Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
У сяле Аброва, сярод балот Пінскага Палесся, у сям’і спадчыннага святара Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы Іаана Шамяцілы, якому было 27 гадоў, у 1877 г. нарадзіўся першы сын. Назвалі яго Мікалаем у гонар Мірлікійскага Свяціцеля (Мікалая Цудатворца), абаронца праваслаўнай веры і народа.
Сям’я, дзе нарадзіўся хлопчык, жыла бедна. Прыход складаўся з адной акружанай балотам вёскі. Храм у вёсцы стары, перабудаваны з уніяцкага ў 1800 г. Прыхаджане былі вельмі бедныя, але надзвычай набожныя людзі.
Айцец Іаан Шамяціла служыў, нягледзечы на цяжкасці. Праз пэўны час яго перавялі на прыход у царкву Пакрова Божай Маці вёскі Плотніца Пінскага павета. Новы прыход быў вялікі. У яго ўваходзіла 9 вёсак і 6 прыпісных капліц. Тут, на берагах рэк Прыпяць і Стыр, прайшло дзяцінства Мікалая.
Сям’я святара вялікая. У айца Іаана нарадзілася яшчэ тры сыны (Якаў, Феафан, Рыгор) і чатыры дачкі. Так было наканавана лёсам, што дзяўчаты выходзілі замуж за святароў. А хлопцы паступалі ў мясцовае Пінскае духоўнае вучылішча, а затым – у Мінскую духоўную семінарыю.
Бацька быў для Мікалая першым добрым прыкладам ва ўсім. Айцец Іаан з вялікім жаданнем па святочных і нядзельных днях гутарыў з паствай на маральныя і катэхізатарскія тэмы. Ён стараўся данесці Дабравесце Хрыстова да сэрца кожнага праз асабістую гарачую любоў і веру. Гэтыя пачуцці, несумненна, перадаваліся і Мікалаю, які з дзіцячых гадоў наведваў мясцовы прыходскі храм, прыслужваў у ім свайму бацьку, спяваў у царкоўным хоры.
Мікалай скончыў царкоўна-прыходскую школу, дзе настаўнічаў айцец Іаан. У 1886 годзе паступіў у падрыхтоўчы клас Пінскага духоўнага вучылішча. Навучанне доўжылася 4 гады. Тут вывучалі не толькі царкоўныя, але і грамадскія дысцыпліны.
У 1891 годзе Мікалай Шамяціла скончыў Пінскае духоўнае вучылішча, а пасля паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якую скончыў па першым разрадзе ў 1897 годзе. Прыкладна ў гэты час уступіў у шлюб і ў 1899 годзе быў пасвечаны ў іерэі.
Такім чынам, да 20 гадоў Мікалай атрымаў сярэднюю адукацыю, якая дазваляла яму стаць слугою Хрыстовым. Мікалай быў прызначаны настаяцелем святой Параскева-Пятніцкай царквы вёскі Мясяцічы Пінскага павета, недалёка ад месца, дзе служыў бацька.
Любоў да ведаў, да настаўніцкай установы перадалася ад бацькі да сына. Так можна патлумачыць тое, што ў 1902 годзе айцец Мікалай стаў выкладчыкам Закона Божага ў Мінскім жаночым вучылішчы. Адначасова ён становіцца членам Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва пры духоўнай семінарыі.
У 1903 годзе ў айца Мікалая нарадзіўся сын Барыс, але радасць была азмрочана нечаканай смерцю маладой маці. Святар Мікалай Шамяціла стаў удаўцом у 23 гады.
Праз некаторы час айцец Мікалай падае прашэнне і пераводзіцца ў Свята-Троіцкую царкву вёскі Белавуша, што на рацэ Гарыні. Зноў паблізу вёскі Плотніца, дзе прайшло дзяцінства. Цяпер толькі можна здагадацца, што прымусіла святара пераехаць з губернскага горада ў вёску на маленькі прыход.
24 студзеня айца Мікалая спасцігае новае гора – памірае бацька. Цяжка было, але святар марыць вучыцца далей. У 1904 г. мара збываецца. Ён паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, дзе на адным курсе вучыўся з Паўлам Фларэнскім, пасля вядомым рэлігійным мысліцелем. За 4 гады вучобы айцец Мікалай авалодаў некалькімі замежнымі мовамі, а таксама дасканала вывучыў старажытнаяўрэйскую, старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы і мог чытаць на іх Біблію.
Айцец Мікалай Шамяціла стаў кандыдатам багаслоўя і ў ліпені 1908 г., пасля заканчэння акадэміі, прызначаны настаяцелем слуцкай Свята-Міхайлаўскай царквы. Прыход быў значны па сваіх памерах. Да Міхайлаўскай царквы прыпісваліся могілкавы храм у гонар вялікапакутніцы Варвары і храм у гонар Вялікапакутніка Георгія ў вёсцы Хранова (цяпер вёска Ветка Слуцкага раёна), а таксама 5 капліц у бліжэйшых вёсках.
У 1911 г. за стараннасць у служэнні айцец Мікалай атрымаў сваю першую ўзнагароду – набедранік. Затым былі і іншыя ўзнагароды: камілаўка і наперсны крыж. Праз тры гады айцец Мікалай быў пераведзены ў Свята-Мікалаеўскі сабор, а ў красавіку таго ж 1914 года ўзведзены ў сан протаіерэя. Адначасова пачаў выконваць абавязкі старшыні слуцкага аддзялення епархіяльнага вучылішчнага савета, які займаўся станам духоўнай адукацыі ў Слуцкім павеце. Пасля рэвалюцыі застаўся жыць у Слуцку.
Амаль адразу пасля ўстанаўлення Савецкай улады ў Слуцку, у лютым 1918 г., горад быў заняты белапольскімі войскамі. У гэты час айцец Мікалай быў святаром пры слуцкай турме і спавядаў асуджаных да расстрэлу 14 партызан – герояў Случчыны.
З лютага па снежань 1918 года Случчына знаходзілася пад уладай кайзераўскай Германіі. Савецкая ўлада зноў была скасавана ў сувязі з акупацыяй Слуцка польскімі войскамі, якая доўжылася з 10 жніўня 1919 г. па 15 ліпеня 1920 г.
Вясной 1920 г. протаіерэй Мікалай Шамяціла выступіў за беларусізацыю мясцовых школ, сам прапаведаваў па-беларуску, сцвярджаючы, што цяпер, калі ўсе народы адраджаюцца, павінна і Беларусь адраджацца да свайго дзяржаўнага жыцця.
Пераадольваючы ўсе цяжкасці, айцец Мікалай працягваў жыць у Слуцку. Жыў проста. Трымаў невялікую гаспадарку. З ім жылі яго стрыечная сястра Фядора Пранько і сын святара Барыс, якога яна выхавала.
На адукаванага, ідэйнага, актыўнага протаіерэя Мікалая звярнуў увагу мітрапаліт Мелхіседэк (Паеўскі Міхаіл Львовіч (1879 – 1931). Пазнаёміліся яны ў Слуцку яшчэ ў 1919 г. І калі была абвешчана Беларуская аўтаномія і паўстала пытанне пра кандыдатаў на епіскапскія вікарныя кафедры, мітрапаліт пажадаў першым сваім памочнікам зрабіць святара Мікалая. У сакавіку 1923 г. мітрапаліт Мелхіседэк (Паеўскі) у саслужэнні яшчэ аднаго епіскапа хіратанізаваў ўдовага протаіерэя Мікалая Шамяцілу ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай кафедры.
2 красавіка 1923 года Мікалай Шамяціла вярнуўся ў Слуцк ужо ў якасці архіпастыра. Кафедральным саборам стаў Мікалаеўскі храм.
Мікалаеўскі сабор у Слуцку (не захаваўся).
Чалавек строгіх поглядаў, епіскап Мікалай карыстаўся павагай сярод слуцкага духавенства і свецкіх. Ён цвёрда стаяў на пазіцыі праваслаўя. Сапраўды, новая ўлада не вітала ўсякага роду веравызванні, але прапанавала РПЦ альтэрнатыву, якая прадугледжвала “саюзніцкія” адносіны са сваімі кантралюючымі органамі. Меркаванні святароў падзяліліся і прывялі да расколу РПЦ. З’явіліся прыхільнікі незалежнай ад існуючай улады царквы, т. зв. “ціханаўцы” і святары, згодныя супрацоўнічаць з гэтай уладай. Іх назвалі “абнаўленцамі”.
На жаль, новым уладам удалося пасеяць смуту і раскол у Слуцкай епархіі.
У 1925 г. Слуцкі Троіцкі манастыр быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя перададзена пад вайсковы гарадок. [Сабор закрылі ў 1930 годзе. На жаль, у час Вялікай Айчыннай вайны царква атрымала пашкоджанні, але выстаяла. Канчаткова лёс храма быў вырашаны ў 1945 годзе падчас інспекцыйнай паездкі маршала Цімашэнкі. Па яго загадзе царква была ўзарвана (!). Парэшткі некропаля былі прыбраны ў 1990-я гады.]
Пасля ліквідацыі Троіцкага манастыра святары аб’ядналіся вакол Троіцкага сабора, але неўзабаве большасць з іх на чале з архімандрытам Саваціем (Засімовічам) ухіліліся ў абнаўленцтва. Па ініцыятыве святара Васіля Паўлюкевіча з Міхайлаўскай царквы быў арганізаваны сход духавенства Слуцка і манахаў Свята-Троіцкага манастыра. Адбывалася гэта на кватэры епіскапа Мікалая. Манахі не паслухалі ўгавораў і не адракліся ад намеру прыняць абнаўленцтва.
Каб ліквідаваць перашкоды да царкоўнага расколу, ДПУ прыняло меры супраць прыхільнікаў кананічнай Царквы: 20 жніўня 1926 г. былі арыштаваны протаіерэі Міхаіл Лукашэвіч і Васіль Паўлюкевіч. А 21 жніўня 1926 г. быў арыштаваны і епіскап Мікалай (Шамяціла). Пры вобыску ў яго на кватэры знайшлі верш, які прыпісваецца Сяргею Ясеніну, “Адказ на евангелле Дзям’яна Беднага”. Гэта дало падставу абвінаваціць епіскапа Мікалая ў захоўванні і распаўсюджванні твора антысавецкага зместу. Калі раскол адбыўся, епіскапа Мікалая вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.
28 чэрвеня 1927 года справа ў дачыненні да ўладыкі Мікалая была закрыта і падпіска аб нявыездзе анулявана за недаказанасцю абвінавачвання па 125 артыкуле КК. Аднак здароўе епіскапа падарвалася. У чэрвені таго ж года здарыўся інсульт. Левая палова цела не слухалася. Уладыка страціў слых і не мог гаварыць.
Епіскап Мікалай (Шамяціла) не мог ужо ўплываць на ход царкоўнага жыцця. Прафесар Кроль, які лячыў уладыку, раіў яму палячыцца ў сваёй клініцы, але сродкаў не было.
У той час сярод духавенства ішло абмеркаванне пытання аб абвяшчэнні аўтакефальнай Беларускай Царквы. Трэба сказаць, што да гэтага дзеяння Бабруйскага вікарнага епіскапа Філарэта (Раменскага), які з 1925 года кіраваў Мінскай епархіяй пасля арышту і заключэння мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага), незаўважна падштурхоўвала АДПУ. Духавенства бачыла ў такім кроку, перш за ўсё, магчымасць кансалідаваць свае сілы супраць абнаўленцаў.
У жніўні 1927 г. у Мінску адбыўся Беларускі епархіяльны з’езд духавенства і свецкіх, на якім усё-такі была абвешчана аўтакефалія Беларускай Царквы. Прысутнічалі на з’ездзе і прадстаўнікі Слуцкай акругі. Епіскап Мікалай (Шамяціла), які па стане здароўя не мог прыехаць, даслаў прывітальны ліст да ўдзельнікаў з’езду.
У верасні 1927 г. у Слуцк павінны былі з’ехацца абнаўленчыя епіскапы. І хоць епіскап Мікалай не вельмі добра сябе адчуваў, актыўна ўключыўся ў царкоўнае жыццё і пачаў служыць урачыстыя набажэнствы. Як вядома, да апошніх дзён свайго жыцця на волі, епіскап Мікалай строга выконваў свае архіпастырскія абавязкі, жыў вельмі сціпла і дапамагаў людзям, чым мог.
Праз два гады да епіскапа Мікалая зноў прыйшла бяда. Адзінага сына Барыса, які служыў псаломшчыкам у адным з храмаў Слуцка, у 1929 годзе арыштавалі і абвінавацілі ў “шпіянажы на карысць Польшчы”. Яму прысудзілі 3 гады лагераў. Пасля адбыцця тэрміну зняволення, Барыс Шамяціла прыняў сан іерэя. Аднак неўзабаве быў зноў арыштаваны і высланы ў Заходнюю Сібір. Пасля вызвалення жыў у Астрахані. І толькі 2 сакавіка 1992 года Барыс Мікалаевіч Шамяціла быў рэабілітаваны. Аднак вернемся да падзей на Случчыне.
З канца 1932 г. Случчыну захліснула новая хваля рэпрэсій духавенства і свецкіх. Арыштаваны родны брат епіскапа Мікалая (Шамяцілы) – настаяцель старобінскай Мікольскай царквы протаіерэй Феафан Шамяціла. Неўзабаве ДПУ правяло вобыск і ў доме ўладыкі.
Вернікам прад’яўлялася абвінавачванне ў “непасрэдным звяржэнні Савецкай улады шляхам паўстання, прымеркаванага да моманту замежнай інтэрвенцыі”. Справа атрымала назву “Езуіт”.
16 сакавіка 1933 года ў Слуцку епіскап Мікалай (Шамяціла) быў арыштаваны. Ён абвінавачваўся ва ўзначаленні так званага слуцкага філіяла контррэвалюцыйнай царкоўна-паўстанцкай арганізацыі, якая быццам бы існавала ў Магілёўскім, Крычаўскім, Чавускім, Слуцкім і іншых раёнах Беларусі, а таксама ў правядзенні актыўнай контррэвалюцыйнай агітацыі. Па справе праходзіла 48 чалавек.
Адначасова ўлады закрылі Свята-Мікалаеўскі сабор. Разам з епіскапам Мікалаем (Шамяціла) пазбавілі волі каля 20 святароў, якія служылі на Случчыне, і найбольш актыўных прыхаджан. Усе яны трапілі пад магутную хвалю рэпрэсій, якія пракаціліся па многіх вёсках і гарадах Усходняй Беларусі ў лютым-сакавіку 1933 года.
У сярэдзіне мая епіскапа Мікалая ў адным “варанку” разам з протаіерэем Генадзем Захарэвічам, епіскапам-абнаўленцам Саваціем і іераманахам-абнаўленцам Антоніем (Адамовічам) перавезлі ў Мінск. Там 7 чэрвеня следчая справа “Езуіт” была перададзена на разгляд судовай “тройкі” НКУС. Епіскапу Мікалаю прысудзілі 8 гадоў папраўчых працоўных лагераў, лічачы тэрмін з 16 сакавіка 1933 г. Але ў канцлагер епіскап Мікалай адпраўлены не быў. У яго следчай справе знаходзіцца такі дакумент:
“Даведка. Дана ў тым, што Шамяціла Мікалай знаходзіўся на лячэнні ў 3-й Гар. Сав. б-цы з 19 чэрвеня 1933 года. Дыягназ: Сыпны тыф. Гісторыя хваробы № 1249”. Такім чынам, у адпаведнасці з гэтай медыцынскай даведкай, уладыка Мікалай (Шамяціла) памёр 23 чэрвеня 1933 года ў мінскай 3-й Савецкай бальніцы ад сыпнога тыфу.
Але ёсць і другая версія, заснаваная на сведчаннях відавочцаў. Са слоў Ларысы Лук’янцавай (народжанай Сацук), жыхаркі г. Слуцка, адбылося наступнае.
Адзін чыгуначнік, жыхар г. Слуцка, ідучы раніцай з работы дадому праз лясок на ўскраіне Мінска, пачуў страляніну. Схаваўшыся ў хмызняках, ён пачаў назіраць. Над выкапаным ровам стаялі вязні. Сярод іх у чорнай рызе стаяў слуцкі ўладыка Мікалай (чыгуначнік ведаў епіскапа ў твар). Усіх пакутнікаў расстралялі канвойныя з Мінскай турмы НКУС. Чыгуначнік запомніў месца расстрэлу і назаўтра ноччу прыехаў туды на кані, адкапаў цела епіскапа Мікалая (Шамяцілы) і адвёз дадому. Праз знаёмых чыгуначніку ўдалося знайсці архіерэйскае адзенне, у якое пераапранулі святара, а пасля труну з целам адвезлі на мінскія лютэранскія могілкі, дзе і пахавалі. Сведкам гэтага быў могілкавы вартаўнік.
У 1935 г. харыстка Мікольскага сабора Ганна Іларыёнаўна Сацук ездзіла на магілу свёкра, які быў пахаваны на тых могілках. Стоячы на каленях, молячыся, яна спявала. Вартаўнік распытаў у жанчыны, хто яна і адкуль, і даверыў Ганне таямніцу смерці епіскапа Мікалая. Пазней на магіле быў пастаўлены высокі жалезны крыж. Без надпісу. У 1970 г. гэтыя нямецкія могілкі каля вуліцы Пятра Купрыянава ператварылі ў сквер, і месца спачыну епіскапа Мікалая (Шамяцілы) загубілася.
Знаходзячыся ў зняволенні, епіскап Мікалай не пабаяўся ў канцы пратакола допыту зрабіць прыпіску наступнага зместу: “Хоць цара і кулакоў няма, але святароў савецкая ўлада ніколі не знішчыць, таму што калі адных арыштуюць, то знізу, з народу, будуць вырастаць новыя асобы духоўнага сану. Само сучаснае жыццё характэрнае нейкай стыхіяй, паўсюль народ рабуюць, узрастае злачыннасць, але пройдзе час і савецкая ўлада звернецца за дапамогаю для рэлігійна-маральнага выхавання да духавенства. Ніякая зброя нічога гэтага не знішчыць”.
17 ліпеня 1989 г. пракуратурай БССР Мікалай Шамяціла рэабілітаваны.
…Здавалася б, магла знікнуць на Случчыне Царква. Але, залітая крывёю пакутнікаў, яна не магла не ўваскрэснуць. І яна ўваскрэсла! На сёння ў Слуцку дзейнічаюць кафедральны сабор святога Архангела Міхаіла, храм прападобнага Паісія Святагорца, храм іконы Божай Маці “Цаліцельніца”, храм благавернага князя Аляксандра Неўскага, храм бессярэбраннікаў Касьмы і Даміяна жаночага манастыра ў гонар праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай; дамовы храм свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага ў будынку Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення, капліца ў гонар святой пакутніцы Варвары.
Аддзелам па справах моладзі Слуцкай епархіі і мясцовымі краязнаўцамі сумесна з газетай “Кур’ер” арганізаваны курс дабрачынных лекцый, дзе слухачы знаёмяцца з гісторыяй горада Слуцка, храмаў і манастыроў, вядомых асобаў свайго краю, а таксама распавядаюць пра гістарычныя падзеі на Случчыне. Бо памятаючы мінулае, чалавек заўсёды дбае пра будучыню. І ажываюць постаці нашых папярэднікаў, і прапускаецца праз сэрца боль новапакутнікаў зямлі беларускай, якім наканавана было загінуць, але не страціць годнасць, сумленне і веру.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
http://sluck-eparchiya.by
http://www.witebsk.orthodoxy.ru
Епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, кандыдат багаслоўя, “Слуцкие архиереи” // Афіцыйны партал Слуцкай епархіі: http://www.sluck-eparchiya.by
Мікалай (Шамяціла) // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917–1967. Энц. даведнік у 2-х тамах. Т. 2. – Мн:, 2007.
Ціткоўскі Ігар. Праваслаўе на Случчыне // Краязнаўчая газета. – 2006. – № 13 (126). – С. 7.