Служэнне Богу і людзям: архімандрыт Іосіф (Іаан Строк), настаяцель Свята-Уваскрасенскага сабора г. Барысава

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Архімандрыт Іосіф (Іаан Строк) нарадзіўся ў 1904 г. недалёка ад Жыровіцкага Успенскага манастыра ў сям’і валаснога пісара ў вёсцы Шылавічы Слонімскага павета Гродзенскай губерні. З ранняга дзяцінства разам з бацькамі любіў наведваць манастыр і марыў стаць святаром.

Вырашыўшы прысвяціць сябе служэнню Богу, паступіў у Жыровіцкае духоўнае вучылішча, але скончыць яго не паспеў – пачалася Першая сусветная вайна. Вярнуўшыся ў Шылавічы, Іаан Строк некаторы час жыў у родным доме, а затым быў прыняты ў Нясвіжскую гімназію. У 1924 – 1927 гг. атрымліваў адукацыю ў Віленскай духоўнай семінарыі.

Віленская духоўная семінарыя, дзе вучыўся Іаан Строк.
Віленская духоўная семінарыя, дзе вучыўся Іаан Строк.

У іерэя Іаана Строка рукапалажыў архіепіскап Гродзенскі Аляксей (Грамадскі). Так споўнілася дзіцячая мара айца Іаана Строка стаць святаром, які ў далейшым служыў на розных прыходах Заходняй Беларусі.

За некалькі гадоў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны айцец Іаан прызначаны настаяцелем царквы ў в. Палонка Баранавіцкага павета. Па той прычыне, што быў адукаваны і валодаў дарам пропаведзі, з канца 1935 г. выконваў абавязкі акружнога місіянера таго ж павета.

Царква Святога Мікалая ў в. Палонка Баранавіцкага раёна. 2003 г. Фотаздымак Уладзіміра Багданава.
Царква Святога Мікалая ў в. Палонка Баранавіцкага раёна. 2003 г. Фотаздымак Уладзіміра Багданава.

Драматычныя змены ў жыццё айца Іаана ўнесла вайна. У канцы жніўня 1941 г. нямецкія войскі акупавалі ўсю тэрыторыю Беларусі. На ўсходзе краіны не было каму праводзіць набажэнствы. Савецкая ўлада расстраляла або выслала на Поўнач ці ў Сібір амаль усіх святароў. Мала хто застаўся ў жывых. Таму ў верасні 1941 г. па благаславенні ўладыкі Венедыкта (Бабкоўскага), які ўзначальваў у той час Гродзенскую епархію, айцец Іаан пакінуў Палонку і выехаў на Усход “для пастырскай работы”, як сказана ў дакументах.

Архіепіскап Венедыкт (Васіль Бабкоўскі).
Архіепіскап Венедыкт (Васіль Бабкоўскі).

У кастрычніку 1941 года айцец Іаан Строк прызначаны настаяцелем нанава адкрытага Уваскрасенскага сабора г. Барысава, дзе ён служыў усе ваенныя гады.

Гэта быў не толькі высокаадукаваны пастыр, але і вельмі ўважлівы да патрэб і праблем людзей. За чатыры гады службы ў Барысаве айцец Іаан заслужыў глыбокую павагу і любоў з боку прыхаджан. Аднаму Госпаду Богу вядома, колькі людзей ён прывёў за гэты час у лона Святой Царквы, колькі ахрысціў і абвянчаў, колькі выправіў у жыццё сваім шчырым, цёплым словам.

Тое, што зроблена айцом Іаанам для ўмацавання Царквы, было пэўным чынам адзначана. У сакавіку 1943 г. епіскап Смаленскі Стэфан (Сеўба) узвёў яго ў сан протаіерэя.

Разам з абавязкамі настаяцеля айцец Іаан быў адначасова благачынным. Выкарыстоўваючы сваё становішча, ён, рызыкуючы жыццём, ратаваў з нямецкіх лагераў ваеннапалонных чырванаармейцаў, якія пасля вызвалення накіроўваліся ў лес і далучаліся да партызанскіх атрадаў.

Уваскрасенскі сабор г. Барысава падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Уваскрасенскі сабор г. Барысава падчас Вялікай Айчыннай вайны.

У запісцы, напісанай за дзень да арышту і пададзенай у Штаб партызанскага руху ў Мінску, айцец Іаан так расказваў пра гэта: “…родзічы ваеннапалонных з раёнаў: Барысаўскага, Халопеніцкага, Крупскага, Талачынскага і другіх – натоўпамі ішлі да мяне, даведаўшыся пра мой гарачы ўдзел у выратаванні братоў, якія гінулі. З імі разам мы пісалі хадайніцтвы аб вызваленні іх родных і блізкіх знаёмых, якія пакутуюць у лагерах і турмах, і хуценька падпісвалі іх. Немалыя атрады байцоў па хадайніцтве іх родных і пры маім даручальніцтве выйшлі з вашывых і халодных лагераў, убачылі свет Божы, а потым накіроўваліся ў лес да сваіх братоў-партызан. Некаторыя з іх – Сарачынскі Іван, Марчанка Цімафей (атрад “Смерць фашызму”), Карнюшка Уладзімір (атрад “Гвардзейскі”), Чарнушоў Мікалай (атрад “Варашылава”), Клачкоў Міхаіл (атрад “Гвардзейскі”), Шчарбакоў Фёдар (атрад “Смерць фашызму”) – пакрылі славай свае імёны і не зганьбавалі зямлі Рускай”.

Займаючыся вызваленнем ваеннапалонных, айцец Іаан выконваў мноства заданняў па даручэнні партызан. У той жа запісцы ён пісаў так: “Неаднаразова арганізоўваў сярод вернікаў збор адзення і прадуктаў і праз жанчын-зборшчыц адпраўляў ваеннапалонным; наведваў хворых партызан і бежанцаў, забяспечваючы малаком, хлебам і другімі прадуктамі; угаворваў духавенства быць салідарнымі з партызанамі; пры адступленні немцаў утрымліваў ад эвакуацыі жыхароў г. Барысава і духавенства; выратаваў больш за 200 душ і 75 дзяцей з дзіцячага дома, якія знайшлі сховішча ў саборы ў час змагання за Барысаў летам 1944 г.”.

Архіепіскап Стэфан (Сеўба).
Архіепіскап Стэфан (Сеўба).

23 верасня 1943 г. у горад прыбыў епіскап Смаленскі Стэфан (Сеўба) і з ім некалькі святароў. Ён сустрэўся з сёстрамі міласэрнасці, што падвізаліся ў Барысаўскім саборы і якіх сабраў разам айцец Іаан, а таксама ўзначаліў набажэнства ва Уваскрасенскім саборы.

Да рэвалюцыі гэты ўладыка, які быў простым святаром, акармляў прыход у вёсцы Лошніца недалёка ад Барысава. Яго клопатамі ў 1898 г. у Лошніцы пабудавана невялікая Свята-Духавая царква, з часу асвячэння якой 10 кастрычніка 1943 г. споўнілася роўна 45 гадоў. З гэтага выпадку епіскап Стэфан, які быў ужо ў гадах, адслужыў у ёй Набожную літургію, канечне ж, успомніўшы той час, калі толькі пачынаў свой шлях служэння Богу ў маленькім прыходскім храме.

Хутка войскі Чырвонай арміі вызвалілі Барысаў ад немцаў. Епіскап Стэфан вымушаны быў выехаць на Захад. Протаіерэй Іаан Строк застаўся ў Барысаве, на многія гады прадвызначыўшы свой далейшы лёс. Нягледзячы на яго сувязі з партызанамі і дапамогу ваеннапалонным, улады наважыліся знішчыць святара, які карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод жыхароў Барысава.

27 снежня 1944 г. айца Іаана Строка арыштавалі. У час вобыску ў яго канфіскавалі кнігу святара Гаўрылкава “Царкоўнае жыццё ў СССР”, у якой распавядалася пра ганенні, перажытыя вернікамі пры бальшавіках у даваенныя гады. У час апытвання “сведак” па справе ніхто не сказаў пра айца Іаана ніводнага дрэннага слова. Наадварот, у сваіх паказаннях многія пацвярджалі той факт, што святар сапраўды дапамагаў партызанам.

Амаль год прабыў айцец Іаан у зняволенні. Пастановай Асобай нарады ад 21 лістапада 1945 г. “за здрадніцкія паводзіны на акупаванай тэрыторыі і антысавецкую агітацыю” яго прыгаварылі да 5 гадоў знаходжання ў канцлагеры.

Да ўвагі не прынялі нічога з таго, што пацвярджала невінаватасць айца Іаана, яго гонар і годнасць.

Адбыўшы цалкам тэрмін зняволення, святар доўгі час не мог знайсці месца працы. Людзі цураліся чалавека, які выйшаў з турмы. Нарэшце айца Іаана прынялі на пасаду псаломшчыка ў Свята-Благавешчанскую царкву в. Ляды, дзе да 1922 г. дзейнічаў праваслаўны манастыр, а пасля вайны – звычайны прыход (цяпер – Лядзенскі Свята-Благавешчанскі мужчынскі манастыр).

Свята-Благавешчанскі храм у Лядах.
Свята-Благавешчанскі храм у Лядах.

Па настойлівых просьбах вернікаў Барысава, якія накіравалі шмат лістоў у розныя савецкія інстанцыі, у 1955 г. айца Іаана рэабілітавалі. У той час гэта было вялікай рэдкасцю, каб святара, якога абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі, прызналі невінаватым. У 1950-я гады на такія просьбы звычайна не адказвалі.

Пастыр, які выйшаў на волю, вельмі хацеў вярнуцца да службы на ніве царкоўнай. Спекулюючы на гэтым, у 1956 г. яму прапанавалі супрацоўніцтва з КДБ. Айцец Іаан не пагадзіўся, і яму было адказана ў свяшчэннаслужэнні.

У далейшым айцу Іаану Строку ўдалося выехаць у Польшчу, дзе ў 1962 г. ён у Яблачынскім Свята-Ануфрыеўскім манастыры прыняў манаскі пострыг з іменем Іосіф.

Яблачынскі Свята-Ануфрыеўскі манастыр. 1900 –1915 г. З сайта http://www.chram.com.pl/cerkiew-sw-onufrego. Дабавіў: Аляксандр Качалін.
Яблачынскі Свята-Ануфрыеўскі манастыр. 1900 –1915 г. 

У 1964 г. па запрашэнні архіепіскапа Зальцбургскага Стэфана (Сеўбы), з якім айцец Іосіф быў добра знаёмы ў ваенныя гады ў Барысаве, ён пераехаў у Аўстрыю, увайшоў у лона Рускай Праваслаўнай Царквы за мяжой і быў адноўлены ў свяшчэнным сане. У канцы 1960-х перасяліўся ў США, дзе працягваў сваё служэнне Богу і людзям у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага Патрыярхата. У 1969 г. яго пасвяцілі ў сан архімандрыта.

Калі пачалася так званая “перабудова”, айцец Іосіф прыехаў у Расію. Невядома, удалося пабываць яму ў родных мясцінах ці не. Захаваліся толькі звесткі, што ў 1990 г. ён памёр і быў пахаваны на адных з могілак Пушкінскага раёна Маскоўскай вобласці.

Архімандрыт Іосіф (Строк) быў адным з тых, хто ў цяжкія ваенныя гады прыняў самы актыўны ўдзел у аднаўленні царкоўна-прыходскага жыцця ў Барысаве. Дзякуючы працы такіх святароў, як ён, і ў другіх мясцінах Беларусі, на занятых немцамі тэрыторыях, адкрываліся праваслаўныя храмы. Гэта быў подзвіг, пра які мы не маем права забываць.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове публікацыі протаіерэя Феадора Крываноса “Забытое имя: архимандрит Иосиф (Строк)”.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Крыніцы:

  1. Ведамасці Мінскай мітраполіі, 2018, № 10 (152).
  2. http://www.blagobor.by
  3. https://sobory.ru
  4. http://zarubezhje.narod.ru
  5. https://www.religion.in.ua
  6. https://ex-press.by
  7. https://orda.of.by