Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Свяшчэннапакутнік протаіерэй Міхаіл Навіцкі нарадзіўся 26 ліпеня 1889 года ў вёсцы Азяраны, на Тураўшчыне, у Мазырскім павеце Мінскай губерні ў шматдзетнай сям’і святара Канстанціна і матушкі Стэфаніды Навіцкіх. У іх сям’і было трынаццаць дзяцей. Калі бацька Міхаіла памёр, увесь клопат пра дзяцей лёг на плечы маці.
Міхаіл Навіцкі пасля заканчэння мазырскай гімназіі адправіўся ў Санкт-Пецярбург для паступлення ва ўніверсітэт і неўзабаве стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта.
Жыць у сталіцы было нялёгка, бо не хапала грошай, асабліва ў першыя месяцы вучобы, калі не атрымліваў стыпендыі. За паўкапейкі студэнт купляў шклянку чаю, далучаў да яго хлеб з гарчыцай, што былі бясплатныя ў студэнцкай сталовай. Гэтым і харчаваўся. Без дапамогі з дому яму на першых парах прыйшлося шмат у чым сябе абмяжоўваць.
Скончыўшы інстытут, Міхаіл Навіцкі ў 1914 годзе ажаніўся з дзяўчынай Зіновіяй, дачкой святара Мікалая Корзуна, і быў накіраваны ў Мінскую мужчынскую гімназію выкладаць лацінскую мову.
Сям’я жыла дружна. Зіновія заўсёды падтрымлівала мужа і была гатовая на любыя выпрабаванні дзеля Хрыста.
У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. Міхаіл Канстанцінавіч з-за блізарукасці быў вызвалены ад вайсковай павіннасці і разам з сям’ёй эвакуіраваны ў горад Омск, дзе працягваў працаваць выкладчыкам.
У пачатку 1919 года сям’я вырашыла пасяліцца ў Мінску, але горад быў заняты польскімі войскамі, і Навіцкім прыйшлося спыніцца ў г. Веліжы Смаленскай вобласці. Там 23 красавіка 1919 года нарадзіўся другі сын Навіцкіх, Мікалай, які ў будучым стане Героем Савецкага Саюза.
Міхаіл Канстанцінавіч быў надзвычай адукаваны, разумны, эрудыраваны чалавек, меў добрую свецкую адукацыю. Ён вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Царкве.
У 1920 годзе Міхаіл Навіцкі вярнуўся ў Мінск, у тым жа годзе быў пасвечаны ў святары і да сваёй пакутніцкай смерці служыў настаяцелем Петрапаўлаўскага храма ў мястэчку Узда Мінскага павета. Праз некаторы час быў узведзены ў сан протаіерэя і прызначаны благачынным Уздзенскай акругі.
У 1921 годзе ў Навіцкіх нарадзілася дачка Наталля, а праз два гады сын Васіль. Айцец Міхаіл ніколі не меў свайго жылля: сям’я вандравала, здымала пакоі ў чужых кватэрах. З бацюшкам Міхаілам заўсёды жыла яго маці, а калі арыштавалі брата, у іх сям’і жылі дзве пляменніцы, таму што яны не маглі вучыцца ў школе.
Жыхары Уздзеншчыны любілі і паважалі свайго добрасардэчнага святара і яго ветлую матушку, многія давалі пры хрышчэнні сваім дзецям іх імёны. Плата за хрышчэнне была мізэрнай, а часам проста адпавядала бохану хлеба. Усе добра ведалі, што айцец Міхаіл ніколі не адмовіць прычасціць хворага, і звярталіся да яго ў любы час дня і ночы.
Айцец Міхаіл прымаў усіх з любоўю, і таму часта прыходзілі да яго не толькі вернікі: хто пагаварыць пра свае жальбы, хто папрасіць жыццёвай парады. Сям’я святара жыла адкрыта і проста: у працы і клопаце пра блізкіх.
У галодныя 1930-я гады, каб сям’я магла выжыць, матушка Зіновія пачала падшываць коўдры. Работа займала прыкладна тыдзень часу, а аплочвалася пяццю рублямі. Сям’я харчавалася дзякуючы дапамозе прыхаджан, якія не пакідалі іх у бядзе. Часта на абед былі катлеты з крапівы…
Улады неаднаразова прапаноўвалі айцу Міхаілу адмовіцца ад Бога і святарскага сану і ўзамен абяцалі выгадную працу, але ён гнеўна адхіляў гэтыя прапановы. Яго сталі выклікаць у аддзяленне міліцыі і НКУС, трэціраваць і зневажаць, а часам проста каб напалохаць… І кожны раз, калі айцец Міхаіл вяртаўся дадому, чуў абразы, якія выкрыквалі дзёрзкія вулічныя хлапчукі. Нават дзяцей яго не прымалі ў школу. Бацюшку прыходзілася самому навучаць іх дома.
У лютым 1932 года ВКП (б) абвясціла аб выкананні першай пяцігодкі за чатыры гады і зацвердзіла другі пяцігадовы план: да 1 мая 1937 года “імя Бога павінна быць забыта на ўсёй тэрыторыі СССР”. Цэрквы абклалі неймаверным падаткам. Для большасці прыходаў выплаціць яго аказалася не пад сілу. Храмы закрывалі, ператваралі іх у клубы, склады, сховішчы.
Свет у тую пару дэманстраваў разгул зла, якое бушавала і захліствала, знішчаючы і “правых” і “вінаватых”, і перад многімі вернікамі не раз паўставала пытанне пра прычыну такіх многіх бедстваў, якія патрабавалі рэлігійнага тлумачэння і асэнсавання.
Айцец Міхаіл у адной са сваіх пропаведзяў сказаў:
“Тое, што мы называем злом, мае два сэнсы. Ёсць зло сапраўднае: распуста, зайздрасць, крадзяжы і незлічонае мноства заганаў, што маюць права на крайняе асуджэнне і пакаранне. Але звычайна людзі называюць злом і голад, і смерць, і хваробу, і беднасць… усё гэта не можа быць злом у сапраўдным сэнсе слова. Таму што калі б усё гэта было злом, то не рабілася б для нас віною выгод, не ўціхамірвала б гонару, не вынішчала б бесклапотнасці, не ўзбуджала б нас да назірання за сабой, не рабіла б нас больш уважлівымі да саміх сябе. Злом лічаць пакуты, якія наносяцца нам пакараннямі, і лічыцца яно так не па ўласнай яго прыродзе, а прыстасавальна да меркавання людзей.
Збяднелы багатыр лічыць для сябе найвялікшым злом, што ў яго няма магчымасці мець добрую вопратку, смачную ежу, а бедны лічыў бы сябе шчаслівым, калі б меў удосталь хоць бы толькі хлеба ды самую неабходную вопратку.
Урач лічыцца ўмелым не тады, калі прапаноўвае хвораму раскошны стол, гуляць па садзе, ехаць у мясціны з цёплым кліматам, але і калі прымушае яго заставацца без ежы, мучыць голадам і стамляе смагай, калі прыкоўвае да ложка і дом робіць цямніцаю, пазбаўляе хворага самога святла і закрывае пакоі з усіх бакоў заслонамі, калі падвяргае яго і пакутам, і рэжа яго цела, і прадпісвае горкія лекі… і тады ён той жа ўрач.
Таму – ці не дзіўна? – таго, хто прычыняе столькі непрыемнасцяў, называюць умелым урачом і хваляць, а Бога, калі Ён навядзе, напрыклад, смерць, голад, хваробу, ганяць і не прызнаюць? Здзіўляюцца многія, чаму гэта некаторыя вядуць непрыстойнае жыццё, і прыціскаюць другіх, і рабуюць, і крадуць чужое і не маюць ніякага няшчасця, а другія жывуць сціпла і адрозніваюцца міласэрнасцю, справядлівасцю і іншымі дабрачыннасцямі і церпяць хваробы, беднасць і розныя бедствы.
Але… і з тых, хто вядзе грахоўнае жыццё, многія церпяць няшчасці і з дабрадзейных многія атрымліваюць асалоду ад шчасця. Чаму ж з двух злых адзін караецца, а другі памірае без пакарання, і з двух добрых адзін выпраменьвае ўдачу, а другі ўсё жыццё бядуе?
У гэтым самым адбіваецца найвялікшая справа Промысла Божага. Калі б Ён тут усіх злых караў і ўсіх добрых узнагароджваў, то лішнім быў бы дзень Суда. Але калі б Бог ніводнага злога не караў і нікога з добрых не ўзнагароджваў, то заганныя зрабіліся б яшчэ распуснейшыя і горшыя, бо яны значна больш за добрых схільныя да бестурботнасці.
Не карае ўсіх, каб запэўніць нас, што ёсць уваскрасенне мёртвых, калі будзе ўсеагульны Суд. Карае некаторых, каб бестурботных прымусіць задумацца пра свой шлях, узбуджаючы ў іх страх пакараннем іншых. З другога боку, некаторых з добрых Бог узнагароджвае, каб гэтымі ўзнагародамі заахвоціць іншых да рэўнасці пра дабрачыннасць, але не ўзнагароджвае ўсіх, каб ведалі, што ёсць іншы час, у які ўсім добрым дадзены будуць узнагароды.
Калі б тут усе атрымлівалі, што заслугоўваюць, то не сталі б верыць вучэнню пра ўваскрасенне, а калі б ніхто не атрымліваў па заслугах, то вельмі многіх гэта зрабіла б яшчэ горшымі.
Ёсць і іншая прычына, з-за чаго тут, на зямлі, часта людзі добрыя пакутуюць, а злыя жывуць шчасліва: калі б Бог падвяргаў усіх пакаранню адразу пасля злачынства, то род чалавечы даўно б ужо знішчыўся і не мог бы падтрымлівацца. У Евангеллі гаворыцца, што той, хто абазваў брата вырадкам … павінен гіене вогненнай, але хто не вінаваты ў гэтым? Аб тым, хто клянецца, сказана, што ён, калі б і нязманліва кляўся, робіць справы ад нячыстага. <…> Таму, калі бачыш, што іншы і рабуе, і вядзе ганебнае жыццё і за гэта не караецца, раскрый сваё сумленне, разгледзь сваё жыццё, даследуй свае грахі і даведаешся дакладна, што табе першаму нявыгадна быць пакараным за кожны грэх. І не трэба наракаць на Бога за тое, што Ён пасылае нам розныя выпрабаванні. Трэба цярпліва пераносіць іх. Не трэба бянтэжыцца і тым, што на першы погляд як быццам бы няма тут, на зямлі, адпаведнасці паміж паводзінамі чалавека і яго лёсам, а тым больш рабіць адсюль высновы, што няма Бога.
Прыклад святой Кацярыны і іншых хрысціянскіх пакутнікаў хай будзе заўсёды ў нас у памяці. Яны пагардліва адносіліся да багацця і ўсіх жыццёвых даброт, што так прыцягваюць людзей. Іх вабіла толькі жаданне быць з Хрыстом, і сваю веру ў Бога, у магчымасць яднання з Богам яны зацвердзілі сваёю крывёю. А было гэтых пакутнікаў не адзін і не дзесяць… некалькі мільёнаў пакутнікаў налічвае наша хрысціянская Царква.
Не трэба бянтэжыцца і тым, што вернікаў лічаць людзьмі адсталымі, малаадукаванымі, нават цёмнымі. Не цяпер гэта пачалося. Апостал Павел піша да карынфскіх хрысціян: “Іудзеі патрабуюць цудаў, эліны шукаюць мудрасці; а мы прапаведуем Хрыста распятага і не бянтэжымся тым, што для іудзеяў – гэта спакуса, для элінаў жа – неразумнасць. Але, працягвае ён, нават неразумнае Божае – мудрэйшае за людзей, і слабае Божае – мацнейшае за людзей”.
І мы будзем захоўваць веру ў Хрыста ўкрыжаванага, веру ж не на словах толькі, але даказаную самім жыццём… Бо няма ў свеце нічога мацнейшага за веру. Вера дапамагае чалавеку пераносіць цяжкі смутак; вера давала сілы пакутнікам пераносіць іх пакуты; вера і толькі вера ў Бога давала тое, што апосталы – простыя, неадукаваныя рыбакі – прывялі да Хрыста народы і царствы…”
Калі пачаліся ганенні на Царкву і ўлады сталі душыць суполку падаткамі, айцец Міхаіл усімі сіламі змагаўся за захаванне храма, а яго прыхаджане, каб святар мог заплаціць падатак, дапамагалі чым толькі маглі. Бывалі выпадкі, калі людзі прадавалі для гэтага сваю апошнюю маёмасць.
Нягледзячы на ўсе намаганні настаяцеля і прыхаджан, у 1933 годзе Петрапаўлаўскі храм ва Уздзе быў захоплены і перароблены ў збожжавы склад, а айцу Міхаілу дазволілі служыць у царкоўнай старожцы, куды бацюшка і перасяліўся.
Цяжкія ўмовы выжывання, пастаянныя выклікі ў НКУС падарвалі здароўе святара, але ён працягваў несці свой крыж служэння Госпаду. Набліжаўся Вялікдзень 1935 года – апошняе светлае Хрыстова Уваскрасенне для айца Міхаіла ў гэтым зямным жыцці.
У Вялікі чацвер айцец Міхаіл яшчэ хадзіў за Плашчаніцай, прайшоўшы пешшу 15 вёрст, а пасля, толькі часам ненадоўга прысаджваючыся, стоячы прачытаў 12 Евангелляў. У Вялікую пятніцу з раніцы ён спавядаў сваіх вернікаў, а ўстаць на вынас Плашчаніцы ўжо не змог, таму што напярэдадні Вялікай суботы позна ўначы ў старожку ўварваліся два чалавекі (адзін з іх, дарэчы, калісьці нават служыў пры царкве!) і запатрабавалі ад бацюшкі золата, а калі атрымалі адмову, то па-зверску збілі яго. Гэта і паслужыла прычынай яго смерці праз некалькі дзён. Бацюшка маўчаў пра тое, што здарылася, і не сказаў пра гэта ні матушцы, ні дзецям.
Айцу Міхаілу стала вельмі дрэнна, і ён злёг. Ужо лежачы ў ложку, у Вялікую cуботу асвяціў пасхі і пірагі.
Велікодную ютрань ён адслужыў з вялікай цяжкасцю, літургію ўжо служыць не змог і адслужыў абедню. Лежачы ў ложку, падаваў воклічы. Вокны старожкі адчынілі насцеж, каб людзі маглі чуць службу.
На другі дзень Вялікадня таксама служыў абедню, ужо не ўстаючы з ложка. На наступны, трэці дзень Вялікадня, ён мог гаварыць толькі асобныя словы. Увечары брат матушкі, іерэй Аляксандр (родная сястра Анастасія – удава расстралянага іерэя Валяр’яна Навіцкага), прыехаў паспавядаць, прычасціць і сабораваць бацюшку.
Протаіерэй Міхаіл Навіцкі памёр, нічога нікому не сказаўшы пра здраду папячыцеля і пра тое, што яго збілі. На трэці дзень Вялікадня, 30 красавіка 1935 года ў 14 гадзін 20 хвілін пад спеў “Хрыстос Уваскрос” айцец Міхаіл адышоў да Госпада.
Пахаваны святар Міхаіл Навіцкі на могілках у мястэчку Узда. Шмат разоў нядобразычліўцы руйнавалі магілу. Праз тры месяцы ўсю сям’ю айца Міхаіла выслалі. А праз некалькі гадоў з дня смерці айца Міхаіла абодва злыдні, якія збілі яго, знаходзячыся пры смерці, прызналіся ў сваіх злачынствах.
Улады, каб замяніць для моладзі звыклыя святы, ладзілі “Чырвоныя Вялікадні” і “Камсамольскія Вялікадні”. У Страсную пятніцу моладзь зазывалі на танцы, а ў Страсную суботу – на суботнікі. А ў школе павінны былі ўсе ведаць, хто хадзіў у царкву на Вялікдзень, і прымушалі выяўляць парушальнікаў дысцыпліны.
Аднак тыя часы прайшлі…
Як адзначаюць Таццяна Хамянкова і Марыя Котава ў артыкуле “Верные Христу: Священномученик Михаил Новицкий”, “цяпер кожны год на трэці дзень Вялікадня святары і прыхаджане здзяйсняюць хрэсны ход да магілы нябеснага апекуна горада. Калі ў гэтыя дні ў горадзе нараджаецца хлопчык, то яго часцей за ўсё называюць Міхаілам, у памяць пра свяшчэннапакутніка Міхаіла Навіцкага”.
28 кастрычніка 1999 года айцец Міхаіл Навіцкі кананізаваны Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы як мясцовашануемы святы.
У жніўні 2000 года для агульнацаркоўнага шанавання далучаны да ліку святых новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх на Юбілейным Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы.
Дні памяці: 17 (30) красавіка; Сабор Беларускіх святых – Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы; 15 (28) кастрычніка – памяць 23 новапакутнікаў Мінскай епархіі.
Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
- Крыніцы:
- http://goldname.by
- http://obitel-minsk.ru
- www.molod-eparchy.by
- drevo-info.ru
- http://www.turov.by
- http://martyr-spb.ru