Каб пабачыць прыгажосць свету, людзі адпраўляюцца ў далёкія падарожжы, а цікавае, маляўнічае, загадкавае і нязведанае можа знаходзіцца зусім побач. У гэтым упэўніліся ўдзельнікі экскурсіі – вучні Нядзельнай школы пры храме Раства Прасвятой Багародзіцы г. Глыбокае, калі ў пачатку чэрвеня наведалі храмы Глыбоцкага благачыння: Пакрава Прасвятой Багародзіцы ў в. Бушыкі, Праабражэння Гасподня ў в. Мамаі, Мікалая Цудатворца ў в. Забор’е.
Экскурсію правёў благачынны Глыбоцкай царкоўнай акругі протаіерэй Міхаіл Ізаітка, які расказаў пра гісторыю стварэння храмаў, іх няпросты лёс, непарыўна звязаны з гісторыяй і лёсам нашага народа, пра лёс святароў у пераломныя моманты гісторыі.
Гэтыя праваслаўныя святыні не з’яўляюцца месцам паломніцтва, але ім не адмовіш у самабытнасці. На працягу стагоддзяў яны былі тым самым неабходным месцам, куды ішлі вернікі са сваімі радасцямі, праблемамі і бедамі ў надзеі атрымаць адказ на свае малітвы. Тут няма раскошы, бляску пазалоты, але ў іх сціплым убранні адчуваецца своеасаблівы спакой, ціхая ўрачыстасць, намоленасць.
Вучні мелі магчымасць параўнаць архітэктуру храмаў, убачыць унікальныя іконы, прыкласціся да іх.
Малая Радзіма мае адметнае значэнне ў лёсе кожнага чалавека. Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да месца, дзе нарадзіўся, быў ахрышчаны, вырас.
У дзяцей наперадзе шырокія жыццёвыя шляхі, аднак няхай у памяці застануцца вясковыя дарогі, што вялі нашых продкаў да Храма многія стагоддзі, і няхай яны не зарастаюць.
По материалам сайта Полоцкой епархии eparhia992.by