Крылаты праект для «Арлянят»

Ва ўстановах адукацыі Навагрудчыны ў час веснавых канікул працавалі профільныя духоўна- маральныя змены ў аздараўленчых лагерах. Іх мэта: стварыць спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя і арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, фарміраванне высокіх патрыятычных пачуццяў, знаёмства моладзі з духоўнай і культурнай спадчынай сваёй краіны.

У Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе ў рамках праекта “Ад зямнога да нябеснага” гасцінна расчыніў дзьверы для 18 хлопчыкаў і дзяўчынак лагер “Крылы”. “Крылы”- гэта вышыня, гэта магчымасць палёта, гэта неба. Духоўна-маральная змена аб’яднала дзяцей у атрад “Арляняты”.

Знаёмства з гульнявым сюжэтам змены і прытчай лагера адбылося ў форме гутаркі “Размова па душам”. Кожны дзень жыцця ў лагеры быў вельмі насычаным. Вельмі карыснай была акцыя “Выратаванне”, якую правялі ў лагеры супрацоўнікі Навагрудскага МНС. Змястоўныя віктарыны, рухомыя конкурсы прыйшліся да спадобы ўсім. Гісторыка- пазнаваўчая гульня “Святая Еўфрасіння Полацкая і яе крыж”, прысвечаная 860-годдзю стварэння Лазарам Богшам крыжа, нацыянальнага сімвала Беларусі, электронная гульня “Старажытны Полацк” пераканалі дзяцей у тым, што трэба клапаціцца не толькі аб выратаванні свайго цела, але і душы.

Дзень гармоніі даў магчымасць “Арлянятам” дакрануцца да свету мастацтва. Спачатку тэатральная афіша запрасіла ўсіх у тэатр цяней, а потым у лялечны тэатр “Батлейка,” з якім у лагер завітаў настаяцель храма св. Варвары ў аг. Райца айцец Аляксей (Шышкір). У час прадстаўлення дзеці пазнаёміліся са святыняй Беларусі – Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыром.

Размова аб тонкім і прыгожым працягнулася ў час мастацкага салона “ У свеце фарбаў і гукаў”. У атмасферы свечак, прыгожа аформленых сталоў, за кубкам гарбаты, салон прымаў гасцей: настаяцеля храма аг. Валеўка айца Іллю (Герасімука), выхаванцаў школы мастацтваў горада Навагрудка. Нашы “Арляняты” вучыліся “чытаць” карціны І.Левітана, Паленава, Саўрасава, Іванова. Гучалі прыгожыя вершы, а каралевай салона была яго вялікасць скрыпка. Гармонія слоў, музыкі і фарбаў нараджала гармонію ў душах і сэрцах слухачоў і гледачоў. Кубак гарачай гарбаты стварыў сямейную ўтульнасць і цеплыню. Гаварылі аб значэнні паста для хрысціяніна, аб тым, колькі патрэбна кожнаму з нас працаваць для свайго духоўнага ўдасканальвання. Аб тым, што ў здаровым целе здаровы дух, мы пераканаліся ў час футбольных спаборніцтваў. Гэта ж так цікава – сыграць у футбол разам з настаяцелем храма! Быць гэтакім дужым і спрытным.

Дарэчы, айцец Ілля і матушка Алена шмат часу праводзілі з моладдзю, падаючы прыклад не толькі любові да Бога і бліжняга, але і ўзамаадносін у хрысціянскай сям’і. У апошні дзень лагера дзеці спавядаліся і прычасціліся, а дзяўчынкі нават спявалі ў царкоўным хоры.

Паездка ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр дала магчымасць дакрануцца да святынь, даведацца аб гісторыі манастыра. Насельнікі манастыра былі вельмі гасцінныя і прапанавалі пачастункі, за якімі ішла гаворка аб вышэйшых чалавечых якасцях, аб уменні дараваць, міласэрнасці.

З задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі ўдзел у інтэлектуальнай гуліні “Што? Дзе? Калі?”, якая была прысвечана ролі кніг і ведаў ў жыцці чалавека.

У дзень творчасці ў лагер завіталі майстры Навагрудскага цэнтра рамёстваў з праграмай “Ад верацён да нашых дзён”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся аб традыцыях ткацтва, вышыўкі, выцінанкі на Навагрудчыне. Цікавы аповяд Н.А. Клімко аб тым, як нашы продкі рыхтаваліся да святаў Вербніца і Пасха, акунуў прысутных у атмасферу любімых свят. Майстар- класы па пляценню паясоў, выцінанка, саломапляценне, выраб лялек вярнулі моладзь да народных вытокаў, а пасхальныя падарункі, зробленыя сваімі рукамі, здаваліся асабліва прыгожымі.

Кожны дзень лагера завяршаўся акцыяй “Вянок памяці”. Мы наведвалі помнікі, абеліск, памятныя знакі, пахаванні нашых аднавяскоўцаў, каб аддаць ім даніну памяці, запаліць свечачку, а іх імёны ўплясці ў “Вянок памяці”.

Лагер працаваў у самую прыгожую пару года- вясну. Тэматычны паход у прыроду “Ад тварэння- да Тварца” даў магчымасць пачуць спеў птушак, палюбавацца хвалямі любай Свіцязі. Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што калі ёсць на зямлі рай, то гэта – Свіцязянскі край. На Зямлю прыйшла вясна, а ў сэрцы нашых дзяцей – яшчэ і вясна духоўная. Бывай, першая духоўна-маральная змена, чакаем цябе на наступны год.

Намеснік аздараўленчага лагера “Крылы”, настаўнік факультатыўнага курса “Асновы праваслаўнай культуры” Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Сурага Т.М.

oroik.by