Пятыя Беларускія Калядныя чытанні “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі”.

 

28 лістапада 2019 года ў Мінскай духоўнай акадэміі ў межах V Беларускіх Калядных чытанняў “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі” (далей – Чытанні) плённа працавала секцыя “Гісторыка-культурныя праваслаўныя каштоўнасці ў духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі”, арганізатарам правядзення якой выступілі Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Вялікая Айчынная вайна – незабыўны боль і трагедыя для кожнай сям’і ў Беларусі, таму захаванне памяці пра гэтую вайну, яе герояў – справа гонару для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праходзіць 2019 год, а ў наступным, 2020 годзе, будзе адзначацца 75-я гадавіна Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтай значнай падзеі прысвечаны V Беларускія Калядныя чытанні.

 Падчас работы гісторыка-краязнаўчай секцыі яе ўдзельнікі: святары, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, супрацоўнікі раённых аддзелаў (упраўленняў) адукацыі Мінскай вобласці, усяго каля 80 чалавек, – слухалі 19 выступленняў па пытаннях далучэння моладзі да гісторыка-культурных праваслаўных каштоўнасцей малой радзімы, абмяняліся вопытам працы ў галіне праваслаўнага краязнаўства.

Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, старшыня аргкамітэта V Беларускіх Калядных чытанняў, адкрыў работу секцыі і ў сваім вітальным слове звярнуў увагу прысутных на гістарычную значнасць усенароднага подзвігу, здзейсненага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і важнасць далучэння моладзі да захавання памяці пра гераізм суайчыннікаў, да зберажэння духоўных каштоўнасцей нашага народа.

Напрыканцы свайго выступлення ўладыка Веніямін уручыў граматы Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы за вялікую працу на ніве духоўнай асветы Нікіцінай Людміле Канстанцінаўне, кіраўніку народнага комплекснага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” ДУА “Заронаўскі дзіцячы сад Віцебскага раёна”; Леўкавец Марыі Мікалаеўне, кіраўніку народнага музея ДУА “Міханавіцкая сярэдняя школа” Мінскага раёна; Дубінецкай Зінаідзе Дзмітрыеўне, педагогу ДУА “Плешчыцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна Брэсцкай вобласці; Пахвалёнай Аліне Казіміраўне, кіраўніку народнага гісторыка-краязнаўчага музея ДУА “Гімназія № 25 г. Мінска”; Вяцкаму Уладзіміру Сяргеевічу, кіраўніку Мінскага абласнога рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, намесніку дырэктара ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа № 24 г. Барысава”; Кравец Аляксандры Яўгенаўне, загадчыку аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання УА “Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства”.

Пратадыякан Павел Бубноў, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі i Мінскай духоўнай семінарыі, падрабязна распавёў пра дзейнасць Праваслаўнай Царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, пра цяжкасці і выпрабаванні, якія разам са сваёй паствай пераадольвала Царква.

Кравец Аляксандра Яўгенаўна, загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, у сваім выступленні акрэсліла шматлікія кірункі дзейнасці ўстаноў адукацыі краіны ў галіне праваслаўнага краязнаўства: дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю; правядзенне рэспубліканскіх і рэгіянальных акцый, праектаў, конкурсаў; пошукавая дзейнасць, што скіравана на даследаванне і вывучэнне асобных старонак рэгіянальнай гісторыі і культуры; правядзенне экспедыцый, экскурсій, паходаў, краязнаўчых летнікаў і злётаў і інш.; арганізацыя тэматычных мерапрыемстваў для педагагічных работнікаў.

Падліпская Зоя Іванаўна, дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Беларускай Праваслаўнай Царквы, запрасіла педагогаў, удзельнікаў Чытанняў да актыўнага супрацоўніцтва і скіравала ўвагу прысутных на асноўных кірунках дзейнасці Цэнтра. “Нас цікавяць тэмы мінулага і сучаснага праваслаўных храмаў, жыццёвы і духоўны подзвіг новапакутнікаў і спавядальнікаў як сімвалаў хрысціянскай маральнасці; жыццё і дзейнасць асветнікаў, праваслаўных падзвіжнікаў і святых, з якімі непарыўна звязана гісторыя станаўлення беларускай культуры; жыццёвыя гісторыі знакамітых і простых людзей роднага краю; матэрыялы па вывучэнні ўласных радаводаў; звесткі пра гістарычныя падзеі і помнікі архітэктуры роднага краю”, – патлумачыла Зоя Падліпская.

Нагадаўшы электронны адрас для стасункаў, змешчаны на сайце Сінадальнага аддзела ў раздзеле “Кантакты”: e-mail: zoya_podlipskaya@mail.ru, дырэктар Цэнтра падкрэсліла значнаць даследчай працы, што вядзецца ў кожным раёне краіны па тэме праваслаўнага краязнаўства, а таксама неабходнасць дэманстрацыі гэтых каштоўных набыткаў шырокай грамадскасці.

 “Нашай моладзі ісці далей па жыцці, ствараць будучыню Айчыны. І на гэтым шляху, зразумела,  сустрэнуцца жыццёвыя цяжкасці… Я проста пераканана, што выхаваны на духоўных каштоўнасцях свайго народа, чалавек згадае ўрокі дабрыні, міласэрнасці, стойкасці, мужнасці, цярплівасці і абярэ правільны шлях”, – зазначыла Зоя Іванаўна.

Кавалевіч Аляксандр Мікалаевіч, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Воўчынская сярэдняя школа Камянецкага раёна” пазнаёміў удзельнікаў секцыі з праектам “Страчаныя храмы Камянеччыны”, у межах якога было праведзена даследаванне гісторыі храмаў раёна, устаноўлены абставіны знішчэння праваслаўных цэркваў у ХХ стагоддзі. Сабраны звесткі пра кожную разбураную царкву, складзены рэестр. Створаны канал на сэрвісе youtube, дзе размешчаны фільмы пра разбураныя святыні. Даследчая праца ў межах праваслаўнага краязнаўства знайшла працяг у праекце аб прыдарожных крыжах Камянецкага раёна. Даследаваны прыдарожныя крыжы Камянецкага раёна і створана інтэрактыўная карта, якая дазваляе дэманстраваць даследчы відэаматэрыял.

Дапоўніла выступленне Кавалевіча А.М. адносна прыдарожных крыжоў Скарына Галіна Васільеўна, настаўнік гімназіі г. Белаазёрска Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, якая пазнаёміла прысутных з разнастайнасцю і прызначэннем крыжоў. На аснове сабранага матэрыялу разам з навучэнцамі яна распрацавала экскурсію “Прыдарожныя крыжы як сведкі лёсу народа”, вусны часопіс “Маўклівыя сведкі гісторыі”, якія выкарыстоўваюць настаўнікі горада і раёна для правядзення пазакласных заняткаў. У дадатак Галіна Васільеўна прадставіла маршрут “Дарога да храма” па храмах Бярозаўскага раёна, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

“Разам з вучнямі нашай установы адукацыі мы праводзілі даследаванне гісторыі храмаў на тэрыторыі нашай малой радзімы, – адзначыла ў сваім выступленні Козел Таццяна Мікалаеўна, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Лапацінская сярэдняя школа Пінскага раёна”. – Нам удалося даведацца шмат цікавага з жыцця настаяцеляў гэтых храмаў, прасачыць іх жыццёвы шлях. Кожны храм мае свой лёс, свой непаўторны характар. Намі было вывучана дзевяць храмаў. Па выніках працы распрацаваны турыстычны маршрут пад назвай “Маршрутамі святынь малой радзімы”, зроблены макеты храмаў Святога Прарока Божага Іллі ў вёсцы Вуйвічы і макет страчанага храма ў вёсцы Кудрычы”.

Тэма стварэння турыстычна-экскурсійных маршрутаў па духоўных аб’ектах малой радзімы была надзвычай актуальнай на секцыі.

“З настаяцелем праваслаўнага храма айцом Дзмітрыем, – адзначыла ў сваім выступленні Леўкавец Марыя Мікалаеўна, кіраўнік народнага музея ДУА “Міханавіцкая сярэдняя школа” Мінскага раёна, – ладзяцца  экскурсіі да месцаў, дзе адбываліся баі ў час вайны. Праводзім самыя розныя мерапрыемствы. Сумесная экспедыцыя з айцом Дзмітрыем па вызначэнні месцаў храмаў, якія дзейнічалі ў наваколлі Міханавіч у ХІХ – пач. ХХ стагоддзяў, натхнілі на распрацоўку экскурсійнага маршрута “Гісторыя, якая расказана храмам”. Экскурсійны маршрут знаёміць з праваслаўнымі храмамі Мінскага раёна, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. Крыніцамі экскурсійнага матэрыялу сталі рэсурсы праваслаўных сайтаў, краязнаўчыя работы навучэнцаў Мінскага раёна. Трэба сказаць, што ў апошні час шмат даследчых работ навучэнцаў прысвечана гісторыі Праваслаўя Мінскага раёна, у якіх адлюстравана гісторыя храмаў з кранальнымі звесткамі пра жыццёвы лёс і служэнне святароў, у тым ліку і ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Жыццё і дзейнасць святароў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, іх чалавечы і грамадзянскі подзвіг быў прадстаўлены у ходзе работы секцыі Залескім Іосіфам Іосіфавічам, настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Ліцэй г. Ліды”. Іосіф Іосіфавіч расказаў пра пастыра Усціновіча Мікалая Канстанцінавіча, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны годна нёс пастырскае служэнне на Лідчыне, дапамагаў партызанам, ратаваў землякоў ад фашысцкай пагрозы, быў рэпрэсіраваны пасля вайны, рэабілітаваны і затым служыў Богу да канца сваіх дзён.

Анюхоўская Кацярына Аляксандраўна, студэнтка I курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, распавяла пра Стэфана Кучынскага: “Падчас Вялікай Айчыннай вайны Стэфан Кучынскі не толькі хрысціў у праваслаўную веру, але і дапамагаў перапраўляць яўрэяў у глухія вёскі, дзе яны хаваліся ад фашыстаў або сыходзілі ў партызаны і так захавалі свае жыцці. Адзін з выратаваных, Барыс Грышановіч, напісаў хадайніцтва аб прысваенні звання “Праведнік народаў свету” С. Кучынскаму, а мы сабралі і накіравалі ў аддзел праведнікаў мемарыяльнага Інстытута катастрофы і гераізму еўрапейскага габрэйства “Яд Вашэм” (Ізраіль) дакументы для прысваення гэтага звання пратаіерэю С. Кучынскаму. У 2017 г. ганаровае званне “Праведнік народаў свету” прысвоена пратаіерэю С. Кучынскаму (пасмяротна). Ён стаў другім праваслаўным святаром у Беларусі, якому нададзена гэтае званне”.

Кіраўніком краязнаўчых работ Анюхоўскай Кацярыны з’яўляецца  Цыганок Неаніла Львоўна, настаўнік-метадыст, выкладчык гісторыі і грамадазнаўства ДУА “СШ № 2 г. Асіповічы”. На секцыі яна дапоўніла выступленне Кацярыны і пакрокава прадставіла шляхі даследавання ў межах акрэсленай тэмы.

Жыццё святароў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, іх духоўны і грамадзянскі подзвіг – важная тэма даследаванняў у галіне праваслаўнага краязнаўства.

Нікіціна Людміла Канстанцінаўна, кіраўнік народнага комплекснага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” ДУА “Заронаўскі дзіцячы сад Віцебскага раёна” добра ведае гісторыю свайго краю і гэтыя веды імкнецца перадаць навучэнцам і мясцовым жыхарам. “Вывучаючы гісторыю свайго краю, даследчык абавязкова адчувае жаданне вярнуць культурныя традыцыі і святы, што існавалі на нашых землях. Вось мы (педагогі, работнікі культуры і мясцовы сельсавет) сталі праводзіць свята вёскі Заронава (першы ўспамін пра Заронава датуецца 1533 годам). Такія святы вяртаюць нашу памяць у даўнія часы. Моладзь засвойвае культурныя  традыцыі. …Вадохрышча вярнулася ў Заронава. Як успамінаюць мясцовыя людзі, заўсёды ў гэты дзень на возеры маліліся і асвячалі ваду. Зараз прыязджае бацюшка, збіраецца не толькі наша вёска, а і з навакольных прыходзяць. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй. Сёння мы запрашаем святароў яшчэ і на Вербную нядзелю, Вялікдзень і Радаўніцу. У сваіх пропаведзях бацюшка настаўляе людзей, навошта мы ўсё гэта робім. Радасна, што моладзь з задавальненнем удзельнічае ў такіх святах”.

Пра выкарыстанне рэгіянальных гісторыка-культурных праваслаўных каштоўнасцей з мэтаю фарміравання асноў духоўнай культуры ў маладога пакалення, пра выхаванне любовi да малой радзiмы на праваслаўных культурна-гiстарычных традыцыях распавяла Хаванская Надзея Аляксееўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Ульская сярэдняя школа Бешанковіцкага раёна”.

Павышэнню прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў сёння надаецца вялікая ўвага як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальных і раённых узроўнях. На базе ДУА “Гімназія № 25 г. Мінска” праводзяцца традыцыйныя адкрытыя раённыя краязнаўчыя чытанні. Пра гэта распавяла Пахвалёная Аліна Казіміраўна, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі. Працуе секцыя “Хрысціянства і культура”, дзе прэзентуюцца навукова-даследчыя работы вучняў у галіне вывучэння духоўнай культуры, разглядаецца тэма аказання ўплыву хрысціянства на фарміраванне культурных каштоўнасцей насельніцтва Беларусі ў розныя перыяды гістарычнага развіцця грамадства.

Вяцкі Уладзімір Сяргеевіч, намеснік дырэктара ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа № 24 г. Барысава”, і Радзецкая Ірына Яўгенаўна, настаўнік гісторыі ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Слоніма”, прадставілі нетрадыцыйную форму арганізацыі працы ў галіне праваслаўнага краязнаўства з навучэнцамі – правядзенне летнікаў. Уладзімір Сяргеевіч падрабязна расказаў пра арганізацыйныя моманты правядзення летнікаў, а Ірына Яўгенаўна – пра тое, як яна са сваімі выхаванцамі літаральна “трымаюць гісторыю ў руках”, калі становяцца ўдзельнікамі Лаўрышаўскай археалагічнай экспедыцыі падчас правядзення турыстычна-краязнаўчага лагера “Юны археолаг” (сумесны праект з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі).

Вінаградава Наталля Мікалаеўна, кіраўнік музея ДУА “Вымнянскі дзіцячы сад – базавая школа” Віцебскага раёна пазнаёміла ўдзельнікаў секцыі з пошукава-даследчым праектам “Цаною жыцця”. Гэты праект па пошуку імён абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў ходзе баёў на тэрыторыі Вымнянскага сельсавета, увекавечанні памяці пра загінулых у гэтай мясцовасці, устанаўленні сузязей з продкамі загінулых воінаў, па далучэнні навучэнцаў да пошукава-даследчай і грамадска-карыснай дзейнасці і інш.

Міхаленка Алена Іосіфаўна, рэдактар газеты “Воскресение”, у сваім выступленні звярнула ўвагу ўдзельнікаў секцыі на выхаваўчы патэнцыял гістарычных матэрыялаў і неабходнасць дзяліцца краязнаўчымі даследчымі набыткамі, папулярызаваць дзейнасць праз сродкі масавай інфармацыі. Алена Іосіфаўна запрасіла ўдзельнікаў Чытанняў да супрацоўніцтва з газетай.

Пры падвядзенні вынікаў работы секцыі адзначана, што прадстаўленыя апрабаваныя педагогамі розныя формы і метады далучэння навучэнцаў да духоўнай культуры краю, могуць быць выкарыстаны іншымі ўстановамі адукацыі ў рабоце з навучэнцамі. Усе тэмы выступленняў актуальныя і аб’яднаны імкненнем надаць працы па фарміраванні духоўнай і маральнай асобы мэтанакіраваны і дынамічны характар, павысіць яе якасць і дзейснасць.

Разам з тым, ёсць разуменне, што ў справе выхавання маладога пакалення рэалізуюцца далёка не ўсе магчымасці выхаваўчага патэнцыялу праваслаўнай традыцыйнай культуры.

Удзельнікі гісторыка-краязнаўчай секцыі адзначылі важнасць і неабходнасць далейшага выкарыстання розных формаў і метадаў работы ўстаноў адукацыі па праваслаўным краязнаўстве з мэтаю духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі і  РЭКАМЕНДАВАЛІ:

актывізаваць дзейнасць устаноў адукацыі ў галіне праваслаўнага краязнаўства праз работу рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні, арганізацыю аб’яднанняў па інтарэсах, праектную і музейную дзейнасць, арганізацыю экспедыцый, экскурсій, летнікаў праваслаўнага кірунку, навукова-даследчую дзейнасць, папулярызацыйную і прапагандысцкую дзейнасць, выкарыстанне сучасных камунікатыўных інтэрнэт-тэхналогій, а таксама шырэй выкарыстоўваць магчымасці супрацоўніцтва Царквы з установамі агульнай, сярэдняй і дадатковай адукацыі ў духоўна-маральным выхаванні маладога пакалення і папулярызаваць вопыт супрацоўніцтва.

Напрыканцы мерапрыемства пратадыякан Павел Бубноў правёў экскурсію і пазнаёміў удзельнікаў секцыі з Мінскай духоўнай акадэміяй.

Синодальный отдел религиозного образования и катехизации