Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Аграгарадок Блонь знаходзіцца ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Першы ўспамін пра вёску датуецца 1513 годам, калі паселішча належала Паўлу Смялоўскаму. У розныя часы дваранскай сядзібай у Блоні валодалі розныя гаспадары. Пасля паўстання 1863 года царскія ўлады канфіскавалі сядзібу і перадалі яе чыноўніку Бонч-Асмалоўскаму без права продажу.
Род Бонч-Асмалоўскіх валодаў сядзібай у Блоні да 1917 года. Яна захавалася да нашых дзён. Цяпер там знаходзіцца пухавіцкі краязнаўчы музей. Пра знатны род нагадвае таксама невялікі парк, крухмальны завод і гаспадарчы двор, а яшчэ непадалёк ад сядзібы захаваўся аднапавярховы (як сцвярджаюць жыхары, некалі ён быў двухпавярховы) драўляны будынак, дзе раней размяшчалася чэлядзь.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны, у час наступлення нашых войск, каля вёскі Блонь развярнуліся жорсткія баі. Вёска згарэла, а вось драўляны храм цудам ацалеў. Народнае вучылішча, што было пабудавана на грошы Бонч-Асмалоўскіх і знаходзілася побач з царквою, згарэла.
Вернікі лічаць, што храм для людзей зберагла Прасвятая Багародзіца.
Свята-Троіцкая царква з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства першай паловы ХІХ стагоддзя. Пабудавана ў стылі класіцызму ў 1826 годзе з драўлянага бруса на месцы згарэлага ў 1820 годзе храма.
У 1873 годзе на сродкі прыхаджан і казны капітальна адрамантавана.
Пра архітэктуру храма дакладна сказана ў “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (1987), прысвечаным Мінскай вобласці.
У плане будынак Свята-Троіцкай царквы ў Блоні сіметрычна прамавугольны, з пяціграннай апсідай. Яго кампазіцыя заснавана на чаргаванні рознавысокіх аб’ёмаў.
Галоўны і бакавыя фасады маюць высокую цэнтральную частку і фланкіруючыя нізкія аб’ёмы. Званіца з высокім шпілем над бабінцам (васьмярык на чацверыку), васьмігранны светлавы барабан са шлемападобным купалам над сяродкрыжжам.
Трохвугольны франтон галоўнага фасада падтрымліваюць чатыры мураваныя калоны, што ўтвараюць манументальны ўваходны порцік.
Сцены ашаляваны гарызантальна. Завяршаюцца карнізам з поясам “сухарыкаў”. Аконныя праёмы прамавугольныя і васьмігранныя, у барабане – паўцыркульныя.
Інтэр’ер раздзелены двума радамі невысокіх цагляных калон на тры нефы. Бакавыя нефы значна ніжэйшыя за цэнтральны. Над бабінцам на такіх жа калонах размешчаны хоры.
Столь у храме плоская, падшыўная, у барабане – пірамідальная, гранёная.
Хутка Свята-Троіцкай царкве споўніцца 200 гадоў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці аднаўлення пасля атэістычнага мінулага царква была і застаецца цэнтрам духоўнай асветы і дабрадзейнасці.
Менавіта ў адзінай ацалелай у 1930-х гадах за акраінай горада блонскай Свята-Троіцкай царкве атрымаў часовае прыстанішча абраз Божай Маці “Мар’інагорская”, які цудам застаўся пасля таго, як 7 лістапада 1939 года храм у Мар’інай Горцы быў узарваны.
У той час настаяцелем Свята-Троіцкай царквы быў святар Аляксандр Шалай – беларускі новапакутнік, расстраляны ў 1937 годзе. Ён быў апошнім святаром перад закрыццём уладамі храма ў Блоні.
Як сведчылі відавочцы, калі ў жніўні 1935 года некалькі вяскоўцаў прыняліся здымаць з закрытага храма званы, святар падышоў да іх і зрабіў заўвагу: “Навошта вы берацеся не за сваю справу? Відаць, у вас няма другіх спраў, што псуяце царкоўнае дабро?” Знайшоўся сярод “дабрадзеяў” нехта, хто запомніў тыя словы, а пасля напісаў на святара данос.
Пасля закрыцця Свята-Троіцкай царквы айцец Аляксандр, не маючы памяшкання, ужо не праводзіў службы, але па просьбе вяскоўцаў здзяйсняў неабходныя трэбы. У час Усесаюзнага перапісу насельніцтва ён арганізаваў сярод жыхароў Блоні збор подпісаў за адкрыццё мясцовага храма. Канешне, усё гэта айцу Аляксандру Шалаю прыпомнілі, арыштаваўшы яго 6 жніўня 1937 года і абвінаваціўшы ў “контррэвалюцыйнай агітацыі, скіраванай на разлажэнне калгасаў”.
Падчас шматлікіх допытаў айцец Аляксандр знайшоў сілы годна трымацца, нікога не агаварыўшы і не прызнаўшы сябе вінаватым.
Канфіскаваўшы ўсю маёмасць святара і выслаўшы яго сям’ю, 10 кастрычніка 1937 года айца Александра прыгаварылі да расстрэлу. 14 лістапада таго ж года святара Аляксандра Шалая забілі ў Бабруйску.
У 2000 годзе на Юбілейным Архіерэйскім Саборы РПЦ настаяцеля Свята-Троіцкай царквы Аляксандра Шалая праславілі ў ліку святых. Яго імя ўваходзіць у Сабор 23-х новапакутнікаў Мінскай епархіі.
Штогод 14 лістапада, у дзень памяці свяшчэннапакутніка Аляксандра Шалая, служыцца Божая Літургія, вернікі ўшаноўваюць святога, згадваюць яго жыццёвы шлях і пакутніцкі подзвіг.
14 лістапада 2018 года настаяцелем кафедральнага сабора Святога Аляксандра Неўскага мітрафорным протаіерэем Аляксандрам Цалковым у блонскім Свята-Троіцкім храме здзейснена асвячэнне мемарыяльнай дошкі, дзе пазначана, што менавіта ў гэтым храме нёс сваё святарскае паслушэнства свяшчэннапакутнік Аляксандр Шалай, расстраляны ў 1937 годзе, а ў 2000 годзе прылічаны да ліку святых.
Адзначым, што ікона з лікам новапакутніка Аляксандра Шалая дзякуючы касманаўту Алегу Навіцкаму пабывала ў космасе і цяпер захоўваецца ў блонскай Свята-Троіцкай царкве, так як і дакладны спісак цудатворнай іконы Божай Маці “Мар’інагорская”, напісаны вясной 2016 года.
Як бачна, Свята-Троіцкую царкву ў аграгарадку Блонь, храм Святога Аляксандра Неўскага ў Мар’інай Горцы і святыню Пухавіччыны, цудадзейную Мар’інагорскую ікону Божай Маці, аб’ядноўвае агульная гісторыя.
Летапісы Навасёлкаўскай Пакроўскай царквы і Мар’інагорскай царквы Ігуменскага павета сведчаць, што ва ўрочышчы Мар’іна Горка гэты абраз Божай Маці шанавалі са старажытных часоў.
Мясцовае паданне гаворыць, што цудадзейны абраз Божай Маці з’явіўся ў сне цяжка хвораму жыхару вёскі Лядцаў спадару Ісідору, які праз некаторы час выздаравеў. Не будучы іканапісцам, ён па памяці намаляваў сваю Выратавальніцу. З вялікай удзячнасці за ацаленне Ісідор пабудаваў на гары капліцу, паставіў у ёй гэты абраз і правёў тут у малітве астатнія гады жыцця.
У 1812 годзе атрады арміі Напалеона спалілі капліцу, а ікона засталася непашкоджанай. Казалі, што салдаты пасля такога злачынства аслеплі.
Праз два гады на месцы спаленай капліцы мясцовыя жыхары пабудавалі царкву, а ў 1854 годзе яе зноў перабудавалі.
З 1863 года вернікі з бліжэйшых прыходаў, шануючы Мар’інагорскую цудадзейную ікону, пачалі здзяйсняць урачыстыя хрэсныя ходы некалькі разоў на год.
Гісторыя Мар’інагорскай іконы цесна звязана таксама з іменем протаіерэя Фамы Русецкага, настаяцеля Навасёлкаўскага прыхода з 1859 года. Да гэтага прыхода адносіўся прыпісны храм з урочышча Мар’іна Горка. Менавіта Фама Якаўлевіч задумаў пабудаваць новы мураваны храм у імя святога благавернага вялікага князя Аляксандра Неўскага як помнік адмены прыгоннага права і месца для захавання цудадзейнай Мар’інагорскай іконы Божай Маці. Да 1871 года асноўныя будаўнічыя работы былі завершаны.
У канцы 1930-х гадоў былі разбураны многія храмы ў Пухавіцкім благачынні. І, як мы згадвалі раней, у лістападзе 1939 года быў знішчаны і велічны Мар’інагорскі храм Святога Аляксандра Неўскага.
У тыя складаныя атэістычныя часы людзі бяздумна знішчалі і хутка страчвалі тое, што іх продкі зберагалі стагоддзямі.
Паступова дакладная гісторыя цудадзейнай Мар’інагорскай іконы забылася, хоць адносіліся да яе з ранейшай пашанаю, як і раней здзяйснялі са святыняю хрэсныя ходы.
Пошукі цудадзейнага абраза пачаліся з 1999 года, калі з благаславення Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі настаяцелем царквы ў вёсцы Блонь быў прызначаны іерэй Аляксандр Цалкоў. Айцец Аляксандр прыступіў да пошукаў святыні, а таксама да будаўніцтва храма ў імя святога благавернага князя Аляксандра Неўскага.
Вернікі маліліся не толькі ў Свята-Троіцкім храме вёскі Блонь, але і ў часовым памяшканні на месцы будаўніцтва новага храма. І цуд здзейсніўся. Абраз быў вернуты прыхаджанам.
Так склаліся абставіны, што ў 2001 годзе ў Мар’інай Горцы святкавалі 125-годдзе сельскагаспадарчага тэхнікума, які некалі заснаваў святар Фама Русецкі. У свяце бралі ўдзел настаяцель блонскай Свята-Троіцкай царквы Аляксандр Цалкоў і архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, які ў маладосці вучыўся ў гэтым тэхнікуме, тайна наведваў царкву ў Блоні і маліўся перад Мар’інагорскай іконай Божай Маці, да якой тады вернікі ішлі пешшу больш за 50 км.
Айцец Стэфан пажадаў наведаць храм Святой Троіцы ў Блоні. Зайшоўшы ў царкву, ён адразу пазнаў у старажытнай храмавай іконе той абраз Божай Маці, перад якім маліўся ў юнацтве.
З той пары вернікі зноў пачалі шанаваць абраз як цудадзейны і называць яго “Мар’інагорскім”. У тым жа годзе ўладыка Філарэт здзейсніў Божую літургію ў блонскім Свята-Троіцкім храме, благаславіў прысутных цудадзейнай Мар’інагорскай іконаю і ўстанавіў дзень святкавання ў гонар іконы ў 2-ю Нядзелю па Пяцідзясятніцы.
Пазней у сувязі з удакладненнем гістарычнага дня памяці святыні па хадайніцтве протаіерэя Аляксандра Цалкова дзень святкавання іконы перанеслі на чацвер 2-й сядміцы па Пяцідзясятніцы.
8 снежня 2000 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт здзейсніў закладку капсулы на месцы будаўніцтва храма ў імя святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ў Мар’інай Горцы, а 15 лютага 2010 года пабудаваны храм быў асвечаны.
8 верасня 2010 года абраз Божай Маці “Мар’інагорская” хрэсным ходам з вёскі Блонь урачыста перанеслі ў новы храм. Так святыня вярнулася на сваё гістарычнае месца.
23 чэрвеня 2024 года, у Дзень Святой Троіцы, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Амвросій здзейсніў Божую літургію і вялікую вячэрню ў Свята-Троіцкім храме аграгарадка Блонь. Яго Праасвяшчэнству саслужылі благачынны Пухавіцкай царкоўнай акругі, настаяцель Мар’інагорскага кафедральнага сабора ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага іерэй Грыгорый Цалкоў, настаяцель прыхода храма Святой Жыватворнай Троіцы аграгарадка Блонь іерэй Ігар Цалкоў.
Штогод праходзяць урачыстасці ў гонар Мар’інагорскай іконы Божай Маці. І з кожным годам павялічваецца колькасць вернікаў, якія жадаюць пакланіцца святыні.
Сёлета ўрачысты хрэсны ход са святыняй праходзіць 30 чэрвеня, а 4 ліпеня, у Дзень святкавання Цудадзейнай “Мар’інагорскай” іконы Божай Маці, у кафедральным саборы Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ў Мар’інай Горцы адбудзецца Божая літургія, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
…Любоў да Госпада і людзей, вернасць сваёй веры і адданасць роднай зямлі, захаванне яе духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей для нашчадкаў – галоўныя ідэалы, што спрадвеку дапамагалі людзям выстаяць і выжыць у самыя няпростыя часы.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу часткова выкарыстаны артыкул іерэя Грыгорыя Цалкова “Марьиногорская икона Божией Матери”.
Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- http://church.by
- https://borisoveparhia.by
- http://sobornevsky.by
- https://hram.by
- https://planetabelarus.by
- https://azbyka.ru
- https://sobory.ru
- https://radzima.org
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1987,— 308 с.: іл.
- Кривонос, Ф. Церковь в Блони [ХVI – ХІХ вв.] // Пухавіцкія навіны. – 1992. – 25 красавіка.