Бацькоўства і мацярынства ў генетычнай памяці народа

Даклад Іваненкi Мікалая Міхайлавіча, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Дзяржаўнай ўстановы адукацыі «Вілейская гімназія №2».

У кожнага народа свая генетычная памяць, якая глыбока на падсвядомасці ўтрымлівае тыя маральна-этычныя і духоўныя асновы, на якіх грунтуюцца жыццёвыя каштоўнасці, якімі кіруецца сумленне.

Як вялікая рака напаўняецца ручаінкамі з чыстых крыніц, так і вялікая любоў жывіцца радаснымі пачуццямі сямейных узаемаадносін, чыстымі вобразамі, народжанымі ў дзяцінстве. Чырвоны кут, з якога пачынаецца прыгажосць хаты і які нябачнымі шляхамі выводзіць нашы думы ў Вечнасць. Маці – малітоўніца і нястомная працаўніца, у вечным сваім клопаце схіленая то над калыскай, то над шыццём, то над дзяжой… Бацька – паважны, мудры, строгі. Ён ведае адказы на ўсе пытанні, ён самы смелы і дужы, ён усё ўмее… Гэта аснова народнай педагогікі.

Першай і самай галоўнай кнігай, якую адкрывае чалавек і якую свядома ці падсвядома сотні разоў за сваё жыццё перачытвае, настаўленнямі якой сілкуецца, з’яўляецца  кніга жыцця яго бацькоў. І тут вельмі важна, якімі каштоўнасцямі жыве сям’я, што пакладзена ў аснову яе жыццядзейнасці і ўзаемаадносін, ці змогуць бацька і маці сваім асабістым прыкладам падараваць дзецям здольнасць быць шчаслівымі. Спакон веку нашы продкі добра разумелі гэта, можа таму і не перакладвалі адказнасці за выхаванне дзяцей ні на Царкву, ні на школу, ні на кагосьці з родзічаў.  «Якое дрэва, такі і клін – які бацька, такі і сын» [3, с. 149], «Яблык ад яблыні далёка не коціцца» [1, с. 84], «Які род, такі і плод» [1, с. 84],  «Бацька – рыбак, і дзеці ў ваду глядзяць» [7], «Гадавала сава дзеці, а няма на што глядзеці» [7], «Якія самі, такія і сані» [3, с. 148],  «З дурнога куста і ягада пуста» [3, с. 132], «Якога разумнага таткі сыночак! Якой навучонай мамкі дачушка!» [7]  – трапней не скажаш. Народ падкрэслена вылучае адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей: «Не дагледзіш вокам – вылезе бокам», «Чужы дурань – смех, а свой – сорам» [3, с. 147]. Нават такая, здавалася б, непедагагічная прымаўка «Абы ўмела добра танчыць, а рабоце гора наўчыць» [7] – і яна прымушае чалавека задумацца: калі сам не навучышся працаваць, то гора будзе вучыць. Каму хочацца, каб яго гора вучыла жыць?

Мэта любой выхаваўчай сістэмы – падрыхтоўка чалавека да жыцця як сем’яніна, працаўніка, творцы, грамадзяніна. У аснове выхавання – клопат аб прадаўжэнні роду і вялікая любоў да нашчадкаў. Беларусы заўсёды ўспрымалі дзяцей як дар Божы і вялікае шчасце: «Багаты Аўдзей: поўна хата дзяцей» [4, с. 114], «Дзе дзяцей лава, там бацькам слава» [7]. Лічылася, што для стварэння належных умоў выхавання у сям’і павінна быць не менш трох дзяцей: «Адно дзіця – не дзіця, двое – паўдзіцяці, а толькі трое – дзіця» [4, с. 114]. Людзі заўважалі, што аднаго выхоўваць цяжка: «Адзін сын да сівых валасоў дзіцятка» [7], «Адзін – не людзін» [7],  «Ён у іх адзін – залізаны, пшанічны, сахарны, пышны, смятаннік…» [7].

Нашы продкі добра ведалі хрысціянскія законы жыцця: «Трэба жыць з Богам», таму прасілі для сябе і сваёй сям’і: «Дай, Божа, каб мае жаданні з Тваімі планамі супадалі!».  Раней стараліся не забываць аб часовасці зямнога быцця: «Думы за гарамі, а смерць за плячамі» [3, с. 167]. Менавіта памяць пра Бога і вечнасць давала чалавеку сілы ў пераадоленні жыццёвых цяжкасцей, настаўляла яго на сумленнае жыццё, на адказнае стаўленне да сябе і іншых людзей.

Напэўна, ніхто ў даўнейшыя часы асобна не вызначаў задачы выхавання – людзі проста жылі, і само жыццё выхоўвала іх [6, с. 21]. Але пры гэтым нашы продкі ставіліся да выхавання вельмі адказна, з вялікай увагай вызначаючы свой час на ўсё: «Да трох год дзіця як яечка, да сямі як авечка, а з сямі – навучай ды к працы прывучай!» [4, с. 117].  Гэта азначае, што да трох год дзіцятка песцілі, «з рук не спускалі»; пасля трох годзікаў давалі волю, але «пасвілі, як авечку»; з сямі ж год дзіця выхоўвалі больш строга: давалі пасільныя хатнія абавязкі, прывучалі да працы.

Добра разумелі нашы продкі сэнс евангельскага папярэджання, што дом, пабудаваны на пяску, не ўстаіць [Мф. 7:26-27]. Таму спакон веку ў падмурку сямейнага ладу, сістэмы выхавання і падрыхтоўкі моладзі да будучага сямейнага жыцця грунтаваліся шэсць непахісных асноў:

  • вера і глыбокая пашана да святыні;
  • аўтарытэт бацькоў і падкрэсленая павага да дарослых;
  • цнатлівасць (целомудрие), духоўная і фізічная чысціня як аснова здароўя сям’і, сапраўднага кахання і шчасця;
  • працавітасць і працалюбства, адносіны да працы як да найвялікшай вартасці, без якой няма жыцця;
  • дысцыпліна жыцця, у аснове якой размераная і дакладная цыклічнасць дня, тыдня, года;
  • радасць жыцця (працы і свята) з цудоўнай сямейнай і каляндарнай абраднасцю, сугучнай гадавому колу хрысціянскага календара.

Вера – найважнейшая аснова жыцця: «Без веры чалавек сляпы і глухі» [7],  «Хто веру мае, той страху не знае» [7],  «Якая вера, такая і мера» [7], «Без Бога ні да парога» [7]. Нельга не пагадзіцца, што шчасце чалавека залежыць ў большай ступені ад яго ўнутранага стану, чым ад знешніх умоў жыцця. На пытанне фарысеяў: «Калі прыйдзе Царства Нябеснае?» – Хрыстос адказаў: «Царства Нябеснае ўнутры вас ёсць» [Лк. 17:20-21]. Ад духоўнага стану чалавека, абумоўленага яго светапоглядам і каштоўнаснымі арыентацыямі, залежыць сэнс і змест жыцця. Менавіта духоўны стан дыктуе матывацыю ўчынкаў, стыль паводзін і ўзаемаадносін з іншымі людзьмі.

Вера і адчуванне вечнасці давалі падсвядомыя асновы пяшчоты і любові да бацькоў за іх самаахвярнасць і па-дзіцячы шчырую духоўнасць. Асабліва маці ва ўсім была прыкладам цярпення, дысцыпліны, працавітасці, разважлівай мудрасці і мацярынскай велічы. Гледзячы на маці, дзяўчынкі марылі пра сваю сям’ю з дзеткамі і рыхтавалі сябе да пачэснай мацярынскай ролі: забаўлялі малодшых братоў і сясцёр, спявалі ім калыханкі, расказвалі казкі, пацешкі, паданні. Для хлопчыкаў такім жа ўзнёслым прыкладам па жыцці быў бацька. Да ролі бацькі таксама рыхтавалі змалку: прывучалі да працы, да адказнасці за ўсё, што гаворыш і робіш, выхоўвалі цярплівасць і мужнасць. Калі хлопчык нечым параніўся, ніколі не «божкалі» над ім, а прыгаворвалі: «Пакуль жаніцца – усё загаіцца» [7].

Хрысціянская Царква заўсёды нагадвала чалавеку аб яго велічы, і чалавек разумеў, што ён падобны Богу свабоднай воляй, дарам слова, уменнем тварыць і любіць. Усе гэтыя дары ён стараўся пранесці па жыцці так, каб у канцы зямнога шляху «мірна і непастыдна» адысці ў вечнасць.

У аснове аўтарытэту бацькоў – іх узаемаразуменне, павага адзін да аднаго і любоў. Ведаючы сапраўдны сэнс слова «любоў», людзі рэдка выкарыстоўвалі яго. Часцей пыталіся: «Ты мяне шкадуеш?» І так, не выстаўляючы напаказ свае пачуцці, жаніліся з разуменнем разважаючы, што знешняя прыгажосць не галоўны крытэрый: «З тварам да вянца, а з розумам да канца» [3, с. 133], «Краса прыглядзіцца, а розум прыгадзіцца» [1, с. 81]. Пасля вяселля няма каго вінаваціць: «Жаніўся на скорую руку – на доўгую муку» [1, с. 81], «Які Хомка, такая і жонка» [3, с.148], «Як не бачу – душа мрэ, як убачу – з душы прэ» [3, с.149], «Як муж з жонкай сварыцца – ў гаршку трасца варыцца» [7], «Дзе дружна, там хлебна» [1, с. 95].

З цягам часу, па слову Евангелля, муж і жонка сапраўды станавіліся адным целам. У доказ гэтага існуе мноства гістарычных прыкладаў, калі мужа ранілі ці забівалі на фронце – жонка за сотні кіламетраў ад яго губляла прытомнаць ад болю. Такая ж моцная духоўная сувязь (да фізічнага адчування) была і ў маці з дзецьмі. Таму і кажуць: «Мацярынская малітва з дна мора дастане» [7],  «Як маці скажа, так Бог і зробіць» [7],  «Дзе мудрая маці, там лад у хаце» [7]. 

Маральныя прынцыпы беларусаў, іх высокія патрабаванні да чысціні ў адносінах паміж хлопцам і дзяўчынай да шлюбу больш за ўсё засведчаны ў вясельных абрадах. Так падчас пасаду – абрад блаславення жаніха і нявесты на шлюб – маладых садзілі на хлебную дзяжу, якая сімвалізавала багацце і шчасце. Той, хто не збярог цнатлівасці, не мог садзіцца на дзяжу, бо баяўся наклікаць бяду на будучую сям’ю. Вельмі рэдкімі былі такія выпадкі, калі нехта з маладых адмаўляўся ад пасаду. Усе добра ведалі, што сапраўднае каханне можа ўзрасці толькі ў чыстым сэрцы. Толькі таму, хто зберажэ сябе ў чысціні, усе страты і цяжкасці жыцця, усе затрачаныя сілы і  ахвяраванні акупяцца ў сямейным жыцці ў тысячы разоў – павагай людзей, шчасцем высокага кахання і прыгожых узаемаадносін, радасцю бачыць такіх жа шчаслівых, годных дзяцей і ўнукаў.

Багатая і разнастайная народная лірыка кахання простай, цудоўнай мовай перадае нам пачуцці невымернай глыбіні. Закаханыя хлопец і дзяўчына ў свядомасці народа вызначаюцца не толькі чалавечай прывабнасцю, але і высакароднасцю духу. Прыгожы і паэтычны вобраз, чулы і спагадлівы, шчыры і даверлівы, для якога цнатлівасць і вернасць – аснова жыцця, можа быць сапраўдным прыкладам для выхавання сучаснай моладзі.

Важнейшымі крытэрыямі ў народным уяўленні ідэала асобы можна па праву лічыць працавітасць, стараннасць і ўмельства: «Не той харошы, хто знешне прыгожы, а той харошы, хто да справы гожы!» [4, с. 139], «Хто з работай дружыць, той жыве і не тужыць» [1, с. 86].  Праца – ядро народнай педагогікі, грунт сямейнага выхавання. Дзіця з першых сваіх дзён, пачынаючы знаёмства з навакольным светам, бачыла, як працуюць бацькі, чула песні, якія суправаджалі іх працу, і засвойвала працоўныя навыкі і традыцыі свайго народа.

Вялікую ролю ў сямейным укладзе і выхаванні адыгрывае дысцыпліна жыцця. Сям’я з традыцыйным укладам строга трымалася іерархіі ва ўзаемаадносінах і размеранай, спакойнай цыклічнасці ў паўсядённым жыцці. Ніхто і ніколі не садзіўся есці асобна. Кожны дзень, і ў будні, і ў святы, на снеданне, абед і вячэру накрываўся агульны стол, за які пасля сумеснай малітвы сядалі ўсе: ад старога да малога. Як гэта важна для еднасці сям’і, яе мірнага духу, яе шчасця!

На базе Вілейскай гімназіі №2 працуе інавацыйная пляцоўка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па праблемах духоўна-маральнага выхавання. У рамках інавацыйнага праекта вывучаецца сямейная і каляндарная абраднасць, мясцовыя народныя традыцыі, гісторыя, духоўныя і культурныя каштоўнасці хрысціянскіх святыняў, жыццё знакамітых людзей. Гімназісты складаюць радаводы, збіраюць цікавыя матэрыялы з гісторыі сваіх сем’яў, рыхтуюць спецыяльныя праекты і прадстаўляюць іх сваім настаўнікам, сябрам і бацькам на вечарынах памяці, якія праводзяцца ў гімназіі. Пішуцца грунтоўныя навукова-даследчыя працы. Часта наладжваюцца вечары народнага танца, майстар-класы, сустрэчы з фалькларыстамі, цікавымі музыкамі, тэатрам «Батлейка». На такія мерапрыемствы збіраюцца не толькі педагогі і вучні гімназіі, але і многія зацікаўленыя віляйчане, госці з Мінска і іншых гарадоў.

Прайшоў час, змянілася жыццё, памяняліся людзі, вобраз іх мыслення і стыль паводзін. Мы ніколі не вернемся да мінулага традыцыйнага ўкладу жыцця, але мы можам выхоўваць нашых дзяцей народнай мудрасцю, якой так багаты нашы калыханкі, казкі, песні, прыказкі, прымаўкі, народны гумар. Мы можам вучыць іх па добрай народнай традыцыі ствараць прыгожыя і карысныя рэчы ўласнымі рукамі, разумець адвечныя паняцці прыгажосці і гармоніі, імкнуцца да еднасці з Богам, прыродай і людзьмі, жыць прыгожа, мірна і радасна.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Арлова, Г.П. Народная педагогіка ў выхаваўчай рабоце школы / Г.П. Арлова. – Мінск: ГВЗАТ «Маладняк», 1995. – 160 с.
  2. Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання: зборнік навуковых прац удзельнікаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, 27-29 красавіка 2012 г./ БДУКМ; редкал.: М,А. Мажэйка (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БДУКМ, 2012, – 254 с.
  3. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Склад. Ф.Я. Янкоўскі; Прадм. Д.Я.Бугаёва. – Мінск: Бел. навука, 2004. – 494 с.
  4. Беларусы. Т.5. Сям’я / В.К. Бандарчык, Г.М. Курыловіч, Т.І. Кухаронак і інш.; Рэдкал.: В.К. Бандарчык і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. – Мінск: Бел. навука, 2001.– 375 с.
  5. Грымаць, А.А. Беларуская народная педагогіка ў школе: дапаможнік для студэнтаў і выкладчыкаў педагагічных вучылішч, каледжаў, інстытутаў і ўніверсітэтаў / А.А. Грымаць, Л.М.Варанецкая. – Мінск, 1996. – 174 с.
  6. Кухаронак, В.Г. Выхаванне дасканалай асобы – асноўная мэта народнай педагогікі беларусаў / В.Г. Кухаронак, Т.І. Кухаронак// Традыцыйная культура і дзеці. Выпуск 1: Рэсп. эксперым. праект «Танцавальны фальклор і дзеці»/ Уклад. М.А. Козенка. ­– Мінск: БелДІПК, 2004.– С. 20 – 24.
  7. Матэрыялы этнаграфічных экспедыцый (запісы 1998 – 2015 гадоў) / Асабісты архіў М.М. Іваненкі. – Вілейка.

Спіс выкарыстаных крыніц

 

  1. Аксаков, С.Т. Детские годы Багрова-внука / С.Т.Аксаков. – Минск: Юнацтва, 1982. – 318 с.
  2. К счастливой семье вместе с Петром и Февронией: ко Дню семьи, любви и верности / Братство в честь святого архистратига Михаила. – Минск, 2010 – 32 с.
  3. Маслов, Н.В. Духовные и нравственные основы образования и воспитания / Н.В.Маслов. – Москва: Самшит-издат, 2012. – 288 с.
  4. О браке и семейной жизни. Святая Царица-Мученица Александра. / Российское Отделение Валаамского Общества Америки. – Москва: Арико, 1998.

Педагогический портал “Нравственность в образовании” [Электронный ресурс] Потаповская О.М. Духовная природа семьи – основа