Вялікая малітоўніца і падзвіжніца: прападобная Манефа Гомельская

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы!

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

На беразе ракі Сож, за два кіламетры ад старажытнага Гомеля, знаходзіцца вёска Сеўрукі, дзе 1 красавіка 1918 года ў цяжкі час грамадзянскай вайны ў сялянскай сям’і Уладзіміра і Глікерыі Скопічавых нарадзілася дачка. Яе назвалі Марыяй. І стала яна вялікай падзвіжніцай і малітоўніцай беларускай зямлі.

Спачатку дзяўчынка быццам бы нічым не адрознівалася ад іншых, але хутка стала зразумела, што яна не такая, як усе. Марыя не магла хадзіць. Урачы паставілі дыягназ – цэрэбральны параліч. Надзеі на выздараўленне не было, заставалася толькі шукаць сілы для жыцця.

Сям’я не паддавалася роспачы. Дачка расла, старалася не заўважаць сваёй хваробы. З ранняга дзяцінства Марыя была цярплівай, пакорлівай, з любоўю ў сэрцы. Нягледзячы ні на што, яна імкнулася быць добрай дачкой і ў меру сіл дапамагала па гаспадарцы: гатавала, прыбірала, мыла… Марыя прыстасавалася працаваць рукамі седзячы. Яе рукі заўсёды былі заняты справай.

Каб быць карыснай людзям, яна навучылася кроіць і шыць адзенне, стала выдатнай рукадзельніцай. Суседзі і родныя былі рады заказаць у яе адзенне, бо рабіла яна гэта цудоўна. Мела добры густ, магла падказаць і падабраць фасон кожнаму. Акрамя ўсяго, дзяўчынка валодала вясёлым характарам і добра ставілася да аднавяскоўцаў, якія яе вельмі любілі.

З ранняга дзяцінства Марыя назірала за сваёй маці Глікерыяй, якая малілася штодня перад святымі іконамі, і чулая душа дзіцяці ўлавіла сэнс існавання людзей на зямлі: усё трымаецца на малітве, любові і дабрыні.

Так Марыя з дзіцячых гадоў далучалася да малітвы. Яна не магла самастойна перамяшчацца і прасіла бацькоў ці аднавяскоўцаў дапамагчы ёй дабрацца ў храм Чонкаўскага манастыра. Яе неслі на плячах, на руках. Такім чынам Марыя трапляла ў храм, каб наведаць святочнае богаслужэнне або проста памаліцца разам з людзьмі.

Ігумення Чонкаўскага манастыра Паліксенія вельмі шкадавала дзяўчынку. “Не пражыць Марыі без старонняй дапамогі ў рэальным свеце”, – думала матушка і часта запрашала яе пагасціць у манастыры.

Прападобная Манефа Гомельская

Пра сваю будучыню Марыя разважала шмат, шчыра малілася, перш чым вырашыцца на сыход у манастыр. У выніку ў 24 гады прыняла рашэнне стаць манашкай Чонкаўскага жаночага манастыра ў гонар іконы Божай Маці Ціхвінскай.

19 жніўня, у дзень Праабражэння Гасподняга, дзяўчына прыняла манаскі пострыг у малую схіму і атрымала імя Манефа.

Манефатняспынна малілася, строга пасцілася, рукадзельнічала, была паслухмянай і неўзабаве прыняла пострыг у вялікую схіму, які здзейсніў адзін з апошніх Опцінскіх старцаў схіігумен Макарый, які стаў духоўным айцом схіманахіні Манефы. Перад сваёй смерцю ён даручыў яе іерасхіманаху Арцемію (Патоцкаму).

Схіманахіня мела добрае пачуццё гумару. Яна заўсёды была вясёлай, расказвала смешныя гісторыі, падбадзёрвала ўсіх, хоць сама часта адчувала боль.

Свята-Ціхвінскі манастыр.
Свята-Ціхвінскі манастыр.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, схіманахіня Манефа пасялілася ў вёсцы Вішнёўка Цярэніцкага сельсавета ў сям’і вернікаў, састарэлых мужа і жонкі Кізёвых. Гасподзь адзначыў прападобную дарам цудоўнай празорлівасці.

Людзі сталі заўважаць, што, як скажа схіманахіня, так і трэба рабіць, як благасловіць, так і будзе. У яе пыталіся жанчыны пра мужоў, бацькоў, сыноў, якія пайшлі на фронт, ці жывыя, ці вернуцца. І прападобная Манефа расказвала пра долю іх родных, і часта, шкадуючы, не гаварыла пра смерць блізкіх.

Схіманахіня не сказала жанчыне Сцепанідзе, якая мела вялікую сям’ю, што яе муж-карміцель загінуў. Ганне Міроненцы яна наказвала маліцца за мужа. А ён тым часам быў у палоне ў Бельгіі і вярнуўся жывы.

Пасля вайны матушка Манефа, як называлі яе людзі, вярнулася ў бацькоўскі дом, у вёску Сеўрукі, дзе застаўся без нагляду пляменнік, які яшчэ не стаў на ногі. Жылі вельмі цяжка. Часта з ежы на пліце была толькі цёплая вада.

Бацькоўскі дом прападобнай Манефы.

Аднойчы матушка зусім аслабела і ўжо чакала хуткага галоднага скону, калі раптам з далёкай Вішнёўкі па вялікіх гурбах снегу дабралася да яе Ганна Міроненка з сухарамі. Прыняўшы іх як з рукі Божай, прападобная сказала Ганне: “З гэтага часу не сыдзе хлеб са стала тваіх дзяцей і ўнукаў”. Час для рэлігіі быў неспакойны, манастыр закрылі. У дом да прападобнай Манефы людзі прыходзілі па малітву, добрае слова… і дапамагчы матушцы з побытам.

Дзверы яе дома былі заўсёды адчынены для людзей, якім патрэбны былі парада і дапамога. Крыху прайшло часу пасля прыняцця схімы, як у Сеўрукі сталі ехаць незнаёмцы, некаторыя здалёк. Гэта былі 60-ыя, 70-ыя, 80-ыя – гады, нелаяльныя да царквы. У Сеўруках і наваколлях цэркваў не было, таму дом матушкі Манефы многім замяняў храм. Схіманахіня, якая жыла ў свеце, па-ранейшаму дапамагала людзям.

Слава пра незвычайныя здольнасці і смеласць Манефы прыцягвала да прападобнай людзей.  А прыходзілі да яе ўсе, хто меў душэўныя і цялесныя патрэбы. І цывільныя, і святары, і адказныя дзяржаўныя работнікі, і нават тыя, хто ў Бога не верыў. Спазнаючы сілу малітваў прападобнай, яны шчыра звярталіся да Госпада. Прападобная Манефа не толькі лячыла душэўныя і цялесныя раны, але таксама валодала дарам празорлівасці.

Да кожнага ў прападобнай быў свой падыход. Хто не верыў Маці-Царкве, таго яна пакідала без адказу. А ўсім астатнім давала карысныя духоўныя парады.

Прападобная заўсёды пачынала прыём з пачастунка. Сухары з гарбатай. Што магла. Гаварыла з людзьмі проста, ціхім спакойным голасам. Магла расказаць пра мінулае, прадказаць будучыню, даць параду.

Па малітвах матушкі здзяйсняліся таксама і ацаленні.  

Схіманахіня заклікала людзей прасіць у Госпада даравання грахоў, раіла чытаць акафіст Божай Маці, маліцца Богу, заказваць памінанні ў манастырах, падаваць міласціну і быць міласэрнымі. У яе словах была такая пераканаўчасць і жыватворная сіла, што ніхто не сумняваўся ў матушкіных парадах, якія давалі правільны кірунак на жыццёвым шляху, прыводзілі людзей да веры і ўмацоўвалі яе.

Схіманахіня Манефа не брала платы за дапамогу. Маючы благаславенне схіігумена Макарыя, толькі з удзячнасцю прымала тое, што ёй настойліва прыносілі на славу Божую, і карміла зусім немаёмных і тых, якія прыходзілі здалёку.

Дапамагаючы адзін аднаму і духоўна ўзрастаючы, вакол прападобнай аб’ядналіся людзі розных узростаў, заняткаў і лёсаў. Яны не пакідалі без дапамогі і падтрымкі нямоглую целам, але моцную Духам Святым схіманахіню Манефу. Доўгі час з ёй жылі былая медыцынская сястра, манахіня Ганна, і манахіня Фаціна, якая пазней прыняла схіму з іменем Яўстафія. Яны дапамагалі матушцы і вялі яе сціплую гаспадарку.

 У вялікай духоўнай дружбе з прападобнай быў пацярпелы за веру Хрыстову яе духоўнік, іерасхіманах Арцемій (Патоцкі), які пабываў у ссылках у Сібіры і пасля служыў у Доўску.

Айцец Арцемій накіроўваў да матушкі Манефы многіх людзей, якія мелі патрэбу ў добрай духоўнай дапамозе.

Аднойчы да матушкі прыйшоў глыбокі вернік, франтавік-афіцэр Мікалай Малічаў. Ён хацеў вылечыцца ад хвароб, на якія пакутаваў. Уважліва агледзеўшы яго, прападобная коратка і цвёрда сказала: “Будзеш святаром”. На дзіва, сапраўды раней у Мікалая прабягала думка пра пастырскае пакліканне. Але на тым усё і скончылася.

Аднак неўзабаве Мікалай Малічаў пакінуў працу, перасяліўся да матушкі, прыняў манаства ад схіігумена Макарыя і быў пасвечаны ў іераманаха. Айцец Мікалай пабудаваў двухпакаёвую драўляную прыбудову для прыезджых, летнюю кухню і вырабіў для матушкі каляску.

Так утварыўся невялікі манастыр, у якім жылі духоўнік-святар, старыца-схіманахіня і манашкі Ганна і Фаціна.

Матушка Манефа з ігуменняй Паліксеніяй.

Матушка Манефа ніколі не сядзела без справы. Прымала паломнікаў, а ў вольны час шыла, вышывала ручнікі для храма, цыравала. Амаль усе свае сродкі аддавала на манастыр.

          Неяк ноччу падчас адпачынку матушку наведаў у прывідах яе спачылы духоўнік іерасхіманах Арцемій. Ён даў прападобнай указанні, зрабіў заўвагі, а таксама загадаў сачыць за духоўным узыходжаннем айца Мікалая. Матушка паскардзілася старцу на свае хваробы. Плакала, гаварыла, што зусім знемагла ад зямнога жыцця…

       Прападобная цяжка хварэла. На скуры ў яе былі незагойныя язвы. Пакутавала і на хворыя ныркі. Выконвалі прызначэнні доктара і даглядалі прападобную Манефу Любоў Місько (манахіня Мітрафанія з 1987 года) і манахіня Марыя (Богуш), якім калісьці матушка дапамагла.

Некалькі разоў матушка Манефа бачыла ў сне Божую Маці. Багародзіца заўсёды казала ўгодніцы: “Звяртайся да Мяне ў малітвах”. Ад пачутага сэрца прападобнай поўнілася невыказнай радасцю.

Прападобная Манефа сама заўсёды старалася абнадзеіць людзей. Вернікі часта звярталіся да святароў з просьбай адслужыць акафіст Багародзіцы ў гонар Яе іконы “Скорапаслушніца”. І тыя ніколі не адмаўлялі, бо ведалі, што гэта благаславенне старыцы.

Матушка Манефа лячыла, знаходзіла зніклых, прадказвала лёс, бачыла мінулае, дапамагала, суцяшала, тварыла дабро. Кожны выходзіў ад яе з надзеяй і святлом у душы.

Пры неабходнасці матушка празорліва паказвала маладым прыдатных жаніха або нявесту. Для тых, хто шукаў благаславёных звыш будучых жонку ці мужа, яна раіла звяртацца да Божай Маці і Мікалая Цудатворца, па 12 разоў чытаць раніцай і ўвечары “Багародзіца Дзева” і “Правіла веры”. Усе, хто слухаў парады матушкі, былі шчаслівыя ў шлюбе і прыязджалі да яе з удзячнасцю.

Бывалі выпадкі, калі матушка Манефа выкрывала людзей у іх самых малых, па-чалавечы зразумелых таемных думках і правінах. А тых, хто маркоціўся ад цяжкасцей жыцця, умацоўвала прыкладамі подзвігаў людзей, якія пацярпелі за веру.

Адышла да Госпада матушка Манефа 12 / 25 лютага 1984 года.

На пахаванне схіманахіні Манефы прыехалі ўсе, хто ведаў і любіў яе як сваю малітоўніцу і матушку. Ніхто не мог утрымацца ад слёз: ні святары, ні цывільныя людзі. Усе разумелі, што пайшла ў вечнасць вялікая выбранніца Божая.

Магіла прападобнай Манефы.

Схіманахіню Манефу пахавалі на могілках у роднай вёсцы Сеўрукі. Над магілкай устанавілі сціплы крыж з мемарыяльнай таблічкай. Да месца пахавання матушкі часта прыязджалі паломнікі, а з 2005 года святары гомельскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора рэгулярна служылі паніхіду на магіле матушкі Манефы.

11 жніўня 2006 года па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Арыстарха, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага некалькімі святарамі было праведзена раскрыццё месца пахавання матушкі Манефы. Праведныя астанкі прападобнай Манефы праз 22 гады знаходжання ў зямлі выявіліся нятленнымі, ад іх зыходзіла лёгкая духмянасць. Было вырашана даць магчымасць пакланяцца ім у гомельскім Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы, куды сама матушка прыходзіла па малітву і благаслаўленне і куды сёння ідуць людзі па дапамогу і параду.

11 жніўня 2007 года ў гомельскім саборы Святых Пятра і Паўла, адбылося ўслаўленне схіманахіні Манефы ў чыне прападобнай у ліку Сабора Беларускіх Святых.

Каштоўная рака з мошчамі прападобнай Манефы размешчана ў гэтым жа саборы. Таксама ў саборы знаходзіцца і любімая ікона матушкі, што суправаджала ўсё жыццё прападобную – абраз Божай Маці “Взыскание погибших” .

Рака з мошчамі прападобнай матушкі Манефы.

У гомельскі Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор прыязджаюць з розных куткоў свету, каб пакланіцца ўнікальным святыням: мошчам святога велікапакутніка і лекара Панцеляймона, святой велікапакутніцы Параскевы, мошчам заступнікаў сабора святых апосталаў Пятра і Паўла. На ганаровым месцы – убраныя ў прыгожае адзенне святыя мошчы прападобнай Манефы.

Свята-Петрапаўлаўскі кафедральны сабор. г. Гомель.

Не забываюць і аднавяскоўцы сваю матушку Манефу, прыносяць прападобнай свой смутак і радасць, просяць дапамогі і беражліва захоўваюць памяць пра праведную зямлячку, якая шанавала Бога і блізкіх.

11 жніўня 2023 года, у дзень памяці прападобнай Манефы, пад царкоўны звон мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які ўзначаліў Боскую літургію, архіпастыры, духавенства, шматлікія вернікі прыйшлі да сцен гомельскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора, каб ушанаваць памяць святой падзвіжніцы Гомельскай зямлі – прападобнай Манефы Гомельскай.

Свята ў памяць прападобнай Манефы Гомельскай.

Малітва прападобнай Манефе: “О, преподобная мати наша Манефо, чистою душею твоею в Небесных обителех в лике святых водворилася еси, на земли же с нами телесем нетленным пребываеши! Киими достойными похвалы прославим Тя или како наречем Тя? Ты бо всем сердцем возлюбила еси нас, сама же паче всех в Законе Господне день и нощь поучалася еси, желая во служении ближним добрым примером быти. Славим убо тя яко утешительницу скорбящим, врача недугующим и предстательницу у престола Божия о спасении душ во веки веков. Аминь”.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы: