работа, месячный заработок 860 рублей; работу в институте нужно будет умело сочетать с учёбой. Учитывая все эти обстоятельства, я прошу и твоего совета, мама.

…Словом, на зимних каникулах я тебе много о чём расскажу.

… Вот и все мои новости.

Привет всем нашим от меня и Марии! Пишите, ждём. До свидания. 02.12. 1951 г.”

Ліст дадому дачкі Еўдакіі.

Калі чытаеш гэтыя радкі пра заснаванне Навукова-даследчага інстытута беларускай мовы, пра Кандрата Крапіву, прызначанага яго дырэктарам, пра першых навуковых супрацоўнікаў, сярод якіх была і Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская, то нібы набліжаешся да тых часоў, што сталі пачаткам беларускага мовазнаўства.

Захаваўся таксама яшчэ ліст Еўдакіі Сцяпанаўны, датаваны 20.11. 1954 г.: “Здравствуй, милая мама! Долго не писала тебе, всё надеялась на великие новости. Но, оказывается, так можно и год ждать.

…Живём мы хорошо. …Мы ведь теперь будем и так богаты. Свою стипендию я вот на днях получила, Марийка тоже. Долгов у нас нет, а теперь ещё и Женя к середине месяца получит, так и совсем будет хорошо (на гэты час Еўдакія Сцяпанаўна ўжо была замужам за Яўгенам Міхайлавічам Камароўскім, які ў далейшым, як і яна, стане кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам філалагічнага факультэта БДУ). Так, может, прислать тебе, мама, на кофточку, у нас ведь можно достать, а тебе она пригодится. Во-первых, тёплая, а во-вторых, цвет очень красивый. Напиши нам, пришлём.

(Як бачым, пры ўсёй занятасці, не забываюць дзяўчаты пра патрэбы матулі, стараюцца зрабіць хоць што карыснае і патрэбнае для яе).

…Женя теперь четыре раза в неделю посещает занятия в академии. Утром встаёт рано, вместе с Марией, ибо надо через весь город добраться к месту занятий. А теперь такой мороз стоит у нас, нос страшно высунуть на холод. В комнате у нас тоже не очень жарко. Правда, когда вечером соберёмся все, то становится теплее.

Сегодня было у нас заседание кафедры, обсуждали главу работы одной нашей аспирантки, поступившей вместе со мной. Утешительного мало говорили, всё больше ругали. Страшно стало и мне, потому что к Новому году возьмутся и за меня.

Вот и все мои новости. 20.11.1954 г.”

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе страхі і хваляванні, Еўдакіі Сцяпанаўне, пасля завяршэння ў 1952 годзе вучобы ва ўніверсітэце, удалося паспяхова скончыць аспірантуру (1955), абараніць кандыдацкую (1959), стаць дацэнтам (1961), выкладчыкам БДУ, дыялектолагам, адным з вядучых беларускіх спецыялістаў па народных гаворках, сааўтарам першых у беларускім мовазнаўстве дапаможнікаў па дыялекталогіі.

Еўдакія Сцяпанаўна Мяцельская і Яўген Міхайлавіч Камароўскі.
“Беларуская мова. Дапаможнік для абітурыентаў” аўтараў Еўдакіі Мяцельскай і Яўгена Камароўскага.

Еўдакія Сцяпанаўна разам з мужам, Яўгенам Міхайлавічам Камароўскім, таксама кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам БДУ, выхавалі траіх дзяцей – дзвюх дачок, Ірыну і Марыну, і сына Міхаіла, далі ім вышэйшую адукацыю. Ірына скончыла механіка-матэматычны факультэт БДУ, Марына – медыцынскі інстытут. Сын Міхаіл вучыўся на геаграфічным факультэце БДУ, пасля скончыў аспірантуру. З 1984 года працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі НАН Беларусі спачатку малодшым навуковым супрацоўнікам, а з 1990 года – старшым навуковым супрацоўнікам. З 2002 года Міхаіл Яўгенавіч Камароўскі – старшы выкладчык кафедры дынамічнай геалогіі, дацэнт (з 2007 г.) геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Так сын працягвае традыцыі ў навуковай і выкладчыцкай працы, закладзеныя яго бацькамі.

Міхаіл Яўгенавіч Камароўскі, кандыдат геолага-мінералагічных навук.

У 1956 годзе скончыла навучанне ў БДУ ( аддзяленне “Біялогія”) і малодшая Марыя, мая матуля. У дадатку да дыплома ў мамы толькі “добра” і “выдатна”. Абарона дыпломнай работы таксама “выдатна”.

Калі я пераглядала мамін выпускны альбом, то звярнула ўвагу, што ў гэтым жа годзе заканчвалі ўніверсітэт (толькі філалагічны факультэт, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры) Гілевіч Н.С., Каратай К.А., Міхей Н.Д., Лазоўскі У.М. Усіх гэтых выпускнікоў я ў далейшым, праз многія гады, калі ўжо сама стала студэнткай філалагічнага факультэта (аддзяленне беларускай і рускай моў і літаратуры), уведала як выкладчыкаў. А Уладзімір Міхайлавіч Лазоўскі нават быў у мяне кіраўніком дыпломнай работы. Запомнілася мне, што адной з любімых маміных песень была “Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…” на словы Ніла Сымонавіча Гілевіча. А кніга Ніла Сымонавіча па народным фальклоры з аўтографам беражліва захоўваецца ў маёй бібліятэцы.

Дэканам філалагічнага факультэта на той час ужо быў Ларчанка Міхась Рыгоравіч. Выкладаў ён яшчэ і ў гады майго студэнцтва.

З выкладчыкаў тых гадоў (мамінага года выпуску), якія потым былі маімі настаўнікамі ва ўніверсітэце, магу назваць яшчэ Шакуна Л.М., Лапідуса Н.І., Цімафееву В.М.

Як усё ж цікава пераклікаюцца людскія лёсы, пераплятаюцца іх жыццёвыя дарогі!

Пасля заканчэння вучобы мама працавала ў розных сельскіх і гарадскіх школах, куды прыводзіў яе лёс. Давялося нават выкладаць біялогію ў адной са школ на Далёкім Усходзе, у Прыморскім краі, куды мама паехала ўслед за нашым бацькам – ваенным урачом (дарэчы, там, на Далёкім Усходзе, мы і нарадзіліся). Потым, вярнуўшыся ў Беларусь, працавала ў Грэскай школе, СШ № 9 г. Слуцка, а з 1963 года і да выхаду ў 1994 годзе на заслужаны адпачынак (больш за 30 гадоў!) выкладала біялогію ў Слуцкім медыцынскім вучылішчы.

Марыя Сцяпанаўна Мяцельская праводзіць заняткі па біялогіі з навучэнцамі Слуцкага медвучылішча.

Неаднаразова мама была ўзнагароджана падзякамі і ганаровымі граматамі за дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.

У 1977 годзе ад імя Міністэрства і ЦК прафсаюза ўзнагароджана знакам “Пераможца сацспаборніцтва”.

У 1987 годе ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР і рашэннем выканкама Савета народных дэпутатаў за шматгадовую і добрасумленную працу ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”. А ў 1988 годзе Марыі Сцяпанаўне Мяцельскай было прысвоена званне “Выкладчык – метадыст”.

Марыя Сцяпанаўна Мяцельская з навучэнцамі Слуцкага медвучылішча.

Дарэчы, калі ў 2003 годзе я стала пераможцай і атрымала Гран-пры ў рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак “Адкрыты ўрок”, у якасці ўзнагароды была турыстычная паездка па краінах Заходняй Еўропы з наведваннем Дрэздэна, Берліна, Бруселя, Парыжа. Вярнуўшыся, я адправіла ў “Настаўніцкую газету” свае дарожныя нататкі пад назвай “Самая прыгожая дарога ў свеце: Мінск-Слуцк”.

І калі я прачытала гэты допіс матулі, то бачыла, што яна ганарыцца мною. Яе пахвала для мяне была вельмі дарагой, бо мая маці – мой галоўны настаўнік і, калі можна так сказаць, галоўны метадыст па жыцці.

Больш за 37 гадоў працоўнага стажу мае мая матуля, выхавала не адно пакаленне навучэнцаў, якія заўсёды з удзячнасцю яе ўспамінаюць.

І разам з бацькам падняла, дала вышэйшую адукацыю, вывела ў людзі нас – траіх сваіх дзяцей.

Яшчэ побач з матуляй… Злева направа: дачка Галіна, Марыя Сцяпанаўна, дачка Ларыса і сын Сяргей.

Гледзячы на сваю матулю, і мы ўсе трое звязалі свой лёс з прафесіяй настаўніка. Старэйшая сястра Ларыса скончыла біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, я – філалагічны факультэт БДУ (аддзяленне беларускай і рускай моў і літаратуры), малодшы брат Сяргей – гістарычны факультэт.

Ларыса Мікалаеўна Жук (Кіршчэня).

Стараліся, як і бацькі, адносіцца да абранай працы сумленна. Быў нават такі перыяд у нашых працоўных біяграфіях, калі мы ўсе трое займалі ў розных школах пасады намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Сястра Ларыса Мікалаеўна Жук (Кіршчэня) працавала ў адной з ялцінскіх школ Крыма – у Карэізскай СШ (пра поспехі ў працы гаворыць і тое, што ў 2006 годзе яна стала пераможцай у конкурсе “Лепшы завуч Крыма”, а ў 2007 – лаўрэатам штогодняга гарадскога конкурсу “Грамадскае прызнанне Ялты” ў намінацыі “Адукацыя” з уручэннем дыплома), брат Сяргей Мікалаевіч Шыловіч – у Слуцкім каледжы перапрацоўчай прамысловасці (цяпер працуе на пасадзе дырэктара Слуцкага сельскагаспадарчага ліцэя, праца адзначана Ганаровым дыпломам пераможца конкурсу “За лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне ў Рэспубліцы Беларусь за 2020 год”), я – у сярэдняй школе № 6 г. Слуцка.

Сяргей Мікалаевіч Шыловіч.

Працуючы менавіта ў гэтай школе, я неаднаразова рабіла допісы ў часопіс “Роднае слова”, дзялілася сваімі метадычнымі распрацоўкамі, планамі найбольш удалых урокаў, сцэнарыямі пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных роднаму слову і беларускай культуры (адзін з маіх сцэнарыяў літаратурнай канферэнцыі ”Зямлі бацькоў – не анямець!” быў адзначаны заахвочвальным прызам зноў жа ў рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак “Адкрыты ўрок” за 2004 год).

І калі ў нас усё атрымлівалася добра, калі ўдавалася праявіць адказнасць, прафесійнае майстэрства, цярпенне і творчы падыход да справы, то гэта, у першую чаргу, дзякуючы тым урокам жыцця, якія дала кожнаму з нас наша маці – Марыя Сцяпанаўна Мяцельская, светлы, шчыры і сціплы чалавек.

Галіна Мікалаеўна Белік (Кіршчэня).

У 2020 годзе матулі споўнілася б 90 гадоў. З нагоды гэтай даты я прысвяціла дарагому чалавеку выставу сваіх работ “Кветкі жывуць у сэрцах людзей”. Гэта фотаздымкі, малюнкі, карціны з выявамі кветак у розных тэхніках (выстава адбылася ў МБУК “Компас” Дома культуры г. Власіха Маскоўскай вобласці).

Усе гэтыя кветкі – у памяць пра самага блізкага чалавека. Колькі памятаю, усюды, дзе матуля працавала, было шмат кветак, якія яна з задавальненнем даглядала. І не толькі таму, што біёлаг па прафесіі. Проста яна ўмела бачыць і цаніць прыгажосць у жыцці.

Выстава работ Галіны Белік, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння маці Марыі Сцяпанаўны Мяцельскай.

Нізкі паклон табе, дарагая матуля, дарагая наша настаўніца!

Паклон усім нашым блізкім людзям, услед за якімі нам давялося прыйсці ў гэтае жыццё, працягваць іх жыццёвыя дарогі і несці далей цеплыню іх сэрцаў!

Галіна БЕЛІК (КІРШЧЭНЯ), выпускніца філалагічнага факультэта БДУ (1980 г.), настаўнік беларускай і рускай моў і літаратуры.