Святы праведны Іаан Кармянскі

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

31 мая – Дзень памяці святога праведнага Іаана Кармянскага. Усё сваё жыццё айцец Іаан служыў Богу на сваёй малой радзіме, а слава пра сціплага вясковага святара выйшла далёка за межы краіны. Пры жыцці айцец Іаан дапамагаў людзям малітвамі, парадамі і справамі. Распавядаюць, што да яго на службу з’язджаліся вернікі з усёй акругі. Божы ўгоднік і да гэтага часу дапамагае ўсім, хто звяртаецца да яго за дапамогаю. Пакланіцца мошчам святога прыязджаюць паломнікі з розных мясцін.

Нарадзіўся праведны Іаан у сям’і святара Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Стрэшын Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, таксама Іаана, Гашкевіча ў ноч на 7 кастрычніка (ст.ст.) 1837 года.

Будучае служэнне яго было прадвызначана Госпадам і адкрылася бацькам яшчэ да нараджэння хлопчыка. Аднойчы яго мама, як звычайна, малілася ў храме, калі да яе падышоў юродзівы, нізка пакланіўся і сказаў прарочыя словы: “Хацеў бы я ў яго [дзіцяці] узяць благаславенне, але не дажыву”. З гэтага дня бацькі ведалі, што ў іх народзіцца другі сын і таксама стане святаром (першы іх сын, Мікалай, пасля заканчэння Магілёўскай семінарыі служыў святаром у г. Ветка).

Хлопчыка ахрысцілі з іменем Іаан – “благадаць Божая”  ў гонар апостала Іаана Багаслова. З ранняга дзяцінства Іаан, які быў вельмі працалюбівы і  любіў малітву, дапамагаў свайму бацьку ў храме. У 4-гадовым узросце ён разам са сваім братам Мікалаем быў свешчаносцам. Пасля службы дапамагаў прыбіраць алтар, чысціў лампады і выконваў іншыя даручаныя бацькам паслушэнствы. У служэнні свайго бацькі хлопчык бачыў і ўласнае пакліканне.

Пасля царкоўна-прыходскай школы Іаан навучаўся ў духоўным вучылішчы. Паспяхова закончыўшы яго, у 18-гадовым узросце ў 1855 годзе атрымаў накіраванне ў Магілёўскую духоўную семінарыю.

Магілёўская духоўная семінарыя. 1901 – 1917 гг.

Пасля заканчэння семінарыі ў 1859 годзе будучы святар накіраваны на службу выкладчыкам Закона Божага ў царкоўна-прыходскую школу вёскі Агародня. Тут ён пазнаёміўся з Марыяй, дачкою нябожчыка іерэя Мікалаеўскай царквы Піліпа Трусевіча.

У 1862 годзе Іаан і Марыя павянчаліся, а ў хуткім часе Праасвяшчэннейшы Яўсевій (Арлінскі), архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, рукапалажыў Іаана Гашкевіча ў іерэі і накіраваў служыць у царкву Раства Багародзіцы ў в. Шарсцін Рагачоўскага павета.

Малады 25-гадовы іерэй Іаан з матушкай Марыяй прыехалі на новае месца службы напярэдадні Вялікага посту, што сімвалічна адлюстравала іх далейшае жыццё ў малітвах і працы, пакаянні і посце.

Драўляны прыгожы храм у атачэнні маладых ліп размяшчаўся на правым беразе Сожа, у пачатку вёскі. Паблізу знаходзілася крынічка святой вялікапакутніцы Параскевы з уладкаванай над ёй драўлянай капліцай, што, па ўспамінах жыхароў, прыкладна ў 1936 годзе разабралі і перавезлі пад “хлебную лаўку”. Аднак да сённяшняга дня з крынічкі ліецца чыстая гаючая вада, а ў маленькай каплічцы, уладкаванай жыхарамі, сярод іншых абразоў – абраз Параскевы-Пятніцы.

За 14 гадоў у в. Шарсцін у сям’і Гашкевічаў нарадзілася чацвёра дзяцей: трое сыноў – Міхаіл, Ігнат, Сімяон (Міхаіл і Сімяон сталі святарамі, Ігнат – псаломшчыкам) і дачка Таццяна (у будучым – настаўніца царкоўна-прыходскай школы).

За шчырае служэнне Богу і людзям 22 верасня 1876 года, у дзень памяці святых праведных Іаакіма і Ганны, Свяшчэнны Сінод узнагародзіў айца Іаана набедраннікам. У тым жа годзе 39-гадовы айцец Іаан падаў прашэнне на імя Праасвяшчэннейшага Яўсевія аб пераводзе і быў накіраваны ў вёску Агародня ў Свята-Мікалаеўскую царкву, дзе якраз вызвалілася месца святара. Сям’я вярнулася ў Агародню, на радзіму матушкі Марыі, на гэты раз канчаткова. На новым месцы службы ў поўнай меры Гасподзь раскрыў духоўныя здольнасці айца Іаана.

Уласнага жылля айцец Іаан не меў да канца сваіх дзён, сям’я жыла ў старэнькім царкоўным доміку побач з царквою. На новым прыходзе святар прыклаў шмат намаганняў для добраўпарадкавання храма і пабудоў, што належалі царкве.

У 1889 годзе, перад Вялікаднем, Праасвяшчэннейшы Сергій Спаскі, епіскап Магілёўскі, па благаславенні Свяцейшага Сінода  ўзнагародзіў айца Іаана скуф’яй.

У Агародні ў сям’і святара нарадзілася яшчэ трое дзяцей: дачка Ганна і сыны Платон і Іаан (таксама сталі святарамі). Малодшы, Іаан, нарадзіўся, калі бацьку было ўжо 48 гадоў. Пасля нараджэння малодшага сына Іаан-старэйшы здзейсніў сваю даўнюю мару: пабываў у паломніцкай паездцы ў Кіева-Пячэрскай лаўры і атрымаў благаславенне ад старцаў на манаскі ўклад жыцця і ўжо да апошніх дзён не ўжываў мясную ежу, строга пасціўся па серадах і пятніцах, толькі пасля вячэрняга набажэнства дазваляў сабе крыху просвіры і вады. Бацюшка шчыра маліўся і навучаў гэтаму сваіх сыноў і прыхаджан, якія прыходзілі з розных вёсак, адчуваючы ў храме сапраўдную Божую ласку, што прысутнічала там разам з добрым пастырам. У сваіх пропаведзях бацюшка заклікаў да пакаяння. Некаторыя яго выказванні сталі прарочымі. Ён перажываў за будучае пакаленне, якое “ўбачыць у храмах агіднасць запусцення” і часта паўтараў словы апостала Іакава, што “вера без спраў мёртвая” (Іак. 2, 26). На працягу ўсіх гадоў служэння бацюшка Іаан усім сваіх жыццём выканаў запавет любові да Бога і да бліжняга.

У царкве ў вёсцы Агародня бацюшка Іаан служыў 36 гадоў. За гэты час ён выконваў самыя розныя паслушэнствы: тры гады запар быў духоўным следчым у благачынні, дванаццаць гадоў – членам благачынніцкага савета.

27 сакавіка 1896 года, у дзень памяці Матроны Салунскай, Праасвяшчэннейшы Яўгеній (Шарашыла), епіскап Магілёўскі, узнагародзіў айца Іаана камілаўкай, а 24 красавіка, да Вялікадня, – залатым нагрудным крыжам.  У 1906 годзе айца Іаана ўганаравалі ордэнам Святой Ганны ІІІ ступені.

Калі айцу Іаану споўнілася 70 гадоў і прайшло 45 гадоў яго свяшчэннаслужэння, святар быў узведзены ў сан протаіерэя. Праз 5 гадоў, да 50-гадовага юбілею свяшчэннаслужэння, айца Іаана ўзнагароджваюць ордэнам святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра IV ступені (1912 г.)

Айцец Іаан Гашкевіч.

У 75 гадоў айцец Іаан выйшаў за штат па ўзросце і стане здароўя, саступіўшы месца святара свайму малодшаму сыну Іаану, які ў 1909 годзе закончыў Магілёўскую семінарыю па І разрадзе. З гэтага часу 3 гады ён праходзіў паслушэнства выкладчыка Закона Божага ў царкоўнапрыходскай школе ў в. Агародня. Быў жанаты на Еўдакіі, дачцэ святара Фокі Сівакова.

Многім айцец Іаан дапамагаў і справай, і словам. Аднойчы да бацюшкі прыйшла ўдава, у якой муж загінуў у першую сусветную вайну. Жанчыне не было чым карміць пяцёра дзетак. Са слязьмі прыйшла прасіць дапамогі. Бацюшка, бачачы яе чыстую душу, не толькі падаў жанчыне міластыню, а нават аддаў сваю карову, гаворачы, што яе дзеткам яна больш патрэбная, чым яму.

Да апошніх дзён бацюшка дапамагаў удовам і сіротам. Людзі згадваюць яшчэ адзін цікавы выпадак. Неяк заўважыў айцец Іаан, што нехта ноччу бярэ каля хлевушка яго дровы. Вырашыў ён чалавека выкрыць і выправіць. Сеў пад хлевушок і чытае Ісусаву малітву. Прыходзіць бедная ўдава, перахрысцілася, паклала вязку дроў, а бацюшка ёй кажа: “Пачакай, Мар’я, падам табе, а то цяжка падняць”. Тут Мар’я і пачала ўмольваць бацюшку дараваць ёй.  Ён паглядзеў, злітаваўся і кажа: “Бог благасловіць, бяры дровы, грэй печку дзецям, мне Гасподзь паслаў, хай і табе будзе, каб не замерзлі”. Так цэлую зіму ўжо днём, з благаславення бацюшкі, хадзіла ўдава па дровы да яго.

Зямное жыццё святога праведнага Іаана Гашкевіча скончылася восенню 1917 года. Айцец Іаан не дажыў да кастрычніцкай рэвалюцыі, але яе прадказаў. У дзень скону бацюшкі Іаана свяціла яснае сонейка, стаяла добрае надвор’е, так як ён і прадказваў.

Сыны-святары Сімяон, Іаан, Міхаіл і Платон абмылі цела старца і перанеслі яго ў храм. Тры дні людзі развітваліся са сваім пастырам. Свята-Мікалаеўская царква не зачынялася ні днём, ні ноччу. Былі здзейснены дзве літургіі, пасля іх – паніхіды. На трэці дзень труну з целам нябожчыка пад званы і спевы “Помощник и покровитель” абнеслі вакол храма і апусцілі ў магілу з правага боку ад алтара. Годна завяршыўшы зямны шлях, ацец Іаан перайшоў у Царства Нябеснае.

Здабыццё мошчаў

На працягу больш чым 80 гадоў праваслаўныя жыхары Добрушчыны захавалі жывую памяць пра свайго любімага пастыра. Гэтая памяць і скіравала на той час настаяцеля кармянскай Свята-Пакроўскай царквы іераманаха Стэфана (Нешчарэта), а цяпер  архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага, пачаць у ліпені 1991 года пошукі месца спачыну айца Іаана.

Стэфан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі (Нешчарэт Анатолій Уладзіміравіч).

Як згадвае сам уладыка Стэфан, калі ішоў шукаць месца былога храма, Гасподзь даводзіў да яго душы думкі, што, калі знойдуцца мошчы святога ўгодніка, яго ўласны душэўны боль ператворыцца ў радасць, і было адчуванне, што цела бацюшкі Іаана ляжыць нятленнае.

Знаходжанне мошчаў, па міласці Госпада, супала з прыездам у Гомель Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ. Адбывалася гэтая выключная падзея ліпеньскім днём 1991 года ў вёсцы Агародня Добрушскага раёна.

Па просьбе вернікаў вёскі Агародня настаяцелю Свята-Пакроўскай царквы вёскі Карма, да якой прыпісаны гэты вялікі прыход, прыйшлося весці раскопкі падмурка былой Свята-Мікалаеўскай царквы. Сам храм у 1950-я гг. спалілі, на яго месцы пабудавалі клуб, уладкавалі футбольнае поле і пляцоўку для танцаў. Разам з храмам знішчылі надгробныя пліты і помнікі на месцы пахавання былых святароў гэтага храма. У народнай памяці захаваліся ўспаміны пра сваіх добрых пастыраў, а вось дакладнае месца пахавання ўжо ніхто не мог паказаць.

Вельмі важна было ўстанавіць месцазнаходжанне алтарнай апсіды, каб на месцы Прастола ўстанавіць вялікі дубовы крыж.

Спачатку раскопкі ішлі ўручную, сантыметр за сантыметрам, але вынікі былі вельмі нязначныя. І тады на дапамогу прыйшла тэхніка. Зямлю здымалі невялікімі пластамі бульдозерам, і вось нарэшце  быў знойдзены каменны слуп – аснова Прастола, а прыкладна праз 4 метры, з паўднёвага боку, зямля пад нажом бульдозера аказалася надзвычай рыхлая. І тут людзі ўспомнілі, што там знаходзіцца магіла двух святароў – айца Іаана Гашкевіча і яго сына, іерэя Міхаіла. 

Іерэй Міхаіл Гашкевіч.

         …Драўляная труна напалову струхлела, вечка яе было ўціснута і прыкрывала ад пяску чалавечае цела. Калі труну ўскрылі, убачылі пакрытае спарахнелым рудаватым пакрывалам цела, твар быў адкрыты, і гэта наводзіла на думку, што месца пахавання некалі было абакрадзена. У людскім натоўпе пачалі гаварыць, што тут у 1917 годзе быў пахаваны айцец Іаан, і на ім пры пахаванні быў сярэбраны пазалочаны крыж. Крыжа не аказалася, нават не было нацельнага крыжа. Пад пакрывалам знайшлі астанкі ў зялёным аблачэнні, крэмавага колеру падрызнік, вішнёвы падраснік. У руках быў драўляны крыж з распяццем, Евангелле на славянскай мове, на грудзях – літаграфічная выява іконы святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова, нябеснага заступніка айца Іаана. Аблачэнне ад вільгаці моцна спарахнела, а вось цела падверглася тленню часткова.  Побач знайшлі цалкам сатлелыя астанкі іерэя Міхаіла, сына айца Іаана.

Вядома, цяпер не засталося нікога з вернікаў, хто памятае бацюшку Іаана жывога, але засталіся ў памяці людской яго прарочыя словы, што поўнасцю збыліся: “Памру – сонейка свяціць будзе, дзень ясны. Век не ездзіў на машыне, а пасля смерці пакатаюць. Будуць прыгаць на мне, але труна моцная будзе” …

А яшчэ айцец Іаан гаварыў старэйшаму сыну Міхаілу: “У адным месцы ляжаць будзем”.  Так і выйшла. Знойдзеныя мошчы бацюшкі Іаана і астанкі яго сына паклалі ў адну труну і везлі на машыне з Агародні ў Карму.

Па благаславенні Праасвяшчэннейшага ўладыкі Арыстарха (Станкевіча), на той час епіскапа Гомельскага і Жлобінскага, з глыбокай пашанаю нятленныя астанкі айца Іаана былі перакладзены ў новую тканіну і перавезены ў вёску Карму Добрушскага раёна ў храм Пакроваў Багародзіцы. Пасярэдзіне храма ўстанавілі стол, на якім пераапранулі нятленныя астанкі ў новае іерэйскае адзенне і адразу адслужылі паніхіду.   Праасвяшчэннейшым уладыкам Арыстархам была створана камісія са святароў па аглядзе астанкаў айца Іаана, якая засведчыла іх нятленнасць.

Манахіня Ананія (Караткова) прынесла фотаздымак айца Іаана, і тады ўсе перасталі сумнявацца: гэта айцец Іаан Гашкевіч. Зрабілі новую труну, абілі яе звонку малінавым аксамітам, а ўнутры – зялёнай тканінай у крыжах.  Палажылі ў труну астанкі айца Іаана і астанкі іерэя Міхаіла. Увесь тыдзень, раніцай і вечарам, здзяйсняліся паніхіды аб супакаенні душ памерлых іерэяў. Труна з нятленнымі мошчамі была ўся абкладзена жывымі кветкамі і абстаўлена падсвечнікамі, дзе не хапала вольнага месца для свечак.

Царква не змяшчала прыхаджан, чарга з тысяч вернікаў стаяла на вуліцы, каб пакланіцца Божаму ўгодніку і прыкласціся да мошчаў.

Многія відавочцы сведчылі, што ад мошчаў сыходзіў вельмі прыемны пах і нават адчуваўся ціхі павеў ветрыка, які развяваў гэты пах па храму. Неўзабаве людзі пачалі распавядаць пра цудоўныя выпадкі вылечвання ад цяжкіх хвароб. Ацаленне давалася пакутным па веры іх…

На месцы спаленага Свята-Мікалаеўскага храма, у якім служыў айцец Іаан, быў уладкаваны і асвечаны вялікі дубовы крыж і агароджа ў памяць пра былы пяцікупальны храм.

Рака з мошчамі святога праведнага Іаана Кармянскага.

9 верасня 1997 года мошчы дасталі з-пад спуда (некаторы час яны знаходзіліся ў каменным склепе за алтарнай апсідай Пакроўскага храма) і размясцілі ў самім храме.

31 мая 1998 года протаіерэй Іаан Кармянскі (Гашкевіч) кананізаваны як праведны мясцовашануемы святы Беларускай Праваслаўнай Царквы, а 30 лістапада 2017 года Архіерэйскі cабор Рускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб агульнацаркоўным праслаўленні святога праведнага Іаана Кармянскага.

Стаўшы месцам паломніцтва, 8 жніўня 2000 года пастановай Сінода Беларускай праваслаўнай царквы Свята-Пакроўскі прыход быў пераўтвораны ў жаночы манастыр у гонар святога праведнага Іаана Кармянскага і назвалі яго Свята-Іаана-Кармянскім жаночым манастыром.

 Святкаванне царкоўнай памяці святога праведнага Іаана Кармянскага адбываецца 31 мая (18 мая па ст.ст.) – у дзень яго праслаўлення, а таксама ў Саборы Беларускіх святых у Нядзелю 3-ю па Пяцідзясятніцы.

Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

https://eparhiya.by

https://obitel-minsk.ru

http://www.monasterium.by

https://azbyka.ru

http://kormyansky.cerkov.ru

https://www.palomnik.by

Святой праведный Иоанн Кормянский. Укладальнік: архімандрыт Стэфан, настаяцель Свята-Пакроўскага храма в. Карма (цяпер архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі). Мінск: Выдавецтва Беларускага Экзархата, 2003.