Праграмна-метадычнае забеспячэнне дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў па накірунку праваслаўнага краязнаўства

Выступ Кравец Аляксандры Яўгеньеўны, загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання ўстановы адукацыі «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краяхнаўства» на секцыі па праваслаўным краязнаўстве Шостых Беларускіх Калядных чытанняў.

Краязнаўства актыўна ўключаецца ў сістэму навучання і выхавання моладзі.

Планамерная, сістэмная, творчая работа педагогаў з выкарыстаннем разнастайных сродкаў краязнаўчай дзейнасці дае свой плён.

Педагагічныя намаганні скіраваны на тое, каб выхаваць у дзяцей павагу да гістарычнага мінулага сваіх продкаў, беражлівыя адносіны да народнай памяці, традыцый і да тых людзей, якія сваёй дзейнасцю ўзбагацілі нацыянальную і агульначалавечую культуру.

Перад педагогамі стаіць задача не толькі даць веды і ўменні, якія паспрыяюць фарміраванню адпаведных прынцыпаў і ідэалаў, але і развіваць асобасныя духоўныя якасці навучэнцаў.

Кожны край мае сваю гісторыю, самабытную і непаўторную матэрыяльную і духоўную спадчыну. Краязнаўчая дзейнасць дае магчымасць навучэнцам далучыцца да спадчыннага скарбу сваіх продкаў.

У сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь склалася цэласная сістэма краязнаўчай работы на ўсіх узроўнях адукацыі, неад’емнай часткай якой з’яўляецца праваслаўнае краязнаўства.

Розныя формы і метады дзейнасці ў рамках праваслаўнага краязнаўства скіраваны на реалізацыю асноўных задач фарміравання ў навучэнцаў ведаў аб матэрыяльных і духоўных адметнасцях праваслаўнай культуры роднага краю, асэнсавання гэтых каштоўнасных арыенціраў, садзейнічання развіццю ўмення арыентавацца ў полікультурным акаляючым асяроддзі.

Важным фактарам рэалізацыі гэтых задач з’яўляецца арганізацыя мэтанакіраванага і плённага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой на аснове Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой і адпаведна – устаноў адукацыі з мясцовымі прыходамі (на рэгіянальных узроўнях). Праграма супрацоўніцтва накіравана на аб’яднанне намаганняў органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі, рэлігійных і грамадскіх арганізацый для выкарыстання патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцяў у фарміраванні асобы. На аснове рэспубліканскай праграмы супрацоўніцтва распрацоўваюцца рэгіянальныя.

Прававымі асновамі арганізацыі ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі са структурамі Беларускай Праваслаўнай Царквы з’яўляюцца: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (у рэдакцыі закона ад 31 кастрычніка 2002 г. № 137, арт. 9,) Пагадненне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы, Палажэнне аб парадку, умовах, змесце і формах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Беларусь ад 24 чэрвеня 2011 г. № 838.

Узаемадзеянне ўстановы адукацыі з рэлігійнай арганізацыяй па пытаннях выхавання навучэнцаў у рамках супрацоўніцтва можа быць ініцыявана царкоўнай арганізацыяй або адміністрацыяй установы адукацыі са згоды заснавальніка ўстановы адукацыі. У рамках супрацоўніцтва рэлігійныя арганізацыі (Царква) і ўстановы адукацыі падпісваюць план супрацоўніцтва на навучальны год.

Удзел навучэнцаў у мерапрыемствах, якія праводзяцца сумесна з царкоўнай арганізацыяй у рамках плана выхаваўчай работы ўстановы адукацыі, дапускаецца толькі на падставе пісьмовых заяў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў). Навучэнцы (законныя прадстаўнікі непаўналетніх навучэнцаў) штогод пісьмова пацвярджаюць сваю згоду на ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца сумесна з царкоўнай арганізацыяй.

Формы ўзаемадзеяння і арганізацыі сумесных мерапрыемстваў устаноў адукацыі з прыходамі разнастайныя, гэта:

-тэматычныя сустрэчы, круглыя сталы па духоўна-маральнай тэматыцы;

-інтэрактыўныя формы (дыспуты, дыскусіі, ток-шоў, якія ўяўляюць сабой жывое абмеркаванне тэм, якія хвалююць моладзь);

-удзел у дабрачынных грамадска-карысных і асветніцкіх акцыях;

-моладзёвы валанцёрскі рух, арыентаваны на развіццё міласэрнасці і дабрачыннасці (па аказанні неабходнай дапамогі інвалідам, адзінокім грамадзянам, ветэранам вайны і працы, шэфства над дзіцячымі дамамі, школамі-інтэрнатамі, помнікамі загінулым воінам, па аказанні пасільнай дапамогі ў добраўпарадкаванні прылеглай да храмаў тэрыторыі і г.д.);

-адукацыйная дзейнасць (правядзенне сумесных праектаў, акцый, конкурсаў па даследаванні помнікаў праваслаўнай культуры рэгіёну з мэтай прывіцця даследчых навыкаў, пашырэння і паглыблення інтэлектуальных і пазнавальных магчымасцяў навучэнцаў.

На сённяшні дзень краязнаўчая работа ва ўстановах адукацыі ў галіне праваслаўнага краязнаўства праходіць ў самых розных напрамках:

-дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах адукацыі;

-правядзенне рэспубліканскіх і рэгіянальных акцый, праектаў, конкурсаў у мэтах вывучэння і даследавання гісторыі Праваслаўя на дадзенай тэрыторыі, даследавання праваслаўных святынь, жыцця і дзейнасці мясцовых святароў розных гістарычных перыядаў, асветнікаў, праваслаўных падзвіжнікаў і святых;

-правядзенне экскурсій, паходаў, экспедыцый, паломніцкіх паездак па святых месцах, краязнаўчых летнікаў сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой;

-арганізацыя мерапрыемстваў для педагагічных работнікаў.

Для паглыбленага вывучэння культурнай спадчыны Праваслаўя па жаданні навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў прадастаўлена магчымасць наведваць аб’яднанні па інтарэсах, факультатыўныя заняткі.

Сёння ва ўстановах адукацыі функцыянуе каля 1,5 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах краязнаўчага накірунку. Праграмы дадзеных аб’яднанняў уключаюць раздзелы праваслаўнае краязнаўства.

У адпаведнсці з тыпавымі праграмамі дадатковай адукацыі турысцка-краязнаўчага профілю распрацоўваюцца праграмы адукацыйнай вобласці краязнаўства з акцэнтам на раздзелы праваслаўнага раязнаўства.

Праграмы выступаюць у якасці своеасаблівага «навігатара» па здабычы ведаў у рамках праваслаўнага краязнаўства, перапрацоўцы інфармацыі і набыцці практыка-арыентаваных уменняў і, як звычайна, прадугледжваюць правядзенне тэарэтычных і практычных заняткаў, дзе тэарэтычныя заняткі – гэта трансляцыя ведаў педагогамі, запрошанымі лектарамі: спецыялістамі той ці іншай галіны, навукоўцамі, прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый, творчымі асобамі, а таксама самастойная работа навучэнцаў з рознымі крыніцамі інфармацыі, а практычная частка праграмы прадстаўляе сабой працу з інфармацыйнымі рэсурсамі, падрыхтоўку і ўдзел у разнастайных мерапрыемтсвах, стварэнне выніковых прэзентацый, рэфератаў, дакладаў, наведванне аб’ектаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, сварэнне промапрадукцыі (даведнікаў, відэаролікаў, фотаздымкаў, літаратурных замалёвак і г.д.).

Рэалізацыя праграмы патрабуе творчага падыходу, захавання магчымасці мабільнай траекторыі навучання ў выбары форм правядзення заняткаў, адбору аптымальных метадаў і прыёмаў навучання і выхавання.

Прыкладам праграмнага забеспячэння дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах з’яўляецца распрацаваная супрацоўнікамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства праграма «Праваслаўнае краязнаўства», якая стала асновай для распрацоўкі і выкарыстання праграм па дадзенаму накірунку на рэгіянальных узроўнях.

Ва ўстановах адукацыі краіны па праграмах «Праваслаўнае краязнаўства», «Хрысціянскія каштоўнасці», «Асновы праваслаўнай культуры» і іншых у адукацыйнай вобласці краязнаўства працуюць аб’яднанні па інтарэсах, якія комплексна даследуюць гісторыю, культуру, традыцыі Праваслаўя.

Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства разам з Нацыянальным інстытутам адукацыі і Сінаідальным аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы распрацавана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па краязнаўству «Святыні роднага краю» для навучэнцаў IX- X класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе асноўны акцэнт зроблены на праваслаўнае краязнаўства.

У выніку засваення адукацыйнай праграмы праваслаўнага краязнаўства абавязковым павінен быць практычны выхад.

Практычным выхадам дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах можа з’яўляцца:

удзел у конкурсах даследчых работ (на розных узроўнях), у навукова-практычных канферэнцый, выставах і г.д.;

стварэнне мультымедыйных прэзентацый па даследаванай тэме, фільмаў, фотаальбомаў, выданне буклетаў па выніках навуковых даследаванняў па праваслаўнай царкоўнай гісторыі краю;

стварэнне летапісаў царкоўных прыходаў і храмаў;

стварэнне краязнаўчых інфармацыйных даведнікаў, слоўнікаў і г.д.

распрацоўка турысцка-экскурсійных маршрутаў па аб’ектах праваслаўнай культуры (тэматычных экскурсійных маршрутаў) і стварэнне промапрадукцыі аб турыстычных магчымасцях на маршрутах (фатаграфіі, даведачна-інфармацыйныя зборнікі, карты-схемы, буклеты і інш.);

падрыхтоўка юных экскурсаводаў для правядзення экскурсіі па прапанаваных маршрутах;

правядзенне рэкламна-інфармацыйных і прэзентацыйных мерапрыемстваў з мэтай папулярызацыі і захавання гісторыка-культурных аб’ектаў праваслаўнай культуры рэгіёнаў.

Адным з важных накірункаў краязнаўчай дзейнасці з’яўляецца метадычная работа з педагагічнымі работнікамі ўстаноў адукацыі.

Значнае месца ва ўдасканаленні навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці ў рамках праваслаўнага краязнаўства займаюць рэспубліканскія і рэгіянальныя педагагічныя канферэнцыі, форумы, чытанні, семінары, дзе педагогі дзеляцца эфектыўным вопытам работы з навучэнцамі па дадзенаму накірунку.

Асаблівая ўвага надаецца інфармацыйнаму суправаджэнню дзейнасці ў рамках праваслаўнага краязнаўства, асвятленню дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі, на афіцыйных інтэрнэт-сайтах устаноў адукацыі, сайтах мясцовых прыходаў, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рэкамендуецца выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэт-сайтаў устаноў адукацыі для размяшчэння інфармацыі аб формах узаемадзеяння, планаваных мерапрыемствах і іх выніках, арганізацыі анлайн-апытанняў па пытаннях духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў.

Для абагульнення і распаўсюджвання вопыту супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы неабходна шырэй выкарыстоўваць магчымасці рэгіянальных і рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Рэзюмуем вышэйадзначанае.

На сённяшні дзень стаіць важная задача разумна выкарыстоўваць патэнцыял праваслаўных традыцый і каштоўнасцяў у фарміраванні асобы, духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.

Для рэалізацыі пастаўленых задач неабходна:

аб’яднаць намаганні педагогаў, навучэнцаў, святароў прыходаў, грамадскасці (на розных узроўнях) на аснове супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі;

актываваць працу па правядзенні сумесных мерапрыемстваў духоўна-маральнай тэматыкі;

прымяняць актыўныя формы краязнаўчай работы, інфармацыйна-камунікацыйныя метады працы з моладдзю (прэзентацыі ў розных творчых формах, выставы, мадэляванне сітуацый; круглыя сталы, прагляды відэаматэрыялаў з наступным абмеркаваннем духоўна-маральнай тэматыкі, гульні з элементамі трэнінгу, падрыхтоўка мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў, абмеркаванне публікацый СМІ і інш.);

распрацоўваць прпаграмна-метадычную і ствараць інфармацыйную базу дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах па вызначанаму напрамку з наступным выкарыстаннем інфармацыйна-метадычных рэсурсаў ў практыцы;

павышаць прафесійны ўзровень педагогаў-краязнаўцаў з мэтай папаўнення ведаў аб сучасных метадах, формах, методыках, тэхналогіях духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі, актыўна папулярызаваць эфектыўны педагагічны вопыт дзейнасці ў рамках праваслаўнага краязнаўства;

шырэй выкарыстоўваць магчымасці супрацоўніцтва Царквы з установамі агульнай, сярэдняй і дадатковай адукацыі ў духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення і папулярызаваць вопыт супрацоўніцтва.

oroik.by