Назаўсёды застаўся верны свайму пакліканню: свяшчэннапакутнік Міхаіл Плышэўскі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Міхаіл Плышэўскі нарадзіўся 1 лістапада 1862 года ў вёсцы Варонічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і святара Пятра Сампсоніевіча (12.06.1829–17.05.1909) і матушкі Ганны Ігнацьеўны, дачкі святара, народжанай Янкоўскай (1834–25.06.1883).

Бацька Міхаіла, Пётр Сампсоніевіч Плышэўскі, скончыў Мінскую духоўную семінарыю і ў 1854 годзе быў пасвечаны ў іерэі. У 1884 годзе Пётр Сампсоніевіч быў узнагароджаны набедраннікам і скуф’ёй.

Да 1910 года святар Пётр Плышэўскі быў настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы ў вёсцы Варонічы.

Свята-Міхайлаўская царква ў вёсцы Варонічы.

Сям’я святара Пятра была вялікая. Акрамя Міхаіла, у сям’і Плышэўскіх былі дзеці: Вольга (18.02.1855 – пасля 1913); Уладзімір (29.06.1858 –?), пасля протаіерэй; Аляксандр (1860 – 15.09.1897), пасля святар; Ганна (26.05.1865 –?),у замужжы Катлярова; Пётр (1869 – ?); Іван (16.09.1871 – пасля 29.04.1918), пасля святар; Міканор (28.12.1875 – ?.01.1938), скончыў духоўную семінарыю, удзельнік і герой Руска-японскай і Першай сусветнай войнаў, расстраляны ў Ленінградзе ў 1938 г.

Як бачым, Міхаіл паходзіў з набожнай сям’і, і прыклад служэння Госпаду бацькі стаў вызначальным у яго жыцці. Цвёрда вырашыўшы пайсці па бацькавым шляху, Міхаіл паступае ў Мінскае духоўнае вучылішча, якое скончыў у 1881 годзе.

Сучасны выгляд Мінскага духоўнага вучылішча.

Атрымаўшы пачатковую адукацыю, Міхаіл паступіў у Мінскую духоўную семінарыю і скончыў яе ў 1888 г. па 2-м разрадзе.

Мінская духоўная семінарыя.

У 1890 годзе Міхаіл Плышэўскі пасвечаны ў іерэя, і з 1891 да 1893 года айцец Міхаіл служыць настаяцелем Успенскай царквы вёскі Блужа Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).

Успенская царква вёскі Блужа Ігуменскага павета.

Праз некаторы час айцец Міхаіл ажаніўся з Лізаветай Пятроўнай Свірскай (05.09.1868-?). Лізавета Свірская з’яўлялася роднай цёткай святой блажэннай Валянціны Мінскай. Вось так нябачна перапляліся лёсы беларускіх і расійскіх святых. Род Свірскіх шырока вядомы і ў Расіі, і далёка за яе межамі, асабліва славуты расійскі святы Аляксандр Свірскі.

У 1893 годзе айцец Міхаіл прызначаны настаяцелем Пакроўскай царквы ў вёсцы Пагарэлае Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці).

У сям’і айца Міхаіла і матушкі Лізаветы Пятроўны нарадзіліся дзеці: Марыя (22.02.1892 – ?), пасля настаўніца; Георгій (23.04.1893 – ?); Лідзія (28.01.1895 – ?); Вера (17.06.1897 – ?); Уладзімір (09.06.1899 –?), Ніна (14.11.1902 –?); Аляксандра (02.06.1904 –?)

Айцец Міхаіл служыў 19 гадоў настаяцелем Пакроўскай царквы. Аддаў нямала сіл на выратаванне душ сваёй паствы. Яго яркія пропаведзі і духоўнае жыццё выклікалі ўсеагульную любоў і павагу ўсіх, хто яго ведаў.

У 1912 годзе айцец Міхаіл быў пераведзены ў мястэчка Шацк Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) і прызначаны настаяцелем Ільінскай царквы.

Ільінская царква, мястэчка Шацк. 1927 г.

І тут айцец Міхаіл заслужыў вялікую павагу вернікаў і духавенства. 25 чэрвеня 1914 года духавенствам цэркваў другой акругі Ігуменскага павета святар Міхаіл Плышэўскі быў абраны на трохгадовы тэрмін дэпутатам на епархіяльны з’езд. У 1917 годзе айца Міхаіла ўзнагародзілі наперсным крыжам.

Бальшавікі, прыйшоўшы да ўлады, неаднаразова арыштоўвалі святара Міхаіла па ілжывых абвінавачваннях. У 1929-1930 гг. ён знаходзіўся ў зняволенні паўтара года, у 1932 годзе быў пад следствам тры месяцы, а ў 1933-м яго арыштавалі тэрмінам на тры тыдні.

Айца Міхаіла хацелі запалохаць і адвярнуць ад святарства. Аднак, нягледзячы на сталы ўзрост і цялесныя немачы, айцец Міхаіл заставаўся верным свайму пакліканню і на здзелкі з сумленнем не ішоў.

У хуткім часе храм Святога прарока Іліі ўлады закрыты. Айцу Міхаілу прыйшлося займацца трэбамі. Ён збіраў подпісы сярод вернікаў аб адкрыцці царквы. Падчас Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1937 года святар заклікаў жыхароў Шацка не баяцца савецкай улады і запісвацца вернікамі.

У апошні раз айцец Міхаіл быў арыштаваны 17 ліпеня 1937 года па абвінавачваннях у антысавецкай і контррэвалюцыйнай дзейнасці. Мужна перанёсшы катаванні, бацюшка не толькі не адрокся ад сану, да чаго яго падштурхоўвалі, але і адважна выкрываў бязбожнікаў.

12 жніўня 1937 года разам з Іаанам Варанцом і старастам Ільінскай царквы Аляксандрам Шпакоўскім, які жыў у вёсцы Голае Балота Шацкага сельсавета, тройкай НКУС за “антысавецкую дзейнасць” быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Расстраляны 19 жніўня 1937 года ў Мінскай турме НКУС.

21 сакавіка 1989 года рэабілітаваны пракуратурай Беларускай ССР.

Свяшчэннапакутнік Міхаіл Плышэўскі.

28 кастрычніка 1999 года протаіерэй Міхаіл Плышэўскі быў кананізаваны Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы як мясцовашануемы святы. Далучаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Рускіх для агульнацаркоўнага шанавання ў жніўні 2000 года на Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дні памяці: 16/29 жніўня і 15/28 кастрычніка.

У 2011 годзе ў вёсцы Варонічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці пачалі аднаўляць праваслаўны храм святога Архангела Міхаіла.

Аднаўленне храма пачата намаганнямі невялікага ліку вернікаў, адзін з якіх – нашчадак святароў роду Плышэўскіх, якія служылі ў гэтым храме ў 18 – 19 стагоддзях.

Міхаіл і Дзімітрый Плышэўскія, прысуджаныя да расстрэлу савецкай уладай за пропаведзь веры і адмову адрачыся ад Бога, – гэта нашчадкі аднаго роду, які даў нашай зямлі нямала святароў. На працягу апошніх 200 гадоў амаль усе мужчыны гэтага роду служылі Богу і Царкве, застаючыся верныя свайму пакліканню.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

  • borisoveparhia.by
  • monasterium.by
  • martyrs pstbi.ru
  • hramlavrenty-svetoch/narod.ru
  • https:ru.wikipedia.org
  • radzima.org