Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Памятаць сваіх продкаў
У кожнага з нас ёсць тое святое, што назаўсёды застаецца ў сэрцы – гэта маці, сям’я, Радзіма. Мая сям’я – брат, мама, тата, бабуля, дзядулі. Мая сям’я – гэта яшчэ і дарагія нам людзі, якія жывуць у шматлікіх гарадах, вёсках нашай Беларусі, былога Савецкага Саюза.
Я вельмі люблю такія моманты, калі вечарамі бацькі расказваюць пра нашых родных, калі мы пераглядваем сямейныя фотаздымкі і я з задавальненнем слухаю цікавыя сямейныя гісторыі. Таксама мы любім наведваць тыя мясціны, дзе раней жылі нашы продкі.
Неяк вечарам мы разглядвалі сямейныя фотаздымкі і баявыя ўзнагароды майго прадзеда Грышчанкі Мікалая Раманавіча, згадвалі яго нялёгкі лёс.
Мне было надзвычай цікава і я вырашыў падрабязней даведацца пра свайго прадзеда, пра Вялікую Айчынную вайну, што прымусіла юнага Мікалая пайсці абараняць родную зямлю, пра лёс савецкага салдата, які дайшоў да Берліна і сустрэў там Перамогу.
Я пачаў вывучаць сямейны архіў. Перагледзеў дзясяткі фотаздымкаў, перачытаў шматлікія публікацыі ў газетах, выразкі з якіх беражліва захоўваюцца ў нашай сям’і. Запісаў успаміны маёй бабулі Лаўрэнкінай Таццяны Мікалаеўны, дачкі прадзеда; пагутарыў з родзічамі, аднавяскоўцамі, якія яшчэ памятаюць майго прадзеда Мікалая Раманавіча.
Наведаў Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе мне вельмі дапамог у пошуках дырэктар Жыжыян Сяргей Піліпавіч, за што яму вялікая ўдзячнасць. Сяргей Піліпавіч расказаў пра партызанскі рух на Быхаўшчыне, знаходкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў час раскопак, якія праводзяцца пад яго кіраўніцтвам. Расказаў пра экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзяцца ў музеі. Значную ролю ў маіх даследчых пошуках адыграў сайт “Памяць народа” і выданне “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна”.
Мой прадзед дайшоў да Берліна
…Нарадзіўся мой прадзед, Мікалай Раманавіч Грышчанка, у вёсцы Уюн Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў снежні 1923 года ў шматдзетнай сям’і. У пашпарце дата нараджэння – 1 студзеня 1924 года. Маці яго казала: “Ты калі, сынок, нарадзіўся, то назаўтра Мікола быў, таму цябе і назвалі – Мікола”.
У 1938 годзе Мікалай скончыў Уюноўскую сямігадовую школу. Працягнуў вучобу ў сярэдняй школе №1 горада Быхава. Часам жыў на кватэры, а калі не было грошай яе аплочваць, то хадзіў пешшу. А жыў ён у вёсцы Уюн, што размешчана за 15 кіламетраў ад Быхава.
Вучыўся добра, з адзнакай скончыў школу, хоць у той час кніг, падручнікаў не хапала. Дзесяць класаў Мікалай Грышчанка скончыў у 1941 годзе.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мой прадзед, Мікалай Грышчанка, пайшоў у партызаны. Ваяваў у знакамітым партызанскім атрадзе Грыцана, які быў камандзірам 152-га партызанскага палка 11-й Быхаўскай партызанскай брыгады.
За заслугі перад Айчынай прадзед узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, медалём Жукава, шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі. Мае званне “Ветэран працы”.
Мікалай Раманавіч за час вайны быў тройчы паранены. Апошняе раненне суправаджалася цяжкай кантузіяй. Толькі цуд выратаваў яму жыццё. А было гэта так.
Адзін з салдатаў, з якімі ішоў мой прадзед, наступіў на міну. Прагрымеў выбух. Параненага і кантужанага, Мікалая Грышчанку засыпала зямлёй. На шчасце, праз гэтую мясцовасць працягвалі ісці салдаты. Нехта з іх ботам наступіў на твар майму прадзеду. У гэты момант паранены застагнаў. Так майго прадзеда адкапалі і адправілі ў шпіталь.
Са шрамам ад абцаса бота на губе Мікалай Раманавіч пражыў усё жыццё. Доўгае лячэнне пасля кантузіі, прагнозы ўрачоў, што застанецца інвалідам на ўсё жыццё…
Прадзядуля ўспамінаў, што настолькі хацелася жыць, настолькі хацелася пабачыць родных, што ён не верыў урачам, не верыў ніводнаму іх слову, ніводнаму прагнозу. І здарылася неверагоднае – выздараўленне пасля доўгага лячэння. І ніякай іншай думкі ў Мікалая Грышчанкі не было, як вярнуцца зноў на фронт да баявых таварышаў, з якімі пасля ён дайшоў да Берліна. Служба працягвалася. Да вяртання дадому было яшчэ доўга…
Пасля злучэння з Савецкай арміяй у лютым 1944 года Мікалай Грышчанка трапіў у 58-ы запасны полк, што дыслакаваўся ў вёсцы Хляўно пад Слаўгарадам. Там скончыў школу кулямётчыкаў і застаўся верны гэтаму віду стралковай зброі да канца вайны.
У красавіку 1944 года быў ужо на перадавой. Пачалася аперацыя “Багратыён” па вызваленні Беларусі. У складзе 356-га стралковага палка ўдзельнічае ў баях за Магілёў. Пасля яго вызвалення часць накіроўваюць на ліквідацыю гітлераўскіх войскаў, акружаных у “Бабруйскім катле”.
Па ўспамінах майго прадзеда, вельмі цяжкі быў сам кідок на Бабруйск. Тэхнікі не хапала, і значную частку шляху даводзілася ісці пешшу, пры гэтым па брукаванцы трэба было цягнуць важкі кулямёт “максім”.
Пасля разгрому акружанай групоўкі пад Бабруйскам, рушылі на Мінск. Аднак, пакуль дабраліся да яго, горад быў ужо вызвалены.
Далей полк, у складзе якога ваяваў Мікалай Грышчанка, удзельнічаў у вызваленні Маладзечна, Беластока. Пасля яго перакінулі на раённы цэнтр Ломжу, дзе неўзабаве полк заняў плацдарм. Такім чынам, паглыбіліся ў тэрыторыю Польшчы прыкладна на 4 кіламетры. На заняты імі плацдарм немцы адправілі шмат сіл. У дзень прыходзілася адбіваць прыкладна па дванаццаць нападаў ворага. Пасля фашысты перайшлі на псіхічную атаку. Наперадзе ставілі жывую сцяну з маладых і пажылых немцаў. Жудасная была карціна. Так, у вайны свае страшныя законы… У рэшце рэшт немцы спынілі такія псіхічныя атакі.
У студзені пачалося наступленне. Мікалай Грышчанка ў складзе свайго палка ўдзельнічаў у вызваленні Данцыга, Гдыні, Кёзліна, Шчэціна.
Вось які выпадак здарыўся ў горадзе Гдыня. Там, дзе каса ўразаецца ў Балтыйскае мора (яе шырыня ад двухсот метраў да двух кіламетраў), засяродзілася велізарная колькасць немцаў і ўласаўцаў. Каля сямідзесяці тысяч немцаў і пяці тысяч уласаўцаў. Пасля жорсткіх баёў, разумеючы бессэнсоўнасць супраціўлення, фашысты пачалі масава здавацца. Многія ўласаўцы, каб не трапіць у рукі савецкіх байцоў, гінулі, зрываючыся са стромкіх схілаў у мора разам з коньмі і машынамі.
Расказваў прадзед і пра тое, як у канцы лета 1944 года савецкія войскі падышлі да Варшавы і на доўгі час спыніліся на берагах Віслы.
Байцы здзіўляліся, чаму ж камандаванне не дае загадаў на ўзяцце Варшавы. Толькі праз шмат гадоў былы салдат даведаўся пра сапраўднае становішча спраў. Тады ў Варшаве праходзіла паўстанне патрыётаў супраць фашыстаў. Паўстанцы хацелі вызваліць ад немцаў горад і адначасова не дапусціць савецкія войскі ў сталіцу. Ведаючы гэта, Сталін аддаў загад не прадпрымаць ніякіх дзеянняў, і паўстанне было жорстка задушана немцамі.
Пасля ўзяцця Шчэціна полк накіравалі на Берлін, дзе яны апынуліся 30 красавіка. А ў ноч з 1 на 2 мая Берлін капітуляваў. Колькі было радасці ад Перамогі!
Жыццёвыя дарогі майго прадзеда ў мірны час
У канцы снежня 1946 года Мікалай Грышчанка дэмабілізаваўся з радоў Савецкай арміі. Вярнуўся дадому 2 студзеня 1947 года. Калі выйшаў з поезда на станцыі Быхаў, то горада не ўбачыў, вакол былі адны руіны, удалечыні віднеўся Днепр.
Пешшу дабраўся дадому, роднай вёскі таксама не было. На месцы Уюна было голае поле, пакрытае снегам, а з-пад зямлі ў многіх месцах ішоў дым. Гэта людзі, якія жылі ў зямлянках, палілі ў складзеных з каменю і рэшткаў цэглы печах.
Пасля вайны прадзед працаваў брыгадзірам будаўнічай брыгады па аднаўленні роднай вёскі, пасля намеснікам старшыні калгаса “Баявы шлях”.
У жніўні 1947 года прызначаны настаўнікам пачатковых класаў у Ямніцкую няпоўную школу, дзе сустрэў сваю будучую жонку, маю прабабулю, Бараноўскую Хрысціну Іванаўну. Яна таксама працавала ў Ямным настаўніцай, а ў час Вялікай Айчыннай вайны была партызанскай сувязной. 7 лістапада 1948 года яны пабраліся шлюбам. Пражылі разам душа ў душу 55 гадоў. У чэрвені 2003 года маёй любай прабабулі не стала…
У верасні 1949 года Мікалая Раманавіча Грышчанку прызначаюць загадчыкам Лагадаўской пачатковай школы, дзе ён працаваў да 1953 года. У 1951 годзе ўступіў у члены КПСС. Са жніўня 1953 года – інструктар Быхаўскага райкама партыі. З 1953 па 1955 гады працаваў у Чорным Боры вызваленым сакратаром партыйнай арганізацыі. Затым да 1956 года працаваў начальнікам тарнага цэха на агароднінасушыльным камбінаце ў Быхаве. У 1957 годзе працаваў інспектарам дзярждаходаў Быхаўскага райфінаддзела, а ў 1959 годзе пачаў сваю працоўную дзейнасць у Макранскай сярэдняй школе.
27 чэрвеня 1970 года завочна скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага ўніверсітэта (цяпер Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова). У Макранскай школе працаваў да 1984 года, выкладаў геаграфію, грамадазнаўства, гісторыю.
У маіх прадзеда і прабабулі нарадзілася трое дзяцей, усе атрымалі педагагічную адукацыю. Па настаўніцкіх слядах пайшлі іх ўнукі і праўнукі.
З часу вайны прадзядулю запомніліся многія франтавыя песні. Іх ён мне часта спяваў. Мікалай Раманавіч добра ведаў матэматыку, а працаваў настаўнікам гісторыі. Гісторыю ён таксама ведаў на выдатна. Ніколі прадзядуля не пераблытаў факты, даты, гістарычных асоб. Асабліва хвалюючымі былі пытанні пра вайну і аповеды прадзеда, якія дапаўняліся рэальнымі суровымі фактамі.
Наш Мікалай Раманавіч быў вельмі дасведчаны, рознабакова адукаваны. Прадзядуля таксама вельмі цікавіўся сваім паходжаннем, сваім радаводам. Вядомы той факт, што пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў ліку салдат-рэкрутаў наш продак Грышчанка атрымаў ад Кацярыны II надзел зямлі каля рэчкі Мары. Вёсцы, што заснавалі перасяленцы, яны далі назву Уюн, бо ў рацэ вадзілася шмат ўюноў…
Не стала майго прадзеда 1 жніўня 2010 года.
Мы вельмі любілі і паважалі яго. І цяпер любім і памятаем нашага дарагога чалавека, партызана, салдата, настаўніка…
Мая мама, Алена Уладзіміраўна Цывілька, прысвяціла дзядулю вершы і нарыс. Пра майго прадзеда на старонках газет неаднаразова друкаваліся артыкулы. Добрым словам яго згадваюць аднавяскоўцы, былыя вучні.
Удзячная памяць пра майго прадзеда, Мікалая Раманавіча Грышчанку, будзе захоўвацца і перадавацца ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне.
Артыкул падрыхтаваны на аснове конкурснай даследчай работы (дыплом 2-й ст.) Цывількі Паўла, вучня 10-га класа Макранскай сярэдняй школы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, “Мой прадзед Грышчанка Мікалай Раманавіч” (намінацыя “Гісторыя вайны ў асобах”, кіраўнік – Цывілька Алена Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.