Творчая сустрэча на Случчыне

27 верасня 2019 года ў Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча педагогаў, супрацоўнікаў бібліятэк, чытачоў з дырэктарам Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры, сябрам Саюза пісьменнікаў, выдатнікам друку Беларусі Зояй Іванаўнай Падліпскай.

Мерапрыемства ладзілася з нагоды выхаду ў свет рамана-споведзі Зоі Падліпскай “Маналог у паўстагоддзя”, якім аўтар ушанавала сваіх бацькоў, землякоў і малую радзіму – Случчыну.

У сустрэчы, якая праходзіла ў атмасферы шчырасці і ўзаемнай удзячнасці, бралі ўдзел клірык кафедральнага сабора Архангела Міхаіла ў горадзе Слуцку, кіраўнік аддзела па справах моладзі Слуцкай епархіі, настаяцель прыходу храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы аграгарадка Лядна Слуцкага раёна, іерэй Павел Сяргееў; а таксама метадыст Слуцкага цэнтра турызму Таццяна Аляксееўна Буцько.

У межах мерапрыемства айцец Павел пазнаёміў вучняў, чытачоў дзіцячай бібліятэкі, з Божымі запаведзямі і растлумачыў значэнне кожнай з іх.

Зоя Іванаўна Падліпская і метадыст Слуцкага цэнтра турызму Таццяна Аляксееўна Буцько абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва, у тым ліку і ў галіне турыстычных маршрутаў па святых мясцінах слуцкай зямлі.

У гэты ж дзень дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Зоя Іванаўна Падліпская сумесна з памочнікам дырэктара Цэнтра Ларысай Іванаўнай Пшанічнай па запрашэнні кіраўніка аддзела па справах моладзі іерэя Паўла Сяргеева наведалі Слуцкую епархію, дзе абмеркавалі шэраг сумесных задач у справе развіцця праваслаўнага краязнаўства на Случчыне.

oroik.by